Шчасце Сяргея Харэўскага
Вядомы беларускі мастак, літаратар, культуролаг і мастацтвазнаўца Сяргей
Харэўскі — шчаслівы чалавек. Ён лічыць, што беларушчына ўрэшце
пераможа. У чым яшчэ шчасце Сяргея Харэўскага? На гэта пытанне адказвае
ён сам. А мы віншуем Сяргея з 50-годдзем і зычым заставацца шчаслівым!
Наканаванае шчасце
Пачынаючы з XVIII стагоддзя ўсе мае продкі (па абедзвюх лініях) жылі ля Мінску, дакладней, у засценку Астравы, што каля Міханавічаў. Яны арандавалі зямлю ў Мінскага кляштара бернардзінак, дзе цяпер знаходзіцца праваслаўны Кафедральны сабор.
Адзін з прапрадзедаў меў прозвішча Хмялеўскі, бо некалі для цяперашняга заводу «Аліварыя» вырошчваў хмель. Гэта было яшчэ за часамі графа Чапскага. Яго нашчадак, мой дзед Аркадзь Паўлавіч Баркоўскі, яшчэ да вайны быў старшынёй калгаса. Яго не раз арыштоўвалі, аднак выпускалі — дзякуючы ганаровай грамаце, падпісанай Сталіным, за ўнёсак у сельскую гаспадарку і хмеляводства. Пасля вайны дзеда прызначылі галоўным хмеляводам Мінскага раёна.
Усе сваякі, якія потым перабраліся давучвацца ў Мінск, былі родам з навакольных вёсак, таму пытанне беларушчыны для мяне падавалася цалкам натуральным. Калі яны ехалі да бацькоўскіх хатаў на электрычцы, паміж сабой размаўлялі выключна на роднай мове. Мае бабкі, напрыклад, іншых моваў і не ведалі нават. Рускую чулі, канешне, але не карысталіся. Так што ў мяне не было нейкага «пошуку каранёў». Я іх ніколі не страчваў.
Па настойлівых просьбах настаўнікаў на базе школы №26 стварылі «мастацкі ўхіл», і я трапіў у новую плынь. Як педагог, сёння я разумею, што эксперымент тады быў проста бліскучым. Восем гадоў мне пашчасціла быць сярод будучай мастацкай эліты краіны.
Па наш дзень добрым словам узгадваю сваіх настаўнікаў — Абрама Львовіча Куцікава, Лідзію Майсееўну Хайфіну, Яўгена Мікалаевіча Саковіча і шмат каго яшчэ.
Дарэчы, менавіта Саковіч мяне і адкрыў як патэнцыйнага мастака. Ён прыйшоў у наш дзіцячы садок і ўбачыў намаляваныя мной чырвоныя макі. Малюнак яго так уразіў, што Яўген Мікалаевіч адразу патэлефанаваў бацькам і настаяў на мастацкай школе.
Мне наогул заўсёды вельмі шанцавала з людзьмі, якія сустракаліся на жыццёвай дарозе. Я вельмі ўдзячны за гэта лёсу і Госпаду. Ад таго, хто знаходзіцца побач, часта залежыць, кім мы вырастаем.
Генетычнае шчасце
Мой бацька, Васіль Якаўлевіч Харэўскі, доктар эканамічных навук, географ і сацыёлаг, працаваў у навукова-даследчым інстытуце горадабудаўніцтва. Ён займаўся пытаннямі ўрбанізацыі, таму ў мяне з дзяцінства асяроддзем былі яго калегі па рабоце. Маці — Людміла Аркадзеўна Харэўская, у дзявоцтве — Баркоўская. Унікальны чалавек, тонкі педагог і псіхолаг! У яе вельмі развітая схільнасць да самааналізу, псіхалогіі і аб’ектыўнага погляду на сітуацыю.
Напэўна, яна магла б стаць вядомай артысткай альбо некім яшчэ, аднак цалкам ахвяравала сябе сям’і. У нас заўсёды было трохразовае харчаванне, абед складаўся з трох страваў. Маці — бліскучы кулінар. Яна вельмі ганарылася маімі і бацькавымі поспехамі, таму імкнулася стварыць дома адпаведную атмасферу. У бацькі заўсёды былі накрухмаленыя кашулі і чыстыя гальштукі. Маці не шкадавала часу і шукала для нас лепшых у Мінску цырульнікаў.
