Як «камуналка» перакроіла сямейны бюджэт беларусаў
Сярэднестатыстычная беларуская сям'я стала выдаткоўваць яшчэ менш грошай на бытавыя пакупкі і забавы.
Паводле дадзеных Белстата, ў 2016 годзе сярэднестатыстычная беларуская сям'я выдаткоўвала 39% сваіх грошай на прадукты харчавання, крыху менш за 8% — куплю адзення і абутку, а таксама каля 7% — на камунальныя паслугі.
Прычым, у параўнанні з мінулым годам жыхары краіны сталі марнаваць меншую частку сваіх грошай на пакупкі адзення і абутку, бытавой тэхнікі, культуру і адпачынак. У той жа час павялічыліся выдаткі на «камуналку», паслугі сувязі і ахову здароўя.
Пра што кажа такая статыстыка?
Іосуб: З пункту гледжання даходаў насельніцтва, усё стабільна дрэнна
На думку старэйшага аналітыка кампаніі «Альпары» Вадзіма Іосуба, найбольшую занепакоенасць у гэтай сітуацыі выклікае доля выдаткаў на прадукты харчавання, якая застаецца высокай ўжо не першы год.
— Гэтая лічба з'яўляецца паказчыкам беднасці краіны, — адзначае ён. — Чым вышэй гэты працэнт, тым бядней краіна. Калі ў развітых краінах гэта ад 10 да 20%, то ў самых бедных гэтая лічба вышэй за 50%.
Па словах эксперта, калі ў Беларусі сярэдняя сям'я траціць на харчаванне 39%, то можна зрабіць выснову, што ўзровень жыцця тут значна бліжэй да бедных краін, чым да багатых.
— Гэта паказвае што, з пункту гледжання даходаў насельніцтва, у нас усё стабільна дрэнна, — заўважае ён.
Вадзім Іосуб нагадвае, што выдаткі на камуналку ў апошні час адчувальна выраслі — бо было не толькі 5-даляравае павышэнне квартплаты ў пачатку года, але і далейшы рост асобных тарыфаў.
— У перспектыве ёсць сэнс чакаць, што доля выдаткаў на «камуналку» будзе павялічвацца, а доля выдаткаў на прадукты харчавання, як мінімум, застанецца на цяперашнім узроўні. Акрамя ўсяго іншага, працягнуць скарачацца выдаткі на тавары працяглага карыстання, культуру, паходы ў рэстараны, — сказаў старэйшы аналітык «Альпары».
Кавалкін: Да размоў пра падвышэнне тарыфаў яшчэ вернуцца
Кіраўнік праекта «Кошта урада» Уладзімір Кавалкін лічыць, што ва ўмовах, калі заробкі не растуць, а камунальныя тарыфы павялічваюцца, такая сітуацыя выглядае прадказальнай і відавочнай.
— Людзі пачынаюць адмаўляцца ад прадметаў «не першай неабходнасці», — тлумачыць ён. — І тыя пяць даляраў павышэння тарыфаў, пра якія ідзе гаворка ў Беларусі, усё роўна людзям трэба дзесьці ўзяць. Прычым, кожны месяц. А ўзяць іх яны могуць — толькі зэканоміўшы на чымсці адным.
На думку эканаміста, сітуацыя з сямейнымі фінансамі будзе пагаршацца і ў будучыні, калі ўрад рэалізуе свае планы па давядзенню пакрыцця насельніцтвам паслуг ЖКГ да 100% ад іх рынкавага кошту:
— Да размоў пра падвышэнне тарыфаў яшчэ вернуцца, таму што грошай у бюджэце няма — адпаведна, трэба неяк пакрываць выдаткі або іх скарачаць. Адзін са спосабаў — гэта пакрыць іх за кошт поўнага кошту камуналкі. Хутчэй за ўсё, такую тэндэнцыю мы можам убачыць і далей.
Каментуючы той факт, што беларусы, паводле статыстыкі, марнуюць больш за траціну свайго бюджэту на прадукты харчавання, эканаміст заўважае, што ў Беларусі былі гады і горай.
— У канцы 90-х і пачатку нулявых людзі трацілі да 50-60% асабістага даходу на прадукты харчавання. Так што нашаму ўраду яшчэ ёсць куды імкнуцца, заганяючы эканоміку ў крызіс, заўважыў Уладзімір Кавалкін.
Паводле zautra.by