Маці Тэрэза: святая, звычайная, свая. Яе паслядоўніцы жывуць і ў Беларусі
Гэтая крохкая жанчына трымала на сваіх плячох тысячы людзей, якімі яна апекавалася. Усё жыццё яна прысвяціла самым неабароненым колам насельніцтва. Яна стала блаславёнай (першая ступень да святасці) хутчэй за ўсіх у гісторыі. А ў Гомелі і сёння служаць сёстры яе манаскага ордэну.
Маці Тэрэза казала пра сябе: «Я па паходжаньні албанка, маё грамадзянства індыйскае, па веры я каталіцкая манахіня, па прызваньні належу да ўсяго сьвету, а што тычыцца майго сэрца, яно цалкам належыць Сэрцу Езуса». Тэрэза, якая пры нараджэньні мела імя Агнэс Гонджа Баяджыў, пабачыла сьвет у албанскай сям'і ў Скопʼе 26 жніўня 1910 года. Ва ўзросьце 18 гадоў яна далучылася да ірляндзкай кангрэгацыі сёстраў Ларэта, якая скіравала яе на служэньне ў Індыю.
Там Тэрэза спачатку выкладала ў жаночай школе сьвятой Марыі ў Дарджылінгу, а 10 верасьня 1946 году атрымала блаславеньне ад кіраўніцтва ордэна дапамагаць хворым у Калькуце.
Калі Тэрэза распазнала сваё пакліканьне і атрымала дазвол ад сваёй тагачаснай супольнасьці служыць «найбяднейшым з бедных» у найбольш безнадзейных частках Індыі і па ўсім сьвеце, — яна зразумела, пра што па-сапраўднаму прасіла раней у сваіх малітвах.
«Любоў, каб яна была сапраўднай, павінна чагосьці каштаваць, яна павінна балець, павінна спусташаць нас. Плён малітвы — вера. Плён веры — любоў. Плён любові — служэньне. Плён служэньня — мір».
У 1950 годзе маці Тэрэза заснавала жаночую манаскую кангрэгацыю «Сёстры Місіянэркі Любові», у якой зараз знаходзяцца каля 4500 яе пасьлядоўніцаў, якія дапамагаюць бедным і хворым у больш чым ста краінах незалежна ад нацыянальнасьці і веравызнаньня. Сёстры працуюць прыкладна ў 400 дабрачынных шпіталях, школах і прытулках.
Менавіта міласэрнасьць праходзіць чырвонай ніткаю праз усё яе жыцьцё.
Маці Тэрэза і Ян Павал ІІ – сяброўства двух сьвятых
Калі Маці Тэрэза і Папа Ян Павал ІІ сустрэліся ў першы раз, адразу ж уьзнікла духоўнае сваяцтва. Абодва былі сфармаваныя пакутамі: Маці Тэрэза — галечай, сьведкай якой яна стала ў Калькуце, а Папа Ян Павал ІІ — цяжкасьцямі жыцьця падчас нацысцкай акупацыі, а потым і камуністычнага панаваньня ў Польшчы.
Пантыфікат Папы Яна Паўла ІІ быў адзначаны моцным акцэнтам на новай эвангелізацыі. Гаворка ішла не толькі пра пропаведзь, але і пра сьведчаньне веры. Маці Тэрэза праз штодзённыя ўчынкі міласэрнасьці ўвасабляла гэтую эвангелізацыю. Яе дамы для тых, хто памірае, сіротаў і пракажоных былі жывымі пропаведзямі любові Хрыста.
Непахісныя абаронцы жыцьця, Маці Тэрэза і Ян Павал ІІ, аб'ядналіся супраць хвалі абортаў, эўтаназіі і іншых пагрозаў чалавечай годнасьці.
Іх адносіны былі не проста сымбалічнымі, яны былі глыбока асабістымі. Яны абменьваліся лістамі, у якіх свабодна пісалі пра духоўныя разважаньні, малітвы і словы заахвочваньня. Папа Ян Павал ІІ аднойчы выказаў сваё захапленьне Маці Тэрэзай: «Дзе Маці Тэрэза знайшла сілу і настойлівасьць, каб цалкам аддаць сябе на служэньне іншым? Яна знайшла гэта ў малітве і маўклівым сузіраньні Езуса Хрыста, Яго Сьвятога Твара, яго Найсьвяцейшага Сэрца».
Маці Тэрэза, у сваю чаргу, знайшла ў Папе духоўнага хаўрусьніка, часта шукаючы ў яго бласлаўленьня для сваіх місіянэрак міласэрнасьці. Візіты Папы ў яе місіі былі сьведчаньнем іх сувязі — моманты, калі два сьвятыя ішлі побач.
Дзейнасьць у Беларусі
У 1993 годзе першыя прадстаўніцы кангрэгацыі Місіянэрак любові прыехалі ў Беларусь па бласлаўленьні Папы Яна Паўла II. У Гомелі яны ўтрымліваюць Дом міласэрнасьці, у якім дапамагаюць бедным і бяздомным.
Запрасіў у Беларусь сёстраў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які прапанаваў ім такое месца служэньня з прычыны блізкасьці Чарнобылю.
«Адказу не трэба
было доўга чакаць. Пасьля вырашэньня ўсіх фармальнасьцяў і бласлаўленьня Папы,
сёстры скіраваліся ў Гомель», — узгадваў Тадэвуш Кандрусевіч.
