Беларусы не хутка разбагацеюць, каб скупаць валюту

Указ аб адмене продажу валюты па пашпарце кіраўнік Беларусі падпісаў 29 мая, але, калі банкі перастануць патрабаваць дакумент, не вядома.

Вадзім Іосуб, фота Алеся Пілецкага

Вадзім Іосуб, фота Алеся Пілецкага


Продаж валюты па пашпарце ўводзіўся ў якасці абмежавальнай меры ў час валютнага крызісу 2011 года. Цяпер неабходнасць у штучным стрымліванні попыту на валюту знікла ― на валютным рынку прапанова перавышае попыт, ён збалансаваны, а курсы замежных валют зніжаюцца ўжо больш за год. І сэнс у такой абмежавальнай меры як набыццё валюты па пашпарце проста знік. Такое меркаванне ў каментарыі “Еўрарадыё” выказаў старшы аналітык "Альпары" Вадзім Іосуб.
Людзі прадаюць валюты нашмат больш, чым набываюць. Тэндэнцыя гэтая дастаткова ўстойлівая і цягнецца больш за год. На самой справе, тут можна разгледзець і яшчэ адзін падводны камень ― відаць, эканамічныя ўлады разумеюць, што беларусы не хутка разбагацеюць і не хутка вернуцца да аб’ёмнай пакупкі валюты, — адзначае  Вадзім Іосуб.

Апроч жадання штучна стрымаць попыт на замежную валюту, у загада прадаваць яе толькі па пашпарце была і іншая мэта. Такая мера дазваляла падаткавікам адсачыць тых, хто траціў больш, чым яго афіцыйны прыбытак. Толькі, разважае Іосуб, выдаткі на арганізацыю такога фіскальнага кантролю перавысілі выгаду ад яго. І таму цяпер падатковыя органы не супраціўляліся рашэнню Нацбанка прадаваць валюту без пашпарта.

Ва ўказе ёсць адзін важны нюанс: калі сума пакупкі перавышае 100 базавых велічыць ― 23 тысяч рублёў, то ўсё адно неабходна прад’явіць пашпарт, і звесткі пра пакупніка ідуць наўпрост у Дэпартамент фінансавых расследаванняў, папярэджвае Вадзім Іосуб.

Указ аб адмене продажу валюты па пашпарце кіраўнік Беларусі падпісаў 29 мая, але, калі банкі перастануць патрабаваць дакумент, не вядома: Нацбанку даручана ў трохмесячны тэрмін забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з указам “і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі”.

euroradio.fm