Ад трона да сківіцы: што такое 3D-друк у Беларусі

Кабрынчанін Сяргей Паленік запусціў вытворчасць па 3D-друку. Зараз да яго звяртаюцца стаматалагічныя паліклінікі і буйныя прамысловыя прадпрыемствы. Але так было не адразу.

zahadnaya_1_logo.jpg

— Іншая назва 3D-друку — адытыўная вытворчасць. Ад англійскай «additive» — дадаткавая, — патлумачыў Сяргей, калі вёў мяне па прыватным сектары Кобрына. — Друкуюць звычайна з пластыку, хаця бываюць розныя віды 3D-друку з купай іншых матэрыялаў: гума, метал, кераміка, гіпс, смала ды іншыя.

pic_001_logo.jpg

Вытворчасць Сяргея знаходзіцца ў яго доме. У пакоі — аж тры прынтары. Адзін, самы танны і просты, ён набыў, каб трэніравацца. Астатнія два — працоўныя. Свой занятак ён не лічыць незвычайным і экзатычным, хаця кажа, што людзі часта дагэтуль не разумеюць, чым ён займаецца.

pic_002_1_logo.jpg

pic_003_1_logo.jpg

— Калі ставіў сабе мэту, не разлічваў менавіта на 3D-друк. Я цікаўлюся тэхнікай, тэхнічны чалавек паводле сваёй натуры, і шукаў нешта вартае, патрэбнае. У Кобрыне ўжо многія ведаюць, чым я займаюся, але дагэтуль не ўсе. Вось, людзі тэлефануюць: «У вас можна А4 раздрукаваць?» Лічу, што 3D-друк — гэта патрэбная рэч. Я даю людзям тое, што яны не могуць нідзе набыць.

Фота з Інстаграма Сяргея

Фота з Інстаграма Сяргея

Сам выраб прадукту складаецца з некалькіх этапаў.

— Ад пачатку ідзе замова. Каб стварыць фізічную мадэль на 3D-прынтары трэба мець гэтую трохмерную мадэль у лічбавым выглядзе. Можаце звярнуцца са сваім файлам 3D-мадэлі, можна папрасіць мяне змадэляваць. Мадэляванне звычайна таксама платнае, залежыць ад складанасці. Калі сам друк каштуе шмат, 60–70 рублёў, то магу змадэляваць бясплатна. Там, дзе мастацкія мадэлі — нават не займаюся гэтым сам, звяртаюся да знаёмых адмыслоўцаў. Напрыклад, хтосьці захацеў попелку ў выглядзе замку «Мінас Тырыт» з «Уладара Пярсцёнкаў». Мадэляваць у камп'ютарнай праграме яго вельмі складана і доўга, — і людзі не заўсёды разумеюць, колькі гэта працы. У гэтым выпадку стварэнне лічбавай мадэлі на камп'ютары будзе нашмат даражэй за друк фізічнай. Але часта лічбавую мадэль можна знайсці ў вольным доступе ў інтэрнэце. Далей трэба падабраць наладкі друку. Опцый — сотні, у залежнасці ад тыпу пластыку і патрэбнай якасці на выхадзе.
Вядома, надрукаванае будзе каштаваць даражэй, чым купленае ў краме. Той жа штуцэр, зроблены штампаваным метадам на заводзе, якія робяць тысячамі, зразумела, танней набыць у краме. Бо пры 3D-друку шмат працы — я яго сам замераў, зрабіў лічбавую мадэль, друкаваў на прынтары, пераправяраў. Дый пластык небясплатны. Я выкарыстоўваю якасны пластык з Еўропы. Шпуля пластыку 750г каштуе 60—168 рублёў.

pic_007_logo.jpg

pic_010_logo.jpg

pic_005_1_logo.jpg

pic_011_logo.jpg

Сяргей расказвае натхнёна і зацята, бачна, што ён гарыць сваім заняткам. Дастаўшы з гаўбца пакунак, паказвае вырабы, якія ён друкаваў для сябе альбо для іншых:
— Вось гэта сківіца — падобныя замовілі ў адной з Мінскіх стаматалагічных клінік. Бальшыня ўсёй стаматалогіі, на жаль, робіцца на іншага тыпу 3D-прынтарах, таму нячаста гэтым займаюся.

pic_008_logo.jpg

— У аднаго заказчыка зламаўся штуцэр ад помпы. Такі быў толькі ў Польшчы, а ў яго не было часу ездзіць. Замовіў — я яму надрукаваў.

pic_009_logo.jpg

— Вельмі часта раблю рознага кшталту шасцярні . Ёсць іншыя метады, але метадам 3D-друку можна рабіць складаныя. Менавіта гэтыя былі для нейкай мясарубкі.

pic_012_logo.jpg

— А вось яшчэ такая «Пагоня» захавалася. Рабілася яна хутка — гадзіны чатыры. Залежыць ад таго, якую хуткасць выставіць, якое сапло (тоўстае, тонкае). Такую можна друкаваць за паўгадзіны, можна і за 7 гадзін, але якасць будзе адрознівацца.

pic_013_logo.jpg

— Звычайна пасля друку яшчэ трэба нешта дарабляць: пласкагубцамі, нажом, у некаторых выпадках, часам, бывае і наждачкай, альбо надфілем. Бывала, што яшчэ сам і фарбую. Як напрыклад, трон з фільма «Гульня тронаў».

pic_015_logo.jpg

— Што замаўляюць часцей за ўсе?

Звычайна нейкія дробныя дэталі, у тым ліку для аўтамабіляў. Шасцёрні, заглушкі, заслонкі. Пытаюцца з аўтасервісаў вельмі часта. Раней у мяне бальшыня кліентаў была з Мінску. Яны мне тэлефанавалі, рабілі замову і толькі потым заўважылі, што я не з Мінску: «Ой, вы не з Мінску? А мы ўжо замовілі!» (смяецца). Так на мяне выйшлі стаматолагі. Аднак звычайна людзям прасцей на месцы замаўляць, асабліва тое, што трэба патрымаць у руках, памацаць, улічваючы, што мала хто ведае, як яно працуе і які вынік яны атрымаюць. Даводзіцца шмат размаўляць, пераконваць людзей, кансультаваць, пераказваць…

pic_2_000_logo.jpg

фота з ВК-старонкі вытворчасці
— А якая самая незвычайная замова была?
— Прасілі надрукаваць бампер. Гэта завялікая частка, яе нявыгадна вырабляць на 3D-прынтары. А адзін пазваніў, кажа: «Мой сябра просіць надрукаваць фіджэт-спінер — у форме нацысцкай свастыкі. Я яму адмовіў. І калі папросяць нешта камуністычнае, таксама буду адмаўляць.
— Навошта вам два прынтары?
— Каб больш друкаваць, больш вырабляць. Пара сківіц высокай якасці друкуецца 12 гадзін. Часам проста нешта друкуецца, а тут чалавек тэлефануе, нешта тэрміновае замаўляе — не адмовіш жа яму. І на адным шмат не заробіш.
Па колькасці замоўцаў, канешне, прыватныя асобы перамагаюць. Але па грашах, вядома, юрыдычныя асобы даюць больш. Я працую з усімі. З найбуйнейшых замоўцаў — Gefest, які газавыя пліты робіць. Рабіў дэталі для іх абсталявання. Завод з Вілейкі замаўляў. Таксама мінскія прыватныя фірмы замаўляюць прататыпы корпусаў розных прыладаў і гатовыя да ўжытку дэталі.
— А як з экалагічнасцю? Лічыцца, што маленькія вытворчасці менш уплываюць на навакольнае асяроддзе...
— Хаця гэта і пластык, я абсалютна не лічу, што займаюся нечым шкодным. Палова пластыку, які я ўжываю, абсалютна бясшкодная: магу сядзець каля прынтару, дыхаць — і нічога не будзе. Але не ўсе. Некаторыя трохі шкодныя: праветрыў пакой — ды і ўсё. Акрамя таго, я ж раблю шматразовыя рэчы. Не тое што поліэтыленавы пакет: узяў і выкінуў. А тым, што я раблю, карыстаюцца доўга.
— А што вы робіце з адкідамі? Іх можна збіраць асобна?
— У кантэйнеры для пластыкавых бутэлек я іх не выкідаю, бо ўсё ж не кожны пластык можна туды выкідаць. Дарэчы, ёсць пластык, які, паводле класіфікаці, можна выкарыстоўваць для кантакту з ежай, а ёсць — непажаданы. А ёсць пластык біяраскладальны. З яго таксама друкуюць, і ён — самы распаўсюджаны ў 3D-друку. Такі пластык робяць з цукровага трыснягу і кукурузнага крухмалу. У глебе паляжыць гадоў 5–10, і ад яго нічога не застанецца. Звычайны жа пластык можа і 100 гадоў ляжаць.

pic_006_logo.jpg

Сяргей — прынцыпова беларускамоўны і, па яго словах, ледзь не адзіны беларускамоўны ў горадзе. Па-беларуску аздоблены і сайт яго вытворчасці. Кобрын жа — маленькі горад, прытым даволі зрусіфікаваны. На вуліцах — аўтамабілі з расійскай сімволікай, дый музей Суворава шмат пра што кажа. За кубкам гарбаты Сяргей расказаў нам, як людзі ставяцца да яго беларускамоўнасці.
Адна справа — у горадзе, іншая — у працы. У Кобрыне людзі найчасцей не звяртаюць увагі (альбо робяць выгляд) — і такі варыянт мне найбольш падабаецца. Потым станоўча і зрэдку адмоўна рэагуюць. Людзі, на жаль, не заўсёды вельмі разумныя трапляюцца — здараецца, элементарных словаў не ведаюць. Вось, напрыклад, аднойчы на пошце. Там усталявалі тэрмінал, электронная чарга. Я абіраю беларускую мову, бяру квіток. Пасля мяне да тэрмінала падыходзіць чалавек — і ўжо нічога прачытаць не можа. Мне працаўніцы пошты кажуць: давай пераключай назад. Я кажу: «Не, не буду!»

pic_017_logo.jpg

Такой сімволікі на аўтамабілях, па словах Сяргея, у горадзе вельмі шмат
На працы звычайна ніяк не рэагуюць. Працую больш за два гады — усяго два разы за гэты час мяне папрасілі перайсці на рускую. Агрэсіі не было ніколі. Абодва разы я пагадзіўся, і адзін з гэтых кліентаў у выніку не заплаціў (смяецца). Хаця, дзеля справядлівасці, скажу, што адзін мужык з Кобрына, якому спадабалася, што я размаўляў па-беларуску, таксама не заплаціў.
А ўвогуле я пачаў размаўляць на роднай мове 12 красавіка 2012 года! У гэты дзень перайшоў і запомніў (смяецца). Дзень касманаўтыкі! Хаця вырас у звычайнай рускамоўнай сям'і. Сваю ж сям'ю пакуль не завёў. Каб мець жонку, дзяцей, трэба мець добры фінансавы грунт — бо я ж ужо не юнак — трэба мець адказнасць, самастойнасць. Пакуль майго заробку хапае толькі на сябе, але я спадзяюся выправіць гэтую сітуацыю. .Сяргей кажа, што ўжо прыдбаў у Кобрыне пэўную вядомасць праз свой занятак і спадзяецца, што гэта з часам дасць неабходны плён:
Ёсць людзі, якія ўжо перыядычна звяртаюцца. Усё ж асноўныя кліенты ў мяне — арганізацыі. Нядаўна з’явілася адна кобрынская арганізацыя. Тут, як паўсюль у беларускай правінцыі: банкруцкае прадпрыемства, высмоктвае датацыі, людзі ходзяць на працу пару дзён на тыдзень. І вось адно з такіх было ААТ «Ручайка», займалася вырабам тканіны. Але прызначылі новую дырэктарку, жанчыну — яна талковая, і яны пачалі мадэрнізавацца. У іх вялікія станкі, завадское абсталяванне, відаць, не маглі знайсці нейкія дэталі для яго, і я рабіў ім пластыкавыя дэталі розных формаў: вялікія, маленькія. Яны зараз у мяне рэгулярна замаўляць. Ім зручна, што я кобрынскі.

pic_019_logo.jpg

Падрабязную інфармацыю пра тое, колькі каштуе замова, як яе зрабіць і атрымаць, глядзіце на сайце https://3ddruk.by/