Як палешукі навучыліся рабіць патэльні для замежжа

Трактары, тэлевізары, камп’ютэрныя праграмы. Менавіта так у масавым разуменні паўстае айчынная вытворчасць, над якой беларусы ўсё больш іранізуюць, чым успрымаюць усур’ез. І ў гэтым бязлітасным падыходзе есць свая праўда, але хапае і выключэнняў.

057.jpg


Адзін з іх — гэта лунінецкі завод «Вікторыя», дзе з канца дзевяностых гадоў вырабляюць посуд для мясцовых і замежных спажыўцоў. «Новы Час» з’ездзіў на Палессе, каб на ўласныя вочы пабачыць, як беларусы льюць з метала патэльні і каструлі.

Ні табе іскраў, ні дыму

Лунінецкі завод — сапраўдны сямейны бізнес. Яго стварыў жыхар Магілёва Юры Плаксін, здавалася б, на зыходзе карʼеры — у пяцьдзясят гадоў. Адпрацаваўшы ўсё жыццё інжынерам на ліцейных прадпрыемствах, ён запусціў сваю невялікую мікравытворчасць, якая за дваццаць гадоў разраслася ў правінцыйным горадзе да некалькіх сотняў працаўнікоў і вытворчых цэхаў на 7000 квадратных метраў.


Праца тут пачынаецца з закупкі алюмінія. У прасторным светлым цэху працаўнікі заліваюць расплаўлены метал у формы — ні табе іскраў, ні дыму. У памяшканні вельмі цёпла, але не душна, як магло б быць. Тут працуе 11 плавільных печаў, ад якіх зыходзіць ладнае цеплавое выпраменьванне, якое ўзімку выкарыстоўваецца для абагравання складскіх памяшканняў.

041_1.jpg


Але вернемся да вытворчасці. Для посуду выкарыстоўваецца так званы харчовы алюміній — найбольш чыстая ад прымешкаў сыравіна. З гэтым металам звязаны адзін з самых устойлівых мітаў, маўляў, гэта шкоднае рэчыва. Гэта справядліва часткова: шкодным зʼяўляецца «брудны» алюміній, і калі посуд зроблена з такога, разбурэнне антыпрыгарнага пакрыцця сапраўды небяспечна пры падрыхтоўцы ежы. У нашым выпадку драпіны на патэльні не пашкодзяць здароўю.

090.jpg


Кожная гатовая партыя правяраецца на адпаведнасць гігіенічным нормам. Адбраковок апошнім часам амаль не бывае, за мінулы год, па словах дырэктара, была толькі адна. У сілу спецыфікі вытворчасць кругласутачная — печы гасяцца толькі ўлетку на прафілактычныя працы. Гэта заўсёды адбываецца ў чэрвені, калі ў Лунінцы пачынаецца «клубнічная пара» — людзі збіраюць ягады і вязуць іх на продаж. Тады на Палессі амаль ніхто не працуе, мясцовыя жыхары самі ператвараюцца ў прадпрымальнікаў.

Гандлёвыя войны

Адным з выпрабаванняў для палескіх пасудастваральнікаў стала задача навучыцца наносіць антыпрыгарнае пакрыццё ўласнымі сіламі. Увесь бізнес фабрыкі раней падзяляўся на дзве вялікія часткі: каля мільёна нарыхтовак у год аддавалася на расійскія прадпрыемствы, якія затым наносілі пакрыццё і прадавалі посуд пад сваймі брэндамі. На астатняе пакрыццё наносілі па замове і вярталі ў Лунінец, дзе адбывалася далейшая зборка, упакоўка і адпраўка ў гандлёвыя сеткі. Гэты працэс было няпроста кантраляваць: якасць пакрыцця часцяком пакідала жадаць лепшага.


Паставіць сваю лінію нанясення антыпрыгарнага пакрыцця атрымалася не адразу. Некалькі разоў прадпрымальнік назапашваў сродкі, але ў планы ўмешваліся дэвальвацыйныя працэсы. У пазамінулым годзе, нарэшце, атрымалася — цяпер цыкл вытворчасці посуду ў Лунінцы зʼяўляецца поўным, ад закупкі сыравіны да ўпакоўкі.
Акрамя пытання пафарбоўкі, супрацьстаянне з расіянамі надалей працягваецца — яны пастаўляюць на беларускі рынак звыштанны штампованы посуд. Штампоўка — максімальна танны спосаб вытворчасці, які дазваляе істотна эканоміць на сыравіне і зніжаць кошт, але якасць посуду рэзка падае.

031.jpg


Тым не менш, прадпрыемства, па словах дырэктара, мае выручку ў год 4 млн долараў. У мінулым годзе толькі 40% прыйшлося на экспартны складнік. На «Вікторыі» маюць намер прадаваць за мяжу 80 адсоткаў посуду, прычым не толькі ў Расію. Раней туды адпраўлялі на экспарт 70-80% прадукцыі, цяпер будзем рабіць гэта пад сваім уласным брэндам.
«Пасля таго, як упершыню паўдзельнічалі ў спецыялізаванай выставе ў Маскве, не паспяваем заказы выконваць. Прычым пашырылі геаграфію — пачынаем пастаўкі ў Арменію, Азербайджан, Заходнюю Еўропу», — кажа Юры Плаксін.

081_2.jpg


Цяпер на «Вікторыі» асвоена вытворчасць і посуду для індукцыйных пліт. Уладальнікі лічаць гэты кірунак вельмі перспектыўным, але ўкараніць новы падыход было няпроста: для адаптацыі алюмініевага посуду неабходна ўстаўляць у яго дно ферамагнітных дыск. Але нягледзячы на цяжкасці, палешукі глядзяць у будучыню з надзеяй на поспех.
Фота з архіву прадпрыемства