Ліквідацыя «Ліквідацыі» Васіля Быкава

Хрэстаматыйны «Сотнікаў» упершыню надрукаваны пад сваёй сапраўднай назвай — «Ліквідацыя». Хто назваў аповесць «Сотнікаў»? Як над аповесцю папрацавала цэнзура? Адказы на гэтыя пытанні — у артыкуле.



1_grodn_prauda.jpg

У рэдакцыі «Гродненской правды». Фота Ірыны Быкавай

Да гісторыі назвы

Сам Быкаў пакінуў на апошнім аркушы ўласнага перакладу аповесці на рускую мову наступныя варыянты назвы: «Ликвидация», «Две судьбы», «Пятый под виселицей», «Пятеро под виселицей», «Судьба». Відаць, як варыянт, яшчэ адна працоўная назва пазначана ім на палях ранняй, чарнавой рэдакцыі — «Пяты лішні». Па сведчанні ж гродзенскага прафесара Аляксея Пяткевіча, першапачаткова аповесць называлася «Двое ўначы». (Забягаючы наперад, заўважым, што пад назвай «Двое в ночи» Быкаў у 1972 годзе напісаў кінасцэнарый.) Аднак пісьменнік усё ж спыніўся на «Ліквідацыі».

У гэтай сувязі варта прыгадаць тлумачэнне Міхася Тычыны, якое ён даў у кнізе «Народ и война: национальный характер как объект изображения»: «В фашистских инструкциях это слово имело такой смысл: «Один из противников должен быть уничтожен. Носителей враждебной идеологии следует не сохранять, а ликвидировать. Под понятие «партизан» подпадает каждый, кто, будучи гражданским лицом, затрудняет сам или подстрекает других затруднять действия германских вооруженных сил». Речь шла о физической «ликвидации». В. Быков же говорит о том, что гораздо страшнее физической смерти, — о «ликвидации» человека как личности».

Аднак гэтая назва была згублена яшчэ падчас першай публікацыі — «Сотнікавым» твор быў названы галоўным рэдактарам «Нового мира» Аляксандрам Твардоўскім. Хоць сам Васіль Уладзіміравіч лічыў назву няўдалай, ён пісаў у «Доўгай дарозе дадому»: «Чаму — Сотнікаў? Ужо з увагі на двух герояў трэба — Рыбак і Сотнікаў, — задаваўся ён пытаннем. — Але мне патлумачылі, што так лепш — паводле прозвішча станоўчага героя. Галоўны, маўляў, меў на яго адмысловыя спадзяванкі, — мусіць, гэткія, як і аўтар».

Цэнзура па-«палымянску»

У 1970 годзе аповесць ужо выйшла ў перакладзе на рускую мову ў «Новом мире», а ў часопісе «Полымя» яшчэ збіраліся паседжанні, на якіх Быкаву настойліва прапаноўвалі «дапрацаваць» твор. Да прыкладу, Максім Танк раіў «крыху праясніць агульны фон, каб не такая фатальная «обреченность» ляжала на героях гэтай аповесці, і, можа, хоць у фінальнай сцэне паказаць галоўных віноўнікаў усёй трагедыі — фашысцкіх захопнікаў». Больш заўваг было ў Петруся Броўкі, пра што ён і пісаў у лісце ў рэдакцыю «Полымя»:

«Калі я адлажыў аповесць і падумаў, якое пачуццё яна ў мяне выклікала? Бясспрэчна, нянавісць да здраднікаў-паліцаяў, ну і канечне да немцаў, хоць іхнюю лютасць можна было б паказаць больш. А то доўгі час яны наогул застаюцца па-за сцэнай.

Што б мне хацелася? Бачыць аповесць надрукаванай з некаторымі папраўкамі і дадаткамі, якія аўтару зрабіць было б не вельмі цяжка.

Па-першае, хоць у парадку адступлення паказаць хоць бы адну падзею гераізму партызанаў. Хай бы яна звялася, скажам, да разгрому невялічкага гарнізона дзесьці ў воласці, у невялікім мястэчку. А то ўвесь час яны ўцякаюць (гэтыя Рыбак і Сотнікаў).

