Апошняе інтэрв'ю Рыгора Барадуліна

24 лютага народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну магло б споўніцца б 82 гады.



1_rigor_baradul_n_ljuti_2014_fota_sjargeja_shaprana1_logo.jpg

Рыгор Барадулін, люты 2014 года. Фота Сяргея Шапрана Рыгор Барадулін — паэт міласцю Божай. Класік беларускай літаратуры. Філосаф беларускага жыцця. Гэта было яго апошняе інтэрв'ю. І ён яшчэ паспеў яго прачытаць у газеце 2 сакавіка 2014 года, за некалькі гадзін да смерці...

— Дзядзька Рыгор, з якім настроем вы цяпер жывяце?

— Мне і дасюль здаецца, што ўсе старэйшыя за цябе, гэта толькі ты малады. Але часам як узгадаеш, што табе пад 80, нібыта з-за пазухі дастанеш гэтыя лічбы… Я заўсёды думаў, што 80 гадоў — гэта многа і, вядома, ніколі на сябе не прымяраў, а цяпер, калі мне самому столькі, дык адчуваю, што гэта ўсё-ткі мнагавата… Ну, колькі Бог дае, столькі і будзеш жыць, нікуды не ўцячэш, усе гады — плённыя яны ці не — усе яны твае. І чым меней застаецца тых гадоў, тым больш хочацца жыць. Гэта ў маладосці ніколі не задумваешся пра тое і перакананы, што яшчэ шмат часу наперадзе, што ўсё паспееш. А цяпер як паглядзіш, дык падаецца, што ў асноўным усё не тое рабіў у гэтым жыцці — шмат рабіў лішняга, пустога, неабавязковага. Але, з іншага боку, так ужо жыццё ўладкавана. Гэта ж не сцэнарый. Так ужо Бог даў.

— Нядаўна Аляксандр Лукашук на Радыё «Свабода» распавёў пра кнігу аўстралійскай медсястры Броні Уэа «Пяць галоўных шкадаванняў людзей, якія паміраюць»: аўтар некалькі гадоў даглядала пацыентаў у апошнія тры месяцы іх жыцця, і высветлілася, што гэтыя людзі часта аднолькава выказваліся пра тое, што б яны зрабілі іначай у сваім жыцці. Дык вось галоўныя шкадаванні такія: шкада, што не хапіла смеласці пражыць жыццё ў згодзе з самім сабой, а не так, як чакалі іншыя; шкада, што шмат працавалі; шкада, што страцілі сувязь з сябрамі і што не дазволілі сабе быць больш шчаслівымі. Цікава, што адзін з каментатараў да публікацыі пра кнігу ў англійскай газеце «The Guardian» напісаў, што шкадуе з усіх гэтых нагодаў ужо цяпер, хоць яму толькі 21 год. А ці знаёмыя вам гэтыя шкадаванні?

— Шкадаванні знаёмыя, я гатовы да кожнага далучыцца і пад кожным распісацца. Гэта агульначалавечыя шкадаванні… Самае страшнае — застацца аднаму… Мне заўсёды хацелася вялікай сям’і, бо без сям’і мы — нічога… Мая мама, светлая ёй памяць, гаварыла, калі я быў яшчэ малады: «Каб быў з доўгай барадой і каб у цябе было многа ўнукаў, якія б цягалі цябе за бараду і мясілі табе клёцкі». «Мясіць клёцкі» — так у нас звычайна казалі, калі нехта нязлосна мясіў цябе кулачкамі ў жывот… Калі быў маладзейшы, дык у мяне было многа сяброў. Тыя ж Валодзя Караткевіч і Міхась Стральцоў былі для мяне як сям’я… Цяпер я адзін… Праўда, ёсць такая вушацкая прыказка: адзін ды ладзін, у сэнсе — ды ладны, але гэта слабое суцяшэнне…

— Між тым, часу ад часу бываючы ў вас, не магу не адзначыць, што ў вас з жонкай Валянцінай Міхайлаўнай сталі больш пяшчотныя адносіны. Ва ўсялякім выпадку, так збоку здаецца.

