«З палітычнай сістэмы Лукашэнкі выняты рухавік. Яна стаіць, але рухацца не зможа»

Навуковы супрацоўнік акадэмічнага цэнтра Барыса Нямцова ў вывучэнні Расіі пры Карлавым універсітэце (Прага), эксперт iSANS Аляксандр Марозаў аналізуе сустрэчу Лукашэнкі і Пуціна.

lu1608.jpg


Другая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным пасля пачатку палітычнага крызісу ў Беларусі прайшла зусім у іншым рэчышчы, чым сустрэча ў верасні 2020 года, піша Марозаў на Reform.by у артыкуле «Кошт рэпрэсій».

Паведамленні крамлёўскіх агенцтваў лаканічныя і падкрэсліваюць: абмеркавалі эканамічнае супрацоўніцтва і вакцыну. Пра інтэграцыю казалі мімаходзь. Што прыкметна па фармулёўцы Лукашэнкі: «Засталося шэсць-сем дарожных карт, якія трэба ўзгадніць». Фармулёўка падкрэслівае, што «ўсё роўна, колькі канкрэтна». Нагадаем, што ў снежні 2019 года пасол Беларусі ў РФ Уладзімір Сямашка казаў, што да чэрвеня 2020 года трэба ўзгадніць восем дарожных карт. Мабыць, «шэсць-сем» — гэта ўсё тыя ж восем, што і год таму.

Затое тэлебачанне Лукашэнкі паказала поўны яго трыўмф. Ён прыехаў з сынам. Тым самым у чарговы раз падвёў яго пад блаславенне Пуціну проста на лыжным схіле. Уся тэлекарцінка накіраваная на тое, каб паказаць: усё ўладжана. І сапраўды, проста перад сустрэчай падпісалі дамову аб транзіце праз Усць-Луг. Канструкцыя дамовы ў найвышэйшай ступені задавальняе абодвух. Лукашэнка нібыта атрымаў выгадную цану, ніжэй за літоўскую і ўкраінскую, і прадэманстраваў, што можа гаварыць з Літвой жорстка. Пуцін шэсць месяцаў назіраў, як Лукашэнка душыць паўстанне, крамлёўскія медыя трымалі дыстанцыю і не называлі Лукашэнку «мясніком» і «садыстам», хаця ўсе падставы былі.

За гэта Пуцін «узяў грашыма». Для Расіі — невялікімі. Але столькі гэта і каштуе. Пуцін робіць падарунак і сваім старым сябрам, уладальнікам порта ва Усць-Лузе, дый падарунак РЖД.

Да таго, як дамова была падпісана, крамлёўскія медыя злёгку ўсыпалі Лукашэнку за тое, што «план канстытуцыйнай рэформы не вельмі ясны». Але пасля гэтай сустрэчы ў Сочы пытанне будзе знятае. Паколькі Лукашэнка аплаціў гэтай дамовай той графік, які ён абвясціў на Усебеларускім сходзе: не раней за снежань будзе праект канстытуцыйных паправак.

Лукашэнка цяпер мяркуе, што крызіс у яго ўжо за спінай. Але гэта не так.

У Беларусі ідзе новая хваля рэпрэсій. На тэрыторыі Еўропы такія рэпрэсіі пасля Другой сусветнай вайны — гэта нячастая падзея. Супастаўныя падзеі — рэпрэсіі ў 1969 годзе пасля перавароту «чорных палкоўнікаў» у Грэцыі (2 тысячы палітвязняў), рэпрэсіі супраць «Салідарнасці» ў Польшчы ў першыя дзесяць дзён пасля ўвядзення надзвычайнага становішча ў снежні 1981 года. Тады былі інтэрнаваныя 3 тысячы актывістаў. Рэпрэсіі ў Лукашэнкі ўжо маштабней, чым у Салазара. Франка пасля вайны душыў падпольныя групы баскаў і «левых», але калі ў 1962 годзе ў яго грымнула агульнанацыянальная забастоўка, такіх рэпрэсій, як у Лукашэнкі, у адказ не было.

Вось у гэтым шэрагу нешматлікіх змрочных старонак пасляваеннай еўрапейскай гісторыі знаходзіцца тое, што робіць сёння Лукашэнка.

У палітычнай памяці Еўропы ён застанецца адным з лідараў «доўгай дыктатуры», які ў канцы праўлення пайшоў на гістарычна бессэнсоўныя сілавыя дзеянні супраць масавага грамадскага руху.

Рэпрэсіі не захоўваюць палітычны рэжым. Яны яго перамяшчаюць у межы «спыненага часу». Нягледзячы на тое, што Лукашэнка і яго апарат вырабляюць плынь разнастайных дзеянняў, з палітычнага пункту гледжання ён замер, як у гульні «Замры!». Рэжым замёр роўна да той хвіліны, калі Лукашэнка сыдзе. Рэжым будзе размарожаны, і ў ім пачнецца жыццё і працяг рэальнага палітычнага часу проста ў наступную хвіліну пасля сыходу Лукашэнкі. І цяпер усе чаканні сцягнутыя да гэтага моманту размарозкі.

Лукашэнка 11-12 лютага 2021 года правёў пасяджэнне «антыпарламента» — Усебеларускага народнага сходу. І па яго 4-гадзінным выступе бачна, што ён разумее маштаб грамадскай нелаяльнасці, з якой сутыкнуўся. Ён публічна пагражаў з трыбуны прадстаўнікам бізнес-асяроддзя, дзяржчыноўнікам, работнікам адукацыі, журналістам.

І адразу пасля пасяджэння пачалася «дэманстрацыя рашучасці»: новая хваля арыштаў і ператрусаў, разгром Беларускай асацыяцыі журналістаў, працэс над Віктарам Бабарыкам, працэс над журналісткамі «Белсата». Мабыць, варта чакаць паказальных арыштаў і сярод работнікаў адукацыі, дзяржчыноўнікаў і прадпрымальнікаў.Шасцімесячнае ралі пратэстаў завяршылася. Вынік іншы, чым у 2010 годзе. На гэты раз палітычны крызіс закрануў кожную сям’ю. Выступаючы на Усебеларускім народным сходзе, Лукашэнка прызнаў, што лаяльнасць у грамадстве падарваная, з «ябацькамі» не хочуць мець спраў. З палітычнай сістэмы Лукашэнкі цяпер канчаткова выняты рухавік. Яна стаіць, але рухацца ўжо не зможа.
Пераклад НЧ