Таццяна Процька: «У беларусаў вельмі добрая будучыня»
«Сістэма ачысціцца», — сцвярджае грамадская дзяячка, даследчыца таталітарызму Таццяна Процька. Яна ведае, што гаворыць, бо на ўласныя вочы бачыла сакрэтныя дакументы архіва КДБ.
Гэта яна спрабавала ў 1995 годзе прыцягнуць да адказнасці Івана Ціцянкова, які разарваў дзяржаўны бел-чырвона-белы сцяг, стварыла і шмат гадоў узначальвала Беларускі Хельсінкскі камітэт, вярнула з небыцця імя мітрапаліта Мелхіседэка, які дабіваўся аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царквы.
Усіх іпастасей Таццяны Сяргееўны, якая ў гэтым месяцы адзначыла юбілей, бадай, не пералічыць. Але сёння перад вамі — шчаслівая жанчына, з якой мы гутарым у гасцёўні яе ўласнага дома, дзе сцены ўпрыгожваюць працы слыннага беларускага мастака і сябра сям’і Алеся Мары.
— Я люблю прыгажосць, і я стварыла сабе прыгажосць, — з усмешкай гаворыць суразмоўца. Але гутарым мы не толькі пра прыгажосць, а і пра пакручасты шлях з «фізікаў» у «лірыкі», шанцункі і расчараванні, пра цяперашнія падзеі ў Беларусі і будучыню, што чакае ўсіх нас.
Пра камсамол, скандал са штанамі і маральны выбар
У сям’і светапогляд маленькай Тані фарміраваўся пад уплывам таты, які працаваў журналістам у буйных выданнях, і бабулі, якая не любіла савецкую ўладу, але ніколі асабліва не казала пра гэта. Але аўтарытэтам, безумоўна, быў бацька.
Дзіцячыя і юнацкія гады Таццяны прайшлі па закладзеных савецкай сістэмай рэйках. Каштоўнасці, трансляваныя школай, яна ўспрымала без ваганняў: вучылася на «выдатна», заўжды была актыўнай (гэтая якасць не пакідае яе на працягу ўсяго жыцця і ў многім стала вызначальнай), вось толькі з паводзінамі былі праблемы.
— Была камандзірам «зорачкі» ў акцябратах, мы ладзілі сацыялістычныя спаборніцтвы. Мая «зорачка» заўсёды была першай, гэта было так лёгка! Гэта дало не проста ўменне ставіць мэты, але і фарміравала паводзіны, — адзначае Таццяна Процька.
Далей быў камсамол, які, дарэчы, спадарыня Таццяна і дасюль лічыць карыснай з’явай. Таццяна была камсаргам школы і нават угаварыла аднакласніка (забягаючы наперад, ён потым стане яе мужам) уступіць у камсамол.
— Я заўжды прымала тую сістэму каштоўнасцей, якую задавала жыццё, і не ставіла яе пад сумнеў да пэўнага часу, — зазначае спадарыня Таццяна. — Наша дэмакратычнае грамадства адмаўляе камсамол і тых людзей, якія яго ўзначальвалі, тыя мэты, якія яны ставілі. Але на самой справе камсамол — гэта дастаткова цікавая рэч. Моладзь мае патрэбу гуртавацца, і, калі дзяржава яе не гуртуе, яна гуртуецца сама.
Суразмоўца ўзгадвае, што ўжо ў студэнцкія часы яна ўбачыла кіраўніцтва камсамола, і тады ёй адкрылася, што яно жыло зусім па іншых прынцыпах і правілах. Былі правілы для «плебсу» — шараговых людзей, і былі правілы для «іх». І гэта надзвычай уразіла Таццяну.
Яна паступіла на фізфак — і стала другой у гісторыі факультэта жанчынай-сакратаром камітэта камсамола. Больш за тое, яе абралі без узгаднення яе кандыдатуры ў ЦК ЛКСМБ. Але фармальна Таццяне трэба было прайсці ўзгадненне «наверсе».
