Азбука паліталогіі: Пра ролю статыстыкі ў поспехах беларускай мадэлі
Насуперак распаўсюджанаму меркаванню пра існаванне трох відаў хлусні — хлусня звычайная, хлусня нахабная і статыстыка — у беларускім варыянце «дзяржавы для народа» існуе і чацвёрты яе від — адсутнасць статыстыкі.
Няма сумневаў, што ў гэтым чацвёртым відзе хлусні Нацыянальны статыстычны камітэт РБ не мае сабе роўных.
Падмацую сказанае дынамікай колькасці старонак статыстычных штогоднікаў: за 2019 год — 436, за 2020 год — 407 і за 2021-ы — 374.
Здавалася б, па меры развіцця беларускай мадэлі павінна назірацца адваротная дынаміка, бо развіццё немагчыма без дыферэнцыяцыі. Гэта ў часы Пушкіна і Лермантава лекары лячылі і ад мігрэні, і ад запору. Але ў нашы дні акрамя лекараў агульнай практыкі існуе і доўгі спіс вузкіх спецыялістаў — ад акулістаў да гінеколагаў. І працэс дыферэнцыяцыі набірае абароты. Не здзіўлюся, калі праз пару-тройку гадоў сярод ЛОР-лекараў з’явяцца спецыялісты па левым вуху і правай ноздры.
Жыццё, якое няспынна ўскладняецца як на мікра, так і на макраўзроўні, павінна адлюстроўвацца ў статыстыцы. Прынамсі, мне так здаецца. Дык чаму ж гэта ўскладненне Нацыянальны статыстычны камітэт не заўважае?
Пытанне рытарычнае для тых, хто сочыць за «гісторыяй поспеху» Беларускай мадэлі з першага дня яе будаўніцтва. Той, хто сказаў «А», абавязаны вымавіць і «Бэ». Той, што абраў «асаблівы шлях развіцця», абавязаны і са статыстыкай абыходзіцца па-асабліваму.
«Ёсць грошы — лечым, няма грошай — да пабачэння»
Жыхарам Зямлі 2020 год запомніцца надоўга. І не масавымі пратэстамі ў Беларусі, а каронавіруснай інфекцыяй (COVID-19), якая забрала 6,5 мільёнаў жыццяў (даныя Універсітэта Джона Хопкінса на 3 кастрычніка 2022 года).
Беларуская мадэль не была б сама сабой, калі б не пайшла сваім шляхам у барацьбе з пандэміяй. Спачатку каронавірус назвалі няйначай як «псіхозам», а цывілізаваны свет абвясцілі вар’ятамі, дзе «палітыкі ўжо пачалі выкарыстоўваць сітуацыю дзеля сваіх інтарэсаў».
Маніхейскую карціну свету, якая пануе ў галовах тых, хто прымае ў Беларусі рашэнні, эпідэмія папоўніла чарговым сюжэтам: «Тое, што эканамічна гэта ўсё выкарыстоўваецца дзяржавамі, сёння ўжо не аспрэчваецца. Моцныя дзяржавы хочуць знішчыць сваіх канкурэнтаў. Моцныя дзяржавы — такія, напрыклад, як ЗША, Еўрапейскі саюз. Заўсёды патрэбныя рынкі. Таму калі мы спынім свае прадпрыемствы, гэта будзе карысць для іх».
У свеце, у якім «эканамічная вайна ідзе ў сусветным маштабе, і самыя слабыя дзяржавы эканамічна могуць загінуць», COVID-19 — толькі чарговая нагода для ліквідацыі канкурэнтаў.
Беларусь, натуральна, такі шлях адпрэчыла і не толькі не ўвяла каранцін, але абвясціла нашэнне масак у грамадскіх месцах «добраахвотнай справай кожнага чалавека».
Вынік вядомы: «Беларусі ўдалося справіцца з цяжкімі перыядамі пандэміі, як ніводнай іншай дзяржаве».
Міжнародная статыстыка, заснаваная на нацыянальных даных, гэтую выснову пацвярджае: на адзін мільён насельніцтва ў ЗША ад COVID-19 прыйшлося 3 144 смяротных выпадкаў, у Расіі — 2 616, а ў Беларусі — 743!
Прычына больш чым чатырохразовай перавагі беларускай мадэлі над мадэллю амерыканскай не з’яўляецца таямніцай: «Прыватная ўласнасць у ахове здароўя да гэтага прывяла: ёсць грошы — лечым, няма грошай — да пабачэння. Хіба ў нас такое было нават у самыя складаныя часы?»
