Ларыса Геніюш і Жыровічы
Жыровічы, славутая мясціна,
Здаўна праложаны для нас дзядамі шлях.
Малітвы боль у нялёгкаю хвіліну
Мы на тваіх складаем алтарах.
(На здымку: Янка і Ларыса Геніюшы)
Жыровічы, славутая мясціна,
Здаўна праложаны для нас дзядамі шлях.
Малітвы боль у нялёгкаю хвіліну
Мы на тваіх складаем алтарах.
(На здымку: Янка і Ларыса Геніюшы)
Гэтыя радкі з верша Ларысы Геніюш, напісаным паэткай на схіле жыцця, не толькі аб Жыровічах, але і аб яе ўласным шляху — пакутлівым і светлым. Нарадзілася яна ў 1910 годзе ў фальварку
Жлобаўцы на Ваўкавышчыне. Вучылася ў Гудзевіцкай школе, закончыла Ваўкавыскую польскую гімназію.
У 1935 годзе ў Воўпенскай царкве на Ваўкавышчыне ўзяла шлюб са студэнтам медыцынскага факультэта Карлавага ўніверсітэта з Прагі Янкам Геніюшам. Спачатку сям’я жыла ў Зэльве, а потым Ларыса
Геніюш з сынам Юркам перабралася да мужа ў Прагу, дзе ён працаваў лекарам.
У 1943 годзе ў Празе выходзіць першы паэтычны зборнік паэткі «Ад родных ніў». Дарэчы, факсімільнае выданне гэтага зборніка пабачыла свет у Слонімскай узбуйненай друкарні ў 1995
годзе.
У Празе Ларыса Геніюш актыўна займалася літаратурай і грамадскай дзейнасцю, уваходзіла ў Беларускі камітэт самапомачы, была сакратаром Беларускай Народнай Рэспублікі.
5 сакавіка 1948 года Ларыса Геніюш разам з мужам была арыштаваная ў Чэхаславакіі і пазбаўлена чэшскага грамадзянства. Геніюшаў выдалі савецкім спецслужбам і пад канвоем даставілі ў Мінск. Яе асабіста
дапытваў тагачасны міністр МГБ БССР Лаўрэнцій Цанава.
7 лютага 1949 года Вярхоўны суд БССР прыгаварыў Ларысу і Янку Геніюшаў да 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Пакаранне паэтка адбывала на Поўначы ў Комі АССР, Мардоўскай ССР і ў іншых раёнах. У
сталінскіх лагерах паэтка адбыла 7 гадоў. У 1956 годзе яе разам з мужам вызвалілі паводле пастановы ААН. Геніюшы прыехалі ў Зэльву, дзе і пражылі да канца свайго жыцця. На вуліцы Савецкай, 7а, былой
Царкоўнай. Насупраць іх дома стаяла і па сёння стаіць Троіцкая царква, верніцай якой была Ларыса Антонаўна. У царкве цяпер знаходзіцца невялічкі пакой-музей, прысвечаны ёй, мемарыяльная шыльда, а
побач з царквой — помнік. «Божа, барані Беларусь» — гэтыя тры словы адлітыя ў метале.
Пры жыцці і пасля смерці паэткі з друку выйшлі каля 20 кніг яе вершаў, прозы і эпісталярнай спадчыны. Тысячы паэтычных радкоў і пісем паэткі яшчэ знаходзяцца ў розных архівах і прыватных
бібліятэках.
* * *
Жывучы ў Зэльве на былой Царкоўнай вуліцы (сказаць на Савецкай, у мяне не паварочваецца язык), Ларыса Антонаўна амаль штодня бывала ў Троіцкай царкве. Але самымі шчаслівымі момантамі ў яе жыцці быў
той час, калі паэтка наведвала Жыровічы. Жырава — як яна казала і як заўсёды казалі і кажуць старэйшыя людзі Слонімскага, Івацэвіцкага, Пружанскага і Зэльвенскага раёнаў-суседзяў. Жырава
Ларыса Геніюш любіла, любіла, як і Беларусь, — моцна і шчыра, заўсёды спяшалася туды, асабліва 20 мая, калі адзначаецца свята Жыровіцкага абраза Маці Божай.
Упершыню Ларыса, яшчэ Міклашэвіч, даведалася пра Жыровічы, калі яе родны брат Расціслаў вучыўся ў Жыровіцкай сельскагаспадарчай школе. Гэта быў, як згадвае ў сваёй «Споведзі» Ларыса
Геніюш, высокі, прыгожы і паслухмяны хлопец. Пазней ён загіне на фронце Другой сусветнай вайны. Паэтка прысвяціць яму некалькі сваіх вершаў. У адным з іх яна напіша:
Ты казаў калісьці: не сумуй, сястронка,
Над пакутным Краем злітуецца Бог.
Барані і цеш ты родную старонку,
А я буду бацькаў сцерагчы парог.
