Эканамічны рост за студзень-май 2024 года: заробкі павышаюцца, але яны ўсё адно ніжэйшыя, чым у суседзяў
Вастрыня праблемы кадравага голаду ў Беларусі будзе толькі нарастаць, бо беларускія заробкі аказваюцца ніжэйшымі не толькі чым у суседніх краінах — сябрах ЕС, але і чым у большасці калег па ЕАЭС — у Расіі, Казахстане і Арменіі.

Эканоміка Беларусі за гэты год вырасла. Інфляцыя ў 2024-м па-ранейшаму будзе стрымлівацца адміністрацыйным рэгуляваннем, але рост цэнаў будзе паступова паскарацца, лічыць праект «Вашы грошы».
Эканоміка Беларусі за студзень-май 2024 года вырасла на 5,2%
Паводле даных Белстата, аб'ём валавога ўнутранага прадукту за студзень-май 2024 года ў бягучых цэнах склаў 91,5 млрд рублёў або, у супастаўных цэнах, 105,2% да ўзроўню студзеня – мая 2023 года. Пры тым, што ў цэлым па гэтым годзе за мэтавы арыенцір браўся рост у 3,8%, планка пакуль перавышаецца з запасам.

Па выніках мая 2024 года рост зафіксаваны ва ўсіх рэгіёнах. Гродзенская вобласць узначаліла спіс лідараў з уражлівым вынікам у 8,3%. А найгоршы вынік у Гомельскай вобласці — з паказчыкам +2,4%.
У Мінску майскі рост склаў 5,3%, што крыху вышэй за сярэднія па рэспубліцы паказчыкі. Сталіцу апярэдзіла Мінская вобласць, дзе рост дасягнуў 6,7%.
Эканамічны рост у рэгіянальным разрэзе пакуль выглядае адносна раўнамерным. Відавочных аўтсайдэраў, якія дэманструюць падзенне эканомікі, няма.
Глядзіце таксама

ЕАБР: інфляцыя ў Беларусі захаваецца на ўзроўні 6% у 2024 годзе
Еўразійскі банк развіцця ў абноўленых ацэнках эканомікі Беларусі лічыць, што інфляцыя ў 2024 годзе па-ранейшаму будзе стрымлівацца адміністрацыйным рэгуляваннем. Аднак, на фоне высокага попыту ў эканоміцы, росту заробкаў, які захоўваецца і цяпер, ды паслаблення беларускага рубля рост цэнаў будзе паступова паскарацца.
Эксперты Еўразійскага банка прагназуюць інфляцыю на ўзроўні 6% на канец 2024 года з павышэннем да 6,8 – 7,7% у 2025 — 2026 гадах.

На думку экспертаў ЕАБР, у будучыні ціск на рост цэнаў будзе абумоўлены неабходнасцю аднаўлення фінансавага становішча прадпрыемстваў. Яго хісткасць звязана з тым, што выраслі выдаткамі з-за істотнага павышэння заробкаў у 2023-2024 гадах. Пры гэтым ЕАБР чакае паслаблення цэнавага рэгулявання для ліквідацыі назапашаных раней дысбалансаў.
Банк таксама адзначае, што да нарастання інфляцыі і скарачэння рэальных даходаў насельніцтва можа прывесці паслабленне беларускага рубля.
Сітуацыя будзе пагаршацца абмежаванымі магчымасцямі правядзення контрцыклічнай бюджэтнай палітыкі: дарагія запазычанні на расійскім рынку пры адсутнасці доступу да міжнародных рынкаў капіталу істотна абмяжоўваюць магчымасці прыцягнення знешняга фінансавання.
Глядзіце таксама

Заробкі ў Беларусі, хоць і растуць, але адстаюць ад большасці калег па ЕАЭС
Сярэднямесячная намінальная і рэальная заработная плата ў студзені-сакавіку 2024 года павялічылася ва ўсіх дзяржавах-членах ЕАЭС у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Пры гэтым пры пераліку заробкаў у долары ЗША беларускія заробкі аказваюцца ніжэйшымі, чым у Расіі, Казахстане і Арменіі. Абганяюць яны толькі паказчыкі Кыргызстана, піша your-money.info.

Сярэдняя
намінальная заработная плата за студзень-сакавік 2024 года ў Беларусі склалася
на ўзроўні $ 643. У Арменіі заробкі за першы квартал склалі $702 — на 9% больш.
Адставанне заробкаў у Беларусі ад Казахстана ($849) складае ўжо 32%, хоць годам
раней адставанне было на ўзроўні 19%. Нарэшце, ад расійскіх ($888) заробкі ў
Беларусі цяпер адстаюць на 38%. Тут адставанне трохі скарацілася, у першым квартале
мінулага года яно было 46%.
Беларусь адстае ад іншых краін нават у рамках еўразійскай інтэграцыі. І гэта нягледзячы на моцную напампоўку заробкаў апошнім часам. А значыць, вастрыня праблемы кадравага голаду ў Беларусі будзе толькі нарастаць.
Заробакі ў Беларусі выраслі за год больш чым на 350 рублёў
На 358,1 рублёў павялічылася намінальная налічаная сярэдняя заработная плата ў Беларусі ў маі 2024 года ў параўнанні з маем 2023 года, піша thinktanks.by.
Паводле звестак Белстата, у траўні гэтага года сярэдні заробак у Беларусі склаў 2219,2 рублёў, а ў маі мінулага года ён быў роўны 1861,1 рублю.
Самыя высокія заробкі — у наступных сферах:
- Інфармацыя і сувязь (5342,1 рубля ў маі 2024 года, 5034,7 рублёў у маі 2023 года)
- Фінансавая і страхавая дзейнасць (3289,8 рублёў у маі 2024 года, 2833,1 рубля ў маі 2023 года)
- Прафесійная, навуковая і тэхнічная дзейнасць (2692,2 рубля ў маі 2024 года, 2833,1 рубля ў маі 2023 года)
Самы нізкі сярэдні заробак быў адзначаны ў Магілёўскай вобласці — 1860,3 рублёў у маі 2024 года. Далей ідуць Віцебская (1905,9 рублёў) і Брэсцкая вобласці (1945,6 рублёў).
Самыя высокія заробкі па традыцыі былі зафіксаваныя ў Менску (2940,7 рублёў) і Мінскай вобласці (2254,4 рубля).