— Тады жанчыны толькі пачыналі насіць штаны. Студэнткам хадзіць ва ўніверсітэт у штанах было забаронена. А я была стылёвая дзеўка, у атэлье пашыла бручны касцюм-двойку і пайшла ў ім на сумоўе. Трапляю да цёткі, і яна пачала выгаворваць мне, чаму я ў штанах. Ніхто не спытаў ні пра камсамол, ні пра ідэі, ні што я планую, ні пра праблемы, — распавядае Таццяна Сяргееўна.
Таццяна не стрывала і выказала жанчыне, што яна пра гэта ўсё думае. У выніку тая адмовілася з ёй размаўляць. Урэшце дзякуючы намаганням першага сакратара ЦК ЛКСМБ Уладзіміра Падрэза кандыдатура Таццяны Процька была зацверджаная.
— Адзінае, што мяне адрознівала ад іншых, — у мяне не было страху, — зазначае яна. — Ён быў унутры, і мне было сорамна паказаць яго людзям. Напэўна, мая актыўнасць і агрэсіўнасць — цяпер я гэта ўжо разумею — былі абумоўленыя тым, што я баялася паказаць, што баюся.
Ва ўніверсітэце ёй не раз даводзілася «ваяваць» з адміністрацыяй, вырашаць шматлікія студэнцкія праблемы.Быў у студэнцкай біяграфіі Таццяны Процькі і складаны выпадак. Аднойчы студэнтаў збіралі на дэманстрацыю і камсамол быў адказны за калону са сцягамі.
— Быў хлопчык, які пачаў з гэтых дзяржаўных сцягоў здзекавацца. Я рабіла заўвагі, але як пачаў адзін — сітуацыя выйшла з-пад кантролю. Лукашэнка, дарэчы, як былы камсамольскі работнік гэтую сітуацыю паводзінаў ведае. Я разумею, што, калі гэтая сітуацыя не спыніцца, усё разваліцца. Мы ізалявалі гэтага хлопца, а пасля дэманстрацыі выклікалі яго на камітэт камсамола, дзе я паставіла пытанне пра яго выключэнне з арганізацыі. Мы яго выключылі, але тут яго выключаюць з універсітэта. І я ўстала на дыбы. Пайшла да дэкана і спытала, чаму — бо трэба глядзець, якія ў яго адзнакі. Для мяне гэта была складаная сітуацыя, у якой сутыкнуліся ідэя і лёс чалавека.
Хлопца ўсё ж адлічылі, але на наступны год аднавілі на вучобе.
Пра сыход з «рэек» і рэабілітацыю беларускай дарэвалюцыйнай навукі
Яшчэ падчас вучобы Таццяна Процька выйшла замуж за колішняга аднакласніка Дзмітрыя Козыра, з якім яны разам ужо 50 гадоў. Калі нарадзілася першая дачка, Таццяна працавала на кафедры фізікі паўправаднікоў, вывучала апраменьванне крэмнію. Яе запрашалі на канферэнцыі, і актыўную маладую жанчыну заўважылі выкладчыкі філасофіі. Ёй прапанавалі пісаць дыпломную працу па філасофскіх праблемах прыродазнаўства. Таццяна зацікавілася.
Ёй параілі звярнуцца да акадэміка Міхаіла Аляксандравіча Эльяшэвіча, які кіраваў аптычнымі назіраннямі за выпрабаваннямі вадароднай бомбы. Ніхто не верыў, што ён стане працаваць з Таццянай, але ён узяў яе да сябе на працу, дзе ў яе пачалася сапраўдная навуковая школа. У суаўтарстве з Міхаілам Аляксандравічам Таццяна публікавалася ў найлепшых навуковых выданнях. Ёй прарочылі вялікую навуковую кар’еру, яна ўжо мела пэўны аўтарытэт. Але з некаторымі рэчамі яна не магла і не хацела мірыцца.
— Савецкая сістэма заключалася ў тым, што табе з дзяцінства выбудоўваюць рэйкі, па якіх трэба моўчкі каціцца. З гэтых рэек ты не пойдзеш у поле пагуляць. Так савецкія людзі і жылі, і тое ж самае спрабуе зрабіць Лукашэнка.