— Можа быць, бо, разумееце, пад канец жыцця ў памяці ўсплывае ўсё-ткі ўсё добрае. Праўда, калі часам пакрыўдзішся… Але ж мы столькі гадоў разам! Я нават не ўяўляю, як гэта кажуць, хто коней мяняе, у таго хамут гуляе. Жонка — гэта ж як хамут, у добрым сэнсе слова… Калі б не Валя, я загнуўся б ужо зусім.

2_rigor_baradul_n_z_uladz_m_ram_karatkev_cham_zhonkaj_fota_sjargeja_pan_zn_ka_logo.jpg

Рыгор Барадулін з жонкай  і Уладзімірам Караткевічам. Фота Сяргея Панізніка

— А час для вас зараз бяжыць?

— Невераемна. Час цяпер паскораны для мяне. Раней і гадзіна больш важыла, а зараз гады — як вераб’і з-пад страхі.

— Нехта даў такое тлумачэнне, чаму ў маладосці гады павольнай хадой ідуць, а ў старасці лятуць: таму што ў маладосці падымаешся на гару, а ў старасці спускаешся з той гары.

— Так і ёсць… Спускаешся з гары, і ведаеш, што ніколі ўжо не падымешся. Да таго ж з цягам часу забываюцца твары, імёны, і застаецца толькі агульнае адчуванне, што ты жыў. Дый яшчэ тое, што ва ўсе часы побач з табой былі добрыя людзі. Хоць некаторыя і гавораць, што людзі дрэнныя, але, відаць, сам гэты чалавек дрэнны, бо які сам, такіх і сяброў сабе выбіраеш. Ёсць такая прымаўка: кожная пачвара знойдзе сабе пару… (Усміхаецца.) Гэта трошку гарбата, але так яно і ёсць.

— Лермантаў казаў: «Чым сам чалавек горшы, тым усё яму горшым здаецца». Нібыта пра іншае, але, здаецца, усё пра тое ж.

— Правільна-правільна. Паглядзі на таго, з кім сябруеш, — значыцца, і ты такі, бо твой сябар — гэта тваё люстэрка.

— Калі гаварыць пра вашае люстэрка, дык на сённяшні дзень хто застаецца для вас найгалоўнай падтрымкай?

— Самае страшнае, што з кожным годам сяброў усё менее, і застаюцца самыя дарагія. Найперш, гэта мой аднагодак Генадзь Бураўкін — ён з нашага загону, з нашага асяродку. Гэта і крыху маладзейшы Уладзімір Някляеў, які стаіць ужо на мяжы пакаленняў. Гэта і Алесь Камоцкі — я заўсёды маю патрэбу пазваніць яму і паслухаць яго. Гэта і малады і шалёны Глеб Лабадзенка, які многа дроў наламаў дый яшчэ наламае, але затое ён імкнецца нешта рабіць. Калі б можна было арганізаваць армію такіх Лабадзенкаў, дык яны б усё перавярнулі дагары — у добрым сэнсе перавярнулі б.

— І была б Беларусь сапраўды вольнай і незалежнай.

— Так. Але, разумееце, у Беларусі дзвесце гадоў — яшчэ з часоў Каліноўскага — давілі, давілі, давілі…

— Нехта, па-мойму, небеспадстаўна заўважыў, што беларусы — нацыя, у якой адзіная мэта — абы выжыць. Ці пагодзіцеся з гэтым?

— Вонкава гэта так, але ў душы беларусы жывуць сваім уласным жыццём і абараняюць сваю душу пад выглядам таго — абы выжыць.

Маўляў, наша хата з краю?

