Банкіры ў балаклавах. Чорны валютны рынак у Беларусі

Нацбанк анансаваў магчымую забарону на валюта-абменныя аперацыі ў 2021 годзе. Але, як дэманструе гісторыя Беларусі, любыя абмежаванні і забароны адразу стымулююць узнікненне і распаўсюджанне метадаў іх абыходу. 



vkiyeved0_169115.jpg

Нацбанк Беларусі анансаваў магчымыя меры супрацьстаяння крызісным з’явам у эканоміцы на 2021 год. Банкіры разумеюць, што знешні і ўнутраны фон не абяцаюць нічога добрага. Санкцыі, пандэмія і інвестыцыйны клімат з аднаго боку. «Раптоўнае» павелічэнне дзярждоўгу на 29% за год, зніжэнне золатавалютных рэзерваў на 20% і амаль адсутнасць выхаду з гэтага становішча — з іншага.

Нічога дзіўнага, што камандна-адміністрацыйны апарат пайшоў на падвышэнне падаткаў у спробах выратаваць бюджэт. Але гэта яшчэ не самая сенсацыйная мера.

У справаздачы Нацбанка таксама згадваецца магчымасць зменаў у законы, якія былі ўхваленыя яшчэ летась. У «Зменах законаў па пытаннях валютнага рэгулявання і валютнага кантролю» прадугледжаныя:

— забарона на валютныя і валютна-абменныя аперацыі,

— вызначэнне лімітаў на аперацыі з валютай.

Цалкам імаверна, што пры ўзмацненні дэвальвацыйнага ціску на беларускі рубель Нацбанк можа і замарозіць валютныя рахункі, і забараніць любы абмен валют. І для фізічных, і для юрыдычных асобаў.

Пералік пагроз эканамічнай бяспекі, пры якіх могуць уводзіцца такія абмежаванні, таксама зафіксаваны ў законе. Гэта абставіны, «пры якіх ажыццяўленне мер, накіраваных на паслабленне ці адмену валютных абмежаванняў, можа пацягнуць пагаршэнне эканамічнай і фінансавай сітуацыі ў Беларусі альбо нанесці шкоду інтарэсам бяспекі... і перашкаджаць падтрыманню грамадскага парадку». Акрамя таго, абмежаванні могуць быць прынятыя падчас праблем з плацежным балансам, з прычыны якіх узровень ЗВР можа зваліцца ніжэй за дапушчальны, і пры рэзкіх ваганнях курсу беларускага рубля.

Такім чынам валютны рынак, на думку банкіраў, будзе абаронены ад масавай скупкі валюты грамадзянамі, як гэта адбывалася пад час мінулых дэвальвацый.

Такую меру можна параўнаць з «рознакурсавасцю», якая была ў Беларусі ў 90-я і нулявыя. Што таксама абмяжоўвала магчымасці масавай скупкі валюты грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі.

Чорны рынак і валютчыкі

Галоўны прынцып пабудаванай эканамічнай сістэмы ў Беларусі — неабходнасць праводзіць сістэматычныя дэвальвацыі. Нездарма з 1994 года беларуская валюта перажыла дзве дэнамінацыі.

Гэта значыць, што скачкападобна беларусы страчвалі свае ашчаджэнні, якія фактычна абнуляліся за кошт інфляцыі, дэвальвацый. Асабліва ў часы, калі ў большасці грамадзян не было магчымасці захоўваць свае сродкі дзякуючы набыццю валюты.

Гэта не значыць, што ўдзельнікі камандна-адміністрацыйнай сістэмы таксама страчвалі свае грошы. Менавіта яны мелі магчымасць скупаць валюту па афіцыйным курсе ў часы, калі долары ці еўра шараговыя беларусы маглі набыць толькі на чорным рынку, у валютчыкаў, па завышаных цэнах.

Як дэманструе гісторыя Беларусі, любыя абмежаванні і забароны адразу стымулююць узнікненне і распаўсюджанне метадаў іх абыходу. Чорны рынак існаваў і ў часы «трох курсаў», калі афіцыйна здаваць валюту можна было па заніжаным курсе. А вось набыць — толькі ў валютчыкаў па завышаным (фактычным).

Відавочна, што вялікую частку гэтага бізнесу кантралявалі тыя, хто насамрэч мусіць супрацьстаяць такім з’явішчам у законных межах. Не факт, што найбліжэйшым часам сітуацыя не паўторыцца, але, імаверна, з большым удзелам прадстаўнікоў карнай сістэмы. Якія летась атрымалі фактычную ліцэнзію на любыя дзеянні ад камандна-адміністрацыйнага апарата.

Любыя падзеі заўжды маюць пэўную логіку. Працэсы паўтараюцца. Так, напрыклад, у Польшчы часоў «Салідарнасці» менавіта спецслужбы былі куратарамі валютчыкаў, дзякуючы чаму вялікая колькасць супрацоўнікаў розных карных структур у 80-я назапасіла першапачатковыя капіталы, а потым легалізавала іх ужо ў новай польскай рэчаіснасці. Таму не варта здзіўляцца, калі замест валютчыкаў з 90-х хутка каля абменных пунктаў можна будзе ўбачыць, напрыклад, грамадзянаў у балаклавах.

Аляксей Гайдукевіч, budzma.by