Эканоміка пры Лукашэнку: працяглы спад і стагнацыя. Гэта найлепшы сцэнар

Эканаміст Зміцер Крук апісвае некалькі сцэнароў развіцця эканамічнай сітуацыі ў Беларусі ў інтэрв'ю Радыё Свабода.

fcbd6a2eaeecde5a3c9c0d93f4a8f420.jpg

— Наколькі глыбока можа ўпасці беларуская эканоміка ў 2020 годзе з улікам другой хвалі каранавірусу і палітычнага крызісу?

— Важна акрэсліць перспектыву, якую мы аналізуем. Калі казаць толькі пра 2020 год, то тут на першы план сапраўды выходзяць наступствы COVID і палітычны крызіс. Пытанне толькі ў тым, наколькі глыбока і як хутка знізяцца даходы людзей.

Калі цяперашняя ўлада будзе захоўваецца, то гэта кірунак на доўгатэрміновую дэпрэсію. У такім разе самым аптымістычным сцэнаром будзе працяглы спад, а потым стагнацыя.

— Палітычны крызіс таксама можа залежаць ад падзеяў у эканоміцы, калі, напрыклад, у выніку спаду ўзроўню жыцця ці спынення нейкіх прадпрыемстваў могуць пачацца страйкі на заводах. Наколькі імаверна, што гэта можа адбыцца ўжо ў найбліжэйшыя месяцы?

— Самы імаверны варыянт — будзе працягвацца і паглыбляцца паступовае падзенне. Вельмі магчыма, што гэта будзе праяўляцца ў значным і істотным пагаршэнні фінансавага становішча прадпрыемстваў, найперш дзяржаўных. У другім квартале, на піку эпідэміі COVID, дзяржаўная палітыка звялася да таго, каб усімі сродкамі падтрымліваць аб’ёмы вытворчасці, нягледзячы на зніжэнне попыту. І гэта прывяло да таго, што фінансавыя паказнікі прадпрыемстваў пачалі вельмі істотна ціснуць на бягучую дзейнасць.

А цяпер да гэтага дадаліся праблемы, звязаныя з палітычным крызісам. У канцы жніўня — пачатку верасня зявілася моцная напружанасць на фінансавым рынку. І ўлады проста перанакіравалі назапашаныя праблемы на банкі, каб тыя гасілі іх уласнымі сіламі, і ў рэальную эканоміку, на прадпрыемствы. Прадпрыемствы, якія і так былі ў цяжкім фінансавым становішчы, зараз сутыкнуцца з шэрагам новых выклікаў — немагчымасцю перакрэдытавання, няздольнасцю выконваць свае абавязкі ў заробках.

Таму зараз ключавое пытанне — наколькі хутка будзе паглыбляцца эканамічны і фінансавы спад, ці здолеюць прадпрыемствы захоўваць і аб’ёмы вытворчасці і жыццяздольнае фінансавае становішча.

— У выніку рэпрэсіяў улада пазбавіла сябе магчымасці знайсці фінансавыя і інвэстыцыйныя рэсурсы на Захадзе. Наколькі гэты чыннік істотны, ці, як любіць сцьвярджаць дзяржаўная прапаганда, гэта мала на што ўплывае?

— Гэта вельмі істотна. Банкі ў канцы жніўня часткова стабілізавалі становішча на валютным рынку, залучаючы замежныя рэсурсы. Хутчэй за ўсё, гэта былі рэсурсы з Расеі. Але тэндэнцыя адтоку дэпазытаў захоўваецца, таму банкам трэба залучаць новыя грошы. Ці гатовыя расейскія банкі зноў і зноў даваць гэтыя грошы? Вельмі сумнеўна. Але іншых альтэрнатываў для Беларусі сёння ўжо няма.

Другая праблема — гэта неабходнасць бюджэту ў новых пазыках. Бо ўпершыню за доўгі перыяд мы сутыкаемся з бюджэтным дэфіцытам. Пакуль Міністэрства фінансаў заяўляе, што мае назапашаныя сродкі з мінулых гадоў, але з вялікай імавернасцю ў выніку гэтага году большая частка гэтых сродкаў будзе растрачаная.