Таццяна вырашыла сысці з «рэек» і стала займацца гісторыяй навукі — аналізам развіцця фізічных ведаў. Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі яна, не маючы гістарычнай адукацыі, трапіла працаваць у аддзел па гісторыі навукі Інстытута гісторыі, які стварылі, фактычна, для яе — бо ў Інстытуце філасофіі не знайшлося месца.
У той час ЦК КПБ узяў курс на беларусізацыю, і Таццяна з калегамі стварыла рэспубліканскую праграму «Развіццё навукі ў Беларусі да 1917 года».
— Афіцыйная канцэпцыя была ў тым, што святло ведаў прыйшло на нашу тэрыторыю пасля 1917 года. А мы даказалі, што яму толькі царызм перашкаджаў, бо, колькі ні хацелі тут адкрыць вышэйшых навучальных устаноў, — усё забаранялася пасля Віленскага ўніверсітэта. Гэта было даказана па кожнай навуковай галіне. Па ўзроўні пісьменнасці ў складзе Расійскай імперыі мы былі на другім месцы пасля прыбалтыйскіх краін.Канешне ж, такая праца не засталася па-за ўвагай савецкіх ідэолагаў, але Таццяне ўдалося адстаяць сябе і калег.
Пра «белыя плямы», што прывялі ў архіў КДБ
Пасля гэтага распачаўся новы этап у навуковым жыцці Таццяны Процька — дактарантура Інстытута гісторыі. У той час галоўным ворагам у краіне сталі лічыць бюракратызм, і Таццяна пачала вывучаць яго як навуковую праблему. Гэта вывела яе на даследаванне таталітарнай сістэмы.
На дварэ была «перабудова», пачалася хваля высвятлення «белых плям гісторыі». Рэдактару часопіса «Камуніст Беларусі» і дырэктару партыйнага архіва далі загад напісаць пра гэтыя «белыя плямы» і іх ліквідаваць. Сталі шукаць чалавека, які б мог гэтым заняцца, і прапанавалі Таццяне Процька, якая проста не змагла адмовіцца ад магчымасці паглядзець закрытыя матэрыялы партыйнага архіва і напісаць па іх публікацыю.
— І тут адбыўся сапраўдны пераварот, — узгадвае спадарыня Таццяна. — Павел Дзянісавіч Лапец, дырэктар архіва, даў мне 21-шы вопіс — даклады НКУС (АДПУ) у партыйныя органы. І памеры хлусні мяне ўразілі.Пасля публікацыі дакументаў і каментарыяў да іх дырэктара архіва абвінавацілі ў «ачарненні партыі» і потым знялі, а Таццяне забаранілі доступ да архіўных матэрыялаў. Але тады яна задала пытанне, на якой падставе гісторыю партыі закрываюць ад шараговых камуністаў. Гэты аргумент спрацаваў, і ёй зноў далі дазвол працаваць з дакументамі. Праўда, не з самімі матэрыяламі, а з квіткамі фельд’егерскай пошты, якой іх дастаўлялі.
Сярод іншага, Таццяна Процька знайшла справаздачы аб размеркаванні сродкаў, якія ЦК КПБ прасіла ў Мінфіна. Акурат тады ішла дыскусія — ці жыла партыя на свае ўнёскі альбо брала грошы ў дзяржавы? І апублічванне гэтага дакумента стала прынцыпова важным, бо партыя карысталася грашыма дзяржавы, што забаронена.
А потым нечакана Таццяне далі дазвол на працу з дакументамі ў архіве КДБ. Канешне, не з усімі: некаторыя старонкі былі закрытыя, і побач з даследчыцай сядзеў капітан, які кантраляваў, каб яна глядзела толькі тое, што ёй дазволена.
