Эканоміка ліхаманкавага спажывання: Беларусы марнуюць больш, чым зарабляюць

Беларусы разумеюць, што стабільнасць у любы момант можа скончыцца. Тэмпы росту спажывецкага попыту ўжо ў два з паловай разы апярэджваюць тэмпы росту эканомікі. Ці можа гэта скончыцца добра?

_belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__5__logo.jpg

Рост даходаў, стымуляванне эканомікі таннымі грашыма і татальны кантроль коштаў узнялі спажывецкую актыўнасць у Беларусі на рэкордныя вышыні. Беларусы купляюць хутчэй, чым паспяваюць вырабляць. Але і марнуюць больш, чым зарабляюць. Пакупкі ў крэдыт дапамагаюць беларускай эканоміцы расці, але не спрыяюць умацаванню фінансавай стабільнасці, піша выданне «Беларусы і рынак».

Стымуляванне эканамічнага росту таннымі грашыма — гэта лайфхак, да якога ўлады звярталіся рэгулярна. Асабліва рэгулярна — у 2010 годзе, напярэдадні абвалу беларускіх фінансаў. Так што галоўнае адрозненне цяпер — у маштабах. Попыт на прадукцыю амаль меншы, чым вытворчасць. Прынамсі, тэмпы росту спажывецкага попыту ўжо ў два з паловай разы апярэджваюць тэмпы росту эканомікі.

За май рознічны тавараабарот у Беларусі вырас на 12,4%. А ў красавіку яго рост склаў 9,4%. Нельга сказаць, каб гэта было цалкам вынікам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў.

Палітыка ўладаў паўплывала на гэта ў асноўным ускосным чынам. Рост эміграцыі з Беларусі прывёў да недахопу працоўнай сілы. Каб утрымаць работнікаў, якія яшчэ засталіся, прадпрыемствам давялося павышаць заробкі.

Сярэдні заробак у Беларусі за травень павялічыўся на 12,8% у параўнанні з траўнем мінулага года.

Глядзіце таксама

У параўнанні з красавіком заробак павялічыўся на 1,7%. Пры тым што беларуская эканоміка за месяц вырасла на 0,3%. Гэта значыць рост заробкаў у месячным выражэнні абганяў тэмпы эканамічнага росту амаль у шэсць разоў.

Але не заробкам адзіным. Не толькі прадпрыемствы, але і насельніцтва рассмакавала ўсе перавагі танных крэдытаў. Нават Нацбанк прызнаў, што такі высокі ўзровень попыту на крэдыты з боку грамадзян — незвычайная з'ява для беларускай фінансавай сістэмы.

Даўгі насельніцтва перад банкамі на 1 чэрвеня склалі амаль 23 млрд рублёў. У параўнанні з мінулым месяцам яны выраслі на 440 млн рублёў. І больш, чым траціна гэтай запазычанасці — 7,9 млрд рублёў, прыйшлася на спажывецкія крэдыты.

За месяц аб'ём спажывецкіх крэдытаў вырас на 243 млн рублёў. За пяць месяцаў беларусы ўзялі спажывецкіх крэдытаў на 4,83 млрд руб., на 21% больш, чым за пяць месяцаў мінулага года.

Пры гэтым рублёвыя дэпазіты насельніцтва павялічыліся ўсяго на 160 мільёнаў рублёў. Або на 1,7% у параўнанні з красавіком. А валютныя дэпазіты наогул скараціліся на 40 млн долараў.

Беларускія ўлады тлумачаць гэта поспехамі ў дэдаларызацыі эканомікі.

Але насамрэч прырост рублёвых укладаў не кампенсуе адтоку валютных. За мінулы год рублёвыя ўклады павялічыліся прыкладна на 500 мільёнаў долараў, а адток валютных склаў 660 мільёнаў. Гэта значыць, 160 мільёнаў у банкі не вярнуліся.

А змена суадносін паміж рублёвымі і валютнымі ўкладамі з'яўляецца следствам санкцый страты Беларуссю большай часткі заходніх рынкаў.

Беларускія банкі не зацікаўленыя ў тым, каб прыцягваць валютныя дэпазіты — і таму ўстанаўліваюць такія стаўкі па валютных дэпазітах, якія не прыцягваюць, а адпужваюць кліентаў.

А насамрэч, беларусы, калі пачалі больш зарабляць, не сталі адкладаць больш грошай. Беларусы сталі больш траціць. Нашмат больш, чым раней.

Спажывецкая ліхаманка ў краіне дасягнула такіх маштабаў, што яе не ў стане задаволіць нават рост заробкаў, які ў разы пераўзыходзіць тэмпы эканамічнага росту.

Людзі спяшаюцца выдаткоўваць грошы. Людзі спяшаюцца марнаваць больш, чым зарабляюць. І гэта на самай справе лепш любых апытанняў характарызуе ступень веры насельніцтва ў ўстойлівасць цяперашняга эканамічнага росквіту.

Бо калі людзі вераць у тое, што фінансавая стабільнасць будзе доўгай, яны адкладаюць грошы. А калі чакаюць, што стабільнасць у любы момант можа скончыцца, спяшаюцца іх выдаткаваць.

Глядзіце таксама

Як пісаў НЧ, тэмпы росту імпарту ў Беларусі больш чым у два разы абагналі тэмпы росту экспарту. Адмоўнае гандлёвае сальда да траўня вырасла да 150 мільёнаў долараў і кампенсаваць яго няма чым, акрамя бедных рэзерваў Нацбанка.

Не турбуйцеся, што будзе заўтра, калі заўтра не наступіць.

Праект "Вашы грошы" адзначае, што з беларускіх банкаў сыходзяць уклады ў замежнай валюце. Па ўкладах, з якіх нельга ў любы момант зняць грошы (безадзыўных) скарачэнне склала 23% за год — з $2,6 млрд да $2, 0 млрд., а па адзыўных — 6%,  да $0,9 млрд. Таксама характэрна тое, што за першы квартал 2024 адзначаны рост на 1 працэнтны пункт долі ўкладчыкаў-нерэзідэнтаў.