Апошняе прашэнне Рыгора Барадуліна

«Калі я адыду, пастаўце мне сівы валун і крыж на валуне», — напісаў у 1995 годзе Рыгор Барадулін у вершы «Прашэнне». Яго апошняя воля будзе нарэшце выкананая — 26 снежня на Бутаўскіх могілках ва Ушачах, адбудзецца асвячэнне помніка. 



3_ljuti_2014_fota_s_shaprana_1_.jpg

Рыгор Барадулін. 2014 г. Фота Сяргея Шапрана

Помніка, які — унікальны выпадак — усталёўвалі ледзь не ўсім беларускім светам: да гэтага спрычыніліся не толькі дзясяткі людзей, але нават авіяцыя; не кажучы ўжо пра тое, што помнік зроблены на дабрачынныя ахвяраванні.

Зрэшты, пра верш я даведаўся пазней — спачатку была просьба Рыгора Барадуліна. Быў май 2006-га. Разам з Барадуліным і маім сябрам Андрэем Палудам паехалі на некалькі дзён ва Ушачы і, вядома, не маглі не завітаць у Бычкі. Той дзень выдаўся хмарным. Пад’язджаючы да Бычкоў, найперш наведалі мясцовыя могілкі, на якіх пахаваныя брат Васіля Быкава Мікалай ды бацькі Ганна Рыгораўна і Уладзімір Фёдаравіч. Ужо колькі разоў былі тут, але ўпершыню паглядзелі ўсе могілкі і былі здзіўлены, убачыўшы шмат вялікіх камянёў, мусіць, ад старадаўніх пахаванняў. Гэта так уразіла Барадуліна, што пазней ён зноў вярнуўся да гэтай тэмы: калі вырашылі паглядзець тое месца, дзе раней жыў адзін з найлепшых сяброў маленькага Васіля Быкава Валодзя Галавач — той самы, які зрабіў Васілю, калі ён пайшоў у школу, першую яго асадку — зрэзаўшы чарацінку і ўставіўшы туды пяро. Але даўно ўжо няма ні Галавача, ні ягонай хаты. І вось калі вярталіся, дзядзька Рыгор нечакана (нечакана, бо перад тым ні пра што падобнае мы не размаўлялі) сказаў: «Я хачу, каб у мяне таксама быў камень». Сказаў ён тады гэта толькі мне, але ўвечары, калі селі вячэраць, я папрасіў паўтарыць тое жаданне ўжо пад дыктафонны запіс.

Яшчэ раз мы гаварылі пра гэта праз некалькі гадоў, калі рыхтавалі кнігу «Тры мяхі дзядзькі Рыгора». Я наўмысна папрасіў Барадуліна агучыць сваю просьбу, каб яна была зафіксаванай вось гэткім, дакументальным чынам, і каб зрабілася публічна вядомай, бо адна справа — паэзія, дзе можна ўсё і на вобразнасць «спісаць», і зусім іншае — просьба, «занатаваная» кніжна.

— Так, валун і крыж, — пацвердзіў Барадулін. — Не хачу я помнікаў. Па-першае, помнік не будзе за што ставіць, да таго ж, гэта традыцыя яшчэ савецкіх часоў. Я хачу, каб быў толькі вушацкі валун. Я некалі пісаў пра гэта: «Калі я адыду, пастаўце мне Валун сівы і крыж на валуне». Я ж многа могільнікаў бачыў, у тым ліку і на Вушаччыне, але каб было цэлае поле камянёў, як на бычкоўскім могільніку…

— Цікава, што якраз напярэдадні мы задаваліся пытаннем, чаму Быкаў пажадаў, каб на яго магіле быў валун, і праз дзень нас быццам нехта павёў на бычкоўскі могільнік, каб мы самі знайшлі адказ на гэтае пытанне.

— Так, нам гэта проста адкрылася. Праўда, я не разумею, чаму менавіта валун з Фінляндыі, таму што ўсе нашыя валуны — яны самі шлі адтуль. Думаю, што гісторыя з Фінляндыяй — гэта ўжо нейкая іншая справа…

ahar_2_.jpg

Месца пахавання Рыгора Барадуліна і мамы Акуліны Андрэеўны. Фота Ігара Засімовіча.

