Лондан—Мінск—Бабруйск, зноў Лондан
Камера папярэдняга зняволення, у якой яго трымалі да суда, была памерам не больш за памяшканне бара «Лондан». Ён кажа гэта, бо прыходзіцца да слова: мы размаўляем у бары «Лондан» — наймініяцюрнейшай з усіх модных кафэшак Мінска. Але гэта здаецца мне ці не самым значным з усяго, прамоўленага ім за вечар. Важна тое, што тут Андрэй Кім знаходзіцца па сваёй волі — гэта ён абіраў месца, дзе мы сустрэнемся. Любоў да «Лондана» і «лонданцаў» — адна з тых рэчаў, якая, нягледзячы ні на што, не змянілася.
Камера папярэдняга зняволення, у якой яго трымалі да суда, была памерам не больш за памяшканне бара «Лондан». Ён кажа гэта, бо прыходзіцца да слова: мы размаўляем у бары «Лондан» — наймініяцюрнейшай з усіх модных кафэшак Мінска. Але гэта здаецца мне ці не самым значным з усяго, прамоўленага ім за вечар. Важна тое, што тут Андрэй Кім знаходзіцца па сваёй волі — гэта ён абіраў месца, дзе мы сустрэнемся. Любоў да «Лондана» і «лонданцаў» — адна з тых рэчаў, якая, нягледзячы ні на што, не змянілася. Прыходзіць сюды — азначае для яго вяртацца на месца «былых злачынстваў»: пакуль не выгналі з гістфаку, ён сачкаваў тут заняткі фізкультуры.
(Андрэй Кім. 4 мая 2009. Фота Ю. Дзядзінкіна)
10 студзеня 2008 года грамадскі актывіст моладзевай ініцыятывы «Ініцыятыва» Андрэй Кім (1986 года нараджэння) быў арыштаваны, а 22 сакавіка яго судзілі па абвінавачанні ў
арганізацыі масавых беспарадкаў (выйшаў на мітынг прадпрымальнікаў) і супрацьпраўных дзеяннях у дачыненні да супрацоўніка міліцыі (балюча ўдарыў). Нягледзячы на відэаматэрыялы, дзе было выразна
бачна, што побач з міліцыянтам быў іншы чалавек, хлопца асудзілі на паўтары гады калоніі. Увесь працэс суправаджаўся шырокім міжнародным рэзанансам і акцыямі падтрымкі — найбольш уражвала
актыўнасць сяброў палітвязня, мэта якіх была падбадзёрыць таварыша ў няпростай сітуацыі, прыцягнуць увагу да яго становішча негвалтоўнымі, пацыфісцкімі сродкамі (дасылалі паштоўкі, малявалі коміксы).
20 жніўня 2008 года Кім быў вызвалены па асабістым загадзе прэзідэнта краіны. Вось, у двух словах, гісторыя таго, як яго жыццё распалавінілася на «да» і
«пасля».
Да: «Чырвоная шапачка»
Адзін з самых папулярных напояў у бары «Лондан» — гарачы парэчкавы кампот з цукатамі пад назвай «Чырвоная шапачка». Салодкае пітво для легкадумных
дзяўчатак, якія і ўявіць не могуць, што неўзабаве спаткаюцца з воўкам. Хачу выбраць яго, але вагаюся — прыемнае хваляванне перад меню, знаёмае яшчэ са старэйшых класаў школы. Мае аднакашнікі
падзяляліся на тых, хто сачкаваў фізру ў курылцы, тых, хто сачкаваў фізру ў летняй кафэшцы ля ўніверсаму, і тых, хто фізру ўвогуле не сачкаваў, а зацята ганяў у футбол і на
«выдатна» здаваў нарматывы. Асабіста я ўваходзіла ў групу нумар два, і ў гэтым Андрэй Кім мне, безумоўна, блізкі.
Маці Андрэя ў пікеце за яго вызваленне, 16 сакавіка 2008. Фота Ю. Дзядзінкіна
Але ўсё адно гэты герой даецца мне цяжэй за іншых. Найперш таму, што спачатку мне было не да канца ясна, пра што тут можна пісаць. Чаму менавіта Андрэй Кім і пры чым тут партрэт пакалення. У Мінску
ёсць безліч такіх сама субтыльна-інтэлігентных хлопцаў, заўсёднікаў багемных кавярань, якія ведаюць меню напамяць і сябруюць з афіцыянтамі. Абаяльных, разумных, начытаных суразмоўцаў. Чаму мне не
падысці да любога з іх? У той жа час, у беларускіх турмах адбывалі, адбываюць і яшчэ будуць адбываць зняволенне безліч маладых беларусаў. Сярод іх, на жаль, і
«палітычныя»… Ключ я знайшла вось дзе: у маім разуменні гэтыя дзве іпастасі — «зэка» і «багемы» — не могуць
спалучацца ў адным чалавеку.
