Надаіць «па 500»

Заробкі ў сельскай гаспадарцы ў Беларусі традыцыйна адны з самых нізкіх. У 2019 годзе, у прыватнасці, у жывёлагадоўлі, сярэдняя заработная плата склала ўсяго толькі 745 рублёў. Гэта вельмі далёка ад сярэдняга па краіне леташняга заробку — 1090 рублёў.

dajarka_ganc_chas.by.jpeg


Тым не менш для жыхароў сельскай мясцовасці іншай працы, як на ферме, часцяком папросту няма. Зрэшты, зарабляць на малацэ можна не толькі там. Хочаш — ідзі ў даяркі, а хочаш — вырабляй і прадавай фермерскі тварог.
У 2000-х многія беларусы задумаліся пра тое, ці не пайсці ім у даяры і даяркі. Гэта калі Лукашэнка ў адным з інтэрв’ю так пахваляўся поспехамі беларускай сельскай гаспадаркі, што паведаміў пра заробак даярак у 600 долараў. На некаторых перадавых фермах такі заробак у аператараў машыннага даення, як афіцыйна называецца даярская праца, сапраўды быў. Але як выключэнне з сумнага правіла: заробкі ў даярак нізкія, а праца — цяжкая. А якая сітуацыя цяпер? «Новы Час» вывучыў актуальныя вакансіі.
Іх шмат па ўсёй Беларусі. Заробак, які прапануецца даяркам, вагаецца ад 400 да 1500 рублёў. Верхняя планка — гэткая ж рэдкасць, як і ў 2000-я. Звычайна такі заробак маюць мужчыны, якія працуюць аператарамі машыннага даення на мадэрнізаваных ці новых фермах. Усё таму, што зарплата аператара машыннага даення залежыць ад аб’ёмаў надояў. Працаваць трэба хутка і прыкладаючы фізічную моц. А прыкласці яе ёсць куды. Даводзіцца цягаць цяжкія мяхі, бо сярод абавязкаў — не толькі даенне, але і кармленне кароваў.

У асемянатары пайшлі б?

