Якую цану заплоцяць беларусы за крэдыты МВФ?
Ці выканала Беларусь «хатняе заданне» ад Міжнароднага валютнага фонду?
Місія Фонду прыбыла ў панядзелак і будзе працаваць у краіне да канца верасня.
Верагодна, прадстаўнікі МВФ маюць намер абмеркаваць з беларускімі чыноўнікамі пачатак новай праграмы супрацоўніцтва, якая можа забяспечыць Беларусі крэдыт на 3 мільярды даляраў. Ці ўдасца беларускім уладам выглядаць пераканаўча ў вачах патэнцыйных крэдытораў?
Жаліба: Зрухі ў перамовах магчымыя хіба што па палітычных прычынах
Як заўважае доктар эканамічных навук Барыс Жаліба, па вялікім рахунку, з умоў, якія ставіў не толькі МВФ, але і Еўразійскі банк, беларускім уладам мала што ўдалося выканаць.
— Тое, што зрабіць было лёгка — фактычна за кошт дабрабыту народа, то яны зрабілі, — падкрэслівае эксперт. — Сюды можна аднесці павышэнне пенсійнага ўзросту, хоць фонд нават гэтага не патрабаваў. Паскоранымі тэмпамі сталі павышацца тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі, транспарт... А што тычыцца глыбокіх структурных рэформаў, то нічога так і не было зроблена.
Эканаміст нагадвае, што эксперты МВФ ужо даўно прапануюць беларускім уладам задумацца аб прыватызацыі, памяншэнні прысутнасці дзяржавы ў эканоміцы, змене кіравання дзяржпрадпрыемствамі, але такія ініцыятывы падтрымкі ў Беларусі пакуль не знайшлі.
— Думаю, што гэта чарговая дзяжурная місія, — кажа Барыс Жаліба. — І выснова будзе такая, што «трэба яшчэ працаваць». Зрухі ў перамовах магчымыя хіба што па палітычных прычынах, бо адносіны Беларусі з Захадам у апошні час крыху палепшыліся.
У той жа час эксперт не выключае, што на нейкія саступкі беларускія ўлады ўсё ж вырашацца пайсці.
— Ёсць такая верагоднасць, так як папросту жыццё прымушае гэта зрабіць, — лічыць эканаміст. — Пагаршэння сітуацыі ў эканоміцы пагражае палітычным ўстоям улады — і гэта можа падштурхнуць яе на больш рашучыя крокі.
Іосуб: Беларусь спачатку павінна прадэманстраваць прыхільнасць рэформам
Старэйшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб бачыць парадокс у тым, што ніякага асаблівага «хатняга задання» з боку МВФ для Беларусі пакуль не было.
— Пры ўзаемадзеянні з Фондам важна выкананне сумеснай праграмы, пад якую вылучаецца фінансаванне — і гэтай праграмы ў Беларусі з МВФ як не было, так і няма, — заўважае ён.
Тлумачыцца гэта тым, што МВФ ужо апёкся, маючы справу з Беларуссю ў 2009-2010 гадах.
— Тады была падпісана праграма і выдзелены грошы, але з боку Беларусі гэтая праграма была выканана вельмі і вельмі часткова. Зараз падыход такі: спачатку Беларусь павінна прадэманстраваць прыхільнасць рэформам, зрабіць крокі, якія беларускі бок не можа потым хутка адыграць назад, калі будуць атрыманыя грошы.
Па словах эксперта, аб пажаданнях Фонду беларускае грамадства і эксперты ведаюць толькі ў агульных рысах.
— Так, ёсць патрабаванне падняць кошт паслуг ЖКГ і грамадскага транспарту да ўзроўню поўнага пакрыцця выдаткаў. Але ёсць і пытанні — а якімі тэмпамі гэта павінна адбывацца, як лічыць гэтыя выдаткі? Ёсць агульныя падыходы па рэструктурызацыі, якая, у сваю чаргу, закранае пытанні банкруцтва, прыватызацыі прадпрыемстваў. Таксама раней паднімаўся пласт праблем, звязаных з неэфектыўнай дзяржаўнай уласнасцю — якая яе частка стратная, якім цяжарам гэта кладзецца на бюджэт?
Многія з гэтых пытанняў як раз і могуць быць абгавораныя ў будучай праграме, калі місіі ўсё ж такі ўдасца знайсці кропкі судакранання з беларускімі ўладамі.
— Я думаю, што выйсці на канкрэтную праграму зараз па выніках візіту не атрымаецца. Магчыма, бакі змогуць хоць бы зблізіць пазіцыі, — спадзяецца Вадзім Іосуб.
Паводле Заўтра тваёй краіны