— Мне далі дакументы па пажарах, працы з беспрытульнымі дзецьмі, эпідэміямі… Але вось даведка пра беспрытульнікаў — і ў ёй, сярод іншага, напісана: «Забяспечыць інфармаванне сярод персаналу, які займаецца беспрытульнікамі». І на колькі дзяцей павінен быць адзін паведамляльнік. Адзін радок — і ўся сістэма барацьбы з беспрытульнікамі мае зусім іншы выгляд, — заўважае даследчыца.
Аднойчы Таццяну Сяргееўну папрасілі паабяцаць, што яна не будзе глядзець па-за дазволенымі старонкамі — тады капітана-наглядчыка прыбяруць. Але яна сказала, што не можа гэтага абяцаць. Тады ёй дазволілі глядзець усё пры ўмове, што яна не будзе рабіць запісаў.
— Гэта адзіны раз, калі я пашкадавала, што дала слова і выканала яго, — дакарае сабе суразмоўца.Даследчыцу цікавіла праца сістэмы, таму першы час яна глядзела цыркуляры. А потым ёй дазволілі глядзець асабістыя справы людзей. Калі Таццяна Сяргееўна распавядае пра гэта, яе голас мяняецца і пачынае крыху дрыжаць, а вочы становяцца вільготнымі.
— Гэта быў другі шок: як людзей ламалі — і яны ламаліся. І гэты шок застаўся…
Сярод іншага яна бачыла рэабілітацыйныя справы, да якіх прыкладалі паказанні арыштаваных у 1939–1940 гадах катаў, што ў 1937-м выбівалі паказанні з ахвяр. Там яны апісвалі, як здзекаваліся з людзей. Былі і звароты ў ЦК КПБ, дзе людзі апісвалі, як іх катавалі.
За час працы ў архіве КДБ Таццяна Процька страціла 6 кілаграмаў вагі.
— Але сістэма павінна ачысціцца. Як і лукашэнкаўская сістэма. Калі мяне ў жніўні паклікалі на сустрэчу ў парламенце (14 жніўня 2020 года прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і праваабаронцы сустракаліся з прадстаўнікамі ўлады, каб знайсці выйсце з палітычнага крызісу. — НЧ), я адкрыта сказала: не думайце, што цяпер б’юць дэманстрантаў — потым возьмуцца за вас. Сістэма павінна ачысціцца, рэпрэсіі — яе бензін. І вы ўсе праз гэта пройдзеце. Але прызначаны, а не выбраны парламент аказаўся не здольны вырашыць гэты крызіс.
Пра кнігу, змаганне за сцяг і два расчараванні
Пасля яшчэ была праца ў архіве ФСБ у Маскве, і ў выніку назбіраўся матэрыял на цэлы фаліянт пра станаўленне савецкай таталітарнай сістэмы ў Беларусі ў 1917–1941 гадах. Паўстала праблема з выданнем: ніяк не ўдавалася знайсці фінансаванне на выпуск кнігі і тыпаграфію.
— Гэта было першае расчараванне. Трэба было сістэматызаваць матэрыялю Да таго ж, паспрабуй напішы 500 старонак ад рукі. А нікому гэта аказалася не патрэбна. Гэта была сярэдзіна 1995 года — і мне казалі, што я спазнілася і гэта ўжо нікому не цікава.
Але Таццяна Процька не губляла надзеі выдаць кнігу. Аднойчы Рыгор Барадулін прапанаваў ёй узначаліць аддзел гісторыі ў новым часопісе, які збіраліся стварыць. Калі праект займее поспех, ён паабяцаў знайсці грошы на выданне кнігі. Таццяна пагадзілася, і, хоць лёс таго часопіса так і застаўся цьмяным, яна пазнаёмілася з Карласам Шэрманам і іншымі беларускімі дзеячамі. Пачаўся новы этап жыцця — грамадскі.
Пасля ганебнага рэферэндуму 1995 года Таццяна Процька даведалася, што кіраўнік справамі прэзідэнта Іван Ціцянкоў залез на дах рэзідэнцыі прэзідэнта, зняў на той час яшчэ дзяржаўны бел-чырвона-белы сцяг, разарваў і на яго кавалках паставіў свой подпіс з датай. Усё было знята на камеру тэлебачання.