Па адукацыі мама — эканаміст, скончыла сталічны фінансава-эканамічны тэхнікум. Працавала ў Беларускім дзяржаўным інстытуце інжынерных пошукаў, дзе яе начальнікам быў дзед Глеба Лабадзенкі. Усе жыццёвыя лёсы цудоўным чынам пераплеценыя.
Сястра Таццяна старэйшая за мяне на пяць гадоў. Яна скончыла геафак БДУ, працавала завучам у школе, зараз выкладае ў архітэктурна-будаўнічым каледжы. Мы заўсёды сябравалі, чым я вельмі ганаруся.
Наогул, у сям’і ніколі не было, так бы мовіць, розначытанняў. Ва ўсіх пачынаннях мяне заўсёды падтрымлівалі. Ні ў чым не было адмовы, калі што тычылася творчасці ці вучобы. Я адчуваў гэта з самага маленства, і з вышыні пражытых гадоў разумею, як мудра яны паступілі, калі не сталі збіваць з панталыку і рабіць з мяне таго, кім я не быў.
Усе мае сваякі прайшлі цяжкім жыццёвым шляхам. Мой бацька не ведаў свайго бацькі — вайна. Бабуля па маці была шаптухай, траўніцай, нонканфармісткай. Моцна не любіла бальшавікоў, і нават партрэт Сталіна зневажала. Даравалі толькі таму, што яна была ўдавой, якая адна выхоўвала шэсць дзяцей. Напэўна, яе яршысты характар перадаўся і мне.
Дзявочае прозвішча ў яе Адамовіч. Мы не сваякі знакамітаму пісьменніку, аднак усе Адамовічы пайшлі ад аднаго продка, які колісь з Каўказа, праз Малдову, пераехаў на «Літву». Усе маюць (калі ўважліва разглядаць фотаздымкі) трохі падобныя каўказоідныя рысы, усе з норавам.
Шмат каго з нашых сваякоў у сталінскія часы рэпрэсавалі, некаторыя трапілі ў Курапаты, таму можна толькі ўявіць, як цяжка было майму бацьку дасягаць у жыцці пэўных перамог. Як кажуць, прарывацца ў людзі.
Адзін бацькавы брат-блізнюк памёр ад голаду, другі брат Пётр у 1944 годзе быў прызваны на вайну і амаль адразу загінуў пад Ломжай, што ў Польшчы.
Падчас вайны
бацькаў характар не аднойчы праходзіў выпрабаванні на трываласць і ўпартасць.
Калі Пятра ўжо прызвалі ў войска, прыйшлі савецкія партызаны, каб забраць ягоныя
боты! Партызаны хацелі чамусьці таксама спаліць і хату. Бацька скраў ад яе
ключы і наіўна думаў, што так перашкодзіць бядзе. Адзін з партызанаў злавіў яго
на вуліцы і ў кроў збіў шомпалам. Прайшлі гады, бацька вырас і адпомсціў яму
напоўніцу. Такі ў нас характар.
Вандровачнае шчасце
Краінаў, дзе я быў, ужо дзясяткі, аднак самая першая вандроўка прыходзіцца на час вучобы ў мастацкай вучэльні. Тады з эцюднікамі мы двойчы аб’ездзілі ўсю Беларусь, і з сябрамі (Віктар Корзун, цяпер рэжысёр-дакументаліст, Цімафей Ізотаў, цяпер вядомы мастак і фатограф, які ўжо каля дзесяці гадоў стала жыве ў Маскве, Таццяна Цыпейнікава, Святлана Вярцінская, пераехаўшая ўжо даўно Парыж, і я) вырашылі «пашырыць геаграфію вандровак» і «аўтаспынам» паехаць на Каўказ.
Я звярнуўся да бацькоў па грошы. Яны, канешне, маглі і даць, але зрабілі інакш — прапанавалі дапамагчы іх зарабіць, 16 гадоў усё ж... Прыладзілі на хлебазавод да бацькавай сястры, якая там працавала загадчыцай лабараторыі. Так у мяне з’явілася працоўная кніжка і першы запіс у ёй — машыніст трэцяга разраду цестараздзелачных машын здоба-сушачнага цэха завода-аўтамата нумар адзін аб’яднання «Мінскхлеб».
