«Найяскравейшая постаць крытычнага інтэлектуала». Хто такі Уладзімір Мацкевіч, якога падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў
Філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча не выпусцілі з турмы пасля 10 сутак. Яго перавялі ў СІЗА №1 на Валадарскага, нагадвае «Радыё Свабода».
Да вядомага метадолага і філосафа Уладзіміра Мацкевіча 4 жніўня прыйшлі супрацоўнікі КДБ, правялі ператрус, канфіскавалі аргтэхніку і дакументы, яго змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Мацкевіча падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 342 КК). Праваабаронцы прызналі Мацкевіча палітзняволеным.
Уладзімір Мацкевіч нарадзіўся 14 траўня 1956 года ў Іркуцкай вобласці, куды дэпартавалі яго дзеда і дзе пазнаёміліся яго бацькі. Юнацтва Уладзіміра прайшло ў Гродне. Ён скончыў факультэт псіхалогіі Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адразу яго размеркавалі ў Вільню, потым ён працаваў у Ленінградзе, выкладаў у Ліепайскім педагагічным універсітэце.
У Беларусь Мацкевіч вярнуўся ў 1994 годзе. Спачатку займаўся рэформай адукацыі. Працаваў на «Беларускім тэлебачанні», рабіў праграмы пра рынкавую эканоміку «Гэта мы не праходзілі», «Студыя 600», «Сталіца». У 1995-м атрымаў запрашэнне стаць вядоўцам праграмы «Рэзананс», але супраць яго кандыдатуры выступіла Адміністрацыя прэзідэнта. Быў першым кіраўніком і вядоўцам ток-шоу «Выбар» (2002–2003 гады).
Падчас першых прэзідэнцкіх выбараў 1994 года прапаноўваў сваю дапамогу Станіславу Шушкевічу і Зянону Пазняку. Браў удзел у парламенцкіх выбарах 1995 года, балатаваўся ў адной выбарчай акрузе з Зянонам Пазняком, але ў Вярхоўны Савет 13 склікання не трапіў.
У тым жа 1995 годзе браў удзел у якасці паліттэхнолага ў стварэнні «Аб’яднанай грамадзянскай партыі». Удзельнічаў у стварэнні «Хартыі-97».
Шчыры вернік, стаяў ля вытокаў «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі», у 2006 годзе галадаў разам з прыхаджанамі пратэстанцкай царквы «Новае жыццё».
З 2012 года вёў дыскусійную праграму «Размова з Мацкевічам» на тэлеканале «Белсат».
Пісаў адкрытыя лісты: у 2016 годзе — тагачаснаму міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу, пазней — міністру замежных спраў Уладзіміру Макею і Аляксандру Лукашэнку.
Аўтар 50 навуковых прац і шматлікіх публіцыстычных артыкулаў.
Уладзімір Мацкевіч — заснавальнік і кіраўнік «Агенцтва гуманітарных тэхналогій», першы кіраўнік рады Міжнароднага кансорцыюма «ЕўраБеларусь», адзін з заснавальнікаў «Лятучага ўніверсітэта». Удзельнічаў у ініцыятыве «Сход».
«Мацкевіч заўсёды быў і застаецца паслядоўным крытыкам рэжыму Лукашэнкі»
Сам Уладзімір Мацкевіч пазіцыянуе сябе найперш як метадолага і філосафа. Ён стваральнік тэлеграм-канала «Думаць Беларусь».Калега Мацкевіча, палітолаг і метадолаг, аналітык «Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі» Андрэй Ягораў называе Уладзіміра Мацкевіча «найяскравейшай постаццю крытычнага інтэлектуала ў Беларусі». І сцвярджае, што Мацкевіч — нязручны суразмоўца для яго калегаў.
«Ён заўсёды крытычна арыентаваны да грамадскай і палітычнай практыкі. "Мысленне без дзейнасці — гэта летуценніцтва, дзейнасць без мыслення — гэта злачынства", — так часта гаворыць Мацкевіч. І гэтае выслоўе ён увасабляе ў сваім жыцці. Для Мацкевіча важнае пераўтварэнне Беларусі ў сучасную краіну праз яе прадумванне і адказнае будаванне, што было мэтай яго інтэлектуальнай праграмы «кузні» працэсаў «дэсаветызацыі», «беларусізацыі» і «еўрапеізацыі» Беларусі».