— Так, але тая хата, якая з краю, яна ж практычна на пярэдняй лініі, ці, калі перавесці на ваенную тэрміналогію, дык на перадавой: злодзеі найперш у такую хату прыйдуць… Калі б беларусы былі такія ўжо абыякавыя, калі б не баранілі сваю душу, іх даўно б ужо не было.

— Між тым, нядаўна агучаны лічбы, колькі кніг было выдадзена ў Беларусі ў мінулым годзе, дык беларускіх выданняў усяго толькі два працэнты. Гэта ж не можа не бянтэжыць вас?

— Усё, усё, канешне, ідзе да знішчэння: знішчаюцца школкі беларускія, знішчаюцца беларускія газеты, часопісы і выдавецтвы, і ўсё ідзе тут на расійскамоўны капыл.

— Сапраўды, русіфікацыя ідзе поўным ходам. Але, з іншага боку, на тыя ж курсы беларускай мовы «Мова нанова», якія вядуць Глеб Лабадзенка ды Алеся Літвіноўская, штотыдзень прыходзіць каля трохсот чалавек, а сайт курсаў толькі за месяц праглядвае больш за шэсць тысяч наведвальнікаў. Значыцца, цікавасць да беларускай мовы не толькі ёсць, але відавочна ўзрастае.

— Галоўная загадка беларусаў палягае ў тым, што іх быццам бы знішчаюць, а яны ўсё роўна не даюць абкрасці душу. Часам нават здаецца, што лепей было б, каб беларускую мову наогул забаранілі — тады б цікавасць да яе была яшчэ большая. А так атрымліваецца, нібыта на марудным агні смажаць.

— Разам з тым не магу не ўзгадаць, што якраз на гэтым тыдні на сайце кампаніі «Будзьма беларусамі!» стартаваў праект «Зоркі імёнаў»: разам з Генадзем Бураўкіным і Уладзімірам Някляевым вы пагадзіліся пісаць імянныя вершы для дзетак. Калі былі маленькія вашы дачка Ілона ды ўнучка Дамініка, вы таксама прысвячалі ім свае вершы. Апроч таго, у вас выйшла некалькі дзіцячых кніжак. Але цяпер вы будзеце пісаць ужо на замовы чытачоў. Ці цяжка наогул пісаць для дзетак?

— Вядома, што пры камуністах існавала ўстаноўка, што для дзяцей трэба пісаць таксама, як і для дарослых, толькі значна лепей. На маю ж думку, для дзяцей трэба пісаць натуральна. Можа, нават варта самому здзяцінець… (Усміхаецца.)

— Але ж вы ўсё жыццё пішаце для дзяцей.

— Значыцца, я ўсё жыццё дзяцінеў, але тут трэба ведаць меру — таксама калі чарку бярэш. Для дзяцей трэба пісаць… я не тое, што ўказанні даю — проста гавару, як гэта адчуваю: пісаць трэба не расцягнута, жыва, вясёла, ігрыста і іскрыста. Каб кожнае слова, кожны гук западаў у душу. Абстрактныя вершы не крануць дзіцяці. Таксама як і вершы, падобныя на справаздачы на партсходах. Наогул кажучы, найлепшымі ўзорамі могуць быць народныя песні, прыпеўкі, прыказкі і прымаўкі. Там усё ёсць — і філасофія, і правілы добрага тону, і нават настаўленні, як правільна лыжку трымаць.

3_rigor_baradul_n_z_mamaj_akul_naj_andree_naj_fota_e_damarackaga_logo.jpg

Рыгор Барадулін з мамай Акулінай Андрэеўнай. Фота Э. Дамарацкага

— А ці трэба пры гэтым любіць дзяцей? Да прыкладу, вядомы савецкі паэт і байкапісец Сяргей Міхалкоў хоць усё жыццё і пісаў для дзяцей, але, па яго ўласным прызнанні, дзяцей не любіў.

— Дзяцей трэба любіць хоць бы для таго, каб жыць. Ну, а калі не будзеш любіць, дык як будзеш пісаць для іх? — дзеці гэта адразу адчуюць.

