Гарматы замест масла. Як планавалі рэспубліканскі бюджэт, і што з гэтага атрымалася

Аналізуючы, як урад абыходзіцца з бюджэтам, важна ведаць, наколькі планы сышліся з рэальнай сітуацыяй: як супалі з задуманым першапачаткова артыкулы даходаў і выдаткаў. Гэта, сярод іншага, паказвае ўзровень прафесіяналізму тых, хто складаў план.

Малюнак з krasivoe-foto.ru

Малюнак з krasivoe-foto.ru

Эканамісты праекту «Кошт урада» вырашылі параўнаць пажаданні беларускага ўрада на 2022 год з рэчаіснасцю і паспрабавалі зразумець, наколькі рэалістычна чыноўнікі глядзелі на стан рэчаў.

Першае, што кідаецца ў вочы — планаваць ва ўрада атрымліваецца вельмі дрэнна. Хтосьці скажа, што праблема ў тым, што краіну пастаянна скалынаюць палітычныя і эканамічныя крызісы, але ж задача нармальнага ўрада якраз і заключаецца ў тым, каб адны крызісы не дапускаць, а іншыя — прадбачыць і рыхтавацца да іх загадзя. Улічваючы, што практычна па ўсіх артыкулах бюджэту ёсць значныя зрухі ў «плюс» або ў «мінус», ствараецца ўражанне, што ў пачатку года чыноўнікі абсалютна не ўяўлялі, чым ён скончыцца.

Цяпер пра дэталі. Як бачна на графіку, фактычныя даходы бюджэту аказаліся на 2,9% вышэй плана (было запланавана 27,8 млрд, а па факце атрымалася 28,6 млрд), а выдаткі перасягнулі чаканні яшчэ мацней, на 6,4% (меркавалі, што яны складуць 30,7 млрд, а аказалася 32,6 млрд).

У выніку дэфіцыт бюджэту быў вышэйшы за план на 40,6%, павялічыўшыся з 2,8 млрд да 4 млрд — і гэта вельмі непрыемнае «непападанне».

2023_354_5_114_1366x1366.webp

Што атрымалася з даходамі? Асноўная частка папаўнення рэспубліканскага бюджэту — падаткі. Яны былі ніжэй за план на 1,3% (22,4 млрд замест 22,7 млрд). На графіку падаецца, што змянілася ўсё не моцна, але насамрэч ёсць істотныя разыходжанні. У прыватнасці, на 20% ніжэй чаканняў былі паступленні з падатку на прыбытак, што прама паказвае: эфектыўнасць дзяржпрадпрыемстваў і прыватнага бізнесу агулам падае.

Больш за тое, для выпраўлення сітуацыі ў падатковыя паступленні рэспубліканскага бюджэту была ўзятая частка падаходных падаткаў фізічных асоб — раней гэтыя грошы заўсёды ішлі толькі ў мясцовы бюджэт. У рэспубліканскі бюджэт 2022 года асобным распараджэннем былі залічаны звышпланавыя паступленні падаходнага падатку з бюджэту Мінска.

«Дзірку», якая з'явілася ў выніку недабраных падаткаў, спрабавалі перакрыць непадатковымі даходамі і бязвыплатнымі паступленнямі. Атрымалася. Удалося сабраць на мільярд рублёў больш непадатковых паступленняў (адзначым, што значная іх частка — павялічаныя мытныя зборы, якія павялічыліся дзякуючы «прапампоўцы» паралельнага імпарту ў Расію) і прыцягнуць на 200 млн больш бязвыплатных паступленняў, для чаго давялося дадаткова пераразмеркаваць на карысць рэспубліканскага бюджэту частку сродкаў з бюджэту Мінска.

А што з выдаткамі? Аднаго погляду дастаткова, каб зразумець, што адбылося: пацярпела сацыяльная палітыка (мінус 1,6%), адукацыя (мінус 8,1%), культура і фізкультура (мінус 4,5%). Пры гэтым выдаткі «на СМІ», чытай — прапагандыстаў, у гэтай катэгорыі, наадварот, выраслі. Моцна пацярпела ахова здароўя, якая недаатрымала 9,5% ад запланаванага бюджэту.

Калі грошы забралі з адной купкі, то куды ж іх пераклалі? На 30% больш выдаткавалі на нацыянальную эканоміку (на падтрыманне ілюзіі жыцця ў зомбі-прадпрыемствах патрабуецца ўсё больш рэсурсаў). На 3,4% выраслі выдаткі на суды і праваахоўную дзейнасць. На 26,3% павялічылі фінансаванне войска (мілітарызм цяпер у трэндзе).

Нагадаем, што мы гаворым толькі пра рэспубліканскі бюджэт. Ільвіную долю «сацыялкі» пакрываюць мясцовыя бюджэты, у той час як выдаткі, напрыклад, на «абарону» краіны, ідуць толькі з рэспубліканскага.

Пад сітуацыю, якая склалася ідэальна кладзецца лозунг «гарматы замест масла!», які Герман Герынг агучыў у 1935 годзе. І гэта — вельмі сумнае і трывожнае параўнанне.

Глядзіце таксама