Па-другое.Вельмі прыкра, калі Рыбак вядзе Сотнікава на смерць. Можа, адзінкавы такі выпадак і быў, але гэта неўласціва нашаму партызанскаму руху. Можа, варта было б пазбегнуць гэтага, а калі не, дык было б добра, каб Рыбака (нягледзячы на яго пераход у паліцаі) усё роўна павесілі. А то выходзіць, што здрадніцтва, шкурніцтва перамагае».

5_bykau_i_bykau.jpg

З Петрусём Броўкам. 1976 г. Фота В. Васільева

Катэгарычна за друкаванне аповесці выказваўся Янка Брыль, які таксама даслаў ліст у «Полымя»: «Аповесць В. Быкава, пад назвай «Ліквідацыя», я прачытаў у студзені, цяпер пазнаёміўся з яе аўтарскім перакладам, надрукаваным у «Новом мире». Я быў рашуча за друкаванне яе ў «Полымі», хаця ў мяне і былі некаторыя заўвагі чыста мастацкага, не вельмі істотнага характару…

Аповесць «Сотнікаў» — глыбокі, сумленны, таленавіты твор, і я, безумоўна, за тое, каб ён як мага хутчэй з’явіўся ў «Полымі». Ненармальна гэта і брыдка, што такія творы з’яўляюцца раней у перакладзе…».

4_list_brouki.jpg

Ліст Пятруся Броўкі адносна «Сотнікава». Жнівень 1970 г.

Аднак рэдкалегія «Полымя» прыняла пад увагу не думку Я. Брыля, а меркаванні М. Танка, П. Броўкі ды іншых літаратараў. У выніку вердыкт рэдакцыйнага паседжання быў наступны:

«1. Хацелася б, каб Вы, калі можна так сказаць, праяснілі агульны фон аповесці: можа б, хоць у парадку адступленняў ці праз успаміны галоўных герояў паказалі адну-дзве падзеі гераізму партызан, каб мясцовыя паліцаі не адчувалі сябе «гаспадарамі» і г. д.

2. Ці не можна некалькі зняць з герояў фатальную «обреченность», каб яна не ляжала ў іх увесь час на плячах. Добра было б, каб Сотнікаў у Вас хоць бы ў апошні час — пасля допыту і на плошчы — быў больш мужны і цвёрды, — ён жа «касцяк» усёй аповесці. Пажадана, каб Вы некалькі праяснілі яго разважанні ў тым плане, у якім гаварылася на паседжанні рэдкалегіі. (Сотнікаў думае: варты людзі ці не, каб за іх аддавалі жыццё; яго развагі пра адукацыю Рыбака і вышэйшы кодэкс чалавечнасці, пра біблію на матчыным камодзе і г. д.)

3. Можа, дзе больш падкрэсліць, што Рыбаккатэгорыя сацыяльная. Адсюль — ясней стануць вытокі яго здрады.

4. Хацелася, каб Вы абавязкова паказалі больш галоўных віноўнікаў усёй трагедыі — фашысцкіх захопнікаў, а не мясцовую паліцыю: вядома, што паліцаі былі толькі фашысцкімі паслугачамі і г. д.

5. Ці трэба, каб стараста «круціўся між двух агнёў», калі ён ідзе служыць да немцаў па заданні партызан.

6. Не хацелася б, каб людзі «праходзілі міма» Басі — Вашай гераіні, — калі яна хаваецца ад немцаў і паліцыі…»

Напрыканцы ліста, які быў падпісаны па даручэнні рэдкалегіі Паўлам Кавалёвым і Іванам Пташнікавым, значылася недвухсэнсоўная прыпіска: «Просім Вас уважліва паставіцца да заўваг і тыя з іх, якія на Вашу думку слушныя, улічыць пры дапрацоўцы аповесці. Друкаваць яе будзем, як толькі атрымаем ад Вас папраўлены рукапіс». Міжвольна прыгадваецца жарт савецкіх часоў: пісьменнік атрымлівае ганарар не за тое, што напісаў, а за тое, з якой цяжкасцю ён гэта надрукаваў.

