Калі чэргі — гэта добра

Пасля таго, як пачалі дзейнічаць санкцыі ЕС у дачыненні да беларускіх і расійскіх аўтаперавозчыкаў, чэргі грузавікоў на беларускай мяжы цудоўным чынам рассмакталіся. Аднак радавацца, на самай справе, тут няма чаму.

7f86232b62ee01a33107f7ed13146d44.jpg


З 9 красавіка беларускім і расійскім фурам забаронена ўязджаць на тэрыторыю Еўрасаюза. Па дадзеных на раніцу 12 красавіка чэргі грузавікоў на выезд з Беларусі ў краіны ЕС практычна зніклі. Паводле звестак ДПК, у пункце пропуску «Катлоўка» чакалі выезду 250 машын, а ў «Беняконях» — 50. Учора на той жа час чарга на выезд у Літву складала каля 650 машын. Пры гэтым за суткі перад «Каменным логам» не засталося чэргаў з грузавікоў.

Чаму гэта дрэнна? Таму што транзіт быў адным з важных складнікаў у бюджэце краіны. Пры гэтым, ён прыносіў Беларусі выключна «плюс». Калі, напрыклад, таварны экспарт за межы Беларусі моцна залежаў ад сальда, то сфера паслуг, у якую ўваходзіў і транзіт, была цалкам станоўчай.

Напрыклад, у 2021 годзе ў нас здарыўся «экспартны цуд». Але ўсё роўна Беларусь нагандлявала ў мінус 0,8 млрд долараў: гэта значыць, за мяжой мы купілі (выдаткавалі валюты) на 0,8 млрд долараў больш, чым прадалі туды сваёй прадукцыі. Зазвычай жа гэтае «адмоўнае сальда знешняга гандлю» складала некалькі мільярдаў долараў на год.

Але гэтыя адсутныя 0,8 млрд долараў трэба было аднекуль браць. І нас ратавала «сфера паслуг» — грузаперавозкі, транзіт і іншае. Менавіта экспарт паслуг быў той сферай, дзе мы маглі зарабляць, і зарабляць нядрэнна. Дзякуючы свайму геаграфічнаму становішчу, скрыжаванне паміж Усходам і Захадам, Поўначчу і Поўднем, мы мелі нядрэнныя грошы. Паводле розных звестак, толькі за кошт транспартных паслуг Беларусь атрымлівала ад 1,5 да 4 млрд долараў на год.

Нездарма ў свой час Лукашэнка патрабаваў будаваць па краіне лагістычныя цэнтры. І нездарма, паводле ацэнак спецыялістаў «высокатэхналагічны» беларуска-кітайскі тэхнапарк «Вялікі Камень» пакуль выкарыстоўваецца менавіта як лагістычны хаб.

Але вернемся да фураў. На долю транспартных паслуг, паводле звестак тэлеграм-канала «Нашы грошы», у агульным аб'ёме экспарту паслуг з Беларусі ў 2021 годзе прыпала 43%. Другі па значнасці кірунак экспарту паслуг — IT. Экспарт кампутарных паслуг у 2021 годзе склаў 29% ад агульнага аб'ёму экспарту паслуг, або прыкладна 3 млрд долараў. Атрымліваецца, «дальнабоі» па прытоку грошай у бюджэт лёгка клалі на лапаткі айцішнікаў. Зараз IT-сфера пад уплывам заходніх санкцый таксама паволі ліквідуецца самастойна…

«Атрымліваецца, што галоўная апора знешняга гандлю Беларусі — гэта экспарт паслуг, а галоўная апора экспарту паслуг — гэта транспартныя паслугі і IT. І абедзве гэтыя сферы з высокай верагоднасцю пачнуць прыносіць эканоміцы значна менш валюты. Пры гэтым адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі нікуды так проста не знікне. Падобныя тэндэнцыі ў сферы знешняга гандлю прынясуць вялікія праблемы для эканомікі ў цэлым і курсу рубля — у прыватнасці», — піша той жа тэлеграм-канал.

З гэтым складана не пагадзіцца. 43 + 29 = 72, і гэта азначае, што 72% «экспарту паслуг» так ці інакш у гэтым годзе прасядуць. І нават калі яны ўпадуць толькі напалову, гэта будзе сур'ёзным ударам па прытоку валюты ў краіну.

Але акрамя прамых страт будуць і ўскосныя. Санкцыі ў дачыненні да грузаперавозчыкаў азначаюць, што тыя перавозчыкі будуць шукаць магчымасці «абыходнага шляху» ў Еўропу і назад. Вядома, гледзячы на карту, узнікае пытанне «як?» Але гэтае пытанне ўсё ж мае адказ — дарагі, энерга- і рэсурсастратны, але ўсё-ткі адказ. Можна меркаваць, што ўзрасце нагрузка на сектар, напрыклад, марскіх перавозак: тое, што не ўдаецца цяпер правезці «па зямлі», будзе адпраўлена морам, праз расійскія порты ў Санкт-Пецярбургу, Мурманску і гэтак далей. Так, існуе праблема заходу расійскіх караблёў у порты Еўропы, роўна як і ў еўрапейскіх у порты Расіі. Тым не менш, ёсць магчымасць фрахту караблёў пад «нейтральнай» сцягам.

Аднак адначасова гэта азначае, што нагрузка на порты тых жа Санкт-Пецярбурга і Мурманска значна ўзрасце. І ў гэтай сітуацыі вельмі складана будзе будаваць «звышстаханаўскімі метадамі», як абяцаў беларускі прэм'ер Галоўчанка, тэрміналы для беларускага калію. У кіраўніцтва портаў сваіх праблем будзе вышэй даху.

І не варта забываццца пра «доўгатэрміновы перыяд» перабудовы лагістыкі. Калі яна будзе перабудаваная ў абыход Беларусі — ад яе проста так не адмовяцца. Калі Кітай пачне пастаўляць свае тавары па ланцужку Казахстан — Іран — Турцыя ў Балгарыю і Румынію (Еўропа), то потым змяніць гэты ланцужок нават на больш просты і кароткі шлях праз Расію і Беларусь будзе складана. Таму што правераныя маршруты — больш надзейныя, нават калі яны больш дарагія. І нам, у будучыні, прыйдзецца вельмі пакутліва і цяжка пераконваць, што нашы маршруты — таксама надзейныя.

Атрымліваецца, што ў выніку падтрымкі Расіі ў вайне з Украінай мы страцілі нават такую рэч, як выгаднае геаграфічнае становішча.