ЯК СПРАВЫ? Дырэктар «Графіці»: Кожны сантыметр клуба можа распавесці шмат гісторый
Сярод сталічных аматараў року, пэўна, няма тых, хто б не ведаў, што такое «Графіці». Невялікі бар-клуб існуе ўжо больш за 20 гадоў і вядомы далёка за межамі сталіцы. Сёння мы размаўляем з «шэрым кардыналам» легендарнага бара — дырэктарам «Графіці» Аляксеем Ажогіным.
Аляксей Ажогін— Такім чынам, як справы?
— Лепш за ўсіх, не дачакаюцца! Справаў шмат. Можа, не ўсё атрымліваецца так, як планавалася, але ж робім.
— На сённяшні дзень «Графіці» з’яўляецца старэйшым клубам сталіцы. Як атрымліваецца існаваць такі працяглы час?
— Насамрэч гэта загадка! Часам здаецца, што вось зараз кіну ключы аб падлогу і ўсё на гэтым…
Я заўсёды кажу, што «Графіці» — гэта ў першую чаргу каманда. Так, людзі мяняюцца — хтосьці сыходзіць, хтосьці прыходзіць. Тут у асноўным моладзь працуе, і нам вельмі шанцавала ўвесь час, што прыходзілі такія вось… Адчайныя. Тыя, хто падтрымліваў гэты рух. Напачатку пандэміі думалі, што «вось і ўсё, наша гісторыя скончылася». Яшчэ раз хачу выказаць шчырую падзяку сябрам «Графіці» за падтрымку, якая нам вельмі дапамагла літаральна выжыць. Змяняюцца пакаленні музыкаў і наведвальнікаў. Некаторыя прыходзяць ужо сем’ямі з дзецьмі. Здаралася і так, што людзі тут знаёміліся і потым вяселлі таксама тут ладзілі!
— Некалькі разоў з’яўлялася інфармацыя, што «Графіці» прадаецца.
— Калі хто жадае набыць — калі ласка, мы адкрытыя для перамоў. Насамрэч, мы хацелі б зрабіць нейкі такі, будзем казаць, «рэлакейт», а для гэтага патрэбны пачатковыя грошы. Мы ўжо шмат часу шукаем новае памяшканне, зараз шмат пляцовак вызвалілася, але не ўсе падыходзяць па розных крытэрыях — дзесьці няма пажарнай сігналізацыі, дзесьці выцяжкі, дзесьці пазыкі такія, што адразу адмаўляемся. Не ведаю, як гэта будзе далей, можа будзе «Графіці 2.0». Трэба адзначыць, што «Графіці» гэта ж не толькі бар, гэта ТАА. Заўсёды былі яшчэ пляцоўкі — на Чыжоўскім вадасховішчы летняе кафэ «Брытні Пірс», на Цнянцы таксама, штосьці спрабавалі рабіць у Палацы мастацтваў. Увесь час намагаемся рабіць больш, такім чынам можна казаць не столькі пра «рэлакейт», колькі пра пашырэнне. Зразумела, у гэтых сценах шмат хто пачынаў. Кожны сантыметр можа распавесці вельмі шмат гісторый. Гэтае месца нам, безумоўна, вельмі дарагое, але хочацца чагосьці большага ў сэнсе памяшкання.
— То-бок зараз любы чалавек з вуліцы можа прыйсці і сказаць: «Я хачу набыць "Графіці"»?
— Ну, любы чалавек можа сказаць усё, што захоча ў межах дзейнага заканадаўства. Паўтаруся, мы гатовыя размаўляць на гэты конт. Ёсць умовы, каб гэтае месца засталося ў тых жа рамках, каб быў захаваны менавіта гэты дух пляцоўкі. Мы не першыя ўладальнікі, мы тут з 2009 года. І калі ішоў працэс перадачы, перш за ўсё была ўмова пра захаванне фармату «Графіці», каб пляцоўка заставалася «альтэрнатыўнай».
— Не сакрэт, што тут пачыналі зараз ужо досыць вядомыя калектывы. У «Графіці» можа выступіць любы пачатковец?
