У Расіі свіны грып. Загінула ўжо 107 чалавек
Міністэрства аховы здароўя РФ паведаміла аб колькасці ахвяр успышкі грыпу ў Расіі. Па звестках ведамства на 27 студзеня загінулі больш за 100 чалавек. Тым часам паступаюць дадзеныя аб новых ахвярах віруса.

Як паведаміла кіраўнік Міністэрства аховы здароўя РФ Вераніка Скварцова, «на ўчорашні дзень 107 чалавек (памерлі ад грыпу), з іх чатыры — цяжарныя жанчыны, восем дзяцей».
Міністр падкрэсліла, што «ўсе да аднаго» памерлыя не былі прышчэплены ад грыпу і, як правіла, позна звярнуліся да ўрача. Большасць былі заражаныя вірусам А (Н1N1).
Паводле прагнозу Скварцовай, эпідэмія грыпу ў Расіі пойдзе на спад праз паўтара тыдня і цалкам скончыцца ў канцы лютага. «Гэты тыдзень і наступны — яны пікавыя», — сказала кіраўнік ведамства. Таксама Скварцова паведаміла, што «ў рэгіёнах доля свінога грыпу складае ад 75 да 95 працэнтаў, а астатнія два штамы істотна лягчэшыя, і іх заразнасць у два разы ніжэй, чым у свінога грыпу».
Між тым эпідэмія грыпу ўносіць усё больш чалавечых жыццяў. Першы выпадак смерці зафіксаваны ў Хабараўскам краі. Двое чалавек у Саратаўскай вобласці памерлі ад свінога грыпу. Між тым стала вядома, што ў рэгіёнах Паўночна-Заходняй федэральнай акругі ад віруса A (H1N1) загінулі ўжо звыш 30 чалавек. Усе школы Калінінграда закрылі на карантын.
Паводле newsru.com