Каровіна гора

Калі ўяўляць эканомікі розных краінах як чалавечыя арганізмы, то ў венах Беларусі будзе цыркуляваць малако. Малочную прамысловасць можна параўнаць па важнасці з нафтавай. А сярод сельскагаспадарчых вытворчасцяў у малочкі — абсалютная лідарская пазіцыя. Праўда, па выдатках дзяржпадтрымкі таксама.

ferma_bdz.by.jpg


Знаходжанне Беларусі ў розных сусветных ТОП-рэйтынгах па вытворчасці малака, экспарце яго і малочных прадуктаў дасягаецца пакуль пераважна валам і ў першую чаргу дзякуючы попыту на расійскім рынку. Эканамічная эфектыўнасць малочнай прамысловасці нізкая, хаця трэба адзначыць, што паказчыкі, хай марудна, але ідуць угару. Аднак мы яшчэ істотна прайграем па шэрагу ключавых красамоўных пазіцыяў сусветным лідарам і, што самае сумнае, нават суседзям.

Недадойваем

Хаця аб’ёмы вытворчасці беларускага малака апошнія пяць гадоў паступова ўзрастаюць, яна толькі летась дасягнула паказчыкаў апошняга савецкага 1990 года. А вось мэты, пазначаныя ў Дзяржаўнай праграме развіцця аграрнага бізнесу на 2016–2020 гады, ажыццявіць не ўдаецца. І ўжо ясна, што не ўдасца. Напрыклад, у 2018 годзе гаспадаркі ўсіх катэгорый далі 7,3 мільёна тон малака, а планавалася 8,2 мільёна, у 2019-м — 7,4 супраць 8,4. На 2020 год Дзяржпраграма амбіцыйна прадугледжвала атрыманне 9,2 мільёна тон, але ўжо зразумела, што вынік будзе плюс-мінус 7,5 мільёнаў тон. Што тычыцца запланаваных паказчыкаў для рэгіёнаў, то дастаткова блізка да іх падабраліся малочнікі Брэсцкай і Мінскай вобласці. Аўтсайдар жа — Віцебшчына.
Як не парадаксальна, менавіта ў Віцебскай вобласці працуе гаспадарка, якая ўжо некалькі гадоў займае першае месца ў краіне па сярэднім надоі на карову. Гэта — сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Ларынаўка» ў Аршанскім раёне. Некалькі гадоў сярэдні надой ад адной каровы тут быў большым за 10 тысяч кілаграмаў малака. Паціху падцягваліся і станавіліся «дзесяцітысячніцамі» іншыя сельгасарганізацыі. Праўда, усяго іх і цяпер менш за дзясятак. Яны на слыху. Напрыклад, «Моладава-Агра» на Брэстчыне і агракамбінат «Сноў» на Міншчыне.
У «Ларынаўцы» ж пастанавілі, каб па выніках 2019 года была ўзята планка ў сярэднім 11 тысяч кілаграмаў малака на карову. «Новы Час» звязаўся з гаспадаркай, і аказалася, што гэтая амбіцыйная планавая лічба дасягнута — 11050 кілаграмаў! Некаторыя каровы там даюць значна болей за гэты агульны рэкорд: тры буронкі надаіліся больш як на 15 тысяч кілаграмаў малака цягам года. Натуральна, гэта крута, але толькі ў межах Беларусі. Сусветны рэкорд — у два з паловай разы большы. Амерыканская карова голшцінскай пароды ў штаце Вісконсін у 2017 годзе паставіла рэкорд малочнай прадукцыйнасці на 35 з лішкам тысяч кілаграмаў малака!
А цяпер увага: сярэдні надой ад адной каровы агулам у Беларусі — усяго толькі 5004 кілаграмаў (гэта паказчык за 2018 год). Для параўнання, у суседніх Украіне і Расіі — па 6 тысяч з хвосцікам. На цэлую тысячу болей! У сусветных лідараў надоі большыя ў два разы: Ізраіль — пад 12 тысяч кілаграмаў малака на год у сярэднім ад адной каровы, ЗША і Паўднёвая Карэя — 10–11 тысяч. У Еўропе самыя малочныя каровы ў Даніі — пад 10 тысяч, Нідэрланды — 9, Германія і Вялікабрытанія — па 8...

