Леанід Судаленка — з турмы: «Права і закон у маім выпадку сышлі ў незапланаваны адпачынак»
Вядомы праваабаронца Леанід Судаленка быў затрыманы 18 студзеня. Лаўрэата прэміі Французскай рэспублікі «Свабода, роўнасць, братэрства» трымаюць у гомельскім СІЗА за «арганізацыю і фінансаванне масавых беспарадкаў». Так органы расцанілі яго дапамогу рэпрэсаваным беларусам, распавядае «Свабода».
Леанід Судаленка ў турме ўжо 37 дзён.
У некаторыя дні ён атрымлівае па 15–20 лістоў і стараецца ўсім адказаць.
Што з крымінальнай справай?
Крымінальную справу следчыя пачалі па ч.1 і ч.2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — «Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях, фінансаванне масавых беспарадкаў».
Па ч.1 арт. 342 максімальнае пакаранне — 3 гады пазбаўлення волі. Па ч.2 — да двух гадоў.
«Са следствам я адмовіўся супрацоўнічаць, бо абвінавачанне абсурднае. Больш яны мяне не чапалі. Маю справу з Гомеля забраў цэнтральны апарат Следчага камітэта — у сталіцу. Наўрад ці я паеду ўслед за справай, але нічога нельга выключаць. Пакуль я тут, дый ставяць мне ў віну арганізацыю "рознага" ў Гомелі і вобласці, а не ва ўсёй Беларусі. Але раптам «"арачыя галовы", якія мяне "замовілі", хочуць зрабіць на мне кар’еру? Хто ведае? "Ну, я першы раз, "дзіцё малалетняе", год скіне мне гуманны суд, служыў у войску ў 18 гадоў, адслужу і ў 55?!" — піша праваабаронца.
Як там у турме?
«Што тут? Нічога. А 6-й ранкам пад’ём, 22.00 — адбой. Трохразовае харчаванне, паўтары гадзіны — шпацыр ва ўнутраным дворыку пад дахам на трэцім паверсе. У камеры чатыры чалавекі. Ляжаць днём забаронена, толькі сядзець. Па серадах — душ, змена бялізны. Можна перадачы, мець грошы на рахунку і нешта замовіць з унутранай крамы. Грошы дасылаюцца пераводам праз пошту па адрасе і дадзеных чалавека. Можна мець кіпяцільнік і рабіць гарбату ці каву», — піша Леанід Судаленка.
У камеры ўвесь час гарыць святло. Ноччу нельга хадзіць, апроч як у прыбіральню. «А яшчэ дзяжурства ў камеры. Гэта значыць, што пры праверцы ранкам і вечарам дзяжурны даносіць інфармацыю да начальства і ўсе шыхтуюцца, рукі за спінамі», — зазначыў праваабаронца.
Што з інфармацыяй звонку?
Праваабаронца чытае кнігі, якія перадалі яму з волі. Сябар дасылаў яму раздрукоўкі беларускіх навін, але іх не прапусцілі. «Так што пішыце пра надвор’е, як зімуюць у Антарктыдзе белыя мядзведзі і ці не хварэюць на грып кенгуру ў Аўстраліі», — жартуе палітзняволены.
У камеры круглыя суткі грае дзяржаўнае радыё. На момант 11-12 лютага там была галоўная навіна — Усебеларускі сход. «Казалі, што дэлегаты атрымаюць у падарунак партфелі з выявай дзяржаўнага герба (не "Пагоня"), праграму развіцця краіны на пяцігодку і маскі ад каранавірусу. Я неяк у 2006 годзе ледзь не трапіў на хурал, ды мяне своечасова раскусілі ды звольнілі з працы», — з гумарам згадвае Леанід Судаленка.
«Пішу і слухаю навіны з радыё, што работнікам культуры, медыцыны і адукацыі ў найбліжэйшыя пяць гадоў заробак падвысяць у два разы! З жахам гэта слухаю... Бо сёння сур’ёзны чалавек не возьмецца рабіць прагнозы да канца года. Узгадваю сваю маладосць і абяцанні лідараў КПСС выдаць у 2000 годзе кожнай сям’і асобную кватэру. Дзе той КПСС і дзе мая кватэра?» — піша палітвязень.
Чаму ён у турме?
«Я тут праходжу курсы падвышэння кваліфікацыі праваабаронцы. Вобшук у мяне дома прайшоў 5 студзеня, а затрымалі мяне 18 студзеня. Гэта значыць, што ў мяне было 13 дзён, і іх мне далі, відавочна, для таго, каб я з’ехаў з краіны. Скажу шчыра — такую прапанову я меў, і надзейную на 100%. Я сказаў, што ад сябе не пабягу. Пайду ў суд і буду даказваць сваю невінаватасць. Калі 15 студзеня намеснік міністра ўнутраных спраў Казакевіч пракаментаваў публічна мае вобшукі — я ўпэўніўся, што будуць арыштоўваць. І зноў не пабег... Хоць у мяне было тры дні. Як вы ведаеце, у тыя дні я напісаў падрабязны ліст на выпадак майго арышту. Не мелі яны права на мой арышт да суду, па частцы 2 артыкула 342. Але з’явілася і першая частка... Права і закон у маім выпадку сышлі ў незапланаваны адпачынак... П’еса падышла да антракту, у буфеце ўсё з’елі і выпілі, а гледачы не разыходзяцца. Калі я тут па частцы 1 артыкула 342, то закон пакуль адпачывае, для мяне яго няма. Значыць, я буду сядзець, пакуль ён ня з’явіцца», — піша Леанід Судаленка.
«З намі праўда. А яна, як вядома, заўсёды адна. І калі з
намі Бог — то хто супраць нас?» — падсумаваў праваабаронца.