Фігурантам справы «Прэс-клуба» працягнулі тэрмін пад вартай на 2 месяцы. Што чуваць ад вязняў?

Адна з арыштаваных — Юлія Слуцкая — скардзіцца на праблемы са здароўем і кепскую працу пошты, піша «Свабода».

Сяргей Альшэўскі, адзін з палітвязняў у справе «Прэс-клуба»

Сяргей Альшэўскі, адзін з палітвязняў у справе «Прэс-клуба»

Да 23 красавіка за кратамі застануцца Юлія і Пётр Слуцкія, Ала Шарко, Сяргей Альшэўскі, паведамляе БелаПАН. Інфармацыі пра Ксенію Луцкіну пакуль няма, але, мяркуючы па тым, што яна таксама не выйшла на свабоду, арышт працягнулі і ёй. Адвакат Луцкінай Сяргей Зікрацкі адзначыў, што ніякіх афіцыйных дакументаў ні ён, ні яго кліентка не атрымлівалі.

Сястра Пятра Слуцкага Аляксандра расказала, што брат рэгулярна атрымлівае карэспандэнцыю, а вось да маці з пошты даходзіць толькі па 2-3 лісты на тыдзень.

«Хоць я дакладна ведаю, што ёй пішуць сотні людзей і паведамляюць пра гэта мне. Ёсць такая гісторыя, што нават лісты, якія ўжо прайшлі цэнзуру, яны раскідваюць па іншых камерах, нібыта памыліліся», — сказала Аляксандра Слуцкая.

У Юліі Слуцкай не спыняецца кашаль, баляць вочы. Магчыма, ад таго, што ў маленькай камеры шмат тытунёвага дыму і туды практычна не пранікае дзённае святло.

22 снежня 2020 году ў офісе «Прэс-клуба» і дома ў шэрагу яго супрацоўнікаў прайшлі ператрусы і агляды. Сілавікі затрымалі шэсць чалавек: гэта заснавальніца арганізацыі Юлія Слуцкая, праграмны дырэктар Ала Шарко, дырэктар Сяргей Альшэўскі, праграмны дырэктар Акадэміі «Прэс-клуба» Сяргей Якупаў, аператар Пятро Слуцкі, а таксама Ксенія Луцкіна — сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады, былая супрацоўніца Белтэлерадыёкампаніі, звязаная з праектам «альтэрнатыўнай тэлевізіі» на YouTube, дачыненне да якога мела Акадэмія «Прэс-клуба».

Юлію Слуцкую падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, Шарко, Альшэўскага, Луцкіну, Пятра Слуцкага — у саўдзеле. Якупава дэпартавалі ў Расію без прад’яўлення абвінавачання. На пачатку студзеня сваякі арыштаваных пералічылі на рахунак Следчага камітэта амаль 110 тысяч рублёў як забеспячэнне кампенсацыі магчымай шкоды.

Беларускія праваабаронцы прызналі затрыманых супрацоўнікаў «Прэс-клуба» палітвязнямі.