Рандэву з гісторыяй і сучаснасцю. Уладзіміру Арлову — 60
...Стос кніг Уладзіміра Арлова. Проза сучасная, проза гістарычная, вершы ў прозе, вершы, эсэ, гістарыяграфічныя і гістарычныя нарысы, сцэнарыі, артыкулы...
За гады творчай працы У. Арлоў зазнаў і водар рамантыкі, і выпрабаванне эзатэрычнымі варыяцыямі на розныя тэмы, і кшталт «празаізаванай рэальнасці», і прастору гістарычнага часу. Зазнаў і аўру містычных уплываў, і смак змены шырот і мерыдыянаў, і асаблівы настрой вяртання да звычнага і знаёмага — пасля прыгодаў на Пятай авеню ці ў берберскай вёсцы…
Празаік гістарычнай сучаснай тэматыкі, творца, што працягвае, не эпігонствуючы, працярэбліваючы свой шлях, традыцыі Уладзіміра Караткевіча і Міхася Стральцова. Ад яго ўжо чакалі... новых твораў. Працягу? Нечаканых паваротаў? Вось гэта і было пытаннем для самога пісьменніка. На тую пару — аўтара гістарычных апавяданняў «Пяць мужчын у леснічоўцы», «Пакуль не згасла свечка», «Міласць князя Гераніма», «Каля дзікага поля», «Рандэву на манёўрах» і г.д. Аўтара гістарычных аповесцяў «Сны імператара», «Дзень, калі ўпала страла», «Час чумы»... Аўтара эсэ, шматлікіх апавяданняў на сучасную тэматыку...
Ужо вызначыліся асноўныя дамінанты творчасці У. Арлова: нацыянальная ідэя, Беларусь у самавызначанасці сваёй і ў сувязі з іншымі народамі, гістарычныя шляхі нашай Айчыны і суайчыннікаў, гістарычныя моманты вызначальнага, гераічнага кшталту, нацыянальная свядомасць і самасвядомасць.
Ужо чытачы цвёрда ведалі, што калі піша У. Арлоў, дык ён не толькі цвёрда і ўпэўнена ведае гістарычныя факты, рэаліі рэчаіснасці і побыту, але яшчэ і мае той мастацкі зрок, што дазваляе яму вызначыць духоўныя каштоўнасці, унутраны, псіхалагічны грунт быцця ў гістарычнай прасторы, неадменную маральную тэму, дзе праглядваецца і яшчэ гэты пункт адліку — «вечны сэнс».
Ва У. Арлова — трывалы фактаграфічны грунт, выдатнае веданне гістарычных рэалій. Пісьменнік адчувае і стыль, стылістыку эпохі, яе мову, лад, спосаб мыслення.
Ужо сталі ледзь не хрэстаматыйна вядомымі героі твораў У. Арлова. Вольналюбівы пісьменнік Незабытоўскі, той самы, што паведамляе свайму пляменніку: «Адзін разумны чалавек сказаў, што ёсць у Расіі два праваднікі: язык — да Кіева, а пяро — да Шлісельбурга»: «...Не кожны сачыніцель атрымлівае ў якасці ганарару дваццаць гадоў катаргі». Нарадаволец Ігнат Грынявіцкі, што ахвяруе ўласным жыццём, каб, як яму здаецца, пазначыць шляхі да светлай будучыні іншым. Асветнік і паэт Мікола Гусоўскі, што ў далёкім Рыме адстойвае годнасць чалавека з зямлі пушчаў і зуброў, выяўляе высакародства і шляхетнасць, якія зрабілі б гонар любому з самай вядомай і рыцарскай на тую пару краіны Еўропы. Уладзімір, князь зямлі Полацкай, мудры і смелы... і г.д.
Аўтар зазвычай – стрыманы, спакойны, іранічны, часта — саркастычны, сарданічны нават, калюча-ўшчыплівы. Ён уважліва сочыць за кампазіцыяй, архітэктонікай твора, дапасоўвае словы — што кладку цагляную кладзе. Свае перавагі. I свае страты. А інакш не бывае.
Нагадаю — напачатку, у сярэдзіне 1990-х, гэта было ўжо творчым набыткам. I пачалі з’яўляцца гістарычныя постаці не рамантычнага плана (Напалеон Банапарт, Кацярына II), а героі — носьбіты нацыянальнай ідэі: мы ўспрымаем іх праз успрыманне галоўных персанажаў. Да таго ж — гэта людзі пэўнай ідэі, настраёвасці, аднак не гераізаванага кшталту…
Новыя творы У. Арлова ўводзяць нашыя нацыянальныя турботы ў больш шырокі — еўрапейскі, і не толькі, кантэкст. Напалеон, Кацярына II. Лёсавызначальныя і, здавалася б, прыватныя моманты, што, аднак, даюць магчымасць зірнуць на гісторыю больш шырокага арэала — геаграфічнага і светапогляднага — праз светлафільтры нашага нацыянальнага ўспрымання і ўводзяць разуменне абавязку і наканаванасці, асабістай свабоды і гістарычнай прадвызначанасці, драмы бескампраміснасці і кампрамісу.