Дзед Ларысы Геніюш Павел Міклашэвіч быў родам з Крынак з Беласточчыны. Ён ажаніўся ў 18 гадоў на 16-гадовай Марфе з вёскі Чамяры Слонімскага павета. Юная Ларыса вельмі часта бывала ў Чамярах, якія
побач са Слонімам. Ну а быць у бабулінай вёсцы і не завітаць у Жыровічы быў бы для яе грэх. Таму дзяўчынка разам з бабуляй Марфай і з маці спяшаліся на вялікія святы ў Жыровічы.
Ці не Успенскі сабор і Крыжаўзвіжанская царква натхнялі паэтку на вершы, многія з якіх прысвечаны рэлігійным падзеям, а духоўнасць скразною лініяй праходзіць праз яе паэзію. У сваіх вершах паэтка
пастаянна звяртаецца да Бога, просіць у яго дапамогі, бласлаўлення, дазволу.
А верш «Святы вечар» — калядная беларуская класіка, гімн Калядам. Ну, скажыце, калі ласка, хто ў беларускай літаратуры мацней і прыгажэй напісаў пра Каляды за Ларысу
Геніюш? Ды ніхто. Бо многія нават ведаюць альбо часта чулі яе калядныя радкі:
Каляда, Каляда, на зямлі — Святы Вечар,
Нарадзіўся у яслях Збавіцель і Бог.
І пасталі бярозаў танклявыя свечкі
Паабапал заснежаных, белых дарог…
Каляда, Каляда… Нават зорам трывожна.
Па заблытаных сцежках крутога жыцця
Да сваіх ў гэты вечар спяшаецца кожны,
Дзе ў сям’і за сталом нас чакае куцця…
* * *
У 2008 годзе, калі творчая інтэлігенцыя Беларусі сабралася ў Троіцкай царкве ў Зэльве адзначыць 98 гадоў з дня нараджэння Ларысы Антонаўны, святар царквы, які праводзіў службу, сказаў аб тым, што ў
Жыровіцкай духоўнай семінарыі яны вывучалі творчасць і вершы Ларысы Геніюш. А яшчэ святар нагадаў, што Жыровічам Ларыса Геніюш прысвяціла адзін верш. Святар памыліўся. Жыровічам Ларыса Геніюш пры
жыцці прысвяціла два вершы. Адзін з іх пачынаецца радкамі:
Жыровічы — святы для нас куточак,
Дзе цэрквы ў неба вежы узнялі.
На дрэве Маці Божай абразочак —
Благаславенне для маёй зямлі…
Упершыню гэты верш апублікавала газета «Звязда» 6 красавіка 1993 года. Публікацыю верша да 10-годдзя смерці паэткі падрыхтаваў пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік. Дарэчы, пазней верш пра
Жыровічы паэткі друкаваўся ў многіх выданнях, у тым ліку і на старонках буклета «Свято-Успенский Жировичский Ставропигиальный мужской монастырь» (Мн., 2006). І хоць буклет выйшаў з
друку на рускай мове, на яго старонках знайшлося месца і для чатырох строф выдатнага верша Ларысы Геніюш пра Жыровічы.
Другі верш пра Жыровічы, які апублікаваны ў «Зборы твораў у 2 тамах» (Мн., 2010) Ларысы Геніюш, адшукаў у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі
навук Беларусі (ф.31, воп.1, спр.16) пісьменнік Міхась Скобла. Верш складаецца з 9 строф па 4 радкі:
Прыехаць у Жырава лёс мне выпаў,
Дождж хрысціць голаў грэшную маю.
І я пад голлем шматвяковай ліпы
Пілігрымам сціплым сцішана стаю.
Святыні побач белыя, як дзіва,
Ў абдымках хмараў і высокіх дрэў.
Ідзе святар, як галубочак сівы,
Стаміўшыся, на лаўку хтось прысеў.
Сюды травой, аброшанай і мяккай,
На цудатворны пераможны кліч
Прыходзяць людзі з горам і падзякай.
Людскія душы ачышчае зніч.
Перада мной зямля мая святая,
Тут у паклоне дрэвы над вадой,
Дзе галубы бясшумна пралятаюць,
Ступала Маці Божая па ёй.
Не знатныя, а пастушкі віталі.
Да нас прыйшла ў вясняны дзень знарок
І Краю міламу, каб лепшымі мы сталі,
Пакінула на дрэве абразок.
Над намі храм, туманныя нябёсы.
Крынічанька пад храмам б’е з зямлі.
Як пастушок у світцы белай, босы,
Стаю, і слёзы твар мой залілі.
Адданасцю стукочуць нашы сэрцы
З крыніц благаславенных праўду піць.
Мінуласці святой з зямлі не сцерці
І веры ў Бога ў сэрцы не спыніць.
Жыровічы, славутая мясціна,
Здаўна праложаны для нас дзядамі шлях.