Сутарэнні ХІХ стагоддзя, ніякай санітарыі, у цэху — плюс 50, за змену я спальваў па тры пары пальчатак. Сушкі ці булкі спачатку абпальваліся парай (пад 200 градусаў), пасля ішлі ў печ (пад 100 градусаў), а потым грузіліся рукамі ў машыны. Для мяне гэта стала сапраўднай школай жыцця — цяпер ведаю, як на стале з’яўляецца гарачы хлебушак.
Так сваімі мазалямі і апечанымі ў начныя змены рукамі я зарабіў на вандроўку. Бацькі далі грошы на тэлеграмы, каб ведаць, дзе ў дадзены момант я знаходжуся і як сябе адчуваю.
Мы аб’ехалі Заходні Каўказ: ад Анапы, Новарасійска, усю Абхазію, Грузію да турэцкай мяжы, потым блукалі па Асеціі і Кабардзе ды вярнуліся ў Мінск — мурзатыя, зашмальцаваныя, але шчаслівыя і чорныя ад загару.
А ўвогуле, мае падарожжы пачаліся яшчэ ў дзяцінстве. Бацькі ніколі не шкадавалі на іх грошы. Потым «ген вандроўніка» стаў рысай характару. Я аб’ездзіў абшары ад Паміра да Паўночнай Афрыкі. Адных толькі сплаваў па рэках Беларусі было 23. Такое ніколі ў жыцці не забываецца!
Трывожнае шчасце
Цяжкую сялянскую працу я бачыў на прыкладзе маіх бабуляў і дзеда. І дзякуючы педагагічнаму таленту маіх бацькоў з маленства да яе прызвычаіўся, навучыўся касіць, хадзіць за канём. Канешне, пільнай патрэбы ў гэтым не было, але ўсіх дзяцей прывучалі да такой работы асэнсавана. Каб ведалі, што як робіцца і адкуль што бярэцца, адчувалі пах роднай зямлі.
Менавіта такім чынам я запомніў свайго дзеда Аркадзія Паўлавіча Баркоўскага. Ён быў аж з 1887 года нараджэння, і ўжо напярэдадні Першай сусветнай вайны сабраў сабе дрэва на хату.
Звычайна гэта бывала так. Дзед будзіў мяне (яшчэ дашкольніка) з усходам сонца, і я ішоў яму дапамагаць. Нейкую трэсачку паднесці альбо разам нешта папілаваць. Канешне, карысці ад такой дапамогі было няшмат, але выхавальніцкі эфект — унікальны. Памятаю, асабліва любіў глядзець, як дзед плёў кашалі і аб нечым са мной размаўляў. Потым уставала бабка, даіла карову і збірала нам сняданак. Паснедаўшы, дзед сыходзіў па сваіх калгасных справах, аднак тыя пару гадзін — усё, што я пра яго памятаю.
У школе я вучыўся добра, але не адрозніваўся ўзорнымі паводзінамі. Знаходжанне за партай страшна напружвала, таму хацелася як мага хутчэй сысці ў мастацкую вучэльню. Паступіў адразу пасля восьмага класа. Абраў педагагічнае аддзяленне, бо там была самая лепшая падрыхтоўка, да таго ж чатыры гады вучобы залічваліся ў працоўны стаж. Я марыў стаць мастаком-графікам.
Асобная размова — нашы педагагічныя практыкі: шаснаццацігадовы настаўнік выкладае дванаццацігадовым вучням урокі малявання і чарчэння. Калі ты здольны прыцягнуць іх увагу, то надалей будзеш спраўляцца з любой аўдыторыяй. Вельмі цікавымі былі і мастакоўскія практыкі, калі нас на месяц звазілі ў які-небудзь раён і вызначалі заліковую колькасць пейзажаў і нацюрмортаў.
Падчас майго паступлення «дыплом» рабіў Тодар Кашкурэвіч, які заўсёды размаўляў толькі па-беларуску, а ўжо вучыліся Міхал Анемпадыстаў, Ігар Варашкевіч, Лявон Вольскі з усёй будучай «Мрояй», Уладзімір Давыдоўскі, Алег Дземідовіч, заядлы нацыяналіст Юрась Мурашка і шмат хто іншы. У чарговы раз мне пашанцавала сустрэць на жыццёвым шляху добрых паплечнікаў.
У вучэльні апроч іншага я быў яшчэ ды-джэем амаль на ўсіх дыскатэках. Як вынік — шматлікія бойкі са сталічнымі пэтэвэшнікамі, «мясцовымі» на «бульбе», вельмі цяжкія траўмы, што потым ператварылася ў «годны да нестраявой службы». Але ганаруся, што выпала правесці першыя ў краіне дыскатэкі на беларускай мове.