— Таксама як і ваш кот Рысік, які не да кожнага вашага госця падыходзіць?

— А што вы думаеце! Ён, як і дзіця, адразу адчувае, хто добры, а хто дрэнны.

— Запомнілася адно вашае прызнанне: калі мы з вамі рабілі кнігу «Тры мяхі…», вы сказалі, што ўсё жыццё хацелі быць нейкім іншым, а вось якім — самі таго не ведаеце. Я не знайшоў тады, пра што ў вас перапытаць, але запытаюся цяпер: асабіста мне заўсёды здавалася, што мае сябры лепшыя за мяне, і калі ў вас было прыкладна тое самае адчуванне, дык хто з вашых сяброў служыў вам прыкладам ці нават, сам таго не ведаючы, быў для вас маўклівым дакорам?

— Вы разумееце, усё жыццё, яшчэ са школы, мне здавалася, што літаральна ўсе лепшыя за мяне, нават пішуць лепш за мяне. Я сапраўды так лічыў і дасюль лічу. Гэта не поза, я не гуляю тут у сціпласць — кожнага разу мне здавалася, што вось іншыя здольныя, а я — не. Да прыкладу, я дасюль лічу, што не варты, дапусцім, следу ад абцаса Уладзіміра Караткевіча. Ужо не кажу пра Васіля Быкава ці Міхася Стральцова! І Уладзімір Някляеў піша лепей за мяне. Да таго ж ён піша для свайго часу, а ці цікавы я сёння маладым?.. Памятаю, як зусім яшчэ юнаком прыйшоў да мяне Глеб Лабадзенка, і я даў яму сваю кніжку і кнігу перакладаў вершаў Барыса Пастарнака, дык Глеб ад маёй кнігі адмовіўся, а Пастарнака ўзяў.

— Вас гэта не пакрыўдзіла?

— Не, але трошку зніякаваціла. Праўда, пасля я падумаў, што калі б сам быў малады, дык сказаў бы пра сябе сённяшняга: «Куды яму яшчэ вершы пісаць?! Яму ўжо трэба пра пясочак думаць!» (Смяецца.)

— А вершы для вас сёння — гэта праца ці пад настрой пішаце?

— Не, толькі пад настрой — нібыта вецер падзьме… Як пішацца, так пішацца… Часам сапраўды падумаеш: а ці варта яшчэ пісаць у 80? Але не пісаць я не магу. Праўда, нешта «манументальнае» даўно ўжо не з’яўляецца — хочацца толькі настраёвых іскрынак, ну, і каб гэта было натуральна. Вось калі ўзнікае пачуццё нечаканасці, калі нешта здзіўляе, чапляе, тады і пішаш, бо не можаш не сказаць пра тое. А ўжо кароткім радком ці даўгаватым… Некалі ў мяне напісалася такая вось «Паэма»:

Мне цябе нестае

Тае.

— І калі вярнуцца да ранейшай размовы: ці былі ўсё ж сярод вашых сяброў тыя, на каго вы хацелі быць падобным?

— Гэта ўсё тыя ж імёны — да прыкладу, далікатны Міхась Стральцоў, не кажу ўжо пра Караткевіча ці Някляева — гэта проста шалёны, ураганны шквал. Ну, і малады буранчык — Глеб Лабадзенка. Але я не хацеў бы абмяжоўвацца выключна гэтымі імёнамі, — маўляў, толькі яны ёсць і больш нікога няма. Ёсць і іншыя, проста я іх не ведаю. Гэта лёс звёў мяне з маімі сябрамі. Разумееце, лёс такі хітры пан — не ты сам зводзішся з людзьмі, а гэта лёс цябе зводзіць, прычым як з добрымі, так і з дрэннымі. І лёс тут ніякага твайго хабару не прымае, але калі і прымае, дык не звяртае на яго ўвагі. І лёсу верыш, і, безумоўна, баішся яго, бо не ведаеш, куды ён павядзе цябе заўтра.