Малітвы боль ў нялёгкую хвіліну
Мы на тваіх складаем алтарах.
Хай будзе мір, і згода будзе ўсюды.
Ды калі грозьбай азарыцца сінь, —
Нашай зямлі, дастойнай Тваіх цудаў,
Ў сваёй апецы, Божа, не пакінь!
* * *
Гэты верш нібы з’яўляецца працягам папярэдняга верша пра Жыровічы. Усе яны былі напісаны паэткай у 1981 годзе. У тым годзе зэльвенскі святар Васіль Чыкіда, з якім Ларыса Антонаўна шчыра
сябравала, узяў яе з сабой у Жыровічы на свята Жыровіцкага абраза Маці Божай. Ад той паездка паэтка атрымала вялікае задавальненне. Яна так была ўзрушана і шчаслівая паездкай у Жырава, што пра гэта ў
пісьмах пісала многім сваім сябрам. 23 чэрвеня 1981 года паэтка паведамляла Язэпу Найдзюку ў Польшчу: «Жывецца мне па-ранейшаму. Справа кніжкі нейк заглохла. Не вельмі гэтым праймаюся. Усё
пакідаю часу. Тым часам наш святар узяў мяне з сабою ў Жыровічы. Быў дождж, але белыя вежы святыняў аж свяціліся на цемені хмараў і зелені дрэў. Пастаяла каля шырачэзнай ліпы, якой, кажуць, што ўжо
многа соцень гадоў. Барадатыя Айцы паказалі мне святыні і іх цудоўныя скарбы. Сярод гэтай, духоўнай нейкай, цішыні я адчувала сябе, як у сярэднявеччы. І яшчэ я пад гэтым уражаннем.
Доля мая ў Яго Божых руках,
Мілей за харомы, карону,
Пакутны, цярнёвы жыцця Яго шлях
І храм, гдзе прыбытак ягоны».
Пра паездку ў Жырава 29 чэрвеня 1981 года Ларыса Антонаўна напісала таксама Лілеі і Ігару Чарняўскім: «Дні маі то паўзуць, то ляцяць. Айцец Васіль завёз мяне днямі ў Жыровічы. Некалькі
стагоддзяў, як там з’явіўся пастушкам абразок Маці Божай на грушы. Кажуць, што аддалі яны пану той абразочак, і ён схаваў яго ў куфар. Але абразочак знік з куфра. Яго знайшлі на той самай
грушы, на якой ён з’явіўся. На тым самым месцы выпырснула з зямлі крынічка, і цяпер стаяць там храмы з белымі, натхнёна выцягнутымі ў неба вежамі. Ёсць там велічэзная старая
ліпа…»
І Алесю Белакозу ў Гудзевічы пра паездку ў Жыровічы таксама згадала 30 чэрвеня 1981 года: «Нядаўна завезлі мяне ў Жыровічы. Там — храмы белыя, натхнёныя і звонку, і ў сярэдзіне.
Ёсць там шырачэзная ліпа, некалькі стагоддзяў ёй, і тая цудоўная легенда-быль. Усё гэта робіць уражанне на беларускую душу».
* * *
Ларыса і Янка Геніюшы любілі ў Зэльве сустракаць гасцей. У іх доме былі беларускія пісьменнікі, мастакі, кампазітары, палітыкі. Вядома, не забывалі паэтку і праваслаўныя святары. А ў верасні 1982
года Ларыса Геніюш пісала Валянціне Трыгубовіч, што да яе «ў госці прыйшлі тры маладыя, харошыя манашанькі з Жырава. Яшчэ паслушніцы, дык апранутыя больш-менш нармальна. Як птушаняты, нешта
ўсё шчабяталі. Добра, што было пудэлка цукеркаў у хаце. Хварэла, дык спечанага не было нічога. Папрасілі мой «Чабарок» (маецца на ўвазе зборнік вершаў паэткі «На чабары
настоена — С.Ч.). Для манахаў».
Летам 2010 года, да 100-годдзя з дня нараджэння слыннай беларускай паэткі, інак Мікалай (Бембель) з Жыровіцкага манастыра выдаў у Слонімскай друкарні накладам 300 асобнікаў паштоўку-партрэт маладой
Ларысы Геніюш. З другога боку паштоўкі брат Мікалай надрукаваў свае паэтычныя радкі, прысвечаныя ёй:
… не паланілі хімеры…
І не скарыў цябе час…
… чайка, спаведніца веры, —
Вымалі ў Госпада нас!..
Калі я прыязджаю ў Жыровічы, каля Успенскага сабора мне заўсёды ўяўляецца постаць гэтай мужнай і таленавітай беларускі і прыгадваюцца яе вялікія радкі:
Мудрасць спелую сівых вякоў
П’ю з народных жывых крыніцаў.
Паважаю чужых багоў,
Ды прывыкла сваім маліцца.