У. Арлоў па-ранейшаму аддае перавагу маналогу, унутранаму маналогу, монадзеянню і дыялогу. Ён імкнецца запаўняць пэўныя ўчасткі «контурнай мапы» гістарычнай памяці, не толькі спасцігаючы гістарычную рэальнасць, але і ствараючы свой мастацкі свет, дзе ёсць унутраная, сталая тэма, якая дэтэрмінуе, вызначае сюжэт, падпарадкоўвае сабе фактары знешнія, падзейныя.
А тым часам — ужо Беларусь становіцца асобнай дзяржавай, тут, як і на ўсёй постсавецкай прасторы, адменена цэнзура, з’явіліся прыватныя выданні і выдавецтвы, з’яўляецца такая постаць, як спонсар, мецэнат... Адным словам, нечуваныя і не бачаныя раней магчымасці. Пакаленне У. Арлова — у найвыйгрышнай сітуацыі: атрымана адукацыя, хай сабе і з усімі хібамі савецкага часу, але бясплатная, набытыя веды — у бясплатных бібліятэках, набытыя кнігі — у параўнанні з коштам у іншых краінах свету, дармавыя, прачытваецца перыёдыка, надзвычай насычаная зместам у гады перабудовы, ды і з цікавымі прарывамі — да таго. Пакаленне У. Арлова досыць сур’ёзна і адважна абвясціла пра сябе і многае паспела ўжо спраўдзіць.
Час адкрывае неверагодныя магчымасці. Нечаканыя свабоды. Неймаверныя спакусы. Мажлівасць не толькі ісці за сітуацыяй, але і фарміраваць яе. Можна выявіць сваё «Я» ў якіх сабе хочаш іпастасях. Якія заўгодна ролі і антыролі, якія заўгодна вандроўкі — у знешнім свеце і ў глыбінях самасвядомасці. Ідэя маналітнага субстанцыяльнага «Я», дэперсаналізаванага «Я» і канкрэтнага, у гістарычным часе і пэўнай рэчаіснасці — гэтага самага «Я».
Шматлікія карціны і вобразы персаналізаванага «Мы». Шматлікія вобразы і карціны «Я». З’яўляюцца «Там, за дзвярыма» і «Фаўна сноў». Выходзяць у свет кніга «Рэквіем для бензапілы», дзе, дарэчы, ёсць і аднайменнае апавяданне, і «Сібірская аповесць», і «Краявід з ментолавым пахам». Друкуюцца шматлікія эсэ паводле вандровак: Англія, Нямеччына, ЗША, Беларусь...
Не атаясамліваю герояў і аўтара, аднак, якая б ні была дыстанцыя, ёсць пазіцыя, ракурс бачання. I ў гэтым ракурсе — герой. На фоне, у экстэр’ерах і інтэр’ерах, у часе і прасторы. З тым гранічным адкідваннем усіх недамоўленасцей, вуаляў, эўфемізмаў, з нечаканай грубаватасцю і зрываннем усіх заслон.
Гэта агульны павеў. Калі не забаронена, значыць, дазволена. I чаму б не пагарэзаваць? Памятаю, у «Крыніцы» практыкавалі вёрстку допісаў пра чарговую гераіню альбо героя — падвёрсткай, падвальчыкам. I якія толькі тэксты ні даводзіласі сустракаць над сваімі радкамі! Шчыра радавалася новай вёрстцы, хаця ў ёй ёсць свае выдаткі, — але ж затое дыстанцыяванасць тых, хто піша пра пэўную асобу, і напісанага гэтай асобай. Няма «падвярстанага крытыка» — і гэта справядліва, бо чалавек часам піша не толькі пра аўтара, а і пра час, свядомасныя арыенціры, вызначальныя сутнасці... I ўвогуле — дыстанцыя абумоўлівае многае...
...Нейкія плыні свядомасці і падсвядомасці У. Арлова гэтыя рэчы пазначаюць... Што яны дадаюць у агульна-культурным еўрапейскім кантэксце? Цяжка вызначыць. Гісторыя дахрысціянскага і хрысціянскага свету бачыла ўжо ўсё: і суцэльную дазволенасць ва ўсім, і суцэльныя забароны... I тое, і другое мела зусім не радасную афарбоўку... Асабіста ж я, хутчэй за ўсё, проста апусціла б у гаворцы гэтыя творы, калі б не адзін выпадак.