Я вырас у вельмі дэмакратычнай і адукаванай сям’і, дзе цаніліся веды (амаль ва ўсіх сваякоў былі добрыя бібліятэкі), беларускае слова, народныя песні, таму арыентацыя на беларушчыну была натуральнай. Мастацкая вучэльня толькі дадала да яе новых рысаў. Побач вучыліся людзі з усёй Беларусі, і мне як чалавеку камунікацыйнаму, які не ведаў «гарадской фанабэрыі», кампанію аднадумцаў было знайсці няцяжка.
Цалкам зразумела, чаму Міхал Анемпадыстаў прывёў нас у «Майстроўню», дзе я пазнаёміўся з Вінцуком Вячоркам, Сяргеем Дубаўцом, а потым, калі на базе «Майстроўні» стваралася «Талака», — з Алесем Сушам і светлай памяці Віктарам Івашкевічам. Усе яны былі значна старэйшыя, але адразу прынялі ў сваё асяроддзе. Зноўку — пашчасціла.
Хутка ў мастацкай вучэльні вакол мяне пачалі гуртавацца аднадумцы, неафіцыйна сфармавалася сябрына прыхільнікаў нацыянальнага адраджэння. Гэта і адыграла драматычную ролю ў наступных падзеях.
Мы сустракаліся, падоўгу размаўлялі пра беларускую гісторыю, але далей размоваў не ішло. І тады мае сябры вырашылі гэта выправіць. У дзень Савецкай Канстытуцыі над мастацкай вучэльняй з’явіліся бел-чырвона-белыя сцягі. Больш за тое, хлопцы сарвалі два сцягі СССР. Адзін выкінулі ў сметніцу, адзін паклалі замест анучы на ўваходзе.
Тры выходных дні ніхто гэтага не заўважаў. У панядзелак усё і пачалося. Калі на новыя сцягі, не ведаючы, што гэта такое, не звярталі ўвагі, то анучу пад нагамі ўбачылі. Імгненна дзверы вучэльні закрылі. Нікога не выпускалі.
Гэта быў яшчэ толькі 1985 год. Распачалося следства. Падзея выпала на мой дзень нараджэння — 5 кастрычніка. Я нават не ведаў, што хлопцы вырашылі зрабіць такі падарунак, але гэта не выратавала. Хутка выявілі ўсіх нацыяналістаў і «нядобранадзейных», сярод якіх я быў лідарам. Пасля ў КДБ мяне знаёмілі з даносамі. Прачытаць, хто і што пра цябе сказаў, было каласальным узрушэннем. Атрымаць такі досвед у 17 гадоў — вельмі драматычна. Шчыра скажу, было страшна. Асабліва, калі прыйшлі на працу да маці, паказалі «корачкі», папрасілі вызваліць памяшканне «для беседы с Хоревской о её сыне»... Уяўляю, колькі сівых валасоў тады дадалося...
Маўляў, «пасля заняткаў я вёў нацыяналістычныя размовы, распаўсюджваў нацыяналістычную літаратуру, прыносіў малітоўнікі» і гэтак далей.
Сёння гэта гучыць смешна, а тады было не смеху. На допыты ў КДБ хадзіў некалькі месяцаў...
Мітынг супраць будаўніцтва метро ў Верхнім горадзе. 1988 год. Выступ Сяргея Харэўскага. Побач Сяржук Вітушка
У пошуках шчасця
З камсамолу мяне выключылі. З вучэльні таксама, бо акадэмічны адпачынак, у які я быццам бы сышоў па сваёй волі, быў фактычнай спробай адвесці «каток рэпрэсій». Я сышоў, каб адчапіліся ад астатніх.
Пасля каля года працаваў у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі». Маючы, афіцыйна, адукацыю ў восем класаў, я быў рэдактарам аддзела каляровай ілюстрацыі. У мае непасрэдныя абавязкі ўваходзілі рэтушаванне і рэдактура фотаздымкаў і малюнкаў пяцітомнай энцыклапедыі па гісторыі мастацтва і культуры. Моцна гэтым захапіўся і пераглядзеў на слайдах (тады вельмі дарагое задавальненне. —заўвага А.Т.) усе беларускія помнікі. Прычым не проста праглядзеў, а вывучыў пад лупай кожны міліметр выявы кожнага помніка Беларусі. Пагадзіцеся, пра такое можна толькі марыць.
