Гародніна і садавіна супраць афіцыйных паказнікаў інфляцыі
«Замарозка цэнаў» часам дае збоі. Нягледзячы на тое, што рост цэн у нас ужо доўгі час «забаронены», іншым разам яго прарывае. І прарывае такімі лічбамі, што з жахам думаеш пра тое, якой мае быць сапраўдная інфляцыя, без гэтай «замарозкі».
Белстат і Нацбанк надаюць асобную ўвагу коштам на садавіна-агароднінную прадукцыю. Па-першае, гэта важна з улікам таго, што беларусы ці не палову заробку аддаюць на прадукты. А па-другое, цэны на садавіну і гародніну маюць ярка выяўленую сезоннасць, якую трэба ўлічваць, ацэньваючы агульны ўзровень інфляцыі ў эканоміцы, тлумачыць тэлеграм-канал «Вашы грошы».
Паводле звестак Нацбанка, у красавіку 2024 года цэны на садавіна-агароднінную прадукцыю былі на 12,5% вышэйшыя за леташнія. Месяцам раней прырост такіх коштаў быў менш уяўным: +9,7%.
Да красавіка мінулага года мацней за ўсё падаражэлі часнык (+63,2%) і капуста (+50,8%). Таксама істотна даражэй сталі буракі (+37,6%), яблыкі (+28,2%), морква (+20,1%) і памідоры (+12,8%). Затое патаннелі бульба (-15,9%) і цыбуля (-13,3%).
Такім чынам, тэмпы росту коштаў на садавіна-агароднінную прадукцыю ў гэтым годзе досыць высокія. Гэта адзін з фактараў, які падштурхоўвае агульную інфляцыю ў краіне.
У цэлым жа па эканоміцы цэны працягваюць стрымліваць адміністрацыйна. Дзякуючы гэтаму агульны ўзровень гадавой інфляцыі цяпер ацэньваецца афіцыйнай статыстыкай у 5,6%.
Атрымліваецца, што гародніна і садавіна даражэла прыкладна ў 2,2 разы хутчэй, чым усё астатняе.
Між іншым, эксперты Еўразійскага банку развіцця ў абноўленых ацэнках эканомікі Беларусі прагназуюць, што інфляцыя ў 2024 годзе па-ранейшаму будзе стрымлівацца адміністрацыйным рэгуляваннем. Аднак, на фоне высокага попыту ў эканоміцы, росту заробкаў, які захоўваецца, і паслаблення беларускага рубля рост коштаў будзе паступова паскарацца. Эксперты банка прагназуюць інфляцыю на ўзроўні 6% на канец 2024 года з павышэннем да 6,8-7,7% у 2025-2026 гадах.
На думку экспертаў ЕАБР, у будучыні ціск на рост коштаў будзе абумоўлены неабходнасцю аднаўлення фінансавага становішча прадпрыемстваў. Яго хісткасць звязана з выдаткамі, якія выраслі з-за істотнага павышэння заробкаў у 2023-2024 гадах. Пры гэтым ЕАБР чакае некаторага паслаблення цэнавага рэгулявання для ліквідацыі назапашаных раней дысбалансаў.
Банк таксама адзначае, што да нарастання інфляцыі і скарачэння рэальных даходаў насельніцтва можа прывесці паслабленне беларускага рубля. Сітуацыя будзе пагаршацца абмежаванымі магчымасцямі правядзення контрцыклічнай бюджэтнай палітыкі: дарагія запазычанні на расійскім рынку пры адсутнасці доступу да міжнародных рынкаў капіталу істотна абмяжоўваюць магчымасці прыцягнення знешняга фінансавання.
То-бок, эксперты прагназуюць павышэнне росту коштаў нават у сітуацыі іх «замарозкі». А што будзе, калі існуючая эканамічная мадэль абрынецца, і цэны зноў будзе дыктаваць рынак?