Анлайн-фестываль беларускага дакументальнага кіно BELARUSDOCS (фота і відэа)

Вечарам 3 кастрычніка ў Галерэі TUT.BY  адкрыўся анлайн-фестываль беларускага дакументальнага кіно BELARUSDOCS.

Кадр з фільму «Не адзін», рэжысёр Вольга Дашук

Кадр з фільму «Не адзін», рэжысёр Вольга Дашук

На адкрыцці адбылася прэзентацыя фільмаў фестывальнай праграмы, прадстаўленне аўтарамі сваіх фільмаў і нефармальная камунікацыя. У мерапрыемстве прынялі ўдзел рэжысёры Віктар Аслюк, Вольга Дашук, Юры Цімафееў, а таксама стваральніца кінафэсту WATСHDOСS Тацяна Хацура-Ягорская.


20161003_belarusdocs_sipaczou_004_logo.jpg



Анлайн-фестываль беларускага дакументальнага кіно BELARUSDOCS праходзіць з 4 па 10 кастрычніка на інтэрнэт-пляцоўцы AFISHA.TUT.BY. У межах мерапрыемства будуць паказаны найбольш адметныя айчынныя фільмы апошніх трох гадоў, якія дэманстраваліся і перамагалі на вядучых кінафестывалях Еўропы і краін СНД.

 

Арганізатар фестывалю Алесь Лапо

Арганізатар фестывалю Алесь Лапо

Арганізатар фестывалю Алесь Лапо лічыць, што зараз існуе вельмі мала магчымасцей убачыць фільмы беларускіх дакументалістаў. «Ні па тэлебачанні, ні на вялікім экране, апроч кінафестываля «Лістапад», такія фільмы не паказваюць», — кажа Алесь. Таму ў яго ўзнікла ідэя стварэння новага каналу трансляцыі беларускага дакументальнага кіно — анлайн-фестывалю.

 


За фестывальны тыдзень інтэрнэт-аўдыторыя зможа пазнаёміцца з 7 фільмамі: работамі як дзяржаўнай Студыі дакументальнага кіно “Летапіс”, так і незалежных аўтараў.





Гледачы змогуць паставіць адзнаку кожнаму фільму, пакінуць сваё меркаванне на сайце і прачытаць інтэрв’ю з рэжысёрамі.

 

Кадр з фільму «Алмаз», рэжысёр Віктар Аслюк.

Кадр з фільму «Алмаз», рэжысёр Віктар Аслюк.

Фестываль адкрыецца фільмам "Алмаз" адмэтра беларускага дакументальнага кіно Віктара Аслюка. Героем стужкі з'яўляецца нашчадак сталінскіх ссыльных з Беларусі, адзіны жыхар вострава на Ладажскім возеры Аляксей Клюня. Ён часта размаўляе сам з сабой ці са сваім адзіным сябрам — канём Алмазам. Яны шмат часу пражылі разам, і цяпер Аляксей хоча памерці першым, каб яго труну на могілкі вёз Алмаз.

 

Кадр з фільму «Скрыжаванне», рэжысёр Настасся Мірашнічэнка.

Кадр з фільму «Скрыжаванне», рэжысёр Настасся Мірашнічэнка.

Фільм Настассі Мірашнічэнка «Скрыжаванне» распавядае пра бяздомнага мастака з Гомелю Валерыя Ляшкевіча, які жыве на вакзале і на працягу дваццаці гадоў піша карціны на вуліцах горада. За гэты час ён стаў мясцовай славутасцю, але гэта не паўплывала на яго лёс. Пасля выхаду стужкі на вялікія экраны, на фестывальныя пляцоўкі і тэлебачанне людзі пачалі дапамагаць мастаку. Быў адкрыты дабрачынны рахунак і пачаўся збор сродкаў, каб набыць жытло Валерыю Ляшкевічу.

 

Кадр з фільму «Дудар», рэжысёр Юры Цімафееў.

Кадр з фільму «Дудар», рэжысёр Юры Цімафееў.

Кароткаметражны фільм пра аднаго з апошніх майстроў па вырабе ўнікальных пастуховых дудаў у Беларусі Фёдара Муравейку — «Дудар» Юрыя Цімафеева, — звяртаецца да тэмы сыходу ў мінулае традыцыйнай вясковай спадчыны. Аўтарскі падыход ператварае звыклую для беларускай дакументалістыкі тэму ў самадастатковы мастацкі твор.

 

Кадр з фільму «Мяжа Нарвілішак», рэжысёр Дзмітры Махамет.

Кадр з фільму «Мяжа Нарвілішак», рэжысёр Дзмітры Махамет.

 

У стужцы Дзмітрыя Махамета «Мяжа Нарвілішак» гаворка ідзе пра тое, як беларусы з літоўскай памежнай вёскі Нарвілішкі не могуць звыкнуцца да мяжы Еўразвязу, што адлучыла іх ад сваякоў, сяброў і мінулага. Статычныя кадры і павольныя доўгія панарамы падкрэсліваюць безвыходнасць забытых па іншы бок мяжы суайчыннікаў.

 

Кадр з фільму «Не адзін», рэжысёр Вольга Дашук

Кадр з фільму «Не адзін», рэжысёр Вольга Дашук

Фільм «Не адзін» Вольгі Дашук стаў адным з лепшых тэлевізійных фільмаў Еўропы–2014 (згодна з “Prix Europe”). У ім ідзе расповед пра мастака-самавука Віктара Залатыліна. Мастацтва займае ўвесь яго вольны час. Ён шмат працуе, бо засталося яму не так многа…

 

Кадр з фільму «Пасха Хрыстова», рэжысёр Дар’я Юркевіч.

Кадр з фільму «Пасха Хрыстова», рэжысёр Дар’я Юркевіч.

Чорна-белая амаль рэпартажная дакументалістыка ад выпускніцы французскай Школы сучаснага мастацтва “Le Fresnoy” Дар’і Юркевіч «Пасха Хрыстова» ставіць пытанне пра месца духоўных каштоўнасцяў у жыцці сучасных гараджан.

 

Кадр з фільму «Госці», рэжысёр Андрэй Куціла.

Кадр з фільму «Госці», рэжысёр Андрэй Куціла.

Фільм Андрэя Куцілы «Госці» — пераможца Нацыянальнага конкурсу кінафестывалю «Лістапад–2015». Герой твору Аляксей Шчадроў — чалавек з няпростай біяграфіяй. Пасля выхаду з турмы ён звярнуўся да веры і арганізаваў незвычайны прытулак, куды прымае хворых і дзе даглядае бедных і самотных.

Кожны з сямі фільмаў будзе даступны да прагляду на працягу сутак (ад 9:00 да 9.00 наступнага дня) у HD-якасці.

 

loha.jpg

Праграма Анлайн-фестывалю беларускага дакументальнага кіно BELARUSDOCS

·       4 кастрычніка — «Алмаз» (2013, рэжысёр Віктар Аслюк)

·       5 кастрычніка — «Скрыжаванне» (2014, рэжысёр Настасся Мірашнічэнка)

·       6 кастрычніка — «Дудар» (2014, рэжысёр Юрый Цімафееў)

·       7 кастрычніка — «Мяжа Нарвілішак» (2014, рэжысёр Дзмітрый Махамет)

·       8 кастрычніка — «Не адзін» (2014, рэжысёр Вольга Дашук)

·       9 кастрычніка — «Пасха Хрыстова» (2015, рэжысёр Дар'я Юркевіч)

·       10 кастрычніка — «Госці» (2015, рэжысёр Андрэй Куціла)