Камяні — яны як людзі: кожны са сваім абліччам, са сваім характарам. І каб на вушацкіх каталіцкіх могілках былі б не крыжы, нават і гранітныя, а камяні, іх не знішчылі б. Камень — гэта надмагілле з часоў паганства, з сівой даўніны, крыж з’явіўся пазней… Таму самае лепшае надмагілле — гэта камень.

Гэткім чынам тастамент паэта адносна ўласнага пахавання складаўся, па сутнасці, з дзвюх частак: Барадулін хацеў быць пахаваным ва Ушачах каля мамы Акуліны Андрэеўны, пра што не раз казаў родным і сябрам; па-другое, хацеў, каб на магіле паўстаў ушацкі валун. І калі з выкананнем першай просьбы праблем не ўзнікла, дык пра другую шмат хто з сяброў Барадуліна казаў: выканаць немагчыма. Немагчыма, бо валун вагой у дзве з паловай тоны на руках не данясеш (пахаваны Барадулін на ўзгорку Бутаўскага могільніку, да яго апошняга прыстанку вядзе вузенькая сцежка, што віляе сярод дзясяткаў іншых магіл), дый, казалі, ніякі падмурак не вытрымае такой вагі — скоціцца валун. Нават ужо іншы праект быў падрыхтаваны, дзе не валун ляжаў, а велізарны мармуровы крыж лунаў над магілай паэта. Вядома, аўтары праекта — даўнія сябры Барадуліна — кіраваліся самым найлепшым намерам, але не гэта было яго апошнім жаданнем. Тым не менш, праца распачалася і была б ужо завершаная, калі б выканаць тастамент паэта не ўзяўся яго маладзейшы сябар Глеб Лабадзенка…

З Глебам, калі яму было толькі шаснаццаць гадоў, мяне пазнаёміў дзядзька Рыгор. «Наша апора і змена», — любіў паўтараць ён. І неаднойчы казаў пра Глеба добрыя словы, кожнага разу называючы яго ў ліку сваіх сяброў — адразу пасля Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Някляева, Алеся Камоцкага. Вось толькі адзін прыклад — гаварыў гэта дзядзька Рыгор пасля таго, як Лабадзенка з уласнай ініцыятывы падрыхтаваў і выдаў барадулінскую кнігу рукапісных вершаў «Лепей»: «Глеб толькі ўчора прынёс мне кніжку, дык я ўстаў сёння а палове шостай раніцы і прачытаў яе ад першай старонкі да апошняй… Мне спадабаўся адбор Глеба. Прычым часам я здзіўляўся гэтым адборам: так, я ведаю, што гэта мае вершы, але сам я ніколі не даўмеўся б паставіць іх у гэтую кнігу, а яны сапраўды нармальна тут месцяцца!.. Наогул кажучы, калі чытаў гэтую кнігу, я толькі ахаў і здзіўляўся дасведчанасці Глеба. Ён жа чалавек новай фармацыі, новага пакалення, але я яшчэ раз пераконваюся, што Глеб — гэта тая змена, якая дужа патрэбна Беларусі. Нашая беларускасць трымаецца, безумоўна, якраз на такіх волатах, на такіх вяршынях, як Някляеў, і на такой маладой руні, як Глеб. Рунь — гэта для вачэй, для сэрца, рунь маладзіць душу і прымушае забыцца на драбязу. Але Глеба адным словам не вызначыш… Пра яго можна яшчэ сказаць, што гэта ўжо не дрэўца, а малады гаёк».

