Куды павярнуць малочныя рэкі?

Аб’ёмы вытворчасці малака ў Беларусі ўтрая перакрываюць яго спажыванне. Мы прадукуем 775 кілаграмаў малака на душу насельніцтва, а выпіваем-з’ядаем 250 кілаграмаў малочнай прадукцыі. Астатняе, большая частка, прадаецца за мяжу.

ekspart.jpg


І ў планах — павялічваць экспарт, дыверсіфікуючы пастаўкі, бо расійскі рынак для нас будзе звужацца.
У 2019 годзе беларускія прадпрыемствы экспартавалі сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання на 5,5 мільярдаў долараў. Рост у параўнанні з 2018 годам склаў салідныя 4,5 %. Самая вялікая экспартная прыбаўка ў грашовым эквіваленце акурат па малаку і малочнай прадукцыі — 310 мільёнаў долараў. Другая пазіцыя па росце ў рапсавага алею — 35 мільёнаў долараў.
Сёлета ў планах Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання — захаваць тэмпы росту па сельскагаспадарчым экспарце. І менавіта малочка разглядаецца, паводле чыноўнікаў Мінсельгасхарчу, «асноўным драйверам росту». Павінна расці прадукцыйнасць кароваў на мадэрнізаваных і новых фермах.
Мусяць захавацца, па прагнозах аналітыкаў, на сусветным рынку і высокія кошты на малако і малочныя прадукты. Спрыяльны для беларускай эканомікі агулам і сельскай гаспадаркі ў прыватнасці прагноз тычыцца сусветнага спажывання малака. Прычым ён прыемны сваёй доўгатэрміновасцю. Цяпер у свеце спажываецца 117 кілаграмаў малочнай прадукцыі на душу насельніцтва, а ў 2030 годзе ў сувязі з павелічэннем колькасці людзей і, адпаведна, попыту, гэты паказчык павінен скласці 132 кілаграмы, а ў 2040-м — 140 кілаграмаў. Таму дбаць пра малочную галіну ўлады Беларусі павінны не менш, чым пра IT-сферу. Тым болей, што нафта і газ з нашых нетраў усё ніяк не прарываюцца — насуперак неаднаразова публічна выказанаму жаданню Аляксандра Лукашэнкі. Карацей, няма цудаў з «чорным золатам» — давайце множыць «белае золата».

Малочныя войны

Па экспартных продажах малочкі Беларусь знаходзіцца сярод сусветных лідараў, прычым па шэрагу пазіцыяў (масла, сыр, тварог і сухое малако) трапляе нават у ТОП-5. Нескладана здагадацца, што асноўныя пастаўкі за мяжу прыпадаюць на расійскі рынак. І, каб не малочныя войны з заклятым саюзнікам, валютная аддача ад малочкі была б яшчэ большай. Так, цягам 2018–2019 гадоў практычна ўсе беларускія прадпрыемствы малакаперапрацоўчай галіны пабывалі ў санкцыйных спісах расійскай Федэральнай службы па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляду). Прычым на пастаўкі малака налівам абмежаванні доўжыліся па паўгода і болей. Была магчымасць прадаваць толькі па-спажывецку пакаваную прадукцыю.
Апроч таго, што расійскі бок нібыта знаходзіў у нашым малацэ ці то бактэрыі, ці то нітраты, ці то антыбіётыкі, гучалі закіды і ў прыналежнасці да фальсіфікаванай прадукцыі, якой у Расіі рэалізуецца на дзіва шмат. Апошнія некалькі гадоў доля фальсіфікату ў малочнай прадукцыі там складае блізу 20 %! Маўляў, беларуская ветслужба на вонкавай мяжы Еўразійскай эканамічнай супольнасці або бярэ ўдзел у незаконных схемах, або недастаткова пільна працуе. У выніку адна са схемаў выглядае так. Маўляў, значная частка малочных паставак з Беларусі ў Казахстан, Кыргызстан і Арменію датуль не даязджала. Гаворка пра сухое малако, увоз якога ў саму Расію часова абмяжоўваўся. Але тое, якое ехала транзітам у памянёныя краіны, «гублялася» на расійскіх абшарах, а затым з яго выраблялі фальсіфікаваныя малочныя прадукты, небяспечныя для здароўя.
Зрэшты, малочныя войны – з’ява рэгулярная і з палітычнай падкладкай. А рыхтавацца трэба да часоў, калі Расія пачне сама забяспечваць свае патрэбы ў малацэ і малочных прадуктах. На гэта нацэлена яе адмысловая дзяржпраграма. Цяпер там сваёй вытворчасцю задавальняюць 80 % унутраных патрэбаў, і вытворчыя аб’ёмы ўвесь час растуць. Пры тым, што спажыванне малака сярод расіянаў зніжаецца — цяпер гэта 225 кілаграмаў на год супраць, нагадаем, нашых 250-ці. Разам з тым беларусаў цясняць Новая Зеландыя, Уругвай і Аргентына. Па прагнозах расійскага Нацыянальнага саюза вытворцаў малака (Саюзмалако), на самазабеспячэнне Расія выйдзе прыкладна да 2025 года.
Да гэтага часу Беларусь павінна грунтоўна дыверсіфікаваць малочны пастаўкі. І асабліва цікавы тут Кітай. Ужо ёсць пэўныя поспехі ў гэтым кірунку — калі не па аб’ёмах, то па дынаміцы. Продажы беларускага малака і малочных прадуктаў у 2018 і 2019 гадах маюць больш як 10-разовы рост. Нашы экспарцёры, у прыватнасці, удала скарыстоўваюць гандлёвыя вайны паміж Паднябеснай і ЗША — адным з лідараў па вытворчасці і экспарце малочкі. Вызваляюцца нішы і тады, калі нейкая з буйных перапрацоўчых кампаній-экспарцёраў крызісуе.
Напрыклад, на пачатку гэтага года з’явілася інфармацыя пра банкруцтва аднаго з самых буйных і старых амерыканскіх холдынгаў Borden Dairy Company. Канечне, на рынак ЗША нам не зайсці — Borden заменяць іншыя тамтэйшыя прадпрыемствы. Аднак гэты прыклад паказвае, што ўсе гульцы на малочным рынку свету ўразлівыя, і канкурэнты гатовы скарыстацца сітуацыяй. Borden жа, які дзейнічаў на працягу 150 гадоў і аб’ядноўваў тузін малочных заводаў, пацярпеў праз тое, што спажыванне малака на душу насельніцтва ў ЗША за апошнія два дзесяцігоддзі абвалілася на чвэрць. У выніку згаданая кампанія ў 2018 годзе атрымала ўражальныя 1,2 мільярда выручкі, аднак чыстыя страты склалі амаль 15 мільёнаў долараў, а ў 2019-м яны ўжо сягнулі за 40 мільёнаў долараў.

