Бюджэт: як беларусы будуць жыць у 2022 годзе
Чыноўнікі прэзентавалі афіцыйны прагноз на наступны год. У заявах апаратчыкаў і апублікаваных дакументах ёсць нямала ежы для разважанняў, адзначае сайт banki24.by.
Міністр фінансаў Селіверстаў распавёў, што выплаты па дзярждоўгу за 2022 год запланаваны на ўзроўні 10 млрд рублёў у эквіваленце. У параўнанні з бягучым годам памер плацяжоў вырасце на 2 млрд рублёў. Бюджэт на 2022 год таксама будзе дэфіцытным, а ўсе выдаткі казны, акрамя сацыяльных, у праекце бюджэту планава абмежаваны.
Цікава, што праект бюджэту на 2022 год сфарміраваны зыходзячы з росту эканомікі ўсяго на 0,7 працэнта, а не на 2,9 працэнта, як ва ўказе аб параметрах афіцыйнага прагнозу. Гэта значыць розніца паміж кансерватыўным і мэтавым сцэнарыямі па прыросце ВУП складае 4 разы. Паводле інфармацыі чыноўнікаў, рэальныя даходы беларусаў у 2022 годзе вырастуць на 2%. Для параўнання: за 9 месяцаў 2021 года рэальныя даходы выраслі на 2, 6%.
Спажывецкую інфляцыю чыноўнікі хочуць запаволіць да 6%. Але гэта паказчык снежня 2022-га адносна снежня 2021-га. Гэта значыць, што ў сярэднім па годзе тэмпы росту цэн будуць вышэйшыя. Апошняе добра бачна па праекце паправак у Падатковы кодэкс. Яшчэ ў кастрычніку ў Мінфіне казалі, што індэксацыя ставак падаткаў у беларускіх рублях на прагнозныя тэмпы інфляцыі складзе 7, 2%.
Дэфіцыт бюджэту ў 2022 годзе ўлады чакаюць на ўзроўні 2, 8 млрд рублёў. Прычым даходная частка казны па прагнозах чыноўнікаў вырасце на 6% да 2021 года, а расходная — на 4, 4%. Вышэй указана, што сярэднегадавая інфляцыя ў 2022 годзе чакаецца больш за 6%. З гэтага вынікае, што ў рэальным выражэнні і даходы, і расходы бюджэту скароцяцца да бягучага года. Пазбегнуць змяншэння памераў казны ў параўнанні з 2021 годам можна, калі кан'юнктура для прадпрыемстваў будзе лепшая, чым гэта закладзена ў кансерватыўных ацэнках дзяржапарату.
Згодна з асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2022 год ЗВР Беларусі не павінны апусціцца ніжэй за 7 млрд долараў, а сярэдняя за год стаўка рэфінансавання складзе 9-10% гадавых.
Даведачна: сёння стаўка рэфінансавання ў РБ роўная 9,25%, а афіцыйныя рэзервы на 1 снежня склалі 8,469 млрд долараў. Такім чынам, у наступным годзе Нацбанк дапускае зніжэнне рэзерваў у параўнанні з канцом 2021-га, а стаўка рэфінансавання можа быць як павышана, так і паніжана адносна бягучай велічыні.
Ёсць яшчэ адзін цікавы момант з асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі. Згодна з п. 16 гэтага дакумента, у 2022 годзе будзе забяспечана магчымасць перадачы фінансавай інфармацыі пры валютных аперацыях на тэрыторыі Беларусі "без выкарыстання міжнароднай сістэмы SWIFT".