Не было ў нас такога! Не было!
А далей? Далей — цішыня
А што ў нас было? Адказ на гэтае пытанне статыстычныя штогоднікі сарамліва замоўчваюць.
У 2019 годзе колькасць памерлых ад усіх прычын у Беларусі склала 120 470 чалавек, у тым ліку ад «некаторых інфекцыйных і паразітарных хвароб» — 663 чалавекі. Прайшоў год — і раздзелу «4.2. Натуральны рух насельніцтва», у якім адлюстроўваецца «Нараджальнасць, смяротнасць і натуральны прырост насельніцтва», у штогодніку раптам не аказалася ад слова «зусім». Яшчэ праз год гісторыя паўтарылася.
Ці азначае гэта, што натуральны рух насельніцтва ў рэспубліцы-партызанцы спыніўся? Не ўпэўнены. Хаця, як у народзе кажуць, не пры табе пісана, не пры мне казана. І тут міжволі прыгадваецца Шэкспір, які ўклаў у вусны прынца дацкага наступную сентэнцыю: «Ёсць многае ў свеце, сябар Гарацыа, што і не снілі нашы мудрацы».
На шчасце, улікам ды падлікам нараджэнняў і смерцяў кола абавязкаў калектыву супрацоўнікоў Нацыянальнага статыстычнага камітэта не абмяжоўваецца. Без працы яны не сядзяць.
Як ужо адзначалася вышэй, за два гады статыстычны штогоднік «схуднеў» на 62 старонкі — гэта значыць, страціў 14 працэнтаў ад аб’ёму 2019 года. На раздзел «Прамысловасць» прыйшлося 7 старонак. У прыватнасці, выпала інфармацыя па «вытворчасці асобных відаў транспартных сродкаў». У 2019 годзе гэты раздзел налічваў 9 пазіцый — ад легкавых аўтамабіляў да ровараў.
Не ўдалося адшукаць інфармацыю і пра колькасць вырабленых у краіне трактароў. У 2019 годзе іх было выраблена 48,4 тысячы, што на 8 тысяч больш за 2018 год. Зрэшты, і 2020-ы для працаўнікоў МТЗ склаўся ўдала — яны вырабілі 51,2 тысячы жалезных коней. А далей? А далей, калі зноў звярнуцца па дапамогу да прынца дацкага, «Далей — цішыня (памірае)».
Аптымісты супраць песімістаў
Меў рацыю Карл Маркс: «Усеагульны дух бюракратыі ёсць таямніца, сакрамант. Захаванне гэтай таямніцы забяспечваецца ў яе ўласным асяроддзі яе іерархічнай арганізацыяй, а ў адносінах да знешняга свету — яе замкнёным карпаратыўным характарам».
Насельніцтва Рэспублікі Беларусь для нацыянальнай бюракратыі — знешні свет, у адносінах да якога бюракратыя надзеленая правам, нібы тая казачная хатка на курыных ножках, самастойна вырашаць, якой часткай (задам або перадам) паварочвацца.
Без такога права немагчыма разважаць пра поспехі «замяшчэння прадукцыі замежных вытворцаў, якія спынілі пастаўкі тавараў у Беларусь і Расію». Няпроста было таксама абмяркоўваць і насцеж расчыненыя «вокны магчымасцяў» для беларускіх вытворцаў.
На думку прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі, якую ён выказаў 3 кастрычніка на сустрэчы са сваім калегам у Маскве, «вынікі сведчаць аб правільнасці абранай стратэгіі».
Ацэнка правільнасці / няправільнасці стратэгіі не ў апошнюю чаргу залежыць ад статыстычнага паказчыка, абранага для ацэнкі бягучай сітуацыі. Прэм’ер-міністр аперыруе ростам тавараабароту па выніках года паміж Беларуссю і Расіяй да рэкордных 45 мільярдаў долараў. Аднак гэта не апошні поспех беларускай мадэлі ў 2022 годзе. Як тут не згадаць падзенне ВУП за студзень-жнівень на 4,9%, а апрацоўчай прамысловасці — на 7,5%, скарачэнне інвестыцый у асноўны капітал — на 18,5%!
Свет падзяліўся на аптымістаў і песімістаў не ўчора, дый не заўтра ён ад такога віду падзелу пазбавіцца.