Таямніцы архіву Васіля Быкава

Прычыны называць сябе паэтам Васіль Быкаў не падаваў ніколі. Хоць вядомы, як мінімум, два яго вершы. Два яго паэтычныя святочныя пасланні — гэта, канешне, проста жартаўлівыя практыкаванні.



fota_najdziena_vylcava_logo.jpg

Васіль Быкаў. Фота Найдзена Вылчава

Радыё «Свабода» неяк паведаміла пра літаратурную знаходку — калядны верш, які быў адрасаваны Васілём Быкавым Уладзіміру Караткевічу. Аднак гэта не адзінае Быкаўскае паэтычнае практыкаванне — вядомы, як мінімум, два яго вершы; яшчэ адзін, на смерць Аляксандра Твардоўскага, таксама, магчыма, належыць Быкаву. Дый тую ж калядку Васіль Уладзіміравіч насамрэч адрасаваў не аднаму толькі Караткевічу — яшчэ Рыгору Барадуліну і Нілу Гілевічу.

Вершы Васіль Быкаў спрабаваў пісаць яшчэ ў дзяцінстве. Ён распавядаў падчас гутаркі з сябрам Алесем Адамовічам:

А. Адамовіч: А паэзію любіў? Чытаў?

В. Быкаў: Паэзію не чытаў і не любіў.

А. А.: І на памяць не ведаў?

В. Б.: І на памяць не ведаў.

А. А.: Што, ні Пушкін, ні Лермантаў не ўвайшлі ў цябе?

В. Б.: Не, не. І беларускіх нават не ведаў… Я, канешне, вучыў і ўсё такое, але цягі ў мяне да паэзіі не было абсалютна ніякай.

А. А.: Значыць, і сам не пісаў?

В. Б.: Можна сказаць, што не пісаў. Праўда, аднойчы спрабаваў. Нават, ну, проста гэта быў такі перыяд, можа, адну вясну, накрэмзаў пару вершаў. Вельмі кепска, тады я гэта зразумеў…

А вось што прыгадвае ягоная сястра Валянціна Уладзіміраўна: «Самае галоўнае ў Васіля было чытанне — кніжкі, кніжкі, кніжкі. І ўжо ў той час пісаць пачаў. Як хадзіў у малодшыя класы, я знайшла ў яго сшытак, у якім нейкае апавяданне было. Праўда, ужо забылася, пра што ён там пісаў. Толькі памятаю, што неяк літаратурна напісана было, спрытна і складана, усё роўна як у кніжцы, цэлы сшытак напісаў… Ён жа і вершы спрабаваў пісаць. Але мне таксама нічога не паказваў, толькі даслаў іх у газету “Піянер Беларусі”. Аднак нешта не атрымалася ў яго з тымі вершамі — ці ацэнку ім далі нядобрую, ці што, нешта не ацанілі яго тады. Дык ён і кінуў пісаць тыя вершы».

Аднак, нягледзячы на такую безапеляцыйную заяву падчас гутаркі з Адамовічам («Паэзію не чытаў і не любіў»), думаецца, што гэта ўсё ж было не зусім так. Дый сам Васіль Уладзіміравіч засведчыў у «Доўгай дарозе дадому»: «Паэзія, у тым ліку і расейская класіка, мала кранала. Трохі пазней, у юнацтве, пачаў падабацца Лермантаў. І я зразумеў, чаму, калі пасля вайны прачытаў у Буніна, што Лермантаў, а зусім не Пушкін — першы паэт Расеі».