Там жа пазнаёміўся з унікальнай кампаніяй фатографаў-нонканфармістаў на чале з Георгіем Ліхтаровічам, якім заказвалі аздабленне кніжак нашага выдавецтва. Яны аб’ездзілі ўсю Беларусь і крытычна расказвалі шмат чаго цікавага. У краіне пачынала віраваць перабудова, і ў пачатку 1986 года я аднавіўся ў сваёй мастацкай вучэльні.
Я здаў усе экзамены на выдатна і збіраўся паступаць у тэатральна-мастацкі інстытут. Справа ў тым, што падчас працы ў энцыклапедыі я пазнаёміўся са светлым чалавекам Міхасём Раманюком, якога, на жаль, ужо няма сярод жывых. Ён быў выкладчыкам у тэатральна-мастацкім інстытуце і вельмі хацеў бачыць мяне сярод студэнтаў толькі-толькі створанага факультэта тэорыі і гісторыі мастацтва.
Два першых уступных экзамены я здаў на «выдатна», а трэці (пісьмовы і вусны) па гісторыі Беларусі на «тройку». Калі я даведаўся пра гэта і пачаў абскарджваць, скандаліць (маўляў, не можа быць), мяне выклікаў Раманюк і па-сяброўску сказаў, што з КДБ яго начальству быў званок... З Міхасём мы потым доўга сябравалі, а яго сын Дзяніс Раманюк — хросны бацька маёй дачкі.Я вельмі яму ўдзячны за параду не губляць час. Я забраў дакументы і па размеркаванні паехаў у Краснапольскі раён. У Краснаполлі высветлілася, што вёска, куды мяне размеркавалі, ужо выселеная (пасля аварыі на ЧАЭС), усе будынкі закапаныя, але адпускаць не сталі. Каб не было «текучки кадров». Маўляў, мяне накіравалі да раённага адзела адукацыі, а не да канкрэтнай школы. Сказалі: «Будзеш нам тут насценгазеты рабіць». Прапанавалі выбраць любую хату, бо траціна Краснаполля ўжо з’ехала, але я абраў гасцініцу, дзе «выгоды» там былі на вуліцы. Праз некалькі месяцаў міністэрства сярэдняй адукацыі ліквідавалі — мяне «адмацавалі».
У Мінску ўладкаваўся ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук, дзе на той момант дырэктарам быў Георгій Штыхаў. Праз паўгода адбылося «скарачэнне штатаў», і зноў наконт мяне прагучаў «званок з КДБ». Натуральна, «скарацілі». Міхась Чарняўскі, з якім мне пашанцавала пазнаёміцца, парупіўся прыладзіць у інстытут «Белспецпраектрэстаўрацыя».
Я працаваў у археалагічным аддзеле, і на пяць гадоў маім непасрэдным начальнікам стаў Алег Трусаў. Алег Анатольевіч — вельмі дысцыплінаваны, патрабавальны, прынцыповы чалавек. Працаголік сам, і патрабуе гэтага ад іншых.
Новая работа мне вельмі падабалася. Я працаваў тэхнікам-мастаком, то бок фіксаваў усе знаходкі, чарціў планы раскопак і г. д. Гэта цяпер у археолагаў ёсць лічбавыя фотаапараты і ксераксы, а раней усё рабілася асабіста, то бок — рукамі.
Дарэчы, тое, што я ўмею маляваць, адыграла значную ролю. Алесь Краўцэвіч гэта ўбачыў і прапанаваў аформіць вокладку яго кнігі «Стары гарадзенскі замак». З гэтага і пачалося маё супрацоўніцтва з рознымі выдавецтвамі. Я аформіў каля трох дзясяткаў кніг. У тым ліку і масавы школьны варыянт знакамітай «Песні пра зубра» Гусоўскага.
У 1988 годзе я паступіў у Ленінград на завочнае аддзяленне Інстытуту жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Іллі Рэпіна Акадэміі мастацтваў СССР, дзе нікому не было справы да маёй каляпалітычнай дзейнасці і нейкіх анкет. Нягледзячы на конкурс у 20 чалавек на месца, я прайшоў. Акадэмія мела асобы статус. Вучыліся там пяць гадоў. Нам чыталі лекцыі лепшыя навукоўцы і знакамітасці Савецкага Саюза (акадэмік Дзмітрый Ліхачоў, літаратуразнаўца і культуролаг Юры Лотман, пісьменніца Таццяна Талстая, напрыклад) і вядомыя палітыкі, накшталт кіраўніка «Дэмплатформы» Юрыя Афанасьева. Шчырым прыхільнікам і ледзь не мецэнатам мастацтва быў сам Анатоль Сабчак. А яго дачку Ксюшу я памятаю яшчэ маленькай дзяўчынкай.