— Дарэчы, ніколі не пытаўся, як вы пазнаёміліся з Генадзем Бураўкіным, з якім сябруеце ўжо больш за паўстагоддзя…

— Генадзь быў першы, каго я сустрэў ва ўніверсітэце, і адразу пацягнуўся да яго. Пасля ж вайны на філфак і журфак, і наогул у літаратуру, прыйшла цэлая плынь будучых паэтаў і празаікаў. А з Бураўкіным мы да ўсяго іншага яшчэ і землякі — сорак кіламетраў паміж намі. Полаччына — гэта ж адзін моўны край, асвечаны Скарынам. Полаччына — гэта і цемя нацыі, і сэрца нацыі. Але справа, відаць, не толькі ў філалагічнай і псіхалагічнай роднасці — на Полаччыне шмат азёр, а вада дае не толькі настрой, але і характар чалавеку. У глыбіні азёр — памяць вякоў. Гэта ж не пустэча…

— Нездарма, відаць, адна з вашых кніг мае назву «Халодная памяць вады»?

— Так. І, відаць, з-за гэтай крэўнасці, як у нас казалі, мы і сышліся з Генадзем практычна ад самага пачатку. Паміж намі толькі год розніцы… Мая мама дужа любіла і паважала Генадзя, ставіла мне ў яго ў прыклад, а мяне пры гэтым называла «галамежкай»…

Наогул кажучы, там, дзе быў Генадзь, заўсёды была ўсмешка, быў жарт, была мудрасць. Ён ніколі не быў абыякавы і, канешне, заўсёды быў за Беларусь і яшчэ раз за Беларусь. Гэта ж Бураўкін зрабіў нашыя тэлебачанне і радыё беларускімі. Ужо не кажу пра творчасць Генадзя — пра яго паэзію і песні. Чаго вартая адна яго «Калыханка», якая выгадавала, відаць, цэлы мільён беларусаў!..

Уклад Бураўкіна ў незалежнасць Беларусі вялізны. І хоць сённяшнія чыноўнікі гэтага не помняць, але затое помніць Беларусь, тым больш што чыноўнікі змяняюцца, а Беларусь была, ёсць і будзе. Таксама быў, ёсць і будзе Генадзь Бураўкін. І я страшэнна рады, што ён ёсць, мой дарагі сябра Генадзь, бо іншых маіх аднагодкаў ужо практычна няма…

— Прыгадваецца, як сказаў адзін з маскоўскіх сяброў Васіля Быкава — літаратурны крытык Валянцін Аскоцкі: «Минск для меня обезлюдел».

— Так і ёсць. У той жа самай Вушачы сёння ўжо практычна няма тых, каго я помню і хто мяне помніць.

— Відаць, Вушача вашага маленства існуе цяпер выключна ў вашай памяці ды вашых кнігах?

— Так, той Вушачы ўжо няма. Той Вушачы, дзе былі свае рыбакі, свае пекары, дзе калі гаварылі «схадзіць да Маймана», гэта азначала выпіць, а калі «схадзіць да Дысмана», дык — купіць печыва. Той Вушачы, дзе былі такія каларытныя асобы, як Макеенка, які мог выпіць пятнаццаць куфляў піва! А куфаль — гэта паўлітра. Можаце ўявіць?! Няма той Вушачы, дзе хадзіў такі анекдот — жонка павяла карову да быка, дык у яе пытаюцца: «Хто там?» — «Карова». — «Здаровая?» — «Здаровая». — «Давай ёй Макеенку!» А Макеенкам празвалі здаровага быка… (Смяецца.)

— Між іншым, нядаўна званіла мне сястра Васіля Быкава Валянціна Уладзіміраўна, якая таксама нарадзілася і ўсё жыццё пражыла на Вушаччыне, дык сказала, што чытае цяпер ваш «Вушацкі словазбор» і ўсё здзіўляецца вашай памяці, гаварыла: «Я гэта ведала некалі ды забылася, а Рыгор усё помніць!»

