Буйныя заводы прыцягваюць на працу мігрантаў з Паўночнай Карэі, В'етнама і Таджыкістана

Гэта адбываецца з-за дэфіцыту працоўнай сілы, паведаміў старшыня рэспубліканскай асацыяцыі прамыслоўцаў (БелАПП) Анатоль Харлап.



mihranty1.jpg

«Сёння буйныя заводы, такія як МАЗ, МТЗ, МЗКЦ, заключаюць дамовы з Паўночнай Карэяй, В'етнамам, Таджыкістанам, іншымі краінамі і прымаюць на працу грамадзян гэтых краін. Вядома, так адразу іх да станка не паставіш, але нашы прадпрыемствы плацяць ім пад'ёмныя, даюць інтэрнаты, праводзяць навучанне», - распавёў Анатоль Харлап на пасяджэнні Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры Савеце міністраў, якое прайшло ў чацвер у Мінску.
Ён адзначыў, што праблема недахопу кваліфікаваных рабочых кадраў стаіць востра сёння не толькі ў Беларусі, але і ў цэлым шэрагу краін Еўразвяза, і ў Расіі.
Так, працягнуў Анатоль Харлап, расійскі ўрад дэклараваў праграму развіцця і мадэрнізацыі прамысловасці, у рамках якой у краіне плануецца стварыць больш за 20 тыс. высокакваліфікаваных працоўных месцаў, але кім будуць запоўненыя гэтыя месцы - разумення гэтага пытання няма». У Расіі маюць намер вырашаць гэтую праблему, у тым ліку, і за кошт адкрытай міграцыйнай палітыкі, сказаў кіраўнік БелАПП.
У Беларусі, звярнуў увагу ён, адпаведныя меры былі прынятыя раней, і сёння рэспубліка адкрытая для прыёму кваліфікаваных кадраў. Разам з тым ён адзначыў, што сёння многія праблемы ў расійскім грамадстве, і крымінальная сітуацыя ў прыватнасці, звязаныя з міграцыйнымі праблемамі.
«Дэмаграфічная вайна пагражае і нам. Адкрытая эканоміка будзе і ў нас развівацца. Гэта рэальнасць», - канстатаваў старшыня БелАПП.
Чыноўнікі ўжо заяўлялі пра тое, што колькасць гастарбайтэраў з краін Паўднёва-Усходняй Азіі ў Беларусі расце. Раней генеральны дырэктар ДВА «Мінскбуд» Мікалай Малішэўскі распавёў пра тое, што працоўныя з КНДР будавалі шэраг аб'ектаў у Менску, у тым ліку, новую рэзідэнцыю Лукашэнкі. Паўночнакарэйскія будаўнікі жылі за горадам на спартыўнай базе і кожны дзень працавалі на аб'ектах «Будтрэста №7» і МАПІДа.
«У нас падпісаны пратакол аб намерах запрасіць у Мінск да 500 чалавек з Карэйскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі. Нядаўна да мяне падыходзіў іх прадстаўнік. Кажа, вы занадта мала нам працы даяце. Мы гатовыя працаваць па 12 гадзін у дзень. Не паляць, не п'юць. Дысцыпліна ў іх жалезная», - казаў раней ён.
Практыка прыцягнення рабочых з краін Паўднёва-Усходняй Азіі ўсё шырэй распаўсюджваецца ў Беларусі з-за масавых уцёкаў грамадзян краіны на заробкі за мяжу. Вядома, што многія жыхары краіны з'язджаюць у Расію на сезонныя працы.
interfax.by