Інстытут эканомікі лічыць некарэктнымі размовы пра дэфолт Беларусі

Дырэктар Інстытута эканомікі НАН Васіль Гурскі лічыць размовы пра дэфолт Беларусі некарэктнымі. Пра гэта ён заявіў у «Галоўным эфіры» беларускага тэлебачання.

_hroszy___bank___infljacyja___depazit__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg


«Рэспубліка Беларусь заўсёды адказна падыходзіла да забеспячэння свайго знешняга доўгу і расплочвалася па бягучых плацяжах. Гаварыць тут пра дэфолт мне здаецца некарэктным зусім. Ёсць шмат еўрапейскіх краін, у якіх праблемы са знешнім доўгам значна большыя, чым у Рэспублікі Беларусь, і, тым не менш, на іх не звяртаюць увагі», — сказаў ён.
Гурскі дадаў, што яго заўсёды здзіўляла увага да беларускага дзярждоўгу, бо цяпер нават сукупны знешні доўг краіны не перавышае 60% ВУП. Ён прывёў прыклад ЗША і Іспаніі, у якіх дзярждоўг большы за 100% ВУП, а таксама Японію, дзе дзярждоўг складае каля 250% ВУП.
«Гэта значыць, калі мы гаворым пра вялікі знешні дзярждоўг, то неабходна супастаўляць велічыні», — сказаў ён.
Трэба адзначыць, што пры гэтым дырэктар Інстытута эканомікі не згадаў, што знешні доўг ЗША і Іспаніі намінаваны ў нацыянальных валютах, у той час, як большая частка беларускага знешняга доўгу намінаваная ў замежнай валюце.
Васіль Гурскі таксама пракаментаваў рэйтынгавыя дзеянні міжнародных рэйтынгавых агенцтваў. За апошнія паўгода яны змянілі прагноз па суверэнных крэдытных рэйтынгах Беларусі са стабільнага на негатыўны, самі рэйтынгі былі пастаўленыя на перагляд, праўда, у выніку былі пацверджаныя на ранейшым узроўні. Гурскі лічыць, што дзеянні рэйтынгавых агенцтваў заснаваныя не на аналізе стану плацежаздольнасці Беларусі, а на суб'ектыўных крытэрах: у прыватнасці, ім не падабаюцца эканамічныя стратэгіі краіны.
«Шмат у чым ацэнкі міжнародных рэйтынгавых агенцтваў носяць суб'ектыўны характар. Вядома, што шмат каму ў свеце не падабаецца наша незалежная пазіцыя — як у дачыненні да антыкавідных мер, так і ў дачыненні да многіх іншых, эканамічных стратэгій, якія праводзіць Рэспубліка Беларусь. На жаль, гэтыя рэйтынгі ўсур'ёз успрымаюць інвестары. І, вядома ж, ацэнкі міжнародных рэйтынгавых агенцтваў могуць значна паўплываць на прывабнасць той ці іншай краіны для міжнародных інвестараў. У той жа час, асноўныя інвестары для Рэспублікі Беларусь — гэта Расійская Федэрацыя, Кітай, якія не так моцна звяртаюць увагу на міжнародныя рэйтынгі, таму што было шмат выпадкаў, калі яны самі пакутавалі ад гэтай суб'ектыўнай пазіцыі заходніх рэйтынгавых агенцтваў», — сказаў дырэктар Інстытута эканомікі.
reform.by