Калі ж я прывёў характарыстыку, якую Лабадзенку дала на старонках «Новага часу» Марыйка Мартысевіч («У Глебе элітная нацыянальная адукацыя абярнулася іншым бокам медаля: ён бязмежна верыць у беларускую Беларусь і змагаецца за яе сваімі сродкамі. Альтэрнатыўнымі. Можна нават сказаць, магічнымі… Лабадзенка — цімуравец, а дакладней, сам Цімур, які малюе бел-чырвона-белыя значкі на плотах тых людзей, якім дзячыць за іх шматгадовую працу сваёй дапамогай… Глеб Лабадзенка — жаўнер-альтэрнатыўшчык на службе ў Беларусі. Але не ў агульнапрынятай Беларусі, а ў нашай, беларускай»), Барадулін ахвотна пагадзіўся: «Так, рэкрут — гэта правільна. Я ж гавару: чым Беларусь і выжывае, чым выжываюць нашы культура і мова, гэта тым, што ў той час, калі здаецца, што ўсё ўжо знішчана, тады Бог, Лёс дае патрэбнага чалавека, дый не аднаго — дзясяткі чалавек, якія і трымаюць на сабе Беларусь».

Зрэшты, на ліку Лабадзенкі выданне не адной толькі кнігі «Лепей» — было яшчэ факсімільнае перавыданне першай кніжачкі «Маладзік над стэпам», набор паштовак з выявамі дзядзькі Рыгора, аўдыядыск з галасамі У. Караткевіча, Л. Геніюш і Р. Барадуліна, акцыі «Салідарныя з Барадуліным!», калі чытачы, набываючы кнігі, ахвяравалі паэту грошы, якія так дарэчы яму тады былі… Наогул кажучы, шмат якой яшчэ падтрымкі — часам проста побытавай — з боку Глеба было, пра што ён публічна ніколі не гаварыў і, мусіць, не скажа. Але ён сапраўды зрабіўся дзядзьку Рыгору вялікім, часам нават незаменным апірышчам…

dscn0809.jpg

Рыгор Барадулін з Глебам Лабадзенкам. Лістапад 2013 г. Фота Сяргея Шапрана

Глеб — той рухавік, які часам дамагаецца, здаецца, немагчымага. Казалі, што валун на руках не дацягнуць, дык ёсць жа авіяцыя! І дзякуючы фотамастаку Сяргею Плыткевічу Глеб дамаўляецца з Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях, каб ушацкі валун дабраўся да Бутаўскага могільніка верталётам па небе. Сумняваецеся, што падмурак вытрымае? Іншай думкі трымаўся архітэктар Вадзім Пракопчык, які, наведаўшы Бутаўшчыну, і спраектаваў падмурак для помніка. Ушацкія ж улады забяспечылі тэхніку для перавозкі валуна і стварылі скульптару Ігару Засімовічу ўсе ўмовы для працы. Дый дзякуючы менавіта землякам паэта быў умацаваны падмурак — цягам аднаго дня два з паловай дзясяткі чалавек прыцягнулі ажно васемсот вёдраў бетоннага раствору. А жорны, што паводле задумы скульптара, павінны былі легчы на месцы магіл Акуліны Андрэеўны і яе сына, збіралі па ўсёй Беларусі…

Калі б дзядзька Рыгор змог убачыць, як тут усё закруцілася-завярцелася, імкнучыся выканаць яго прашэнне, ён быў бы шчыра ўсцешаны, хоць, вядома, пачуваўся б ад таго ніякавата. Усцешаны не адной толькі Глебавай адданасцю сяброўству дый незвычайнай ініцыятыўнасцю, але, мабыць, найперш тым, як яму, народнаму паэту, гэты самы народ імкнуўся хоць па смерці выказаць даніну сваёй удзячнасці і пашаны.

Усім беларускім светам праводзілі ў апошні шлях у сакавіку 2014-га, ледзь не ўсім светам ушанавалі апошнюю волю. І вось ужо не проста паэтычны вобраз паўстае за радкамі барадулінскага «Прашэння» — яны, гэтыя радкі, паступова пераўтварыліся ў рэальнае ўвасабленне не аднаго толькі прашэння паэта. Гэта ўжо нешта большае, чым проста помнік, чым проста памяць, — гэта тая, хоць і маленечкая, але беларуская Беларусь, аб якой марыў Рыгор Барадулін і пра якую таксама казаў у вершах:

Калі мая трывога спала,

Калі калоссе налілося

Тугой?

Сказаць я не бяруся.

Як нарадзіцца не прыпала,

Хаця б памерці давялося

У беларускай Беларусі…