Размова «пад елачку». «Новы год? Ён невераемны — значыць, беларускі»

Ганна Севярынец — з уласнымі вынікамі высакоснага 2020-га…

hascinica_belhija_dzijana_seradzjuk__11__logo_2.jpg


Напярэдадні Новага году гутарым з беларускай выкладчыцай, журналісткай, пісьменніцай і літаратуразнаўцам Ганнай Севярынец. Але болей — як з маці трох дзяцей і сястрой свайго роднага брата Паўла. Аб балючых шкадаваннях — і светлых надзеях. Аб паўсядзённых турботах — і хвілінах бязмежнага шчасця. Аб жыццёвых справах — і святочных стравах…
— Як некалі спяваў Лявон Вольскі, час дзівосны, навагодні, ён заўжды неверагодны. Якія словы вы сёння ўклалі б у дэталізацыю прыметнiка «неверагодны»?
— Па-першае, тут жа цэлая дыскусія, ці правільна па-беларуску выкарыстоўваць слова «неверагодны» ў цяперашнім сэнсе (усміхаецца).
Дарэчы, мне болей падабаеца прыметнік «невераемны», калі яго выкарыстоўваць да нашых сённяшніх беларусаў. А менавіта да слова «беларусы» ён цяпер самым зручным чынам і дапасоўваецца. І няхай гэтае слова сапраўды ўжо крыху падзацягалі, але менавіта такія мы цяпер — невераемныя!
Ведаеце, рознае можна казаць пра пратэст, пра лідараў, пра адсутнасць плану, пра памылкі альбо тэмп змагання за перамены. Але тое, што вуліца, двары, плошчы цяпер у нас бездакорна невераемныя — гэта адназначна. Так і расшыфрую гэты прыметнік: невераемны — значыць, беларускі.
— А «з надыходзячым» вас зараз віншуюць, як звычайна было раней, ці неяк асабліва?
— Цяпер дадаюць «Жыве Беларусь»! Надоечы сустракалася па справах у метро з адной жанчынай, такой нашай сучаснай бабуляй: у бела-чырвона-белым шаліку, з 23.34 у «анамнезе». Развіталіся з ёй віншаваннямі, са святамі, са зноў жа «Жыве Беларусь»… Дык на платформе палова людзей заўсміхалася, а палова напружылася і пачала азірацца ў пошуках міліцыі.
— Хто ўразіў найбольш у гэтым годзе? Учынкі? Проста падзеі, звязаныя з пэўнымі людзьмі?
— Іх вельмі шмат. Паспрабую пералічыць. Найперш Святлана Ціханоўская, у кожным сваім учынку. Яшчэ Марыя Калеснікава, калі парвала пашпарт. І людзі ў дварах.
Госпадзе, гэта паэма, гэта раман-эпапея — цяперашнія двары. Не пра ўсё раскажаш, бо канспірацыя, партызаншчына і ўсялякае такое. Але што робіцца цяпер у дварах — гэта дзіўна і натхняльна ў кожнай дэталі.З агульных уражанняў, якія можна згадаць — безумоўна, падзеі ў Новай Баравой, калі ім адключылі ваду і беларусы «абвалілі» два чаты з прапановамі дапамогі, а потым зламалі стол у двары, на які нагрузілі прывезеную ваду. А потым стол адрамантавалі. Гэта ўсё.... ну, невераемна!

Пра што Ганна Севярынец распавядае ў мінскіх дварах:

Яшчэ валанцёры. Я была на Акрэсціна ў валанцёрскім лагеры недзе 15-16 жніўня, у самыя жудасныя дні, і я па сёння не магу ўкласці ў галаве градус пахвіліннага подзвігу, які там і ля кожнага СІЗА і ІЧУ нараджаецца і адбываецца бесперапынна.
Потым — студэнты. Самая безабаронная, самая далікатная частка пратэсту. Увесь МГЛУ, БНТУ, БДУІР, БДУ, БДМУ, БДАМ, усё вось гэта прыгожае, трапяткое, маладое. Там самыя геройскія героі, бо на іх ідзе страшны прэсінг. Потым выкладчыкі, што сталі з дзецьмі поплеч.
Ну, і людзі на маршах. Усе-усе. Як іх можна пералічыць? Гэта потым стане сюжэтамі соцень кніжак. Не ўсе з гэтых кніжак будуць добрымі. Але тыя, што будуць добрымі, будуць жыць стагоддзі…
Ну вось! Пачнеш пералічваць, і забудзешся. А медыкі? А маршы пенсіянераў? А штурм Курапатаў? А стачка і стачкамы? Гэта самае складанае пытанне ў маім жыцці. Кожны дзень нехта натхняе.
— Які падарунак хацелася б «пад елачку»?
— Ну, той самы, які хочам мы ўсе. Ніякіх іншых не трэба.
— Восенню вы чыталі лекцыі ў мінскіх дварах.
— Я і да сёння чытаю. Нават не заўсёды ў зуме. Двары жывуць. Напэўна, тут ужо не столькі папулярызацыя. Такое грунтоўнае пытанне, вымушае абагульніць досвед.
Па-першае, гэта магчымасць быць карыснай людзям у цяжкі час. Гэта для мяне самае важнае, што наша агульная даследчыцкая і пісьменніцкая праца, аказваецца, патрэбная людзям. І яны гатовыя цярпець холад, трывогу, нязручнасць, гатовыя стаяць гадзінамі на нагах і слухаць пра сваіх паэтаў і празаікаў.
Я раней і марыць пра такое не магла. Яшчэ год таму мы ў цёплых, утульных музеях на прадуманых, тэхнічна насычаных імпрэзах збіралі па дваццаць слухачоў і радаваліся. У дварах цяпер стаіць па 50-70 чалавек. Стаяць! На холадзе! І не сыходзяць!
Па-другое, для мяне гэта магчымасць даць жыццё тым, у каго яго забралі. Праз мяне ў нашую цяперашнюю сітуацыю наўпрост уключаныя і Чарот, і Дудар, і Дубоўка, і Зарэцкі. Гэта працяг іхнага жыцця, іхных біяграфій.
Па-трэцяе, гэта наогул вельмі важна — тое, што праз гэтыя лекцыі мы даем людзям грунт пад нагамі. Гэта ж усё было адабранае ў людзей, вышкрабянае з агульнай памяці: наша слова, наша мова, наша літаратура. Але гэта ж і ёсць самае важнае, гэта і ёсць самая надзейная зброя — свой грунт, сваё ўсведамленне сваёй зямлі. І людзі неяк падсвядома гэта адчулі, і хочуць атрымаць праз лекцыю, праз кніжку, праз песню. Я кідаю ўсё дзеля двароў, гэта цяпер мой фронт.

Ганна Севярынец падчас "Фэсту экскурсаводаў", 2019 год.

Ганна Севярынец падчас "Фэсту экскурсаводаў", 2019 год.

— Вам там дзесьці падаравалі сочыва з шышак…
— О, шышкі гэта моц! Я іх ужо з'ела, і мне іх цяпер не хапае! Але цяпер я ведаю, як іх рабіць, і буду рабіць сама. Так што і я з двароў з новымі ведамі з'язджаю.
— У 2019-м вы — настаўнік года Смалявіцкага раёна і чалавек года (па версіі «Нашай Нівы») за асветніцкую працу. Ну а ў гэтым годзе ўлетку сышлi са Смалявіцкай раённай гімназіі, адміністрацыя якой не працягнула кантракт. Што было на душы і ў думках ў той час?
— Сапраўды, было вельмі крыўдна і балюча. Не за сябе — за дзяцей. Была да іх прывязаная самым невераемным чынам. Гэта мае дзеці, любімыя вельмі! У іх шмат укладзена, мне з імі было надзвычай добра — і вучыць іх, і вучыцца ў іх.
Канешне, настаўнік мусіць быць гатовы да развітання з дзецьмі — гэта натуральны працэс. Але тут было балюча якраз ад таго, што мяне ад іх адарвалі гвалтам. Толькі нядаўна неяк супакоілася. А то ж і плакала…
— Дзеці-вучні у Смалявічах, 11-й клас, запрасілі вас 19 снежня на паэтычную імпрэзу. Пасля вы напісалі: упершыню за апошнія паўгады я была проста бязмерна шчаслівая…
— Так і было. Цяпер няпроста адчуваць бязмежнае шчасце, бо заўсёды стаіць за спінай і досвед 10-11 жніўня, і наогул увесь гэты апошні год. Але калі я вярнулася ў тыя сцены, да тых дзяцей, то на пару гадзін забылася на ўсё. Магчыма, шчасце — гэта магчымасць забыцца.
— А дзеці больш са смехам — ці не? — успаміналі, як увесь іх клас вяртаўся з рэпетыцыі выпускнога вальсу і быў затрыманы 13-га снежня ў Смалявічах?
— Ну, гэта ж дзеці — падлеткі, да таго ж. Канешне, са смехам, але і з нейкім рамантычным уздымам.
— Якім стаўся ваш жыццёвы графік пасля звальнення з гімназіі?
— Вельмі напружаным, і я ўсё не кідаю спробаў яго ўнармаваць. Працую ў прыватнай школе ў Мінску, то-бок цяпер дадалося часу на дарогу туды-назад.
Настаўнічаць у прыватнай школе ў некаторым сэнсе цяжэй — перш за ўсё таму, што трэба скарэктаваць оптыку. Яно адразу палезла вонкі — і нашая такая абыякавасць дзяржаўнага настаўніцтва да кожнай псіхалагічнай дробязі ў паводзінах дзяцей, і наш такі падыход іншы раз «рубануць з пляча» ў адносінах з вучнямі. У прыватнай школе «Стэмбрыдж» для мяне вельмі важная магчымасць увесь час быць у кантакце з псіхалагічнай службай. Тут псіхолагі сапраўды на сваім месцы, і мне вельмі дапамагаюць іх парады, магчымасць проста прыйсці да іх і прагаварыць праблемы — і свае настаўніцкія, і вучнёўскія. І гэта ўжо зусім іншая ступень паглыблення ў працэс.