У аўтобусе, што доўга ехаў па еўрапейскіх магістралях, на мяжы тысячагоддзя ішлі размовы пра рознае, у тым ліку беларускую літаратуру. Я згадала — з павагай і радасным імпэтам — прозвішча сённяшняга юбіляра. Адзін з суразмоўцаў — малады чалавек з фундаментальнай еўрапейскаю адукацыяй (толькі што скончыў курс навук у адной з самых паважаных навучальных устаноў Еўропы), з тых, што нарадзіліся, як пісаў некалі нам у рэдакцыю «Нёмана» адзін карэспандэнт, «у далёкім 1975 годзе», нешта прамармытаў. «Рэквіем для бензапілы»? Не ведаю, ці ён выпадкова пачаў знаёмства з пісьменнікам з гэтай кнігі, ці нехта вырашыў так прадставіць яму У. Арлова, аднак... Я з місіянерскім (усё ж!) хваляваннем даводзіла, прыводзіла, цытавала... Хачу спадзявацца, што не дарэмна... Тым больш што ў аўтобусе ехаў чалавек, які меў вялікі ўплыў на гэтага ў пэўным сэнсе неафіта, творы Уладзіміра Арлова ведаў не з чужых слоў...
А я задумалася...
...Нейкія павароты ў творчасці час ад часу непазбежныя. Інакш не бывае. Асабіста я не здзівілася б гісторыка-філасофскаму, накшталт пісьма Томаса Мана, раману У. Арлова. Але займеўшы вядомасць і, мабыць, адчуваючы асабістую адказнасць за нашыя мінулае і будучыню, пісьменнік стварыў шэраг гістарычных эсэ — «Таямніцы Полацкай гісторыі», шмат у чым выкарыстоўваючы знойдзеныя для гэтай кнігі матэрыялы, стварыў кнігу гістарычных апавяданняў «Адкуль наш род?» і — сумесна з навукоўцам Генадзем Сагановічам — кнігу «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі».
Тут быў і культурны, высокі прыцэл. Асветніцтва — яно ў нас патрэбнае, як нідзе, у нашай культурнай і грамадзянскай сітуацыі. Тут меўся, мабыць, і больш практычны момант. Ну, дзе ты знойдзеш спонсараў на інтэлектуальны, філасофскі раман, хай сабе нават геніяльны? А вось «Падзеі. Даты. Ілюстрацыі» — зусім іншая рэч. Тым больш калі гэта не нудотная «сухотка» — пералік, а вобразна, белетрызавана падсвечаныя празаікам і гісторыкам У. Арловым гістарычныя сюжэты...
Кнігі, дзякуючы фінансавай падтрымцы, выдадзены шыкоўна і з густам. Попыт на іх вялікі. Сам аўтар не шкадуе ні сіл, ні часу на выступленні, вандроўкі — дзеля асветніцкіх мэт.
Асветніцтва, культурны, паэтычны, літаратурны кшталт — у традыцыі ўсёй сям’і Арловых, з той няпростай, мабыць, жыццёва-сюжэтнай лініяй, якая пазначае звычайна шлюбныя саюзы самадастатковых творчых асоб, у дадзеным выпадку: вядомай паэтэсы і журналісткі Валянціны Аксак і пісьменніка Уладзіміра Арлова.
...А вяртаючыся да гаворкі пра тыя кнігі па гісторыі Беларусі, можна дадаць, што ў іх колькі прыхільнікаў, столькі і ворагаў. Асобнікі выданняў набываюць і тыя, і другія. Мабыць, паводле гамбургскага рахунку, у сур’ёзных даследчыкаў ёсць і пярэчанні, і нязгода.
Я не гісторык, таму нешта мне здаецца, чыста суб’ектыўна, больш доказным, нешта — менш. Але ўсё — чытаецца!
Галоўнае, што беларус Уладзімір Арлоў выйшаў на Рандэву з Гісторыяй і Сучаснасцю ва ўзбраенні таленту, ведаў, інтэлекту. Не спрачаючыся з Часам і не аспрэчваючы яго — занятак марны, — а спрабуючы спасцігнуць розныя бакі Быцця. У фактах і паміж імі, у падзеях і ў тых высновах, што ўзнікаюць неабвержна і мройна мігцяць недзе на даляглядах...
Ён розны, і розны ў яго чытач... Адно бясспрэчна: сённяшняя літаратурная і культурная рэальнасць нашай Бацькаўшчыны не ўяўляецца без постаці Уладзіміра Арлова.
Рэдакцыя “Новага Часу” шчыра віншуе Уладзіміра Арлова і зычыць новых творчых поспехаў