— Мне ўзгадалася гісторыя са сцягам і хлопчыкам, якога потым выключылі з універсітэта. Я прыйшла на сход беларусаў свету, які тады адбываўся, і сказала, што сцяг — гэта сімвал. І калі ён паламаны — няма нацыі. Гэта крымінальнае злачынства — і я прапанавала пайсці ўсім у Генеральную пракуратуру і падаць заявы. У пракуратуру Таццяна пайшла ўдваіх з калегам. Заяву прынялі.
— Было палажэнне, дзе сказана, што, калі ў злачынстве ўдзельнічалі людзі з наменклатурнага складу, гэта робіць злачынства больш цяжкім. А тое было бясспрэчным злачынствам, бо яшчэ не прайшло 10 дзён з дня рэферэндуму, пастановы аб змене дзяржаўнай сімволікі не было, да таго ж, ён меў рэкамендацыйны характар. І ўся пракуратура падзялілася напалам: тыя, хто мяне падтрымліваў, і тыя, хто на мяне нападаў.
Тым часам Ціцянкоў надрукаваў у «Народнай Волі» нататку, што ён нічога не рабіў і паважае закон. Плёнку, на якой было зафіксавана злачынства, загадалі знішчыць. Але так выйшла, што запіс ацалеў. І яго выставілі на продаж.
— Мне прапанавалі яго купіць за 150 долараў. Але ў мяне не было тады такіх грошай, — узгадвае Таццяна Процька.
Але плёнку ўсё ж атрымаць удалося. З ёй Таццяна пайшла ў пракуратуру.
Праўда, дэманстрацыя не пераканала работнікаў пракуратуры. Неўзабаве ведамства даслала адказ, што знявагі дзяржаўнага сцяга не было, а была замена зношанай палатніны сцяга з парушэннем дзеючай інструкцыі. Асобнай фразай ішло, што «прэзідэнту пра гэта паведамілі». А саму Таццяну прыгразілі прыцягнуць да адказнасці за абразу.
Яна спрабавала працягваць змаганне, звярнулася да грамадскіх дзеячаў, у БНФ — каб людзі масава пісалі заявы ў пракуратуру. Але яе не падтрымалі. І гэта стала другім яе расчараваннем.
— Са знявагі сцяга пачалося, і цяпер, праз 25 гадоў, сцягам усё заканчваецца. З сімваламі нельга так абыходзіцца, — зазначае спадарыня Таццяна.
Пра БХК і цэтлік «здрадніцы»
Паралельна з апісанымі вышэй падзеямі суразмоўца трапіла на арганізаваную Польскім Хельсінкскім камітэтам канферэнцыю. Там выканаўчы дырэктар Міжнароднай Хельсінкскай федэрацыі прапанаваў ёй стварыць праваабарончую арганізацыю — Беларускі Хельсінкскі камітэт.
Каб зарэгістраваць яго, трэба было сабраць прынамсі 50 чалавек, якія б прадстаўлялі ўсе вобласці краіны. У БХК увайшоў цвет беларускага дэмакратычнага руху таго часу: Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Святлана Алексіевіч, Карлас Шэрман, Уладзімір Арлоў, Генадзь Бураўкін, Павел Шарамет… Цікавая і малавядомая дэталь: першы юрыдычны адрас БХК знаходзіўся ў Інстытуце гісторыі НАН — Таццяна звярнулася з такой просьбай да калег, і яны не адмовілі.
Першыя гады арганізацыя была вельмі ўплывовай. Яна займалася выпадкамі парушэння правоў чалавека, стварыла грамадскія прыёмныя. БХК пачаў супрацоўнічаць з прэсай, планавалася зрабіць 10 праваабарончых выпускаў «Народнай Волі». У выніку выйшла толькі 8 — і яны каштавалі Таццяне Процька праваабарончай кар’еры. Паплечнікі сталі прыпісваць ёй прэзідэнцкія амбіцыі, якіх насамрэч не было.
