«Мёртвым не баліць» Быкава выходзіць без цэнзурных правак
Васіль Быкаў меў шмат праблем з савецкай цэнзурай. Але з аповесцю «Мёртвым не баліць» звязаны асаблівыя цяжкасці. Апублікаваная ў 1966 г. спачатку ў беларускай перыёдыцы, а потым у перакладзе на расейскую мову ў часопісе «Новый мир», яна выклікала траўлю пісьменніка.
Ледзь не на наступны дзень пасля публікацыі аповесці невядомыя разбілі шыбы ў яго гарадзенскай кватэры. Жонку закідвалі памідорамі. А «Праўда» надрукавала выкрывальніцкі
артыкул.
Доўгі час публікацыя аповесці была забароненая. Яе рэабілітацыя адбылася толькі ў 1982 годзе, калі Міхась Дубянецкі, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура», змог уключыць
«Мёртвым не баліць» у чатырохтомны збор твораў Быкава.
Тады гэта была перамога. Хоць у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваўся непадцэнзурны варыянт аповесці. Але яго публікацыя была немагчымая.
Нядаўна малодшы сын Быкава знайшоў у гарадзенскай кватэры пісьменніка чарнавік «Мёртвым не баліць», які лічыўся страчаным.
За яго аналіз узяўся Сяргей Шапран, даследчык творчасці Быкава. Высветлілася, што цэнзары зрабілі ў аповесці каля 200 купюр.
Як cцвярджае Шапран, гэтыя скарачэнні маглі складаць адно слова (Сталін, Берыя, СМЕРШ) або займаць некалькі старонак.
На блогу Глеба Лабадзенкі выкладзены дзве старонкі з кнігі. На іх бачна, што цэнзары выкінулі ўзгадку пра загад Сталіна дабіваць параненых пры акружэнні.
Эпізод, калі лётчык, прадстаўлены на званне Герой Савецкага Саюза, застрэліўся (ці яго застрэлілі). А таксама фраза пра аднаго з герояў, што «людзі для яго пешкі. А ён сабе –
бог». Каментары да правак складаюць 300 старонак.
Выхад непадцэнзурнага выдання Васіля Быкава, якое будзе мець каля 600 старонак у цвёрдай вокладцы, запланаваны на вясну.
Прафінансаваць кнігу згадзіўся бізнэсоўца і мецэнат Павел Бераговіч. Заяўку на кнігу можна адправіць на электронную пошту labadzenka@gmail.com з указаннем імя, прозвішча, адраса (для людзей не з
Мінска), электроннай пошты, тэлефона і колькасці асобнікаў.
Мікіта Капкоў, nn.by