Курс на ўзбуйненне

Дарэчы, па вытворцах і перапрацоўшчыках малака сур’ёзна б’юць розныя інфармацыйныя кампаніі пра негатыўныя наступствы спажывання малочных прадуктаў. Напаўжартам адзначым, што і кіраўніку Беларусі трэба быць асцярожным у выказваннях, калі ён дбае пра развіццё айчыннай малочнай галіны. А то распавядае, што мае міні-ферму з дзясяткам кароваў і тут жа кажа, што малако ў сувязі з узростам ужо не п’е. Увогуле ж, карысць для здароўя і якасць малака з малочнымі прадуктамі як такая, у тым ліку дзіцячае харчаванне, — асобная сур’ёзная тэма. Асноўны жа негатыўны ўплыў на спажыўцоў, калі браць Расію, аказала інфармацыя пра малочны фальсіфікат, а таксама зніжэнне даходаў насельніцтва, якое адбілася на куплі так званых складаных і таму больш дарагіх малочных прадуктаў (напрыклад, сыру).
Развіццё расійскіх брэндаў, безумоўна, і ўтанніць мясцовую малочку, і разам з тым падвысіць яе якасць. Усё гэта разам з піяр-кампаніямі складзе сур’ёзную канкурэнцыю нашай малочцы, якая пакуль што трымае высокі ўзровень попыту дзякуючы якраз рэпутацыі пра самую добрую якасць. Нездарма і ў Расіі, і ва Украіне мясцовыя малочныя вырабы нярэдка выдаюць за «Зроблена ў Беларусі». Тэндэнцыя ў Расіі такая, што вытворцы сырога малака збіраюцца стаць як яго перапрацоўшчыкамі, так і вырабнікамі гатовай прадукцыі. У выніку адбудзецца перападзел малочнага рынку. Гэта пытанне 5–10-ці гадоў.
У Беларусі таксама назіраецца тэндэнцыя на ўзбуйненне кампаній-гульцоў малочнага бізнесу. Толькі ў нас наадварот — перапрацоўчыя прадпрыемствы пачынаюць займацца сыравінай, завалодваць сельгасактывамі, то-бок фермамі. Такім чынам яны маюць магчымасць атрымліваць гарантавана якасную сыравіну па больш нізкіх коштах. І Мінсельгасхарч задаволены, што новыя або мадэрнізаваныя фермы кіруюцца эфектыўнымі менеджарамі ў паўнацыклавым прамысловым ланцужку, калі гаворка вядзецца пра паспяховыя малаказаводы з пераважнай доляй дзяржавы.
Рэйтынг малочных кампаній нашай краіны ўзначальвае прыватная фірма — «Савушкін прадукт» алігарха Аляксандра Машэнскага з асноўнай пляцоўкай у Брэсце. Яна паступова скупляе ў дзяржавы іншыя заводы, прычым з ТОП-10 па прыбытках. Так нядаўна сталася з Бярозаўскім сыраробным камбінатам, Аршанскім малочным камбінатам, а пры самым канцы снежня 2019 года — з Баранавіцкім малочным камбінатам. Як у Беларусі заведзена, пад шэраг умоваў. Так, баранавіцкае прадпрыемства дасталося «Савушкіну» за гарантыю інвеставання туды 10 мільёнаў рублёў і павелічэння вырабу сыроў, а таксама захавання колькасці працаўнікоў і іх заробкаў мінімум на леташнім узроўні. Сярод лідараў галіны таксама гродзенскі «Малочны свет», Мінскі малочны камбінат № 1, Кобрынскі масларобна-сыраробны завод, ваўкавыскі «Беллакт». Узбуйняюцца і дзяржаўныя прадпрыемствы: да «Малочнага свету» нядаўна быў далучаны Шчучынскі масласырзавод, а Лідскі малочна-кансервавы камбінат зліўся з «Навагрудскімі дарамі».