Імпартазамяшчэнне не працуе. Беларусы не «купляюць беларускае»
Доля беларускіх тавараў у продажах арганізацый гандлю ўпала на 9-гадовы мінімум. Пра гэта сведчаць афіцыйныя даныя.
У красавіку ўлады падсумавалі 1 квартал 2022 года. Згодна з Белстатам, рознічны тавараабарот арганізацый гандлю за тры месяцы склаў 13,3 млрд BYN. Пры гэтым продажы тавараў беларускай вытворчасці дасягнулі 7,8 млрд BYN. Удзельная вага беларускай прадукцыі ў тавараабароце скарацілася да 58,2%, пішуць banki24.by.
Доля айчынных тавараў у продажах стала самай нізкай, калі параўноўваць яе з аналагічнымі паказчыкамі ў 1 квартале 2013-2021 гадоў. Глядзіце самі: у 2013 годзе ўдзельная вага беларускай прадукцыі дасягала 70,9%. Затым у 2014 годзе яна ўпала да 69,4%, у 2015-м — да 68,9%, у 2016-м — да 65,7%, у 2017-м — да 65,3%, у 2018-м — да 63,1%, у 2019-м — да 61,7%, у 2020-м — да 59,3%, у 2021-м — да 58,5%.
На працягу 9 гадоў вага айчынных тавараў у продажах пастаянна памяншалася. Гэта адбывалася нягледзячы на заявы чыноўнікаў пра актыўнае імпартазамяшчэнне на спажывецкім рынку. У цэлым за названы перыяд доля айчынных тавараў скарацілася на 12,7 працэнтных пункты.
Па прынятай у краіне класіфікацыі тавары бываюць харчовымі і нехарчовымі. У першую катэгорыю ўваходзяць харчовыя прадукты, напоі і тытунёвыя вырабы, у другую — астатнія тавары. У абедзвюх таварных групах ідзе памяншэнне долі беларускай прадукцыі.
Аднак па таварах нехарчовай групы гэта адбываецца хутчэй, і ў дадзенай катэгорыі айчынныя вытворцы саступілі галоўнае месца на рынку. За 2013-2022 гады ўдзельная вага беларускіх харчовых тавараў у продажах рытэйла звалілася з 82,2% да 76,1%. Паралельна з гэтым па нехарчовай групе тавараў доля айчыннай прадукцыі скарацілася з 55,2% да 38,9%.