Якія перспектывы ў беларускага рубля?

Ад пачатку года беларускі рубель кінуўся ў танцы. Што пацвярджае шматлікія прагнозы: нічога светлага і стабільнага 2016 год беларускаму абывацелю не нясе. 



valiuta2.jpg

Курс беларускага рубля то абвальваецца на неверагодныя працэнты, то зноў ускоквае, нібы ўджалены. Што ж чакаць нашаму няшчаснаму рублю далей? Ці можна мроіць пра хоць нейкую стабільнасць айчыннай валюты? Звернемся да экспертаў.

Аналітык «Ліберальнага клуба» Антон Болтачка лічыць, што не правільна цяпер звяртаць увагу на кароткатэрміновыя ваганні беларускага рубля. Сёння ёсць магчымасці меркаваць, што беларускі рубель будзе губляць сваю вагу цягам бягучага года. Але, кажа суразмоўца, пра гэта сведчылі і беларускія ўлады. «З іншага боку, тая валацільнасць, якую мы назіраем, ёсць вынікам таго, што існуюць праблемы не столькі з курсаўтварэннем, колькі з эканомікай, якая так рэзка рэагуе як на знешнія, так і на ўнутраныя чыннікі», — адзначае Болтачка.

У сваю чаргу, старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іасуб увязвае перспектывы айчыннай валюты з дынамікай коштаў на нафту і з курсам расійскага рубля. Пік падзення беларускага рубля супаў са зніжэннем кошту на нафту маркі «Brent» да 27 долараў за барэль, пасля чаго нафта «адыграла» да 32 долараў за «бочку». На тле росту коштаў на нафту ўмацоўваўся і расійскі рубель, канстатуе эксперт, таму рос і беларускі рубель.

Тут варта нагадаць, што наш рубель прывязаны да кошыка валют, дзе еўра і долар маюць па 30%, а расійская валюта — 40%, таму апошняя мае большы ўплыў на курс.

«Казаць пра далейшую дынаміку дастаткова цяжка, бо і надалей яна будзе залежаць ад дынамікі коштаў на нафту. Ёсць адчуванне, што нафта ўжо зараз блізу свайго дна, яна наўрад ці ўпадзе ніжэй за 27–25 долараў за барэль. Хаця і прычынаў для росту коштаў на нафту пакуль няма, — лічыць эканаміст. — Верагодна, што ў сярэднетэрміновай перспектыве расійскі рубель застанецца на прыблізна цяперашніх узроўнях, таму без нейкай яскрава выражанай дынамікі застанецца і рубель беларускі».

Аднак, не выключае Вадзім Іасуб, калі нафта або скокне ўверх, або, наадварот, абваліцца, прычым істотна, лёс беларускага рубля можа быць зусім іншы.

Замежныя эксперты выказваюць меркаванне, што кошты на нафту сёння ў літаральным сэнсе залежаць ад надвор’я ў ЗША, якія фактычна замяло снегам на ўсходнім узбярэжжы Атлантыкі, уключна з Вашынгтонам і Нью-Ёркам.

«Гэта кароткатэрміновы надвор’евы чыннік, які можа павялічыць попыт на нафту ў ЗША, але ён наўрад ці штосьці істотна мяняе ў сусветным балансе нафты. Само па сабе надвор’е ў ЗША не можа развярнуць доўгатэрміновы трэнд падзення коштаў на нафту, які цягнецца ад 2014 года, да іх росту. Больш за тое, шматлікія гульцы на нафтавым рынку працяглы час наўмысна гулялі на зніжэнне коштаў на «чорнае золата», цяпер яны атрымалі істотныя прафіты і пачынаюць іх фіксаваць, яны пачынаюць адмаўляцца ад здзелак на паніжэнне коштаў, што і прывяло да «адскоку» нафты», — канстатуе старшы аналітык «Альпары».

Ён дадае, што галоўным чыннікам сёння на рынку з’яўляецца перавага прапановы нафты над яе попытам. «Гэты чыннік застаецца ў сіле, і казаць пра нейкі разварот трэнду яшчэ пакуль вельмі рана», — мяркуе эксперт.

Але ў абменных пунктах Беларусі не назіраецца людскіх натоўпаў, якія набываюць валюту. На думку Антона Болтачкі, у насельніцтва больш няма грошай, каб іх мяняць на валюту ў ранейшых памерах. «Памеры прыбыткаў людзей, па сутнасці, скарацілі памер той увагі, які беларусы надаюць курсу нацыянальнай валюты. Хаця за змяненнямі сочаць, бо разумеюць, што гэта ў той ці іншай меры адлюстроўвае іх пакупніцкую здольнасць на тле іншых краінаў», — адзначае эксперт.

А ці варта зараз беларусам пасля ўсяго, што адбылося і адбываецца, так ужо хвалявацца наконт курсаў валют?

Антон Болтачка мяркуе, што гэта залежыць ад стратэгіі кожнага асобнага чалавека. «Калі ёсць някепскія прыбыткі, высокія памеры зберажэнняў, то, натуральна, варта прапрацоўваць пэўную стратэгію. Але калі вы атрымліваеце сярэдні заробак і ваша норма зберажэнняў даволі нізкая, як у сярэднім па краіне, то тут хвалявацца асабліва не трэба. Але доўгатэрміновыя зберажэнні варта ўсё ж рабіць у больш моцнай валюце. Аднак у бягучых момантах, якія мы назіраем апошні тыдзень, нічога занадта страшнага пакуль няма», — падсумаваў эксперт «Ліберальнага клуба».