Лічбы, якія мы заслужылі

Нацбанк высвяціў лічбы па золатавалютных рэзервах Беларусі за сакавік. Гэта даволі важныя паказчыкі, таму што менавіта ў сакавіку краіна трапіла пад жорсткія санкцыі за падтрымку расійскага ўварвання ва Украіну. ЗВР — чакана знізіліся.

zoloto_999_proby_1.jpeg


Дамо слова рэгулятару. Як паведамляе прэс-служба Нацбанка, ЗВР за сакавік 2022 года знізіліся на $692,9 млн. На 1 красавіка 2022 года, паводле папярэдніх даных, ЗВР склалі $7 571,7 млн.
Рэзкае зніжэнне ЗВР у сакавіку рэгулятар патлумачыў валютнымі інтэрвенцыямі на біржы і пераводам у «ненадзейныя» актывы: «Зніжэнне ... абумоўлена планавым пагашэннем урадам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму каля $100 млн., продажам у пачатку сакавіка… замежнай валюты на таргах ААТ “Беларуская валютна-фондавая біржа”, а таксама пераводам часткі сродкаў у замежнай валюце ў актывы, якія фармальна не адносяцца да рэзервовых актываў па міжнародных стандартах».
Пры гэтым, як ні дзіўна, ажыятажнага попыту на валюту з боку насельніцтва Нацбанк не адзначае. Фізасобы ў сакавіку купілі валюты на $565,2 млн. супраць $912 млн. у лютым. Насельніцтва пры гэтым прадало валюты на $809,2 млн., выступіўшы чыстым прадаўцом у памеры $244 млн.. На паводзіны беларусаў на валютным рынку аказалі ўплыў цяжкасці з набыццём валюты, а таксама ўмацаванне рубля ў канцы месяца.
А вось суб’екты гаспадарання-рэзідэнты, наадварот, выступілі ў сакавіку чыстымі пакупнікамі валюты ў памеры $274,1 млн. Яны купілі валюты на $2,3 млрд., а прадалі толькі на $2,02 млрд.
Тое ж самае тычыцца і банкаў: у сакавіку купілі валюты на $4,14 млрд., а прадалі толькі на $3,77 млрд. Яны аказаліся чыстымі пакупнікамі ў памеры $372,6 млн.
Што азначаюць гэтае пакручастае зніжэнне ЗВР? Па факце, калі разглядаць куплю валюты рэзідэнтамі і банкамі, яны азначаюць тое, што эканоміка краіны ўвайшла ў стан як мінімум няўстойлівасці. Вядома, банкі скупляюць валюту (і, калі маглі б, набылі больш — попыт на валюту ў сакавіку перавысіў прапанову на $382 млн.) для таго, каб забяспечыць выкананне сваіх абавязальніцтваў па валютных укладах насельніцтва, якое актыўна забірала сродкі на фоне навін пра санкцыі да беларускай банкаўскай сістэмы.
Суб’екты гаспадарання-рэзідэнты таксама куплялі валюту вядома для чаго, і мы пра гэта неаднаразова гаварылі. У нас адкрытая эканоміка, і безліч тавараў на нашых паліцах у крамах — гэта імпарт. Для таго, каб забяспечыць пастаўкі гэтага імпарту, суб’ектам гаспадарання і патрэбная валюта.
Пры гэтым Нацбанк не кажа, колькі сродкаў было пераведзена ў «актывы, якія фармальна не адносяцца да рэзервовых». Але можна дапусціць, што на «падтрыманне штаноў» (то-бок курса беларускага рубля) за сакавік сышло блізу паўмільярда долараў.
Падавалася б, гэта не так шмат — былі ў нашай гісторыі і «валютныя інтэрвенцыі», якія ўдвая перавышалі гэтую суму. Аднак ёсць адно «але»: тыя інтэрвенцыі рабіліся ў час, калі мы маглі іх нечым кампенсаваць. Напрыклад, атрыманнем валюты ад экспарту. Цяпер жа з гэтым поўны швах.
Вядома, што «валютаўтваральнымі» кампанентамі для нас былі нафтапрадукты і калій. Цяпер жа, з-за эмбарга Захаду і вайны ва Украіне, прадаць нафтапрадукты можна хіба з вялікім скрыпам (і гэта яшчэ аптымістычная ацэнка).