Касых позіркаў у яе бок дадало і тое, што яна лічыла глупствам тактыку нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыі адмаўляцца ад дыялогу са «злачыннымі ўладамі».
— Гэта вялікая памылка. У таталітарнай і аўтарытарнай сістэмах ёсць адзіны механізм перабудовы грамадства і ўсяго жыцця — гэта ўлада. Таталітарная сістэма знішчае іншыя механізмы. І аддаць проста так самы дзейны механізм у рукі тых, каго ты лічыш ворагам, каб захаваць сваю «цноту», — я гэтага не разумею.
Так Таццяна Процька трапіла ў лік «здраднікаў». З’явіўся ліст аб яе выключэнні з пасады старшыні БХК, які падпісалі Быкаў, Барадулін і іншыя. Нацыянальная інтэлігенцыя ў асобе Быкава сказала ёй: «Выкручвайся сама». І гэтая фраза засталася з ёй на ўсё жыццё. Яна цяжка гэта перажывала, прызнаецца, што не хацелася жыць. Гатовая была ўсё кінуць. Але тады Генадзь Бураўкін ёй сказаў: «Хочаш кідаць — кідай. Але толькі тады, калі пераможаш». І яна паставіла задачу перамагчы.
Затое нечакана вырашылася справа з выданнем кнігі пра станаўленне таталітарнай сістэмы ў Беларусі. У 2002 годзе яна нарэшце пабачыла свет у выдавецтве «Цесей», якое цяпер не існуе. Чаму яно ўзялося за выданне, Таццяна Процька не ведае да гэтага часу.
Аднак неўзабаве Таццяну напаткаў яшчэ адзін удар: у 2004 годзе супраць яе распачалі крымінальную справу за нясплату падаткаў. Але яна так нічым і не скончылася, а Таццяна Процька неўзабаве пакінула БХК.
Пра перспектывы і нацыянальную ідэю
Сёння Таццяна Процька шкадуе аб тым, што беларускія дэмакратычныя дзеячы ўпусцілі час і магчымасці.
— Палітыка як рамяство мае базавыя складнікі. Першы — дакладны аналіз сітуацыі. Калі пачытаць Леніна, ён вельмі добра вучыць палітычнаму рамяству. Трэба знайсці, на каго з найбольш уплывовых асоб абаперціся, каб прадстаўляць іх інтарэсы, а яны табе за гэта будуць дапамагаць. Ленін надзвычай цынічны. Другі складнік — павінна быць дакладна вызначаная мэта і асноўныя моманты, якія яе канкрэтызуюць. А потым — тактыка: як дзейнічаць, каб гэтага дасягнуць.
Але з гледзішча гістарычнай перспектывы, у беларусаў вельмі добрая будучыня, перакананая спадарыня Таццяна.
— Я думаю, што Лукашэнка сыдзе з паста і ў нас будзе парламенцка-прэзідэнцкая форма кіравання. Цяперашняе пакаленне беларусаў вырасла ў адкрытай інфармацыйнай прасторы, і прызначэння кіраўніка дзяржавы яно ўжо не вытрымлівае, упэўнена яна. Выйсце з палітычнага крызісу яна бачыць толькі праз сумленныя выбары. Але ёсць адна ўмова.
— У нас адна нацыянальная ідэя, як я лічу, — захаваць беларускую дзяржаву. Бо любая нацыя вяршыняй свайго развіцця мае стварэнне сваёй дзяржавы. А калі 80% насельніцтва ўсведамляюць сябе беларусамі — нягледзячы на тое, на якой мове яны размаўляюць, — дзяржава беларуская.
Пра шчасце, Бога і тое, як зрабіць немагчымае
Пасля ўсіх тых нервовых падзей Таццяна Процька проста захацела быць шчаслівай. І, як прызнаецца, — стала. Для гэтага спатрэбіўся свой дом, кветкі, карціны, цікавыя і блізкія па духу людзі, каханне (якое, на думку спадарыні Таццяны, адначасова — палітыка і мастацтва). Падмурак шчасця для яе — гэта любоў, свабода і дастатковая колькасць матэрыяльных рэчаў, якія забяспечваюць жыццё.