Нягледзячы на тое, што мне цяжка было ўявіць майго знаёмага Андрэя Кіма за кратамі, інфармацыя пра тое, што яго арыштавалі па такім сур’ёзным абвінавачванні, не выклікала ў мяне асаблівага
здзіўлення. Да гэтай падзеі Андрэй Кім уяўляў сабой сумесь некалькіх тыпажоў: грамадскі актывіст, аматар інтэлектуальных гульняў, студэнт-гісторык і фанат літаратуры фэнтэзі. Ён меў даўгія валасы,
стужачку ў іх, значкі на заплечніку і адначасова тры ідэі ў галаве. Усе тры ідэі ён імкнуўся вокамгненна ажыццявіць, мала думаючы пра метады і наступствы. Здавалася, ён займаўся адначасова ўсім
— і не рабіў нічога. І пры гэтым прамяніўся пазітывам і паўсюль меў сяброў, знаёмых і проста людзей, што добра да яго ставіліся.
Безадносна канкрэтных лёсаў маіх аднакашнікаў, тры магчымыя спосабы сачкаваць фізкультуру ў маёй школе здаюцца мне тымі трыма шляхамі, па якіх светапоглядна разыходзіцца беларуская моладзь, калі
надыходзіць час прымаць самастойныя рашэнні. Можна, канешне, дэманізаваўшы, як гэта ў нашай інтэлігенцыі водзіцца, уладныя і сілавыя структуры, высунуць меркаванне, што рэжым пабачыў у Андрэі Кіме
аднаго з (чатырнаццаці) патэнцыйных лідэраў маладой апазіцыі, і палічыў за лепшае яго нейтралізаваць. Але мне больш верагоднай здаецца іншая версія. Ім — ну, тым, хто са спортзалі,
— проста не спадабаўся валасаты пацан у акулярах, і яны запяклі яго да тых, хто з курылкі.
Там: чыфір
На Валадарцы і на зоне ў Бабруйску яму сустракаліся «вельмі цікавыя людзі». І вельмі розныя: дырэктары прадпрыемстваў, чыноўнікі, скінхэды і нават «пляменнік Ядвігі
Паплаўскай». Наркаманы, хабарнікі і стукачы — частае насельніцтва беларускіх СІЗА. У камеры памерам з «Лондан» было сапраўды цяжка: людзей як селядцоў у бочцы,
сядзець 24 гадзіны даводзілася ў прамым, а не пераносным сэнсе, а спаць — па чарзе. Пасля суду і пераводу ў бабруйскую калонію дыхаць стала прасторней, але пачаліся асаблівасці існавання
асуджанага зэка. «Артыкул у мяне быў паважаны, да таго ж на міжнародным узроўні мяне прызналі палітвязнем. Да такіх на зоне ставяцца нават больш чым нармальна. Зэкі падыходзілі, ціснулі
руку: Андрэй, мы з табою».
Пасля вызвалення, 2 лютага 2008. Фота Ю. Дзядзінкіна
Турма больш не чорная — Андрэй эпатуе мяне і бар «Лондан» абазнанасцю ў «паняціях». На змену ўладзе крымінальных аўтарытэтаў прыйшла ўлада адміністрацыі.
Тым не менш, трываць цяжкую аўру пенітэнцыярнай установы было вельмі няпроста: зэкі — азлоблены, недаверлівы народ, які кіруецца найперш уласнай выгадай. Законы звычайнага грамадства там не
дзейнічаюць. У той жа час было і чаму павучыцца: «Я з шокам даведаўся, — смяецца, — што аўтарытэты на зоне не чыфіраць».
Нягледзячы на кепскі зрок і праблему з вачыма, праз якую давялося ляжаць у турэмнай «бальнічцы», увесь час зняволення Андрэй Кім перакладаў кнігу ўлюбёнага пісьменніка —
першую частку «Хронік Нарніі» Клайва Стэйлза Льюіса. Пераклад — амаль цалкам зроблены чарнавік кнігі — на жаль, на волю забраць не ўдалося. Але сама постаць Льюіса
— фактычна ключавая ва ўсім, што адбывалася.
Андрэй Кім зачытваўся Льюісам з дзяцінства. Пісьменнік гэты варты кананізацыі ўсімі хрысціянскімі канфесіямі адначасова. У прыдуманай ім казачнай краіне Нарнія, населенай чараўнікамі і жывёламі, што
гавораць, мае месца бітва паміж Дабром і Злом — праз біблейскія ідэі, уплеценыя ў свае кнігі, праз хрысціянскія каштоўнасці, ім прапагандаваныя, Льюіс прывёў да веры неверагодную колькасць
моладзі па ўсім свеце. Менавіта да веры і разумення Бога, а не ў царкву: царкву кожны потым абіраў сабе сам, адпаведна тым ці іншым перакананням. Асабліва актуальным у гэтым плане Льюіс стаўся ў
атэістычным грамадстве былога СССР, з яго «ненамоленым» пакаленнем 1980-х, дзецьмі бацькоў, а то і ўнукамі дзядуль-бабуль атэістаў.
