Раман Скірмунт. 80-я гадавіна забойства

Парэчча, Пінскі раён, велічны парк, які заклаў буйны прамысловы і палітычны дзеяч Раман Скірмунт. Штораз, калі стаіш на ўскрайку парку, каля ягонай магілы, задаешся пытаннем: «Няўжо так плаціць родны край за любоў і адднасць, за павагу да суайчыннікаў?» Вось яна, удзячнасць Радзімы, цеплыня Бацькаўшчыны? Бянтэжыць гэтая несправядлівасць, і на сённяшні дзень застаецца катэгарычна не пагаджацца з такім раскладам.

skirmunt2.jpg

Роўна 80 год таму, 7 кастрычніка 1939 года, без суда і следства быў забіты Раман Скірмунт (1868–1939). Ён стаяў у вытокаў беларускай дзяржаўнасці, аказваў падтрымку беларускамоўным выданням і нацыянальным арганізацыям, такім як газета “Наша Ніва” ды партыя Беларуская Сацыялістычная Грамада.

Раман Скірмунт узначаліў першы беларускі палітычны прадстаўнічы орган – Нацыянальны камітэт, які заявіў пра намер беларусаў мець сваю дзяржаўнасць. Уваходзіў у кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі ды актыўна ў 1918–1919 гадах прадстаўляў інтарэсы Беларусі ва Украіне, Польшчы ды Нямеччыне.

Аднак засяродзім увагу непасрэдна на забойстве і звернемся да грунтоўнай кнігі гісторыка Аляксандра Смалянчука “Раман Скірмунт (1868–1939). Жыццяпіс грамадзяніна краю”. Выданне, а гэта сапраўды вялікае даследаванне жыцця і дзейнасці нашага героя, пабачыла летась.



(…) Што адбылося ў Парэччы з прыходам Чырвонай арміі? Паводле ўспамінаў Вацлавы Нээф і Гераніма Тукальскага-Нелюбовіча, атрымаўшы звесткі пра агрэсію СССР супраць Польшчы, Раман Скірмунт з сястрой Аленай і яе мужам Баляславам Скірмунтам выехалі з Парэчча ў Пінск. Вечарам 20 верасня 1939 г. у горад увайшлі часткі Чырвонай арміі. У наступныя дні адбыліся масавыя арышты «класава чужога элементу». Былі арыштаваныя таксама Скірмунты. Але ў турме яны прабылі толькі суткі. Пасля допыту і запісу асабістых дадзеных іх, як і большасць іншых арыштантаў, выпусцілі на свабоду.

Напрыканцы верасня Раман і Баляслаў Скірмунты вырашылі вярнуцца ў Парэчча. У вёсцы Скірмунта вельмі шанавалі, і, магчыма, ён якраз і разлічваў на дапамогу вяскоўцаў. Тым больш, што ў Пінску ўжо распавядалі як пра факты «стыхійных» забойстваў і расправаў з землеўласнікамі (зямянамі), так і пра эпізоды, калі жыхары палескіх вёсак ратавалі іх ад рэпрэсій з боку новай улады.

Праз даверанага чалавека (лакея Олеся) ён перадаў ліст Вацлаве Нээф. Яна жыла ў апусцелай плябаніі ў Парэччы і, дзякуючы мужу, які быў грамадзянінам Германіі, адчувала сябе больш-менш упэўнена. Савецкая ўлада нямецкіх саюзнікаў не крыўдзіла. Каб вярнуцца ў Парэчча, патрэбны быў дазвол новай мясцовай улады. В. Нээф прыгадала, што «камісар» Марозаў, які знаходзіўся ў Парэччы, дазволіў вяртанне з умовай, што Скірмунт не будзе ўмешвацца ў справы вясковага «рэвалюцыйнага камітэта». Вацлава Нээф таксама распавяла, што не раіла Скірмунту вяртацца, бо згаданы Камітэт ужо пачаў расправы. Адной з першых ахвяр стаў ляснік Яворскі. Да таго ж у складзе Камітэта аказаўся чалавек, асуджаны за кражу мёду з вулляў маёнтка, які меў асабісты канфлікт з Скірмунтам.

