Еўрапейскія авіякампаніі прадаюць квіткі ў Мінск і з Мінска. Але гэта не значыць, што рэйсы адбудуцца
Некаторыя еўрапейскія авіякампаніі ўжо прадаюць квіткі на палёты ў Мінск і з Мінска. Да прыкладу, на сайце нямецкай «Lufthansa» можна купіць квіткі на рэйс «Мінск-Франкфурт», пачынаючы з 21 верасня, а на рэйс «Франкфурт-Мінск» — з 22 верасня. Польская авіякампанія «LOT» прадае квіткі «Варшава-Мінск» і «Мінск-Варшава» на кастрычнік.
«Радыё Свабода» звярнулася да авіякампаній з пытаннем, ці значыць гэта, што ў гэтыя даты ўжо не будзе дзейнічаць забарона Еўрапейскага Саюза на палёты ў Беларусь.
Прадстаўнікі «LOT» адказалі, што цяпер у іх запланаваны «зімовы расклад палётаў», у якім ёсць рэйсы ў Мінск. «Аднак імавернасць далейшага спынення палётаў будзе вызначацца дзеючымі абмежаваннямі. У такім выпадку пасажыры будуць мець магчымасць вярнуць квіткі без дадатковых выплат за рэзервацыю».
Прадстаўнікі кампаніі «Lufthansa» далі такі адказ: «Усе авіялініі "Lufthansa Group" пазбягаюць беларускай паветранай прасторы ад канца траўня 2021 года і выкарыстоўваюць альтэрнатыўныя маршруты палётаў. "Lufthansa" таксама прыпыніла рэйс "Франкфурт-Мінск". Мы ў шчыльным узаемадзеянні з нямецкімі і еўрапейскімі ўладамі ў гэтай сувязі. Робячы гэта, мы ўвесь час сочым за апошнімі падзеямі і паступова прыстасоўваем расклад нашых палётаў адпаведным чынам».
На пачатку чэрвеня Еўрапейскі Саюз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЕС, а таксама доступ да аэрапортаў ЕС усім беларускім авіякампаніям. У заяве Еўрапейскай рады тлумачылася, што гэтае рашэнне вынікае з ранейшых высноў, калі кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў ЕС «жорстка асудзілі незаконнае прымусовае прызямленне 23 траўня ў Мінску рэйса "Ryanair", што паставіла пад пагрозу авіяцыйную бяспеку». У высновах таксама асуджалася затрыманне журналіста Рамана Пратасевіча і Соф'і Сапега, якія ляцелі гэтым рэйсам.
2 чэрвеня Агенцтва авіяцыйнай бяспекі Еўрасаюза (EASA) выпусціла дырэктыву, у якой заклікала ўлады дзяржаў EASA абавязаць нацыянальных авіяперавозчыкаў пазбягаць паветранай прасторы Беларусі.
Міжнародная асацыяцыя паветранага транспарту (IATA), якая да таго асудзіла дзеянні кіраўніцтва Беларусі ў інцыдэнце з самалётам «Ryanair» і заклікала да правядзення незалежнага расследавання, раскрытыкавала і дырэктыву EASA, назваўшы яе «палітызацыяй авіяцыйнай бяспекі».
«EASA павінна адмяніць сваю забарону і дазволіць авіякампаніям кіраваць бяспекай, як яны гэта робяць кожны дзень — з дапамогай нармальных ацэнак аперацыйных рызык», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту.
«Палітыка ніколі не павінна ўмешвацца ў бяспечную эксплуатацыю самалётаў, а палітыкі не павінны выкарыстоўваць авіяцыйную бяспеку як прыкрыццё для рэалізацыі палітычных ці дыпламатычных праграм», — заявіў Уілі Уолш, генеральны дырэктар IATA.
Мэта дырэктывы EASA, якую прынялі пасля кансультацый з асобнымі краінамі і Еўракамісіяй, — «зменшыць патэнцыйную рызыку для пасажыраў і экіпажаў, якая можа паўстаць у выніку дзеянняў у гэтай паветранай прасторы».
Тлумачылася, што дырэктыва выклікана інцыдэнтам з прымусовай пасадкай у Мінску самалёта ірландскай авіякампаніі «Ryanair» 23 траўня.
«Пакуль міжнароднае расследаванне не высветліць усе абставіны, EASA мае асцярогі датычна таго, ці можа беларуская паветраная прастора лічыцца бяспечнай для цывільных палётаў міжнароднай супольнасці, бо няма поўнай упэўненасці ў здольнасці цяперашніх беларускіх улад кіраваць паветранай прасторай у адпаведнасці з міжнароднымі пагадненнямі», — гаварылася ў дырэктыве.