Беларусь трапіла ў ТОП-10 краін па колькасці скасаваных шлюбаў
Даследчыкі Petrelli Previtera склалі спіс з 10 краін з самым высокім узроўнем скасаваных шлюбаў у свеце. Беларусь трапіла ў гэты рэйтынг, заняўшы ў ім шостае месца.
Паводле даследавання, першае месца ў свеце па колькасці разводаў на душу насельніцтва занялі Мальдыўскія выспы, дзе ўзровень разводаў складае 5,5 на 1000 жыхароў. Затым ідуць Казахстан (4,6), тэрыторыя ЗША Гуам (4,3), Расія (3,9) і Малдова (3,8).
Беларусь увайшла ў топ-10, заняўшы ў рэйтынгу шостае месца з 3,7 разводаў на 1000 чалавек.
Сярод фактараў, якія прыводзяць да разводаў у нашай краіне, аналітыкі часцей за ўсё вылучаюць праблемы ў сям'і з-за алкаголю, а таксама жыллёвыя і іншыя пытанні.
«Пры насельніцтве [краіны] у 9,2 мільёна чалавек узровень разводаў у 3,7 можа выклікаць трывогу, — сказана ў каментары даследчыкаў. — У Беларусі лёгкае ўжыванне гарэлкі з'яўляецца часткай культуры, што можа прывесці да алкагалізму і злоўжывання. А такія праблемы, як беспрацоўе, беднасць, хатні гвалт і адсутнасць жылля з-за ўрбанізацыі, руйнуюць шлюбы. Акрамя таго, законы аб разводзе ў Беларусі простыя. Напрыклад, развод па ўзаемнай згодзе можа быць ухвалены на працягу аднаго-двух месяцаў, пры ўмове, што ў ім няма непаўналетніх дзяцей або маёмасных спрэчак. І паколькі ў сучаснай Беларусі развод не выклікае асаблівай стыгматызацыі, пары разводзяцца часта».
Расія заняла чацвёртае месца з паказчыкам 3,9 разводу на 1 тысячу чалавек. Найбольш распаўсюджаныя прычыны — алкагалізм, фінансавыя праблемы, адсутнасць паразумення паміж мужам і жонкай і здрады.
Таксама з суседніх да Беларусі краін у рэйтынг увайшла Літва і заняла дзявятае месца з паказчыкам 2,8 разводу на 1000 насельніцтва. Эксперты адзначаюць, што гэтая еўрапейская краіна перажыла сур'ёзныя палітычныя і эканамічныя змены з моманту здабыцця незалежнасці ад Савецкага Саюза.
Паводле свежых звестак Белстата, за 2023 год у Беларусі было зарэгістравана 56044 шлюбы і 33962 разводы. Колькасць шлюбаў апынулася амаль на 1000 менш, чым годам раней: у 2022 годзе была створана 57901 сям'я.
У той час, як колькасць шлюбаў прыкметна знізілася, то колькасць разводаў практычна не змянілася: у мінулым годзе развялося ўсяго на 18 пар менш, чым годам раней. Такім чынам на 1000 пар, пабраўшыхся шлюбам, прыйшлося 606 разводаў, тады як у 2022-м гэты паказчык складаў 587.
Статыстыка разводаў па працягласці шлюбу сведчыць пра тое, што ў першы год сямейнага жыцця беларусы і беларускі разводзяцца рэдка (3,2% ад колькасці разводаў за 2023 год). Больш за ўсё разводаў здараецца на другім-пятым годзе шлюбу (25%) і асабліва на шостым-дзесятым годзе (26,1%). На пары з 10-14 гадамі шлюбу за плячыма прыходзіцца 18,6% разводаў.
Пражыўшы 15-19 гадоў, людзі разводзіліся ўжо значна радзей — доля такіх пар 11,7%. А вось пасля 20 гадоў сумеснага жыцця зноў з'яўляецца больш жадаючых вызваліцца ад шлюбных повязяў — 15,5% ад усіх разведзеных.
Сярод разведзеных больш за ўсё было пар, якія не маюць дзяцей (41,1%). На сем'і з адным дзіцем прыйшлося 36,9% разводаў, з двума дзецьмі — 21,9%.
Паводле BGmedia