Аднак Раман і Баляслаў Скірмунты ўсё ж прыехалі ў Парэчча і пасяліліся таксама ў плябаніі. Р. Скірмунт, як і Нээфы, амаль не пакідаў будынку. Магчыма, ужо ў Парэччы ён даведаўся пра трагічны лёс сваякоў з Моладава. Генрык і Марыя Скірмунты былі забітыя 20 верасня. У гэтыя трывожныя дні ён, верагодна, прыгадваў успаміны свайго сябра Эдварда Вайніловіча пра рабунак і знішчэнне ягонага палаца ў Савічах (Слуцкі пав.) дэзертырамі, сялянамі і слугамі ў лютым 1918 г. Жыццё Вайніловічу і ягонай жонцы выратавала толькі тое, што, папярэджаныя служкам, яны паспелі схавацца ў лесе…

Праз некалькі дзён пасля вяртання жыхароў плябаніі ўначы абудзіў адзін з парэцкіх сялян, які паведаміў, што «рэвалюцыйны камітэт» прыняў рашэнне расстраляць Скірмунтаў, і параіў ім уцякаць. Паводле ўспамінаў В. Нээф, Раман Скірмунт не паверыў і не хацеў пакідаць вёску, але ўрэшце паддаўся ўгаворам і заявіў, што раніцай яны паедуць вузкакалейкай да Янава, а адтуль чыгункай да Пінска.

Аднак іх апярэдзілі. Раніцай 6 кастрычніка Скірмунтаў арыштавалі ўзброеныя «камітэтчыкі» і памясцілі ў карцар былой управы гміны, якая стала сядзібай Камітэта. Раніцай наступнага дня арыштаваных пасадзілі на воз і заявілі, што павязуць у Пінск на допыт. Муж Вацлавы Нээф адразу ж пайшоў да «камісара» Марозава, і той пацвердзіў, што арыштаваных павязуць у Пінск. Насамрэч, яны былі расстраляныя ў лесе «Корань» паміж вёскамі Велясніца і Кажанёва (8–10 км ад Парэчча).

Вацлава Нээф прыгадала, што на наступны дзень адзін з забойцаў хадзіў у адзенні Рамана Скірмунта і меў на руцэ ягоны гадзіннік. Ён нават зайшоў у плябанію і папрасіў вады. Магчыма, чакаў нейкіх роспытаў, але не дачакаўся…

 

skirmunt1.jpg

 

Удзячныя сяляне, якія не змаглі выратаваць жыццё Чалавека, наважыліся пад страхам смерці на перапахаванне. Ноччу цела Рамана Аляксандравіча перавезлі ў парк і пахавалі. На тым месцы паставілі велічэзны драўляны крыж. Ён у паваленым выглядзе захаваўся да часоў незалежнасці.

У 1992 годзе старажылы вёскі паказалі пінскім краязнаўцам Аляксею Дуброўскаму, Эдварду Злобіну і журналісту Вячаславу Ільянкову магілу ды ў падрабязнасцях распавялі пра кастрычніцкую трагедыю 1939 года. Рэшткі драўлянага крыжа прыбралі і ўсталявалі металічны крыж, ён захаваўся да нашага часу. Гэта магіла не толькі Рамана, але і забітага разам з ім Баляслава, мужа сястры Хэлены. У тым жа годзе ў мясцовай прэсе пачалі з’яўляцца першыя артыкулы пра Скірмунта.

Кажучы пра кастрычнік 1939 года ў Парэчча, нельга абмінуць адзін дакумент, які захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусі. Гэта даведка НКУС БССР у Цэнтральны камітэт Кампартыі Беларусі пра ліквідацыю контррэвалюцыйных элементаў на тэрыторыі заходніх абласцей краіны датаваная 27 ліпеня 1940 года. Між іншага начальнік ІІ-га аддзела Галоўнага упраўлення дзяржаўнай бяспекі НКУС БССР, капітан Крупенін паведамляў, што ў кастрычніку 1939 года ў вёсцы Парэчча Лагішынскага раёна Пінскай вобласці выўлена і знішчана конррэвалюцыйная арганізацыя. Нібыта ў яе склад уваходзіла 6 чалавек: 3 памешчыка і 3 афіцэра. Чэкіст даводзіў, што чальцы групы мелі сувязь з Варшавай, дзе знаходзіўся цэнтр структуры. Паводле даведкі Крупені, арганізацыя мела намер распачаць узброеную барацьбу з савецкай уладай на Піншчыне.

Сёлета даследчык рода Скірмунтаў Аляксандр Смалянчук двойчы наведаў Парэчча. У студзені, калі ладзіў прэзентацыю для вяскоўцаў кнігі “Раман Скірмунт (1868–1939). Жыццяпіс грамадзяніна краю” і ў жніўні. Пад час апошняга візіту, гісторык і аўтар гэтых радкоў паспрабавалі даведацца ў парэчан, дзе пахаваны адзін з забойцаў – усе ж трое злачынцаў мясцовыя. Але гэтая тэма нібы табу для вяскоўцаў. Ніхто не хоча паказваць яе, як праклятае месца. Верагодна, што яе ўжо і няма, бо пошукі нічога не далі.

Час усё ставіць на свае месца. Постаць Скірмунта выходзіць з ценю мінуўшчыны, усё больш прыцягвае да сябе ўвагу сучаснікаў і ягоная магіла не забытая…

Беларускае Радыё Рацыя