Чаму “бульбяная” Беларусь займаецца імпартам бульбы?

Афіцыйныя СМІ паведамляюць, што “нават родную сэрцу бульбу, да свайго сораму, Беларусь прывозіць з 16 краінаў”.



min280c280280_margolin_19.jpg

Эканаміст Леў Марголін адзначае ў гутарцы з карэспандэнтам "Радыё Рацыя", што ў гэтай сітуацыі “ёсць аб’ектыўныя і суб’ектыўныя фактары”.

Леў Марголін: Калі казаць пра аб’ектыўныя фактары такой сітуацыі, то яны ў тым, што частка імпартнай бульбы – гэта раннія сарты, якія завозяцца да нас вясной. А суб’ектыўныя – тое, што ў Беларусі традыцыйным пастаўшчыком бульбы з’яўлялася прыватная гаспадарка. Але ж дзяржава ніякім чынам не дапамагае прыватнікам, а таму з кожным годам сітуацыя толькі пагаршаецца. Яны ўжо не могуць складаць канкурэнцыю бульбе, якую вырасцілі прамысловым метадам у той жа Польшчы ці Галандыі, адкуль мы яе і прывозім. Дарэчы, такая ж сітуацыя не толькі ў канкрэтным выпадку, але і ў іншых галінах народнай гаспадаркі.

РР: Ці маглі б беларускія фермеры вырашыць праблему з імпартам сельскагаспадарчай прадукцыі?

Леў Марголін: Натуральна, калі б у іх былі буйныя гаспадаркі, і дапамагала дзяржава. Але ж яна практычна ўсю дапамогу накіроўвае калгасам. Прыватнікам перападае можа 10 працэнтаў датацый. А калгасы не могуць выкарыстаць грошы належным чынам.

РР: Няма добрага гаспадара?

Леў Марголін: Разумееце, калі грашыма распараджаецца той, каму яны дасталіся вельмі лёгка, хто ў дастатковай ступені не адказвае за гэтыя грошы сваім дабрабытам, то так яны і выкарыстоўваюцця няхайна. А прыватнікі вымушаны канкурыраваць з тымі, хто атрымоўвае датацыі. Барацьба аказваецца няроўнай.

 Беларускае Радыё Рацыя