Эксперты: Падатак на дармаедства варта адмяніць

Сацыяльны збор на фінансаванне дзяржаўных расходаў, які да 15 лістапада павінны выплаціць асобы, прызнаныя дзяржавай дармаедамі, варта найбліжэйшым часам адмяніць. Такое меркаванне выказалі БелаПАН эксперты, каментуючы эфектыўнасць збірання гэтага падатку.

original_3.jpg

Сацыяльны збор на фінансаванне дзяржаўных расходаў у памеры 20 базавых велічынь (у эквіваленце прыкладна 200 долараў) спаганяецца сёлета ўпершыню. Яго павінны выплаціць асобы, якія не працавалі ў 2015 годзе больш за шэсць месяцаў і таму не ўдзельнічалі як падаткаплацельшчыкі ў фінансаванні дзяржрасходаў. Аднак, як лічаць эканамісты, з-за новага падатку могуць пацярпець неабароненыя слаі насельніцтва.


"У 2016 годзе з-за пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў краіне попыт на працоўную сілу знізіўся, — адзначыў у каментары БелаПАН дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык. — Таму людзі ў цяперашніх рэаліях могуць застацца без працы не з-за таго, што яны не хочуць працаваць, а з-за змены сітуацыі на рынку працы. Сёння прыярытэтная для дзяржавы задача павінна заключацца ў стварэнні эканамічных умоў для развіцця прыватнага бізнесу, узнікнення новых працоўных месцаў, а не ў барацьбе з дармаедствам".


Эксперты сумняваюцца ў тым, што спецыяльны збор у дачыненні да дармаедаў акупляе выдаткі дзяржавы па яго збіранні. "Паведамленні на выплату гэтага падатку накіраваныя 50 тысячам чалавек, але, верагодна, заплацяць збор далёка не ўсё: у адных выпадках выявіцца, што чалавек не жыве па месцы прапіскі, у іншых — што ў яго няма грошай, трэція будуць яго аспрэчваць. Таму з фінансавага пункта гледжання будзе шмат пытанняў, наколькі гэты збор акупіць расходы дзяржавы па яго збіранні", — лічыць вядучы даследчык Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.


Пры гэтым, дадала яна, станоўчага эфекту на рынку працы ад барацьбы дзяржавы з дармаедствам не відаць. "Выхаваўчы эфект ад гэтага збору не дасягнуты — занятасць у эканоміцы за час дзеяння дэкрэта аб дармаедах скарацілася. Таму складана казаць, што меры, прынятыя ў гэтым кірунку, былі эфектыўнымі".


Дэкрэт, згодна з якім грамадзяне, што не працуюць у годзе больш за шэсць месяцаў, павінны выплаціць сацыяльны збор на фінансаванне дзяржаўных расходаў, быў прыняты ў красавіку 2015 года. У канцы кастрычніка гэтага года Міністэрства па падатках і зборах (МПЗ) паведаміла, што паведамленні на выплату сацыяльнага збору накіраваныя 50 тысячам чалавек.


Грамадзянская кампанія "Гавары праўду" ў кастрычніку запытвала ў МПЗ інфармацыю аб расходах, панесеных дзяржавай на адміністраванне гэтага падатку, аднак падатковае ведамства адмовілася даць гэтыя звесткі, спаслаўшыся на іх канфідэнцыйнасць.


Дзмітрый Заяц, БелаПАН