Колькі ў Беларусі моладзі і чым яна займаецца?

У Белстаце палічылі, дзе і колькі ў Беларусі жыве моладзі. А яшчэ назвалі ўзрост уступлення ў шлюб і колькасць самазанятых.

Ілюстрацыйны здымак Dimhou / Pixabay.com

Ілюстрацыйны здымак Dimhou / Pixabay.com

Усяго ў Беларусі пражывае 1 628 339 маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 30 гадоў (17,8% ад агульнай колькасці насельніцтва краіны), піша «Люстэрка» са спасылкай на Нацыянальны статыстычны камітэт.

Пры гэтым на тысячу юнакоў у краіне прыпадае ў сярэднім 962 дзяўчыны.

У Мінску пражываюць 394 959 маладых людзей — 24,3% ад агульнай колькасці моладзі. Далей ідуць Мінская (15,4 працэнта), Гомельская (14,5 працэнта), Брэсцкая (14 працэнтаў), Гродзенская і Віцебская (па 10,8 працэнта), а таксама Магілёўская (10,2 працэнта) вобласці. Большасць маладых людзей аддае перавагу жыць у гарадах ці пасёлках гарадскога тыпу (82,7%). Сельскія населеныя пункты ў якасці асноўнага месца жыхарства выбіраюць 17,3 працэнта чалавек.

У 2023-м ва ўзросце да 31 года шлюбны саюз заключылі 32,8 тысячы дзяўчат і 28,7 тысячы юнакоў. Жанчыны аддаюць перавагу ўступаць у шлюб ва ўзросце 21-26 гадоў (59,4%), мужчыны — у 23-28 гадоў (62,1%).

Глядзіце таксама

Толькі 10,3 працэнта моладзі займаюць кіруючую пасаду, калі браць агульную долю кіраўнікоў ва ўзросце ад 15 да 74 гадоў. Усяго занятая моладзь складае 57,2 працэнта. З іх 96,8% — наёмныя работнікі, а астатняя частка — самазанятыя.

Топ-5 сфер дзейнасці для моладзі: паслугі па часовым пражыванні і харчаванні (40,8% ад агульнай колькасці работнікаў у гэтай сферы), інфармацыя і сувязь (32,5%), дзяржаўнае кіраванне (26,9%), аптовая і рознічная гандаль, рамонт аўтамабіляў і матацыклаў (21,7 працэнта), прафесійная, навуковая і тэхнічная дзейнасць (21,5 працэнта).

Як высветлілася, 17,8% моладзі (доля ад агульнай колькасці насельніцтва ва ўзросце ад 15 да 74 гадоў) уцягнутыя ў валанцёрскія рухі: 50,6% дапамагаюць жывёлам, 15% даюць меддапамогу і юрыдычныя кансультацыі, праводзяць неаплатныя заняткі і трэніроўкі, а 8 % добраўпарадкоўваюць і чысцяць тэрыторыі населеных пунктаў.

Маладыя людзі ва ўзросце 14-30 гадоў — актыўныя карыстальнікі інтэрнэту (98,5%). Доля штодзённага выкарыстання амаль стопрацэнтная — 98,9%.