Паўночны Крым: чым небяспечныя кіслотныя выкіды ў Армянску
Экалагічная сітуацыя ў Армянску абвастрылася да мяжы. З горада пачалі вывозіць дзяцей школьнага ўзросту. Але чыноўнікі пазбягаюць слова «эвакуацыя» — кіраўнік урада Крыма Сяргей Аксёнаў кажа пра «вакацыі».
Жыхары Армянску сцвярджаюць, што сітуацыя нашмат больш сур'ёзная, чым яе спрабуюць прадставіць улады. Першыя выкіды невядомага рэчыва ў горадзе зафіксавалі ў ноч з 23 на 24 жніўня. Усяго за адну ноч на платах, дахах дамоў, бытавых прадметах і раслінах з'явіўся налёт з зеленаватым адценнем, а ў паветры — з'едлівы кіслотны пах.
Жыхарка Армянску, былая работніца «Крымскага тытана» Святлана кажа, што цяперашняя сітуацыя для горада беспрэцэдэнтная.
— У першы раз мы адчулі ў паветры нешта незразумелае 24—25 чысла (жніўня — КР). Натуральна, адразу ж пачалі грашыць на завод, і так як у мяне там засталося шмат знаёмых, мы пыталіся ў іх: «Адбылася аварыя?» — «Не, усё працуе ў штатным рэжыме, ніякіх праблем няма». Але з кожным днём станавілася ўсё горш. Калі ў першыя дні быў саладкавы прысмак у роце, то потым з'явіўся рэзкі пах кіслаты. Я пражыла ў Армянску амаль 50 гадоў, з 1969 года, — і ніколі не было, каб на руках, на жалезных паверхнях заставаўся чорны масляністы налёт. Кіслата магла адчувацца на заводзе ці ў Перакопу, калі паварочваўся вецер. Часам даходзіла да Армянску, але не настолькі. У маёй сяброўкі жудасны галаўны боль, у іншай — нейкая дзіўная сып на целе накшталт крапіўніцы.
Аб перавышэнні нормаў шкодных рэчываў паведамілі і ў Дзяржпагранслужбы Украіны. Падчас вымярэння хімічнага складу паветра 3 верасня памежнікі Херсонскага атрада выявілі хімічныя рэчывы ў паветры, паведаміў памочнік кіраўніка ведамства Алег Слабадзян:
«Прыборы паказалі перавышэнне ўтрымання хімічных рэчываў (таксічныя прамысловыя рэчывы). На дадзены момант інфармацыя перададзена мясцовым органам самакіравання, Дзяржаўнай службе надзвычайных сітуацый і ў праваахоўныя органы. Унесены змены ў арганізацыю службы пагранічных нарадаў, памежнікі ў межах кампетэнцыі працягваюць адсочваць абстаноўку», — напісаў ён у Фэйсбуку.
Кіраўнік Чаплінскай раённай дзяржадміністрацыі Аляксандр Бурэйка адзначае, што наступствы выкідаў на «Крымскім тытане» тут адчуваліся і раней.
— Асабліва гэта тычыцца Прысівашша — сяло Першаканстанцінаўка, прычым яшчэ з пачатку працы завода. Сапраўды, недзе на Дзень Незалежнасці выяўляліся сімптомы ў людзей, але так як гэта час ад часу паўтаралася, асаблівага ажыятажу не было. Ён з'явіўся зараз, калі ў СМІ сталі распавядаць аб гэтай падзеі. Такога з кіслотнаназапашвальнікам яшчэ не было. Мы разаслалі ўсім установам факсаграму з рэкамендацыямі. Лепш бы мы ведалі пра гэтую сітуацыю раней — але акупацыйныя ўлады хавалі маштабы бедства. Я лічу, што неабходна ўвесці дзяржаўны маніторынг па некалькіх напрамках у зоне ўплыву завода «Крымскі тытан». Гэта і аналіз паветра, грунту, вады, і медыцынскія абследаванні. І не месяц, і нават не год, а даўжэй — толькі тады мы атрымаем аб'ектыўную карціну.
Хімік-біёлаг Адэскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Мечнікава Уладзіслаў Балінскі распавядае, як падобныя выкіды дзейнічаюць на арганізм чалавека.
— Тут выразна відаць уздзеянне кіслотнага складніку, акісляльніка на металічныя паверхні і так далей. Гэта альбо серны, альбо сярністы ангідрыд. Хутчэй за ўсё, менавіта сярністы. Вядома, яго ўздзеянне небяспечна, ступень шкоды залежыць ад канцэнтрацыі. Дадзенае рэчыва — дастаткова моцны акісляльнік, таму пры канцэнтрацыях вышэй 0,5 міліграма ў кубічным метры паветра яно выклікае сур'ёзныя сімптомы і можа прывесці да шэрагу захворванняў — такіх як запаленні, хімічныя апёкі слізістай абалонкі — і як раз пра гэта кажуць людзі. Калі канцэнтрацыя досыць высокая, магчымы параліч органаў дыхання і смерць. Сярністы ангідрыд — гэта таксама канцераген. Асноўная парада, калі працягваюцца такія выкіды — трэба пакінуць зону паразы ці не выходзіць на вуліцу.
Уладзіслаў Балінскі таксама прапануе ўлічыць, што гэты сярністы газ цяжэйшы за паветра і таму запаўняе западзіны рэльефу і ніжнюю частку памяшканняў.
Уладзіслаў Ленцаў, Крым. Реалии