— Так, мы зараз робім такі фармат выступаў, як «Свабодны мікрафон». Спачатку, канечне, выступ трэба ўзгадніць з намі, абмеркаваць некаторыя тэхнічныя моманты. Па жанрах мы ніякіх абмежаванняў не ставім — гэтыя сцены чулі і бачылі ўжо амаль усё! Дзеля ўдзелу трэба толькі звязацца з намі і паразмаўляць — ці будзе гэта «Свабодны мікрафон», ці нешта іншае прыдумаем. Вось зусім нядаўна ў адной дзяўчыны быў дэбют: усё зрабілі прыгожа, ёй вельмі спадабалася, і яна ўпэўнена, што будзе далей займацца музыкай.
Адна справа, калі ты на «кропцы» дзесьці рэпетуеш, граеш, так скажам, «у стол», і зусім іншая, калі ты выступаеш, атрымліваеш нейкую аддачу ад выступу. Падсаджваем, карацей, на гэтую «іголку» (смяецца).
— А каму з вядомых артыстаў «Графіці» даў старт у музычнае жыццё?
— Неяк Пугач (Уладзімір Пугач — лідар гурта «J:Moрс») падчас выступу сказаў: «Мы гралі ў Палацы спорту, там-сям, але ў «Графіці» дагэтуль не, і сёння мы гэта выпраўляем». То-бок, лічыцца добрым тонам «зачэкініцца» ў «Графіці», а потым можна хоць у «Мінск-Арэну».
Шмат хто тут пачынаў, я ўсіх нават не прыгадаю, нікога не хачу пакрыўдзіць. «NaviBand», «Akute» — яны з Магілёва, але мінскі старт адбыўся тут, «Всё Crazy» і «Разбітае Сэрца Пацана», «Нейра Дзюбель» — не тое, каб тут пачынаў, але ж вельмі часта тут гралі. Кулінковіч неяк казаў, што ягоны бубнач заявіў, што «Нейра Дзюбель» ужо не мінскі гурт, а гурт Першамайскага раёна, бо з «Графіці» амаль не выходзяць. «Адыс Абеба» таксама тут пачынала, Дзіма Іваноў (вакаліст гурта) нават у нас кухарам працаваў і часам у каўпаку сваім з кухні ішоў граць канцэрт. Насамрэч шмат хто. Тусоўкі тут такія былі… Неяк хтосьці сказаў, што «ў "Графіці" багатыя п’юць з цікавымі».
— А ці ёсць у «Графіці» свае «любімчыкі» — гурты, якія вы радыя бачыць тут заўсёды і на любых умовах?
— Гэта, як я часам жартую, «прадпрыемстваўтваральныя» гурты, якія маглі тут па два разы за месяц граць. Раней «Нейра Дзюбель», канечне. Цяпер «Веласіпедыстаў», The UNB, «Касіяпея». «РСП» раней таксама часта гралі. Шмат хто ўжо не вельмі хоча граць на невялікай пляцоўцы, і гэта я разумею — усім хочацца расці.
— Зараз шмат гуртоў ці з’ехалі, ці распаліся. Як ты лічыш, можа, зараз надышоў час гучна заявіць пра сябе маладым?
— А гэта і адбываецца. З’яўляюцца ці заяўляюць пра сябе маладыя гурты, якія можна слухаць. Якія, як кажуць, граюць не толькі гучна, але і добра. Мы пастаянна робім канцэрты маладых камандаў, на іх прыходзіць шмат людзей. Часам нават больш, чым на канцэрты старых і вядомых. Маладыя рухаюцца, жыццё працягваецца.
Нядаўна была каманда з Віцебска «Грамадзянін Зямлі» — вельмі спадабалася. Таксама «4200» гралі тут — якасны панк, можна сказаць «зоркі». Насамрэч шмат гуртоў. Я сам граю ў гурце «Atesta», бывае, што вельмі стамляешся, бо граем шмат, пры тым, што цяпер не вельмі шмат пляцовак. Засталіся «TNT», «Графіці», «Lo-Fi» на Кастрычніцкай. У «Бруге» не ведаю, што адбываецца, аднак металісты, якія там гралі, зараз грукаюцца да нас. Яшчэ «Lidbeer Legenda» на месцы былога «Грай». Дарэчы, калі «Грай» прадавалі, мы доўга думалі — можа, там «Графіці» зрабіць. Не паспелі трошку.