— Нічога ў жыцці нельга перакрэсліць і ніколі яго нельга пачаць спачатку. Але калі хочаш быць шчаслівым — будуй сваё шчасце, толькі не на касцях іншых людзей. Не здраджвай іншым і самому сабе і вер у Бога — бо Ён дапаможа, — дзеліцца сваім рэцэптам суразмоўца.
Адносіны з Богам у яе выбудоўваліся таксама паступова і даволі цікава. Таццяна ў дарослым узросце разам з дзвюма дачкамі хрысцілася ў праваслаўнай царкве, а пасля стала актыўнай каталічкай.
Калі сям’я з мінскай кватэры пераехала ў дом у вёсцы ў Смалявіцкім раёне, там не было касцёла. І ксёндз Уладзіслаў Завальнюк прапанаваў арганізаваць парафію. Так у Смалявічах узнікла парафія ў гонар Святога Валянціна.
— Сёлета будзе 25 гадоў, як яна зарэгістраваная. Але тады не маглі набраць 10 чалавек, каб гэта зрабіць — людзі не хацелі прызнавацца, што яны каталікі. Справа ў тым, што ў 1936 і ў 1939 гадах былі дзве аперацыі пад назвай «Польская арганізацыя вайсковая». Шукалі палякаў, а як вызначыць — беларус ты ці паляк? Калі каталік — значыць, паляк. Таму бралі ўсіх каталікоў, запісвалі ў гэтую «Польскую арганізацыю вайсковую» і расстрэльвалі, — распавядае Таццяна Процька.
Парафіі патрэбны касцёл. Аўтара праекта будучага храма знайшла Мая Тодараўна Кляшторная. Калі праект быў гатовы, для касцёла не хацелі даваць зямлю. Урэшце далі — на сметніку, парослым таўшчэзнымі старымі дрэвамі.
— А потым здарылася Божая з’ява. Прайшла навальніца і выбіла некалькі дзясяткаў гэтых дрэў, пакінуўшы толькі па баках і вызваліўшы месца для касцёла, — распавядае Таццяна Сяргееўна.
Хоць грошай на будаўніцтва храма не было, але абставіны складваліся так, што яны з’яўляліся з розных крыніц, і ўрэшце касцёл быў збудаваны.
Таццяна Процька перакананая, што ў Беларусі павінна быць свая незалежная царква. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква — і тэма навуковых даследаванняў Таццяны Сяргееўны. Яна напісала кнігу пра праваслаўнага мітрапаліта Мелхіседэка, пры якім распачаўся шлях беларускай царквы да аўтакефаліі. Дзякуючы яе клопату ў Мінску з’явілася мемарыяльная дошка мітрапаліту на Архіерэйскім падворку, што каля Дома афіцэраў.
Сродкі на праект ахвяраваў Уладзімір Някляеў. І пакуль праект рыхтаваўся, былі атрыманыя неабходныя дазволы ад усіх ведамстваў. Таму, калі надышоў час вешаць дошку, чыноўнікі ўжо не маглі выставіць ніякіх перашкод.
— Я напісала Філарэту ліст, што мы не можам дазволіць сабе такую раскошу — забыць гэтага дзеяча. Акурат было 75 гадоў з дня смерці Мелхіседэка. І Філарэт даў дабро. На адкрыцці спявалі «Магутны Божа», прысутнічаў айцец Леанід Акаловіч з БАПЦ. Гэта быў радасны момант у маім жыцці, бо, калі я пачынала гэты праект, усе казалі, што гэтага не будзе. Але ў гэтай краіне можна зрабіць усё — проста трэба ведаць механізм. Пасля я падышла да Філарэта і сказала: «Уладыка, каб не вы — гэтага б не было. Вялікі вам дзякуй!». А ён кажа: «Не, гэтага не было б, каб не вы».
Фота — Яны Трусіла