І калі б у Быкава было абсалютнае непрыняцце паэзіі, як бы падчас працы ў «Гродненской правде» ён не толькі здолеў весці літаратурнае аб’яднанне, але яшчэ ў якасці літаратурнага кансультанта перыядычна рабіў агляды творчасці самадзейных паэтаў Гродзеншчыны? Больш за тое, тыя яго агляды, па сведчанні гродзенскай паэткі Дануты Бічэль, «знешне фармальныя, мелі праграмнае ўздзеянне на ўсю далейшую творчасць». Дый ці здольны чалавек — паэзія якога нібыта зусім не цікавіць — даць, да прыкладу, такую ацэнку творчасці (гэта з выступлення Быкава ў 1985 годзе): «Барадулін — гэта чараўнік. Найперш — чараўнік паэтычнай стыхіі, якая жыве ў ім, мабыць, з дня яго нараджэння, і які сам жыве ў ёй, вольна і радасна, як жыве птушка ў палёце, рыба ў вадзе, самаадданая жанчына ў каханні. Паэзія для Барадуліна — не варштат, не тачка, не прафесія ўрэшце. Паэзія для яго — бажэсцвенная стыхія, у якой ён нявольнік і ўладар адначасова. Віртуоз і маэстра!»

Разам з тым памылкова было б сцвярджаць, што Быкаў сур’ёзна ставіўся да вершаскладання, бо вядомыя сёння два яго паэтычныя святочныя пасланні — гэта, канешне, проста жартаўлівыя практыкаванні. Першы такі вершаваны экспромт датуецца лютым 1961 года і адрасаваны Рыгору Барадуліну — віншуючы сябра «з светлым, ясным, шчаслівым днём», Быкаў, намаляваўшы чалавечка, які, радасна раскінуўшы рукі, стаіць на лічбе 26 (якой папярэднічаюць лічбы ад адзінкі да 25, заканчваецца ж гэтая, па вызначэнні Быкава, «паэтычная парабала» лічбай 100), далей зрыфмаваў:

                     

Боты новыя рыпяць:

— Сто пяць

    Сто пяць

Барадуліну гадоў

      пісаць.

      І не спісацца!

Ужо іншым разам Васіль Уладзіміравіч паэтычна павіншаваў Барадуліна праз два дзесяцігоддзі і якраз той самай калядкай (заўважым, што ў «свабодаўскай» публікацыі яна крыху адрозніваецца):

Шчодры вечар, шчасьлівы вечар,

Самотны вечар, шаноўны пан.

Гарыць на куце паўтузін сьвечак —

Хрыстос нам сьвеціць і гоніць зман.

 

Хрыстосу слава і кволым слава,

Цярпліўцам моцы ў цярпеньні дам,

Галодным — хлеба, убогім веры,

Жыцьця і шчасьця — усім людзям.

Праўда, паэт Анатоль Вярцінскі ў каментарыі для «Свабоды» выказаў сумнеў, а ці не народная гэта калядка? І хоць верш сапраўды стылізаваны пад фальклорна-калядны, але, думаецца, напісаны ўсё ж самім Быкавым. На карысць гэтаму сведчыць найперш тое, што калядка насамрэч была адрасаваная не толькі Уладзіміру Караткевічу, а яшчэ Рыгору Барадуліну і Нілу Гілевічу (пра што Ніл Сымонавіч не так даўно сам распавёў у друку). Больш за тое, Барадуліну Быкаў дасылаў тую калядку двойчы, у адным выпадку дапісаўшы: «Здароўічка табе, дарагі дружа, і тваёй мілай сямейцы», а ў другім досыць самаіранічна падпісаўшыся: «Васіль Быкаў, паэта». Калі б аўтарам калядкі быў нехта іншы, то, вядома, такога допісу не магло быць апрыёры.