«Вышэйшая школа рэдактуры»

У «Доўгай дарозе дадому» Быкаў прыгадваў, што дапамогу ў «дапрацоўцы» даручылі Барысу Сачанку. Васіль Уладзіміравіч пісаў: «Адразу пасьля паседжаньня рэдкалегіі, яшчэ пакуль не прастылі сьвежыя ўказаньні, мы з Сачанкам пайшлі да яго на кватэру… Цяпер мне Барыс па-сяброўску адкрыў сакрэт рэдактарскіх закідаў да аповесьці — адсутнасць у ёй вобразаў камуністаў. Я сказаў, што наогул пазьбягаю тых вобразаў, бо не валодаю патрэбным талентам. Мабыць, для іх увасабленьня патрэбны талент кшталту Салтыкова-Шчадрына, а ў мяне, калі і ёсьць, дык іншы. Сачанка сказаў на тое, што ён гэта выправіць у адзін момант і, пагартаўшы рукапіс, знайшоў здатнае месца. Во тут і напішам: Сотнікаў — камуніст. А што, апроч таго, і сын камуніста, тое вынікае з кантэксту. Тады я пасумняваўся крыху, але хутка пераканаўся ў рэдактарскай мудрасьці Барыса Іванавіча…» У выніку Сотнікаў зрабіўся камуністам, між тым як у перакладзе аповесці на рускую мову ён быў і застаўся беспартыйным. І хоць Быкаў прыгадваў, што заўваг да твора больш не было, ён, мусіць, з цягам часу забыўся, што заўвагі яшчэ былі і — ажно зашмат.

2_rukapis.jpg

Запісы Васіля Быкава да аповесці “Ліквідацыя”. Захоўваецца ў архіве В. Быкава ў Гродне

Да прыкладу, каб, мусіць, дадаць Сотнікаву мужнасці-цвёрдасці і зняць з яго фатальную «обреченность» (на чым і настойвала рэдкалегія «Полымя»), Быкаў вымушаны быў сам крэсліць свой твор. І вось ужо ў пазнейшай рэдакцыі адсутнічаюць цэлыя сказы і фрагменты, у якіх гаворыцца пра Сотнікава: «Ось каб бачыла яго маці, як ён грабецца цяпер у начным полі пад вецер у сваёй аблавухай пілотачцы, з азызлымі ад сцюжы пальцамі і з дыхавічным хрыпам у грудзях. Бедная маці! А можа шчаслівая: яна не ведала і не магла нават сабе ўявіць і дзясятай долі з таго, што стрываў ён за паўгода вайны»; «Твар, рукі, калені занямелі на сцюжы — было зусім блага і ў той жа час неяк бязвольна абыякава да ўсяго і да сябе ў тым ліку»; «І ў галаве яго прамільгнула кароценькае меркаванне-ўспамін аб тым, колькі разоў ён жахаўся ад гэтае самае свае думкі-канца, які дагэтуль усё неяк мінаў яго, адсоўваўся, не праўдзіўся. Але тут ужо не спраўдзіцца ён не мог»; «жыццё спарахніла вайна, з самага яе пачатку ўсё пайшло не так — усё наперакос» і г. д. А там, дзе ў Быкава не падымалася рука, дапамагаў суровы рэдактар. Таму і з’явіліся, да прыкладу, такія скарачэнні, якія датычыліся зноў жа Сотнікава: «Яго, параненага і хворага, найперш пакідала тое, што было найболей патрэбна»; «Хай бы ўжо везлі хутчэй ды канчалі, як там надумалі. Мяркуючы па ўсім, іхняе існаванне на гэтым свеце ўжо не мела вялікага сэнсу». І, вядома, не мог Сотнікаў «нечакана для сябе, у парыве збалелае душэўнай шчырасці» ўспомніць Бога, «чаго з ім не здаралася ніколі», — таму гэты сказ рэдактурай быў зноў жа выкраслены. Таксама як не мог Сотнікаў у апошнія гадзіны свайго жыцця прыгадаць Біблію, якая некалі ляжала на маміным камодзе, і «хлапчуком ён часам гартаў яе пажоўклыя з асаблівым, застарэла-кніжным пахам старонкі».