hanna_sevjarynec_1_1_1.jpg


Мне няпроста, але надзвычай цікава, і я вельмі ўдзячная «Стэмбрыджу» і калегам: яны цярпліва назіраюць за маёй адаптацыяй, падстаўляюць ручкі і плечы, і я шмат чаму вучуся побач з імі.
Наверх яшчэ тыя самыя двары. Потым так-сяк, але дапісала мастацкую кніжку, яна ўжо вярстаецца, і пакрысе раблю дакументальную. То-бок часу няма ані на што. Ужо сын Іллюха проста закоціцца мне пад бок — і сядзіць, як мышка, пакуль я правяраю сшыткі альбо нешта калупаю ў кампутары. Вось і усё выхаванне.
— У вас з мужам дзве дачкі і сын. Каму колькі?
— Яўгеніі 20, яна студэнтка. Любові 16, у наступным годзе выпускаецца са школы. А малодшаму жэўжыку 9.
— Ваш родны брат Павел дагэтуль у зняволенні. Наколькі рэгулярна дасылае вам лісты, і што піша?
— Паўлавы лісты да мяне даходзяць значна лепей, чым мае да яго. Мае апошнія лістоў пяць да яго не дайшлі — ужо і не ведаю, што думаць. Можа, я там вельмі празрыста апісвала яму нейкія падзеі. А можа, занадта актыўна пісала пра пісьменніцкія справы з ягонымі кніжкамі і рэцэнзіямі, дык думаю: ці не падшываюць іх да якой справы?
Цяпер напісала адзін ліст з доўгім гумарыстычным расповедам пра нашыя сямейныя будні — хоць пасмяецца, калі дойдзе пасланне. Павел жа мне піша ў асноўным розныя філалагічныя назіранні. Ён там, у турме, прашарсціў трохтомнік Твардоўскага і выпісаў усе беларусізмы з ягоных вершаў. Выйдзе — пакажа. Гэта мне надзвычай цікава.
— Колькі разоў ён ужо сустракаў Новы год у няволі?
— Дакладна і не скажу, гэта мама будзе лепей ведаць. Калі лічыць гады, праведзеныя на дзвюх «хіміях», дык не меней за шэсць разоў.
— 30 снежня брату споўніцца 43. Як думаеце павіншаваць?
— Ну, а як? Дашлю, канешне, паштоўку. І дачытаю «Беларусалім» — для пісьменніка дарагі падарунак, калі чытаюцца ягоныя кнігі.
— Наколькі рэгулярныя вашыя стасункі з яго жонкай Вольгай?
— Канешне, рэгулярныя, але не настолькі, як хацелася б. Трэба было б і з малым пляменнічкам часцей гуляць, і ёй больш дапамагаць дома, але проста не хапае часу — фізічна. Як ёсць хвілінка, бягу ўжо дадому, бо і там таксама бываю рэдка. Але спісваемся і стэлефаноўваемся з Вольгай часта. У асноўным, дарэчы, па справах, а не паныць: Павел сядзіць, а справы ж ягоныя ідуць…
— Дык а што за гумар распавядаеце менавіта з вашых сямейных будняў? Можна агучыць самую вясёлую гісторыю?