Недакормліваем

Адна дацкая карова 20 гадоў таму давала менш за 7 тысяч кілаграмаў малака на год. А ў Ізраілі ўнутраныя патрэбы ў малацэ калісьці амаль цалкам задавальнялі імпартам, — а цяпер яго вытворчасць тут ажыццяўляецца па квотах. Рост вытворчасці адбыўся дзякуючы сучасным тэхналогіям на самых розных этапах жывёлагадоўлі — ад нарыхтоўкі кармавых запасаў да даення. Асабліва ўражвае сусветнае лідарства менавіта Ізраіля, тэрыторыі з засушлівым кліматам, дзве траціны якой складаюць пустэльні, таму каровам папросту няма дзе пасвіцца, а кармавым травам — расці.
Сакрэты поспеху, напрыклад, такія. Па-першае, гэта вынік працы генетыкаў, скіраванай на ўдасканаленне прадукцыйнасці і доўгажыхарства каровіных малочных пародаў. Дапамагаюць у гэтым вучоным розныя чыпы і датчыкі, якія збіраюць у адмысловыя племянныя кнігі інфармацыю пра кожную карову: што і колькі яна сёння ела, колькі крокаў зрабіла, колькі часу ляжала, як дыхала, ну і, ясная справа, колькі малака дала. Па-другое, у краіне створана суперсучасная ветэрынарная абслугоўвальная сістэма. Таксама камп’ютарызаваная: ветэрынары на адлегласці сочаць за каровамі і атрымліваюць сігналы пра праблемы.
У Беларусі ж працягваюць скардзіцца на дэфіцыт ветэрынарных кадраў і заатэхнікаў у вясковых гаспадарках, што адбіваецца на здароўі пагалоўя і, адпаведна, надоях. Адна з праблемаў на нашых фермах — такая хвароба буйной рагатай скаціны, як кетоз (або ацэтанімія). Калі каротка, то гэта хвароба абмену рэчываў, якая правакуе парушэнні функцыянавання ўнутраных органў. Уразлівыя перадусім высокапрадукцыйныя асобіны — надоі могуць зніжацца ўдвая. Таксама церпіць рэпрадукцыйная функцыя кароваў. Наступствы — аборты і паморкі. Паколькі кетоз пашкоджвае пячонку жывёлін, якая працуе як фільтр на шляху антыбіётыкаў, то тыя могуць трапляць у малако. А гэта — адбракоўка малака або верагодныя скандалы пры яго пастаўках пасля экспертызных праверак.
Галоўная прычына хваробаў — няправільнае і няякаснае кармленне. Праз дрэнныя кармы (напрыклад, з цвіллю) каровы хварэюць і на мікатаксікозы. Адмыслоўцы кажуць, што калі на беларускіх фермах выправіць сітуацыю з кармамі (зрабіць іх бяспечнымі і больш разнастайна-вітаміннымі), адзін толькі гэты захад дасць надойную прыбаўку ад каровы за адну лактацыю на цэлых 700 кілаграмаў!
Дарэчы, у Ізраілі аснова для кармоў закупляецца за мяжой, і ўжо ў краіне дапаўняецца спецдабаўкамі. Беларускія адмыслоўцы даўно вывучаюць і гэты ізраільскі досвед, але ўкараніць яго не атрымліваецца. Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Хацько перакананы, што генетычны патэнцыял нашых кароваў — на 9 мільёнаў тонаў малака на год у малочна-таварных гаспадарках, і наракае менавіта на кармавую базу як на стрымліваючы чыннік.

Недадаглядаем

Іншая элементарная праблема. Здавалася б, у беларусаў маецца культ парадку. І даказана ж, што надоі, а перадусім якасць малака, таксама залежаць ад дагляду і чысціні на фермах. У згаданым Ізраілі, дзе каровы ўвесь час у стойлах, фермы ўяўляюць сабой своеасаблівыя спа-салоны для скаціны — з клімат-кантролем і душавымі. За ўсё гэта адказвае робатазаванае абсталяванне. А для каровінага мочавыдзялення робяцца адмысловыя дрэнажныя сістэмы, каб потым вырабляць угнаенні. А ў нас у інтэрнэце рэгулярна з’яўляюцца ролікі пра кароваў у страшным брудзе. Памятаеце і леташні гнеў кіраўніка краіны з-за «абасраных» кароваў? Прычым гэта ён быў у паспяховай гаспадарцы. Пасля гэтага кантралёры ўстанавілі амаль паўтары тысячы фактаў загноенасці памяшканняў для ўтрымання худобы і прылеглых да фермаў тэрыторый, адсутнасці падсцілкавага матэрыялу, а таксама ветэрынарных і заатэхнічных парушэнняў.
Сітуацыю, па задуме ўладаў, павінна выправіць будаўніцтва новых малочна-таварных фермаў (МТФ) і мадэрнізацыя старых. Тады, можа быць, і стане магчымым выкананне свежараспрацаванай Стратэгіі развіцця малочнай галіны, якая прадугледжвае рост вытворчасці малака прыкладна на 25 %. Пакуль што тэмпы мадэрнізацыі кульгаюць, як недагледжаныя каровы ў занядбанай гаспадарцы. Пры канцы мінулага года Лукашэнка выдаў указ пра бюджэтнае выдаткаванне 43 мільёнаў рублёў для завяршэння будаўніцтва або працэсу мадэрнізацыі на паўсотні МТФ.
Цяпер у Беларусі каля 4 тысяч фермаў, з іх асучасненыя толькі 40 %. Рэканструяваць усе маральна і фізічна састарэлыя фермы і не варта. Лепш кропкава развіваць паспяховыя, імкнучыся да росту прадукцыйнасці на ўзроўні сусветных лідараў, а не гонячыся за «валам». Тым больш, што немалыя інвестыцыі — зусім не гарантыя істотнага павелічэння надояў і паляпшэння якасці малака. Асабліва калі тэхналогіі, напрыклад, на такім важным этапе, як нарыхтоўка кармоў і ўласна кармленне, застаюцца без істотнага рэфармавання. Так, на шэрагу мадэрнізаваных старых фермаў аб’ёмы атрыманага малака класу экстра, на які пакрысе пераводзіцца наша малочная галіна, не тое што не раслі, а нават заўважна падалі.
Нібыта ў выніку курс узяты на тое, што старыя фермы (а некаторым ужо пад 50 гадоў і яны ледзьве не аварыйныя) будуць папросту зачыняць. А пагалоўе кароваў адтуль будуць пераводзіць на новазбудаваныя малочныя фермы або выкарыстоўваць у мясной жывёлагадоўлі. Для ажыўлення галіны крок слушны, а вось працоўных месцаў у сельскай мясцовасці, асабліва ўлічваючы пашырэнне працэсаў аўтаматызацыі працы, паменее. Гэта яшчэ адна прычына, каб спрыяць сельскаму прадпрымальніцтву.