Спадар Ягораў кажа, што ў апошнія гады Мацкевіч шмат высілкаў клаў на асэнсаванне і развіццё грамадзянскай супольнасці Беларусі, а таксама глабальных змен свету пад уздзеяннем сучасных інавацый.
«У пэўным сэнсе беларускую рэвалюцыю Мацкевіч бачыў як эфект судатыкнення людзей глабалізаванага, інавацыйна арыентаванага „першага свету“ з „другім светам“ грамадзянскай супольнасці Беларусі, скіраванай на адаптацыю інавацый у межах асобнай краіны.
Уладзімір Мацкевіч заўсёды быў і застаецца паслядоўным крытыкам рэжыму Лукашэнкі, які, на яго думку, ператварыўся ў рэжым, пры якім краінай кіруе „арганізаваная злачынная групоўка“.
Ён шмат каментаваў і крытыкаваў дзеянні і беларускай дэмакратычнай апазіцыі, у апошнія месяцы перад арыштам заклікаў да большага адзінства галоўных палітычных цэнтраў, выступаў за публічны мемарандум з яснымі механізмамі ўзаемнай адказнасці», — кажа Андрэй Ягораў.
«Рэжыму патрэбна поўная пакорлівасць, безгалосасць грамадства»
Палітолаг Аляксандр Класкоўскі перакананы, што сёння пад прыцэлам — лідары грамадскай думкі, крытыкі ўлад. А Уладзімір Мацкевіч ніколі не хаваў сваёй пазіцыі, гаворыць ён.
«Па-першае, Мацкевіч не ўтойваў, што хадзіў на леташнія маршы, пісаў, што сёння месца філосафа — на вуліцы, сярод іншых актыўных грамадзян. Таксама паведамляў, што чытае лекцыі ў дварах. Па мерках сённяшняй улады, гэта ўжо крымінал.
Па-другое, Мацкевіч паказаў сябе ўмелым арганізатарам грамадзянскай супольнасці. З яго імем звязана паўставанне "Агенцтва гуманітарных тэхналогій", міжнароднага кансорцыюма „ЕўраБеларусь“, „Лятучага ўніверсітэта“. Цяпер жа ўлады адкрыта — пра гэта яшчэ ўвесну паведаміў Уладзімір Макей, заяўляючы пра адказ на заходнія санкцыі, — ладзяць татальную зачыстку грамадзянскай супольнасці.
Па-трэцяе, Мацкевіч да самага арышту жорстка крытыкаваў рэжым у сваіх допісах, артыкулах, падчас розных стрымаў. А сёння вядомыя крытыкі ўлад, лідары грамадскай думкі — пад прыцэлам, бо рэжым паставіў на мэце іх так ці іначай „нейтралізаваць“, каб не сеялі крамолу, не "гналі хвалю". Рэжыму цяпер патрэбна поўная пакорлівасць, безгалосасць грамадства, ён не згодны цярпець крытыкаў нават у межах нейкага гета, як было раней», — выказаў сваю думку палітолаг Аляксандр Класкоўскі.
За кратамі цяпер і палітолаг Валерыя Касцюгова. Яе затрымалі 30 чэрвеня, абвінавачваюць Касцюгову ў «змове і закліках да захопу ўлады».
Паўтара месяца ўтрымліваецца ў СІЗА № 1 экспертка, заснавальніца «Школы маладых менеджараў і публічнага адміністравання SYMPA» Таццяна Кузіна. Яе вінавацяць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 357 («Змова альбо дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады») і ч.3 арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы»).
У адзін дзень з Мацкевічам затрымалі і кіраўніцу «Лятучага ўніверсітэта» Таццяну Вадалажскую. 14 жніўня пасля 10 сутак арышту яе адпусцілі, Вадалажская застаецца падазраванай па ч. 1 арт. 342 КК.
Затрымлівалі таксама і іншых экспертаў: Аксану Шэлест, Улада Вялічку.