— Ды хапае рознага і смешнага. Напрыклад, у нас вельмі вясёлы кот, не дае сумаваць. Ды і Ілля яшчэ не выйшаў з таго ўзросту, калі проста кожны дзень прадукуе жарты. Ішла тут неяк з электрычкі, гляджу — хлопцы на горцы коўзаюцца. Вечар, яны са школьнымі заплечнікамі, пакідалі іх на снег — а самі валяюцца, цераз галаву куляюцца, то на спінах едуць, то на пузах… А я цягнуся з працы — стомленая, галодная — і думаю: от парасяты! Гэта ж у школьнай форме яны там гужуюць. Мамкам іхным цяпер што рабіць? Падыходжу бліжэй, і разумею: эээ, а я ж ведаю аднаго з гэтых хлопчыкаў…
— Дарэчы, самой — як гаспадыні — ёсць час чым пабалаваць сваіх?
— Цяпер я часцей іх балую мінскімі гасцінцамі, бо чатыры разы на тыдзень езджу ў сталіцу. Гатаваць, канешне, гатую — але ў асноўным так, на хуткую руку. Хаця вось днямі дачка папрасіла мяса па-французску, то ўжо крыху пастаяла ля пліты, каб ёй дагадзіць.
— Фірменная страва на Новы год у вашай сям'і ёсць?
— Якраз гэтае мяса, якое мае дзеці чамусьці моцна любяць і лічаць самай «навагодняй» з навагодніх страваў. А яшчэ — пірожныя «карзіначкі» з малочным крэмам і алычовым варэннем. Мая мама іх заўсёды гатавала на Новы год, і я заўсёды гатую. Ну, і аліў'е — мой муж без яго Новы год не прымае. Ды і я люблю.
— Вашае ўспрыманне Новага году зараз? Перш за ўсё як свята для дзяцей?
— Ведаеце, сапраўды ўжо нейкае «пенсіянерскае» ўяўленне: вось, нарэшце, дзеці сабяруцца разам, бо старэйшая ўжо на сваім хлебе ў Менску жыве — рэдка бачу яе, яшчэ не прывыкла. От пасядзім, як калісьці, усе разам, пасмяемся…
Дзеці, напэўна, нейкае кіно пакажуць. Яны традыцыйна на Новы год далучаюць мяне да сусветнай маладзёвай культуры, бо я ў ёй тундра, а яны падтрымліваюць нас у тонусе. Здаецца, кіно толькі з імі — і толькі на Новы год — і гляджу, бо моцна не люблю гэты від мастацтва.
— Музыка?
— О, тут я проста ўсяедная. У мяне ў навушніках і «Галівуд Андэад», і «Акіян Эльзы», і Вайцюшкевіч, і нават рэперы расейскія пракідаюцца. А паміж імі — Бах, Шастаковіч, Брамс і Паганіні, бо я па класічнай музыцы таксама «заганяюся». І ўсё от так накідана ворахам — еду і слухаю.
У мяне плэйлісты згрупіраваныя не па накірунках альбо музыцы, а па кніжках, над якімі я працавала калісьці. Ёсць плэйліст «Дубоўка», ёсць «Дудар», ёсць «Анегін» альбо «Бельгія». Я туды кідала нешта, што па тэмпе, па гармоніях падтрымлівала настрой — ну, і наогул, было ў рэзанансе. Прыкладам, рускія рэперы ў мяне амаль усе ў «Бельгіі». Шастаковіч — у «Дудары». А ў плэйлісце пад назвай «Дубоўка» нават эндзінг з анімэ.
— Як часта наведваеце бацькоў у Віцебску?
— Ды вось пару дзён таму. Таксама заусёды стараюся пабываць ў раёне Новага году.
— Як у іх справы?
— Як ува ўсіх. Змагаюцца, чакаюць Паўла, дапамагаюць дзецям, радуюцца ўнукам.
— А чаго вы самі чакаеце ад наступнага года?
— Перамогі.
Фота Дзіяны Серадзюк