— Пачала працу сэсія Палаты прадстаўнікоў, якая мае, акрамя ўсяго, разгледзець бюджэт на наступны год. Сярод іншых лічбаў прагучала, што будуць павялічаныя выдаткі на сілавыя структуры. Ці гэта азначае, што ўлада бярэ курс на мілітарызацыю эканомікі?

— Можна адназначна сказаць, што ў цэлым павелічэнне выдаткаў на што б ні было немагчымае пры відавочным скарачэнні даходаў у краіне. Рост выдаткаў — гэта рост дэфіцыту бюджэту, чаго дзяржава зараз дазволіць сабе не можа, бо гэта і рост рызыкі інфляцыі і фінансавага крызісу. Калі дзяржава вырашыць павялічыць выдаткі на сілавыя ведамствы, то гэта азначае, што будуць памяншацца расходы на іншыя галіны. Гэта могуць быць капітальныя выдаткі, то бок фінансаванне школаў, шпіталёў, дарог. І гэта могуць быць сацыяльныя расходы — заробкі, пенсіі, сацыяльныя выплаты.

— Каго найперш можа тычыцца скарачэнне выдаткаў? Бо рашэнне павялічыць выдаткі на сілавыя структуры — яўна не эканамічнае, гэта палітычнае і ідэалагічнае рашэнне.

— Я мяркую, найбольш імаверны варыянт — будзе замарожаны рост заробкаў у бюджэтнай сфэры. У мінулыя гады, калі ўзнікала неабходнасць эканоміі, то ўлады зніжалі капітальныя выдаткі. У першым паўгодздзі яны былі павялічаныя, таму ў другой палове году відавочна будуць зменшаныя, адбудзецца абмежаванне ўнутраных інвэстыцыяў у будаўніцтва, рамонт і гэтак далей.

— Вы апісалі даволі “аптымістычны” варыянт — павольнае падзенне эканомікі і даходаў. Але ж існуе і больш нэгатыўная вэрсія развіцця падзеяў — рэзкі імклівы спад. З улікам свядомых паводзінаў значнай часткі беларусаў, якія забіраюць свае грошы з банкаў і байкатуюць тавары беларускіх вытворцаў, звязаных з уладай. Ці такія паводзіны могуць рэальна паўплываць на эканамічны стан гэтых прадпрыемстваў?

— Могуць паўплываць вельмі істотна і значна. Пытанне ў тым, як хутка. Так, вы маеце рацыю: я пакуль апісаў больш “аптымістычны” сцэнар мяккага падзення. Але пытанне ў тым, што яно можа адбывацца хутка і глыбока. У кожны момант сітуацыя на фінансавым рынку можа змяніццца даволі хутка, літаральна за некалькі дзён.

Напрыклад, нейкае буйное прадпрыемства аказваецца не ў стане выконваць свае абавязкі ці то перад банкамі, ці то перад супрацоўнікамі. А банк і так мае праблему адтоку дэпазытаў насельніцтва. Зараз назапашаныя банкамі і прадпрыемствамі даўгі маюць вялікі патэнцыял для фінансавых стрэсаў. У крытычнай сітуацыі можа быць дадзены палітычны загад надрукаваць грошы.

— І ўсё-такі — як у лічбах можа выглядаць “песімістычны” варыянт? “Аптымістычны” — гэта відаць, падзенне на 3-4 працэнты ў выніках году?

— Пагаршэнне эканамічнай сітуацыі будзе праяўляцца праз падзенне рэальных даходаў, падзенне ВУП, рост даўгоў (толькі за 8 месяцаў сёлета дзяржаўны доўг вырас на 29 працэнтаў). Улады будуць усяляк імкнуцца не вяртацца да практыкі дэвальвацыі і высокай інфляцыі, таму хутчэй будуць зніжацца даходы. Мяркую, зніжэнне будзе да 10 працэнтаў. Урэшце, калі сітуацыя з COVID у Беларусі і свеце пойдзе таксама паводле самага кепскага сцэнару — то падзенне можа быць і большым.