Кім — пратэстант, але ў калоніі ён скарыстоўваў кожную магчымасць пабыць у турэмнай праваслаўнай царкве — яго ратавала сама атмасфера храму. «Бацюшка, калі мяне спавядаў,
сказаў: у табе няма граху», — Кім кажа пра гэта з гонарам, як пра адно з найважнейшых дасягненняў у жыцці. На мітынгі, да грамадскіх пратэстаў яго прывяло пачуццё несправядлівасці,
асабліва вострае ў вернікаў-хрысціянаў.
Вызвалялі Кіма гэтак жа нечакана, як асуджалі, — хоць звычайна такая працэдура займае цэлы дзень. Далі на зборы сем хвілінаў і выставілі за браму.
Пасля: «Цюлень»
З турмы 22-гадовы Андрэй Кім выйшаў старым. Прынамсі, гэтак ён адчувае. За тры гады, што прайшлі з сакавіка 2006-га, ён змяніўся амаль непазнавальна. Я найперш пра ўнутраны свет. Мудрасць —
гэта замоцна сказана, але хлопец паспакайнеў. Зразумеў, што «торгацца ў розныя бакі не мае сэнсу».
На мітынгу прадпрымальнікаў, 21 студзеня 2008. Фота Ю. Дзядзінкіна
Кім — прозвішча па кудзелі. Маці Андрэя з аднаго боку паходзіць з сям’і рускага праваслаўнага духавенства і з роду карэйскага вайскоўца на расійскай службе — з іншага.
Андрэй расказвае, у чым, на яго погляд, іншасць культуры і выхавання яго маці ў параўнанні з тутэйшай. Чарговае збіццё чалавека на вуліцы, мітынгу, незаконныя арышты шакуюць яе кожны раз наноў:
«Яна не можа прызвычаіцца да несправядлівасці. Я, як многія беларусы (і ў гэтым наша праблема), успрымаю гэта больш млява і абыякава, нават — як дадзенае».
На маё ідыёцкае пытанне: «Кім Кі Дук ці Кім Чэн Ір?» — Андрэй Кім адказвае так: «Я лічу, кожны з нас мае патэнцыял і магчымасці правадыра нацыі. Іншая справа, ці
хопіць у нас сілы волі і сумлення ад гэтага адмовіцца. Я вось адмовіўся».
А Кім Кі Дук... так, яму неверагодна блізкія фільмы выдатнага карэйскага рэжысёра — квінтэсенцыя будысцкага спакою і фірмовай азіяцкай рэзкасці і жорсткасці. «З зоны я вынес
жорсткасць, агрэсіўнасць і злобу. Інакш там нельга — кожную хвіліну даводзіцца адстойваць сваю годнасць і сцвярджаць сваё месца ў тым соцыуме. Мая задача — пазбаўляцца ад усяго
гэтага. Гэтага ад мяне вымагае вера. Хрысціянства, мараль маюць галоўнае значэнне ў маім жыццёвым выбары. Таму я не з’ехаў вучыцца за мяжу ці на заробкі ў Маскву. Калісьці я марыў стаць
місіянерам і паехаць у Афрыку, але потым зразумеў, што нельга нікуды выпраўляцца: місіянеры патрэбныя Беларусі». Па словах Андрэя, яго жыццё, калі зірнуць з боку, — гэта параза за
паразай: выключэнне з універу, адсідка і беспрацоўе пасля вызвалення. Але паколькі тыя крокі, што ён зрабіў, дыктуюць яму тыя перакананні, якія ён лічыць правільнымі, у суме гэта можна лічыць шляхам
да перамогі. Прынамсі, яго асабістай.
Даведка аб вызваленні, Фота Ю. Дзядзінкіна
З гістфаку «за палітыку» Андрэй Кім паляцеў даўным-даўно, але не шкадуе, бо адчувае: гісторыя — гэта не ягонае. Як, зрэшты, і палітыка, за якую паляцеў. Анягож, чалавеку з
такімі разнастайнымі цікаўнасцямі мусіла б падысці нешта інтэрдысцыплінарнае. З усяго, чым яму было б цікава займацца ў будучыні, ён абраў дыстанцыйнае навучанне ў ЕГУ па спецыяльнасці медыі і
камунікацыі. Найперш яго цікавіць рэклама: «Радзіме патрэбныя піяршчыкі». З усіх магчымых стратэгій грамадскай дзейнасці абраў кампенсаторную. Моладзі не хапае прыгожых паштовак,
каб віншаваць адзін аднаго з беларускімі святамі (той жа Дзень Волі) або з усімі іншымі святамі па-беларуску.
А яшчэ беларусам бракуе добрага настрою і ўсмешак, лічыць Андрэй, і таму штогод яны з сябрамі купляюць кветкі і выходзяць дарыць іх незнаёмым людзям на вуліцу. «Крэатыў і, галоўнае,
— дапамагаць людзям, — так ён акрэслівае свае планы на будучыню. — Я, можа, міліцыянтам бы стаў, калі б не такая краіна». У «Лондане» ён замовіў
свой любімы напой «Цюлень» — лімонны, з міндалем і кіслінкай, каб прыемней было піць няспешліва і думаць.