“Я часта прыязджаю ў гомельскі Дом міласэрнасьці, і ні разу такога не здаралася, каб я першы ўсьміхаўся сёстрам. Яны заўсёды мяне апярэджваюць ва ўсьмешцы”, – кажа ксёндз Тадэвуш Саморэк. І дадаў, што сёстры вучаць нас бачыць у кожным чалавеку Езуса Хрыста.
У Гомелі законьніцы розных нацыянальнасьцяў утрымліваюць Дом міласэрнасьці, у якім дапамагаюць бедным і бяздомным ўжо 30 гадоў і займаюцца шматлікімі справамі міласэрнасьці. Дом сёстраў служыць прытулкам для некалькіх хворых мужчынаў і жанчынаў, якія апынуліся на вуліцы без сродкаў да існаваньня.
Сёстры даглядаюць
за імі, лекуюць, дапамагаюць кінуць піць, аднавіць дакумэнты і ўладкавацца на
працу. Місіянэркі рыхтуюць абеды для бяздомных, раздаюць прадукты і вопратку
для бедных сем'яў і самотных старых, дапамагаюць дзецям з малазабясьпечаных і
праблемных сем’яў.
Дапамагчы сёстрам у гэтай справе можа кожны: напрыклад, раздаць ежу, памыць посуд, прынесьці вопратку ці абутак.
У сваіх лістах Маці
Тэрэза пісала:
“«Прагну», – сказаў Езус на крыжы. Ён гаварыў не аб празе вады, аб патрэбе любові. Ён, Творца сусьвету, прасіў любові ў тых, хто зьяўляецца Яго стварэньнем. Ён прагне нашай любові. Ці гучыць рэха гэтых словаў у нашых душах? Паглядзі на крыж і ўбачыш галаву Езуса, схіленую, каб цябе пацалаваць; Яго рукі распрасьцёртыя, каб цябе абняць; Яго сэрца адкрытае, каб цябе прыняць, каб прытуліць цябе ў сваёй любові.
Паколькі мы ведаем, што крыж – гэта знак найбольшай любові Хрыста да цябе і да мяне, прымем Яго крыж з усім, што Ён захоча нам даць, і аддамо Яму з радасьцю ўсё, што захоча забраць. Калі мы будзем так паступаць, сьвет даведаецца, што мы зьяўляемся Яго вучнямі, што мы належым Езусу, што ўчынкі, якія робім, ты і я, і ўсе браты і сёстры, ёсьць нічым іншым як нашаю любоўю, уцелаўлёнаю ў жыцьцё”.
Маці Тэрэза ў Калькуце
У 2017 годзе трэцяя
наступніца Маці Тэрэзы на пасадзе кіраўніцы кангрэгацыі сястра Прэма Пэрык
наведала Беларусь.
«З усіх беларускіх гарадоў сёстры з нашай супольнасьці нясуць служэньне толькі ў Гомелі. На жаль, пра пашырэньне дзейнасьці на іншыя гарады пакуль не можа быць і гаворкі: працы хапае і ў Гомелі, а сёстраў тут усяго некалькі».
Сястра Прэма Пэрык - наступніца Маці Тэрэзы
Зямное падарожжа
Маці Тэрэзы не было пазбаўленае выпрабаваньняў. Крытыка зьяўлялася з розных
бакоў — ад тых, хто ставіў пад сумнеў яе мэтады ў хоспісе, да тых, хто лічыў яе
дзейнасьць празэлетызмам (імкненьне навярнуць іншаверцаў у сваю веру). Аднак з
каталіцкага пункту гледжаньня гэтую крытыку можна разглядаць як пакуты, зьвязаныя
з жыцьцём, арыентаваным на Хрыста. Сам Езус сутыкнуўся з крытыкай і перасьледам,
і ў гэтым Маці Тэрэза знаходзіла сваю моц.
Ватыкан прызнаў два выпадкі цудоўных ачуняньняў дзякуючы малітвам да пасрэдніцтва Маці Тэрэзы. У 2002 годзе жанчына ў Індыі выгаілася ад пухліны ў брушной паражніне, у 2008 годзе ў бразыльца зьнікла пухліна мозгу.
Для каталікоў ва ўсім сьвеце яна зьяўляецца прыкладам патэнцыялу непахіснай веры, паказваючы, што калі тэалёгія выходзіць за межы Сьвятога Пісаньня і становіцца жывым досьведам, яна можа глыбока зьмяніць сьвет.
Аднойчы сьвятая Тэрэза сказала: «Не чакайце лідараў. Зрабіце гэта самі, кожны індывідуальна. Я бачу Езуса ў кожным чалавеку і кажу сабе: гэта галодны Езус, я павінна Яго насыціць. Гэта хворы Езус. У Яго праказа або гангрэна.
Я павінна вымыць Яго і схіліцца над Ім. Я служу, таму што люблю Езуса. Знайсьці Калькуту можна ў любым месцы. Проста трэба расплюшчыць вочы. У сьвеце існуюць людзі нелюбімыя, адкінутыя, пакінутыя або забытыя. І гэта найбольшая беднасьць. Знайдзіце сваю ўласную Калькуту».
Прэзідэнт ЗША Рональд Рэйган уручае Маці Тэрэзе Мэдаль Свабоды