Зрэшты рэдактарскія купюры датычыліся не толькі Сотнікава. Былі скарочаны, да прыкладу, наступныя разважанні былога франтавіка Васіля Быкава: «На жаль, аказалася, што ў пераняцці вопыту папярэдніх войнаў не толькі сіла, але і слабасць кожнае арміі, бо, мабыць, характар кожнай наступнай вайны складаецца не так з заканамернасцей папярэдняй, як з яе неацэненых у свой час выключэнняў. Пэўная камбінацыя гэтых выключэнняў і фарміруюць перамогі і паражэнні з абодвух бакоў. Шкада, што Сотнікаў (ды і ці толькі Сотнікаў) зразумеў гэта надта для сябе позна, калі ўрокі свае кароценькай франтавой навукі былі ўжо для яго бескарысны, а ўся яго батарэйная сіла стала грудай пакарэжанага ламачча на той шашы пад Слонімам».

Ці вось Рыбак, заўважыўшы ў сцяне стараставай хаты дзіркі ад куль, пытаецца, хто страляў, і стараста адказвае: «А такія, як вы. Гарэлкі трэбавалі», але і гэта надта ўжо недвухсэнсавае параўнанне партызанаў з паліцаямі рэдактура «Полымя» не пакінула незаўважаным: замест слоў «як вы» ўзнікла шматкроп’е. Зразумела, што і паліцай-кат Будзіла ніяк не мог быць у даваенным мінулым раённым начальнікам, які «па вёсках упаўнаважаным гойсаў». Ад рэплікі ж следчага Партнова: «Гэта Саветы нічога не маглі. Хіба што караць» у «Полымі» застаўся толькі першы сказ…

Таксама не была пакінута без увагі яшчэ адна «палымянская» прэтэнзія да Быкава: «Не хацелася б, каб людзі «праходзілі міма» Басі — Вашай гераіні, — калі яна хаваецца ад немцаў і паліцыі…» І таму зніклі падчас першай публікацыі наступныя сказы з аповеду Басі: «Раз нехта мяне ўранку ўбачыў, дзядзенька нейкі. Нічога не сказаў, прайшоў міма. А я так напужалася, чуць да ночы дадрыжэла»;«парсюкі там былі. Дык я каля іх. Заціснулася ноччу між свіннёй і падсвінкам і сплю. Свіння спакойная была, а падсвінак нягодны — кусаўся»; «А ела… Ну там у карыце нешта выбірала…» І не ў пустым доме хавалася Бася, як у ранейшай рэдакцыі, а яе хавалі — прынамсі так будзе ўжо ў публікацыях. Дый не паліцаі злавілі дзяўчынку (як гэта было першапачаткова ў аўтара), а — немцы, бо надта ўжо хацелася рэдкалегіі «Полымя», каб Быкаў абавязкова паказаў «больш галоўных віноўнікаў усёй трагедыі — фашысцкіх захопнікаў, а не мясцовую паліцыю».

І што ўжо казаць пра наступныя разважанні Сотнікава за некалькі хвілін да смерці: «Сотнікаву было пакутліва-сорамна ад свайго па сутнасці наіўнага фантазёрства — сам згубіўшы надзею вырвацца ад смерці, ён надумаўся ратаваць іншых. Але тыя, што толькі і прагнуць, каб выжыць, ці варты яны хоць бы аднаго дабраахвотна аддадзенага за іх жыцця? Колькі ўжо іх, чалавечых жыццяў, з часоў Ісуса Хрыста было пакладзена на ахвярны алтар чалавецтва і ці шмат чаму навучылі яны, гэтыя самыя высакародныя ахвяраванні? Як і тысячы год назад людзі клапоцяцца найбольш пра сябе асабіста хоць бы і за кошт такіх вось ідэалістаў, як, не раўнуючы, і ён, Сотнікаў». Нават папраўлены не толькі аўтарам, але і рэдактарам, гэты фрагмент усё роўна быў выкраслены падчас рэдагавання ў «Полымі». Між тым як у «Новом мире» ён быў пакінуты, разам з імем Хрыста…