— Калі такое кажа Валянціна Уладзіміраўна, гэта для мяне найвышэйшая адзнака.

— А ці была ў вас патрэба ў штодзённым сяброўстве?

— Патрэбнасць такая, вядома, была, і з кожным па-свойму. На Стральцове я, напрыклад, правяраў радок, гучанне верша, бо гэта быў чалавек высокай культуры і тонкай душы. У нас такіх мала. Караткевіч жа валодаў не толькі энцыклапедычнымі ведамі — з ім і жыць было весялей. Дарэчы, ён быў па-сапраўднаму вялікі, таму што ніколі не думаў пра тое, як стаць, куды паглядзець і што сказаць, — ён заўсёды быў натуральны… Наогул кажучы, жыццё ўвесь час зводзіла мяне не тое, што са звышлюдзьмі, але з людзьмі адметнымі, не такімі, як усе. І дзякуй лёсу за тое.

— У новай кнізе Някляева «Знакі прыпынку» ёсць аповед пра тое, як уначы яму звоніць з Масквы Ігар Шклярэўскі і сярод іншага кажа: «Калі табе няма каму пазваніць сярод ночы, дык табе ўвогуле няма каму пазваніць». А ў вас былі такія сябры, каму вы маглі тэлефанаваць у любы час?

— Былі. Дапусцім, быў такі паэт Сымон Блатун, ён рана памёр. Ці тыя ж самыя Міхась Стральцоў, Уладзімір Караткевіч і Уладзімір Някляеў. Раней ніхто на гадзіннік не глядзеў: у дзве гадзіны ночы, дык у дзве, у тры — дык у тры. І званіў я не толькі тут, у Беларусі, але і ў Латвію, Літву, Эстонію, Азербайджан, ва Украіну — паўсюль, дзе жылі мае сябры. Гэта зараз я не магу нікому пазваніць, таму што ўжо іншы час. Я ж не пазваню сярод ночы Някляеву…

— Чаму?

— Я саромлюся.

— Прыгадваючы Генадзя Бураўкіна, вы сказалі пра вашае філалагічнае пакаленне. Вось і Сяргей Ваганаў у артыкуле памяці аднаго з вашых сяброў — паэта Валянціна Тараса — напісаў нядаўна: «…на «доўгай дарозе дадому» творцы, з’яднаныя пакутлівым пошукам адказаў на пякучыя пытанні Часу, становяцца Пакаленнем.

Сёння ў Беларусі шмат таленавітых, высокаадукаваных, высокаінтэлектуальных творцаў — літаратараў, філосафаў, палітолагаў…

Але Пакалення няма. Ёсць тусоўкі».

Ці пагодзіцеся з гэтым сцвярджэннем?

— Пакаленне Васіля Быкава і Валянціна Тараса — гэта магутнае пакаленне, але яно практычна знікла. Яно ваявала і, прыйшоўшы з вайны, па-іншаму глядзела на жыццё — яно ведала цану жыццю. І калі што і рабілі ў літаратуры, дык рабілі шчыра. Хоць гэта і цяжка было, але разумееце, калі нешта забараняецца, дык наадварот хочацца рабіць насуперак. Сёння ж няма той сцяны, якую трэба было б прабіваць. А прабіваючы сцяну, хоць шышкі на лбе наб’еш, ды тым самым так лоб загартуеш, што арэхі можна калоць!.. (Смяецца.)

— Прабачце, але не пагаджуся: зараз таксама ёсць сцяна. Яна іншая, але ж ёсць.

