Беларусь мае шанец трапіць у Сусветны індэкс канкурэнтаздольнасці

Прапануем вашай увазе выніковы матэрыял з эканамічнай канферэнцы «Стан і шляхі паляпшэння канкурэнтаздольнасці Беларусі», якую правёў сёння Рух "За Свабоду" у межах кампаніі "Народная праграма".



4848a231823b18a71a782cdf59e53685.jpg

Магчымасць патрапіць у рэйтынг канкурэнтаздольнасці можа стаць для Беларусі штуршком для развіцця, лічыць эканаміст, дырэктар Даследчага цэнтра Інстытута прыватызацыі і менеджменту Аляксандр Чубрык.

Па ягоных словах, для шэрагу краінаў, у якіх была перспектыва ўступленне ў Еўразвяз, «якарам» для эканамічных рэформаў стала гэтае ўступленне, у Беларусі такога арыенціру няма, але ёсць іншыя.

«У 2008 годзе была пастаўленая задача трапіць у 30-ку рэйтынга па вядзенню бізнеса. І гэта спрацавала цудоўным якарам. Індэкс канкурэнтаздольнасці — таксама цудоўны якар для беларускай эканоміцы», — адзначыў на канферэнцыі Чубрык.

Беларусь паспрабавала трапіць у рэйтынг канкурэнтаздольнасці (Global Competitiveness Index) два гады таму, але да гэтага часу нашай краіны там няма, заявіў эканаміст, кіраўнік CASE-Belarus Серж Наўродскі.

«Беларусь не прайшла, бо незразумела, ці можа метадалогія стварэння рэйтынгу адэкватна ацэньваць такія дзіўныя краіны, як нашая», — адзначыў ён.

Эксперт патлумачыў, што рэйтынг па канкурэнтаздольнасці складаецца з 1979 года, у яго межах ацэньваюцца 144 краіны па прыкладна 100 паказчыках. Па ягоных словах, калі Беларусь спрабавала трапіць у гэты індэкс, было праведзенае сумеснае з Міністэрствам эканомікі даследаванне, вынікі якога было даволі аптымістычным.

«У 2012 годзе Беларусь магла заняць 63 месца», — заявіў Наўродскі, патлумачыўшы, што даволі нізкае месца звязанае з тым, што даследаванне праводзілася па выніках 2011 года, калі ў краіне была вялікая дэвальвацыя і іншыя негатыўныя эканамічныя працэсы.

Па выніках 2013 года, дадаў эксперт, вынікі Беларусі істотна палепшыліся, і яе месца магло быць 54. Сярод праблемных месцаў нашай эканомікі, якія выявілі даследаванні, ён назваў становішча рынка працы і бізнесу, інфляцыю знешнія пазыкі, становішча банкаўскай сістэмы, сярод плюсаў — параўнальна нізкі ўзровень карупцыі, напаўненне дзяржаўнага бюджэту, фінансавы сектар.

Праз некалькі год Беларусь можа трапіць у рэйтынг, хаця месца можа быць і не такое добрае, бо можа змяніцца метадалогія, заключыў Серж Наўродскі.

 

Чалы: экспарт з Беларусі становіцца ўсё больш простым

Беларусь — краіна з нетыпічнай эканомікай, лічыць эканамічны аналітык Сяргей Чалы. Па ягоных словах, у Беларусі быў працяглы перыяд эканамічнага росту, пры гэтым, зараз яна дэманструе звужэнне экспарту да ўсё меней складанага і канцэнтрацыю экспарту, УВП рос, але пры гэтым кошт экспартнага кошыку заставаўся на тым жа ўзроўні.

«Беларусь не так даўно выглядала ледзь не лідарам у рэгіёне, але прагрэс суседзяў пакінуў нас далёка ззаду», - патлумачыў Чалы.

Па ягоных словах, структурныя змены ў Беларусі ўсё ж адбываюцца, але меншыя, чым у суседзяў, прыкладна на тым жа ўзроўні, што ў Расіі. Такое адчуванне, што «краіна паражоная сыравінным праклёнам», і ў нейкай ступені Беларусь «сапраўды дабывае сыравіну, але ў РФ», дадаў Сяргей Чалы.

З 2007 года назіраецца падзенне замежных інвестыцый у эканоміку Беларусі, адзначыў выкладчык Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэту Мікалай Сіняк. Па ягоных словах, самыя слабыя месцы беларускай эканомікі, якія адзначыў Міжнародны банк, — міжнародны гандаль, неплацежаздольнасць, крэдыты.

Беларускія IT-кампаніі часцей за ўсё працуюць на аўтсортынгу, таму даволі мала прадуктаў, пра якія можна прыгадаць, адзначыў актывіст Руху і супрацоўнік IT-кампаніі Алег Гнятуля, разважаючы пра выкарыстанне IT як нішы для Беларусі.

Сярод вядомых прадуктаў ён назваў праграму для абмена паведамленнямі і званкоў Viber і анлайн-гульню World of Tanks.

 

Юркоў: мадэрнізацыя малочнай прамысловасці не дала нам якаснай прадукцыі

Калі ў вас ёсць грошы, то самы хуткі метад ад іх пазбавіцца — скачкі, самы прыемны — жанчыны і самы верны —сельская гаспадарка, адзначыў актывіст Руху «За Свабоду» Андрэй Юркоў, распавядаючы пра вынікі праграмы па мадэрнізацыі беларускай малочнай прамысловасці. Па ягоных словах, апошнія гады галіна дэманструе стагнацыю. Памылковай ён лічыць будаўніцтва буйных малочна-таварных фермаў, набыццё дарагога замежнага абсталявання.

«Галоўнае праблема — адсутнасць унутранай канкурэнцыі ў галіне. Другое, 6 млн тон малака, якія яна выпускае, — нам столькі не трэба, мы столькі не спажывем. І трэцяе, арыентацыя толькі на расійскі рынак», — адзначыў Юркоў.

Па ягоных словах, у выніку мадэрнізацыі Беларусь не атрымала якаснай прадукцыі і ўстойлівага попыту на яе.

Пра стан эканомікі Босніі распавёў на канферэнцыі баснійскі прадстаўнік Еўрапейскай ініцыятывы па стабільнасці Аднан Чэрымагіч, брытанскі эксперт Георгій Плашчынскі (IHS) патлумачыў прычыны росту эканомікі Польшчы да 2012 году, дактарант Польскай Акадэміі Навук Аляксандр Папко расказаў пра магчымасці развіцця і бар’еры для малога і сярэдняга бізнесу Беларусі.

Рэдактар часопісу IdeaBY Journal Рыгор Астапеня паразважаў пра магчымасці фундаментальнай навукі як драйвера для росту эканомікі, пра фондавы рынак распавёў эканаміст Аляксей Харкевіч, пра вынікі праграмы па мадэрнізацыі дрэваапрацоўкі ў Беларусі Ігар Крэбс.

Падводзячы вынікі канферэнцыі, Юрась Губарэвіч адзначыў, што "напрацоўкі "Народнай праграмы" з'яўляюцца публічнымі і даступнымі ўсім палітычным сілам". "Іх выкарыстоўвалі пад час парламецкіх выбараў 2012, мясцовых - 2014 года. Зараз мы прапануем звярнуцца да іх кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах", - заключыў Юрась Губарэвіч.

pyx.by