3_mashynapis.jpg

Машынапіс “Сотнікава” з рэдактарскімі скарачэннямі. Захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва

Як тут не ўзгадаць адзін са «знакаў прыпынку» Уладзіміра Някляева:

«Сказ з рукапісу Субоціна:

«Отчетливо помню сейчас тот испуг, который я пережил».

І праўка Маршака:

«Я до сих пор помню, как я испугался».

Вышэйшая школа рэдактуры».

Наогул кажучы, у «Ліквідацыі» было зроблена каля ста купюр менавіта цэнзурнага характару. І выйшла скалечаная аповесць выглядзе зноў жа не пад сваёй назвай — «Сотнікаў». У такім выглядзе друкуецца і дасюль.

Адкрытае пытанне

Ужо значна пазней пасля першапублікацыі літаратар Грыгорый Свірскі (той самы Свірскі, які ў другой палове 1960-х гг. выступіў супраць афіцыйнага антысемітызму і цэнзуры ў друку, у выніку быў выключаны з КПСС і СП СССР і ў 1972 г. быў вымушаны эміграваць з Савецкага Саюза) пісаў, што на несупынную траўлю Быкаў адказаў аповесцю «Сотнікаў», «пожалуй, самым глубоким произведением, в котором он прямо выступает против сталинско-кагебешной «черно-белой концепции» и в литературе и в жизни».

Адразу ж пасля публікацыі Чынгіз Айтматаў пісаў Быкаву: «Опасаюсь я немного за «Сотникова». Критика наша стала нетерпимой даже к малейшим проявлениям самостоятельного мышления. А в «Сотникове» будет о чем спорить. Но как бы то ни было, я считаю, что диалектику предательства ты вскрыл как никто другой. Это мастерство.

Проблема предательства одно из вечных пятен на совести людской. Об этом искусство всегда должно думать».

А Валянцін Распуцін прызнаваўся ў лісце да Быкава: «Я читал, очевидно, все, что выходило у Вас в свет, и почти все люблю, а из последних вещей — особенно «Сотникова». Сцену казни оттуда я перечитывал много раз, чтобы понять, как это делается, и ничего, разумеется, не понял: слишком просто и сильно, эта простота не поддается усвоению». (Дарэчы будзе заўважыць, што фінальная сцэна пакарання ў публікацыях у «Новом мире» і «Полымя» таксама адрозніваецца.)

«Сотнікаў» пасля першапублікацыі выклікаў вялікія спрэчкі сярод крытыкаў, прычым палеміка вакол яго працягвалася не адзін год, што, зрэшты, не перашкодзіла твору стаць хрэстаматыйным. Аднак сёння больш істотна іншае: цяпер, пасля таго, як «Ліквідацыя» надрукаваная менавіта ў аўтарскай, дацэнзурнай рэдакцыі, ці стане яна так бы мовіць «эталоннай» — таксама як «эталоннай» больш сарака гадоў была падцэнзурная «палымянская» публікацыя? Ці будзе Быкаў — і яго «Мёртвым не баліць», і «Ліквідацыя» — у далейшым друкавацца менавіта ў першапачатковым, аўтарскім выглядзе? Ці па-ранейшаму Быкаў будзе выдавацца-перавыдавацца ў тым выглядзе, як яго некалі, яшчэ за савецкім часам, «прачытала» цэнзура? Пытанне застаецца адкрытым.

P.S. Замовіць непадцэнзурныя рэдакцыі кніг «Мёртвым не баліць» і «Ліквідацыя» можна на сайце: www.labadzenka.by