— Сцяна, канешне, так ці інакш, але будзе заўсёды — пакуль будзе дзяржава, будзе і сцяна. Я маю на ўвазе, што цяпер зусім іншая сцяна, і маладзейшыя наўпрост разгубленыя і раскупленыя. Я не наракаю на іх — у такія ўжо жыццёвыя ўмовы яны пастаўлены. Сённяшнім маладым нават цяжэй, чым было нам: у наш час хоць пайка была, і некаторым лустачку дадавалі да той пайкі альбо лясачку масла…

Што ж тычыцца вашага пытання, дык такога адзінага, маналітнага пакалення, як пакаленне Быкава, ужо, безумоўна, не будзе. Але і да рэвалюцыі ж маналітных пакаленняў не было — былі асобы. І ў далейшым, відаць, будуць толькі асобы, якія будуць змагацца, сцвярджаць і загартоўваць сябе. Што б хто ні казаў, а гісторыя і культура ствараюцца менавіта асобамі, а не калгасам.

— У звязку з гэтым: калі бачу на вашых кніжных паліцах тамы Караткевіча, часта прыгадваю адзін з яго дарчых надпісаў: «Дарагому Рыгору Барадуліну з любоўю да яго самога, добрага і шчырага чалавека, і яго светлай, сапраўды вялікай, нашай, беларускай паэзіі. Нічога, браце, зразумеюць, побач з кім жылі». Як думаеце, дзядзька Рыгор, зразумеюць?

— Сам пра сябе... Караткевіч любіў гаварыць: «Не фігуруйце, Грышачка!» Дык вось я не фігуруюся, а яшчэ раз кажу, што мне заўсёды здавалася, што іншыя і разумнейшыя за мяне, і пішуць лепш. Не тое, што я самы дурны, але і дакладна, што не самы разумны. Хацелася б, канешне, быць разумным, але гэта ўжо колькі Бог адвёў.

— Прабачце, калі ласка, за нетактоўнае пытанне, а ці моліцеся вы?

— На ноч малюся. Прычым не тое, што цяпер пачаў маліцца, калі гэта стала модным, — я ўсё жыццё маліўся, мама прывучыла мяне да гэтага. І калі ад’язджаў з Вушачы, дык абавязкова ставаў на калені перад абразом… І цяпер малюся і за Валю, і за Дамініку, і за Ілону само сабой.

— Баюся паставіць вас у няёмкае становішча, а ці маліліся вы калі-небудзь за сяброў?

— (Раздумвае.) За Быкава і за Караткевіча маліўся. За Валодзю таксама маліўся, калі той быў у засценках КДБ

— Дзядзька Рыгор, прабачце, калі ласка, яшчэ за такое пытанне, але ж кожны чалавек задумваецца пра тое, што некалі яго, як вы самі напісалі, гукнуць продкі. Вы ж не можаце пазбавіцца гэтай думкі?

— Часам думаеш, што адзінае страшнае, што можа быць, — гэта пакутаваць перад смерцю. А там ужо што будзе, тое і будзе.

— Дык вы сумняваецеся ў тым, ці ёсць смерць, ці яе няма?

— Смерці няма.

— Але ў вас няма дакладнага прадчування, ведання таго, што будзе пасля?

— Не.

— Барыс Пастарнак пісаў, што мастацтва, гаворачы пра смерць, тым самым стварае жыццё. У вашай паэзіі апошняга дзесяцігоддзя гэтая тэма адна з найгалоўных.

— І чым далей, тым больш, бо чым далей, тым бліжэй да смерці, якая набывае ў маім уяўленні свае рысы, хай яны і не канкрэтныя, не бачныя, але прысутнасць смерці ўжо адчуваецца.

— Але дзякуй Богу, што, як вы зноў жа самі напісалі, вы покуль тут. І ўжо на заканчэнне: што вы пажадаеце, дзядзька Рыгор, маладзейшым за вас?

— Маладым хочацца найперш сказаць, каб заставаліся самімі сабой. Грошы, слава — цяпер жа столькі спакус, і таму дужа цяжка выстаяць, але ўсё гэта сыдзе, і чалавек застанецца сам-насам. Таму пажадаю: жывіце сэрцам, а не розумам.