Мая вучоба скончылася ў 1992 годзе. Цікава, год таму сярод нашых прадметаў быў навуковы атэізм, а на апошнім курсе ён ператварыўся ў гісторыю рэлігіі і ледзь не ў закон Божы. Чытаў курс айцец Аляксандр, які потым стаў кіраўніком маёй дыпломнай работы. Менавіта падчас вучобы нам давялося перажыць «паўлаўскую рэформу» і распад Савецкага Саюза.
Паралельна ў мяне яшчэ было і «беларускае жыццё». Сяргей Дубавец, з якім мы сябравалі і часта кантактавалі, бо жылі побач на Пуліхава, прапанаваў мне ў якасці мастацкага рэдактара заняцца газетай «Свабода», якую ён потым перадаў Ігару Герменчуку.
Друкавалася мы ў Магілёве. 19 жніўня 1991 года я здаваў чарговы нумар і прама ў друкарні даведаўся, што адбыўся путч. Пазваніў Герменчуку, вырашылі тэрмінова перарабіць першую паласу.
Дарэчы, усе вакол былі заадно з намі — друкары, начальнікі, міліцыянты. Напэўна, тысячу нумароў рабочыя выцягнулі, як кажуць, «з пад станка». Думкі ў людзей ужо былі іншымі, таму, на мой погляд, ёсць сэнс вернуцца да 1989 года, калі ў Вільні адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага Народнага Фронту.
Я там быў дэлегатам, таму галасаваў за ўсе пастановы. На рабоце многія цесна кантактавалі з Зянонам Пазьняком, і наш актыўны ўдзел ва ўстаноўчым з’ездзе цалкам лагічны.
Да слова, я таксама меў адносіны да «Тутэйшых», але гэта асобная тэма. Таксама быў і кур’ерам ад Дубаўца да Міколы Статкевіча. Сяргей тады рэдагаваў статут Беларускага згуртавання вайскоўцаў. А потым Дубавец прапанаваў пераехаць у Вільню і адрадзіць «Нашу Ніву» там, дзе яна і пачалася. Пяць гадоў майго жыцця сталі «віленскімі». У тым ліку і звязаныя з крывавым штурмам тэлевежы.
У тыя часы было шмат цікавых падзей, пра якія ёсць сэнс расказаць асобна, аднак зараз, карыстаючыся выпадкам, я хачу добрым словам узгадаць светлай памяці Таццяну Дубавец, якую многія ведаюць па дзявочаму прозвішчу Сапач. Зямля пухам мужнай і прыгожай жанчыне!
У 1996 годзе рэдакцыя пераехала ў Мінск і праз пэўны час Сяргей Дубавец перадаў кіраванне Андрэю Дынько. Я пакрысе дыстанцыяваўся, бо заставаўся яшчэ ў Вільні.
У 2003-м прадаў усю літоўскую маёмасць і вярнуўся ў Мінск. Скончыў тут аспірантуру Акадэміі мастацтваў (былы тэатральна-мастацкі інстытут) і там жа (каб не страціць кваліфікацыю) крыху выкладаў. Заробкі, натуральна, былі мізэрныя.
Асобна хачу падзякаваць за падтрымку ў гэты няпросты момант майго жыцця сябра Адама Глобуса, які прыцягнуў мяне да выдавецкіх справаў і напісання кніг ды сяброў-філосафаў Алеся Анціпенку з Валянцінам Акудовічам, якія прапанавалі чытаць лекцыі ў Беларускім калегіюме. Потым пісьменнік Ігар Бабкоў сагітаваў папрацаваць у ЕГУ, то бок зноў вярнуцца ў Літву. Супрацоўнічаю там з імі і зараз.
Закончу
рэфрэнам, які прайшоў праз усю гэтую размову: вельмі важна, якіх людзей ты
сустрэнеш на жыццёвым шляху. Мне пашчасціла сустрэць лепшых!
Фота з сямейнага архіва Сяргея Харэўскага