Кіраўнік і саўладальнік кампаніі «Лукойл» Вагіт Алекпёраў нават напісаў ліст расійскаму віцэ-прэм’еру Аляксандру Новаку пра тое, што расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы могуць спыніцца. Прычына — недахоп магутнасцей для захоўвання мазуту, які з-за санкцый ніхто не купляе. І, калі ўжо ў Расіі паўстала такая праблема, нельга спадзявацца, што яна не закране Беларусь.
Што тычыцца беларускага калію, то нашы пераможныя рэляцыі ў чарговы раз разбіліся аб суровую рэчаіснасць. Чыноўнікі (у прыватнасці, прэм’ер Беларусі Раман Галоўчанка) ці не паўгода тлумачылі, што ўсё нармальна і мы перавядзем калій у расійскія парты. Адначасова з гэтым эксперты не пераставалі паўтараць: у Расіі няма магутнасцей па перавалцы расійскага калію. Хто меў рацыю?
У інтэрв'ю, якое было паказана па БТ 2 красавіка, кіраўнік урада на пытанне, ці будзе будавацца свой мультымадальны тэрмінал у Ленінградскай вобласці, адказаў: «Вядома, будзе. Але пытанне ў часе. Мы наведалі адзін з партоў у Санкт-Пецярбургу, і нам сказалі, што яго будавалі стаханаўскімі тэмпамі — і гэта заняло чатыры гады. У нас такога часу няма, таму будзем працаваць як суперстаханаўцы і выйдзем на патрэбны для Беларусі вынік. Мы даўно планавалі да гэтага падысці, проста сітуацыя нас падштурхнула ісці хутчэй».
Пры гэтым Галоўчанка не пазначыў час гэтай «суперстаханаўскай» працы, але нават калі скараціць «стаханаўскі» тэрмін удвая, гэта азначае, што два гады ў нас будуць праблемы з адгрузкай. Не будзем ужо казаць пра такія «дробязі», як лагістычнае «плячо» (то-бок шлях ад Беларусі да Санкт-Пецярбурга, амаль удвая даўжэйшы, чым да Клайпеды) ды праблемы з танкерамі.
А гэтыя праблемы даволі вялікія, таму што:
- першае: некаторыя пастаўшчыкі паліва для марскіх суднаў адмаўляюцца запраўляць расійскія танкеры, што выявілася на тыдні;
- другое: Лонданскі марскі рынак страхоўшчыкаў, самы вялікі ў свеце, абвясціў усе марскія воды Расіі «ваеннай зонай», уключаючы Балтыку, Паўночныя воды і порты Далёкага Усходу. Пры ўваходзе ў ваенную зону ўладальнік судна абавязаны паведаміць свайму страхоўшчыку і заплаціць спецыяльную «ваенную прэмію», якая дасягае 5% ад кошту ўсяго судна. Такім чынам, заход суднаў у расійскія порты становіцца нерэнтабельным і наняць нейкі «нерасійскі» танкер для перакідкі беларускага калію становіцца вялікай праблемай.
Гэта глабалізацыя. Гэта — вялікі свет, дзе адно рашэнне можа паўплываць на, падавалася б, нічым не звязаныя з гэтым рашэннем абставіны. Як з лонданскімі страхоўшчыкамі: што нам да іх, калі Беларусь не мае выхаду да мора? А аказваецца, ад гэтага залежыць выжыванне не толькі цалкам падземнага «Беларуськалію», але і стану золатавалютных рэзерваў той самай краіны, што не мае выхаду да мора.
Наколькі крытычная сітуацыя з ЗВР і валютай у Беларусі, можна зрабіць выснову з аднаго выказвання Лукашэнкі. Ён забараніў ураду ажыццяўляць пагашэнне крэдытаў і пазык, раней атрыманых у Еўрапейскага банка развіцця, Сусветнага банка і іншых міжнародных фінансавых інстытутаў. Калі гэтая забарона ўвасобіцца ў жыццё, краіна ўвойдзе ў дэфолт, — з усімі вынікаючымі наступствамі. Напрыклад — арышт замежнай беларускай уласнасці дзеля пагашэння тых даўгоў.
Дыпламатам Беларусі ў замежжы варта зарання сабраць валізкі. І пра планы ўрада ўтрымаць ЗВР на ўзроўні $7 млрд. да канца года, напэўна, таксама можна забыцца.