— Якія зараз праблемы ў клуба з арганізацыяй канцэртаў?
— Па першае, канечне, гэта эпідэміялагічны складнік. Ці то ёсць эпідэмія, ці то яе няма. Ну і зразумець логіку выдачы гастрольных пасведчанняў ніяк не атрымліваецца. Трэба даслаць шмат усяго — прозвішчы ды імёны ўдзельнікаў, даты нараджэння, трэк-ліст, тэксты, што за гурт ці ўдзельнік, адкуль і г. д. І вось камусьці даюць, а камусьці не — логікі ніякай не адсочваецца. Адмаўляюць па п. 1.8 арт. 215 Кодэкса аб культуры «Парушэнне іншых патрабаванняў актаў заканадаўства». Што гэта за іншыя патрабаванні, ніхто ніколі не тлумачыць. Тэксты Курта Кабэйна «прайшлі» — гурты гралі трыб’ют «Nirvana», а вось умоўны тэкст «любоў-маркоў, мы ўбачыліся зноў» — не. Да 2020 года было неяк прасцей. Але жыццё працягваецца і рок-н-рол знойдзе сабе шлях. Змяняюцца формы правядзення, даводзіцца рабіць больш вольных уваходаў — закон гэтага не забараняе.
— На тваю думку, ці ёсць будучыня ў такіх «камерных» клубаў, як «Графіці», з развіццём інтэрнэт-тэхналогій у музычнай галіне?
— Жывы гук будзе заўсёды запатрабаваны. Яго ніяк нельга параўнаць з запісам, нават добра зробленым і зведзеным. Ёсць стары жарт: «Запісваецца на інструментах па 2 тысячы долараў, зводзіцца на апараце за 10 тысяч долараў, а слухаецца ў слухаўках за 10». Рок-н-рол — музыка жывога гуку.
— Акрамя дырэктарства ў «Графіці» ты сам граеш у двух гуртах — «Atesta» і «Дрымон». У цябе шмат вольнага часу ці гэта нешта іншае?
— Гэта каб зусім не звар'яцець. На рэпетыцыі за дзве гадзіны забываешся пра ўсё, гэта рэлакс такі. З «Дрымонам» зараз менш, думалі зусім пакуль прыпыніць дзейнасць, але не атрымліваецца: выдалі сінгл, хутка канцэрт зайграем.
З «Atesta» цікава, пастаянна нешта новае пішацца, яны маладыя, бадзёрыя. Ну, а часу заўсёды мала. Шчыра кажучы, вельмі хочацца каб працай была музыка, а хобі — «Графіці». Пакуль атрымліваецца наадварот. А ў вольны час чытаю кнігі, серыял магу паглядзець. Ну, і канечне ровар! Зараз яго троху трэба парамантаваць, а так вельмі люблю катацца. З Аляксандрам Памідоравым у нас быў такі «анархаалкароварпатруль». Не, пра гэта не буду лепш… (смяецца). Мінулым летам у Мядзел на ровары катаўся, у намёце начаваў.
— Як дырэктар «Графіці» і музыка скажы: што рабіць беларускаму року, каб выжыць у нашых зусім не простых рэаліях?
— Працягваць займацца тым што падабаецца. Не падабаецца — не працягвай. Ну і прыходзіць у «Графіці», каб паказаць як атрымліваецца! Шмат рэпетуюць толькі баязліўцы. Калі самім падабаецца — трэба паказваць, выходзіць на пляцоўкі, рабіць «салянкі», рыхтаваць сольнікі. Не трэба баяцца адмоўнага досведу — без яго не існуе аніводны гурт.
— Ну і амаль традыцыйнае наша пытанне. Давай уявім сабе, што вось заўтра сыдзе кавід і «ўзыдзе сонца». Што ты па-першае і ўвогуле зробіш?
— Я ўзрадуюся і пайду на працу з вялікай такой усмешкай! Будзе вельмі шмат справаў, і іх трэба будзе зрабіць максімальна хутка, пакуль не вярнуліся ўсе астатнія. Яны вернуцца, а ў нас ужо ўсё зроблена!
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева