Адкуль узяць натхненне для інавацый?
Размоў пра інавацыі і тэхналогіі ў Беларусі шмат, але IT-гіганты не спяшаюцца інвеставаць у нашу краіну. Тым не менш, стартапы, зробленыя беларусамі, перабіраюцца на Захад, збіраюць мільёны долараў інвестыцый і робяцца сусветна вядомымі.
Феномен стартапаў — заканамерны вынік сучаснай эканомікі, у якой навукаёмістасць, крэатыўнасць і тэхналагічнасць ёсць галоўнымі маркерамі паспяховасці. Фактычна, стартап — гэта задума, якую пачынае рэалізоўваць група энтузіястаў, адначасова актыўна шукаючы інвестараў, што дапамогуць праекту падняцца і ўзляцець. Сустрэча інтэлекту з капіталам нараджае сусветна вядомыя тэхналогіі і брэнды: iPhone, Tesla, World of Tanks і сотні іншых.
Напярэдадні штогадовай міжнароднай канферэнцыі «Што далей?» (What’s next?) мы вырашылі прыгадаць самыя гучныя беларускія стартапы апошніх гадоў, якія ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі здолелі выправіцца ў далёкае плаванне.
Fabby Look. Стартап 2017 года з Мінску распрацаваў праграмы, якія дазваляюць змяняць колеры фону і аб’ектаў на відэа і фота з дапамогай нейронных сетак. Самае простае практычнае выкарыстанне — змена колеру валасоў на відэа ці фота. Заснавальнікі стартапу «Штучны інтэлект мае значэнне» (AIMatter) Юры Мельнічак і Андрэй Кулік да гэтага працавалі ў Google. Праект здолеў прыцягнуць 2,5 мільёна інвестыцый з венчурных фондаў. У выніку кампанія была набытая тым самым Google. На сёння там каля 25 супрацоўнікаў і тры офісы: у Мінску, Цюрыху і Каліфорніі. У праграм Fabby i Fabby Look — сотні тысяч карыстальнікаў.
Wanlde. Прыкладанне для смартфонаў ад каманды з пяці маладых беларускіх праграмістаў было выпушчана ў ліпені 2018-га. За два гады да гэтага хлопцы перамаглі на конкурсе «Стартап Года». Праграма трапіла на першае месца Google Play сярод бэта-версій, а пасля рэлізу прабілася на галоўную старонку ProductHunt. Праграма аўтаматычна вызначае, дзе ў дадзены момант знаходзіцца ўладальнік смартфона, і, сыходзячы з гэтага, рэгулюе рэжым паведамленняў. Напрыклад, пераходзіць у вібра-рэжым у кінатэатры або не дае турбаваць вас уначы незнаёмаму нумару — затое родныя змогуць дазваніцца. Стартап здолеў прыцягнуць інвестыцыі ад амерыканскага ІТ-холдынгу Солберг Груп.
А вось прыкладанне для смартфону#ButtonSOSнаадварот, дазволіць ужо вам паведаміць родным пра тое, што вы ў небяспецы альбо вам патрэбная дапамога. Націсканнем адной кнопкі вы дасылаеце паведамленні аб трывожнай сітуацыі: напрыклад, вы сталі ахвярай стыхіі альбо трапілі ў аварыю. Акрамя асноўнай функцыі, праграма можа быць выкарыстаная як GPS-трэкер для дзяцей і сталых людзей і не даць ім згубіцца. Лакацыя чалавека вызначаецца з дапамогай маяка, усталяванага ў праграмным модулі, а праз браўзер можна ўбачыць на мапе дакладныя каардынаты зніклага.
Праграма Сяргея Косіка была сярод пераможцаў конкурсу «100 ідэй для Беларусі» напрыканцы 2017 года. А пазней распрацоўшчыкаў запрасілі ў Ізраіль, каб прыстасаваць прыкладанне для дапамогі пацярпелым у тэрактах.
Беларускі стартап FriendlyData, які распрацоўвае тэхналогію працы са складанымі базамі дадзеных праз простыя моўныя інтэрфэйсы, спачатку трапіў у адзін з лепшых акселератараў — каліфарнійскі «Пяцьсот стартапаў» (500 Startups). Сутнасць ідэі ў інтэграцыі простага моўнага інтэрфэйсу ў сістэмы карпаратыўных баз дадзеных. Гэта значыць, што складаныя сістэмы з велізарнымі аб’ёмамі інфармацыі змогуць кіравацца людзьмі без спецыяльных навыкаў.
Яшчэ да гэтага заснавальнік праекту Міхаіл Румянцаў выкладаў на беларускамоўных курсах праграмавання ў стартап-хабе Імагуру (Imaguru) — курсы карысталіся вялікім попытам. Праца на амерыканскага працадаўцу дапамагла істотна палепшыць імідж: «Зараз мы — не група беларускіх хакераў, а кампанія з крэмніевай даліны», — кажа Румянцаў. І інвестары пачалі ўспрымаць іх зусім інакш. Фонд Старта Кэпітал (Starta Capital) інвеставаў у каманду 130 тысяч долараў, а пазней кампанію набыў СервісНау (ServiceNow) — прызнаны лідар у галіне кіравання IT-паслугамі.
Па гэтых прыкладах заўважна, што галоўнымі складнікамі паспяховага стартапу з’яўляюцца новыя тэхналогіі і крэатыўнасць. Нездарма амаль усе сучасныя стартапы заяўляюць пра сябе ў IT-сферы. Акрамя таго, большасць каманд пачынала якраз з удзелу ў конкурсах, публічных і адукацыйных мерапрыемствах. Яно і зразумела: увасобіць ідэю ў рэчаіснасць магчыма толькі ў супрацы з аднадумцамі, апантанымі сваёй сферай інтарэсаў.
Менавіта для такіх людзей і робяцца адмысловыя канферэнцыі, такія, як «What’s next?», якая пройдзе ў Вільні 8–9 лістапада. Арганізатары называюць яе івэнт-хабам па абмене досведам і крыніцай натхнення для крэатыўнай працы для ўсіх, хто звязвае сваю дзейнасць з тэхналогіямі.
На канферэнцыі збяруцца ўдзельнікі з Літвы і Францыі: кіраўнікі інстытутаў, дырэктары IT-бізнесаў і людзі творчых прафесій. Выступаць на «Што далей?» (What’s next?), напрыклад, будзе Нэлі Бен Хайоўн з Францыі, якая кіруе аддзелам працэсаў у ВіТрансфер (WeTransfer) і адначасова з’яўляецца дырэктаркай Міжнароднага касмічнага аркестру (ISO), праектным менеджарам у інстытуце СЕТІ (SETI) (так, гэта той самы інстытут пошуку пазазямнога розуму!), дырэктаркай Інстытуту Андэграўнду, дызайнеркай, аратаркай... На «What’s next?» яна створыць прастору для думак і спрэчак вакол сацыялагічнага ўплыву новых тэхналогій.
Арганізатары «What’s next?» вылучылі тры галоўныя галіны канферэнцыі: інсайты (insigths) — новыя, нікім раней не рэалізаваныя ідэі, якія можна пачарпнуць ад двух дзён стасункаў у інтэлектуальным асяроддзі; навыкі (skills) — воркшопы, на якіх спікеры будуць расказваць, як развіваць саміх сябе для дасягнення неабходнага выніку і як прыкладаць новыя тэхналогіі да ўжо існуючага бізнесу; і сувязі (connections) — «What’s next?» мае на ўвазе нямала нефармальных зносінаў сярод удзельнікаў.
Набыць квіткі на івэнт можна тут, а тут — усё аб івэнце.
Forbes сцвярджае, што 50% стартапаў закрываюцца ў першыя 5 гадоў. А сапраўды прарыўнымі робяцца толькі 1%. Гісторыі беларускіх тэхналагічных напрацовак, якія сталі сусветна вядомымі, паказалі, што весці рэй, прынамсі ў дзелавой сферы, будуць выключна тыя, хто змог накіраваць сваю крэатыўнасць па дарозе, што ў дадзены момант патрэбная рынку.
І хто ведае, калі б канферэнцыі, падобныя «What’s next?», праводзіліся ў Беларусі, то словаспалучэнне «IT-краіна» ўрэшце перасялілася б з саркастычнага гласарыя благасферы ў рэчаіснасць.