bikov_i_baradulin_logo.jpg

Рыгор Барадулін і Васіль Быкаў, Фота Уладзіміра Кармілкіна

І яшчэ пра адзін верш. Гэтая гісторыя вядомая са сведчання маскоўскага літаратуразнаўцы Валянціна Аскоцкага, яшчэ аднаго сябра Быкава. 1971 год, развітанне з Аляксандрам Твардоўскім, слынным паэтам і рэдактарам часопіса «Новый мир». Смерць Твардоўскага ўзрушыла многіх. Якраз напярэдадні адбыўся разгром «Нового мира», самага ліберальнага ў той час часопіса, што, мусіць, і справакавала смяротную хваробу Аляксандра Трыфанавіча і яго хуткі сыход. Для Быкава імя Твардоўскага многае значыла. Дастаткова сказаць, што менавіта ў «Новом мире» ў другой палове 1960-х гадоў з’явіліся адны з самых вядомых Быкаўскіх аповесцяў «Мёртвым не баліць», «Круглянскі мост» і «Праклятая вышыня». І менавіта Твардоўскі падтрымаў Быкава тады, калі гродзенскага пісьменніка з падачы ЦК КПСС і КДБ СССР пачаў шальмаваць ледзь не ўвесь усесаюзны друк…



Ужо пасля пахавання сабраліся дома ў Аскоцкага — Васіль Быкаў і Анатоль Вярцінскі. «Змрочна сядзелі за сталом, гарталі том, што выйшаў тады ў “Библиотеке всемирной литературы”, чыталі ўголас вершы Аляксандра Трыфанавіча, — прыгадваў Валянцін Дзмітрыевіч. — Васіль разы са два сказаў, што Твардоўскага-рэдактара ставіць вышэй за Твардоўскага-паэта. Паэт ён, вядома, таленавіты, але мець талент — яшчэ ня значыць зьдзейсьніць подзьвіг. А тое, што зроблена “Новым миром”, іначай як подзьвігам не назавеш. Не літаратурны — грамадзянскі подзьвіг, які звыш таленту запатрабаваў і самаадданай мужнасьці, і геройскага самаадрачэньня. Затым дастаў з кішэні паперку, складзеную ўчацвёра.

— Вось далі мне чыесьці вершы пра яго. І пра тых, хто на паніхідзе выйшаў на сцэну, стаў каля труны ў ганаровую варту — Мікалай Грыбачоў, Анатоль Сафронаў, іншыя грамілы. Добра, ім хоць бы што. А зале? На нашых вачах пачаўся цынічны зьдзек з памяці, ці тое яшчэ будзе, а мы моўчкі трываем…

Тая паперка з вершамі ляжыць дзесьці ў маіх архівах. Пакуль што я яе не знайшоў і прывесці вершы поўнасцю не магу. Але першая страфа запомнілася тады ж адразу і помніцца дасюль:

                        Под некрологом мёртвым слогом,

                        Казённым слогом их речей,

                        Читаю список палачей

                        Того, чей лик над некрологом.

Чые вершы? Не ведаю. Васіль адказаў няпэўна: так, аднаго знаёмага. Яўна не Толі Вярцінскага — інакш на пахаваньні Васіля, успамінаючы тую нашу сустрэчу ўтраіх, ён не выпытваў бы пра вершы так настойліва — што ў іх было і як, не прасіў бы ўспомніць хоць радок. Дапускаю, што самога Васіля: выліў душу, а прызнацца ў аўтарстве не захацеў. Каб ня зьменшыць прэстыж празаіка? Магчыма, і таму. Ва ўсякім выпадку на маёй памяці прычыны называць сябе паэтам не падаваў ніколі…»



Валянцін Аскоцкі памёр у 2010-м. Ці знайшоў ён, разбіраючы свой архіў, аркушык з тым вершам? Малаверагодна, інакш пра гэта стала б, хутчэй за ўсё, вядома — мы ліставаліся з Валянцінам Дзмітрыевічам і паведамлялі адзін аднаму пра любыя значныя знаходкі, якія былі звязаны з Васілём Быкавым. Такім чынам, гісторыя з вершам памяці Твардоўскага застанецца таямніцай цяпер ужо, відаць, назаўсёды. Хоць, зрэшты, у паэтычных таямніцах часам значна больш сэнсу, чым у прозе будзённасці.