Увогуле спіс дойных уменняў і ведаў вялікі. Гэта даенне не толькі кароваў, але і кабылаў ды авечак. Масаж, падмыванне, выціранне вымя ды іншыя маніпуляцыі, скіраваныя на хуткасць, паўнату малакааддачы, чысціню малака. Праверка жывёлін на мастыт і яго прафілактыка. Падключэнне і адключэнне апаратаў, іх разборка, зборка, прамыўка і дэзынфекцыя. Ахалоджванне малака. Чыстка кармушак і саміх кароваў. Выяўленне кароваў у ахвоце, веданне прыкметаў цяжарнасці і родаў, правілы аказання першай дапамогі асобінам, якія захварэлі...
Калі даенне робатазаванае, то збольшага — націскай кнопкі. На фермах з маральна і фізічна састарэлым абсталяваннем працэс, адпаведна, ідзе больш марудна. Як вынік, даяркі здабываюць менш малака і менш зарабляюць. Пры гэтым працаваць даводзіцца ад 6-й гадзіны раніцы да 22-й гадзіны вечара. Гэтак расцягваецца час на тры дойкі з перапынкамі, у якія можна заскочыць дахаты паесці ці крыху паспаць. А яшчэ ж трэба нешта рабіць на прысядзібнай гаспадарцы і ежу дома прыгатаваць!
Ну і, канечне, гэтая праца — не для пераборлівых. Даводзіцца ж мыць кароваў, прыбіраць гной, дыхаць ім. Яшчэ адзін плюс працы на прасунутых фермах — там усталёўваюцца душавыя. Улічваючы робатызацыю, даярства выглядае сапраўды аператарствам даення, як і называецца ў афіцыйных дакументах.
Сярэдняя прапанова па вакансіях аператараў машыннага даення цяпер каля 800 рублёў, што адпавядае сярэдняй зарплаце па жывёлагадоўлі паводле дадзеных Белстата. Ідэальна для працадаўцы, калі калектыў фермы папоўніць сям’я — даярка плюс муж-механізатар. Тады гарантавана будзе выдзелена жыллё.
Стандартныя патрабаванні выглядаюць так: «Досвед ад аднаго года, дысцыплінаванасць, без шкодных звычак». Апошняе вельмі важна. П’янства — праблема на вёсцы вялікая, у тым ліку сярод кабет. У выніку бывае, што замяняць працаўнікоў-небаракаў даводзіцца і загадчыцы(-ку) фермы.
Яшчэ адна праца на жывёлагадоўчых фермах не для пераборлівых — аператар па штучным апладненні. Сярэдняя прапанова па такіх вакансіях — пад 1000 рублёў. І гэта вельмі важная прафесія ў адным звяне з заатэхнікам-селекцыянерам і ветэрынарам-гінеколагам. Ад іх залежыць папаўненне пагалоўя. У сярэднім па Беларусі вынік — 75–80 цялят на 100 кароваў. Лепшыя асемянатары маюць вынікам 95–98 цялят. Дарэчы, і тут спецыяльная аўтаматызаваная сістэма дапамагае выяўляць кароваў у ахвоце, прычым робіць гэта кругласуткава. Аднак маецца яна далёка не на ўсіх фермах. Таму асемянатары заўжды вельмі спадзяюцца на падказкі іншых працаўнікоў. За такія важныя паведамленні (а перыяд актыўнай ахвоты можа складаць толькі 8–12 гадзін) гаспадарка можа даплачваць, хоць і самім даяркам выгадна, каб пагалоўе, асабліва высокапрадукцыйных рагуляў, расло.
Навучыцца даіць кароваў можна ў прафесійных ліцэях і каледжах аграрнага кірунку, а на зааінжынераў — у вышэйшых навучальных установах. Гэта — Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны і Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках на Магілёўшчыне. Яшчэ дзейнічае Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў і спецыялістаў пры Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання. Тут прапануюць і праграмы падрыхтоўкі па рабочых прафесіях — у тым ліку, па прафесіі аператара машыннага даення і трактарыста-машыніста. Натуральна, механізатары на фермах таксама запатрабаваныя.
Больш за тое: паводле дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у сельскай мясцовасці сярод рабочых прафесіяў самы вялікі дэфіцыт якраз трактарыстаў. На 1 студзеня 2020 года было амаль 1500 вакансіяў. Не хапае і кіроўцаў аўтамабіляў — 1200 вакансіяў, затым аператараў машыннага даення — 850, а таксама жывёлаводаў — 700 вакансіяў. Так што працу даяркай ці даяром знайсці, пакуль фермамі яшчэ не кіруюць робаты, нескладана. Сярод спецыялістаў больш за ўсё не хапае ветэрынарных лекараў — кадравы дэфіцыт складае 500 асобаў. І па ўсёй Беларусі гаспадаркі шукаюць 400 заатэхнікаў. Заробкі на малакаперапрацоўчых прадпрыемствах не пераўзыходзяць зарплаты на фермах. Напрыклад, на Мінскі малочны завод шукаюць: тэхнолага — на 1500 рублёў, кухоннага рабочага — 1000, мерчандайзера — да 1000, маркетолага — на 900, слесара — за 800 рублёў.

Ідэя бізнесу — малакаматы

А як стаць малочнікам-прадпрымальнікам? Прасцей за ўсё зрабіць гэта фермерам, якія могуць зарабляць і на продажы малака, і на вырабе малочных прадуктаў (смятаны і тварагу). Рэалізоўваць можна або на рынках, або праз службы дастаўкі. Вашымі кліентамі ў такім выпадку будуць прыхільнікі здаровага ладу жыцця, якія перайшлі на экаежу, у тым ліку фермерскую.
Жыхары сельскай мясцовасці могуць трымаць некалькі кароваў і здаваць малако ад іх на малаказавод. Звычайна ў кожнай мясцовасці ёсць прадпрымальнікі, якія ездзяць па вёсках і збіраюць у сялян сырое малако, завозячы яго перапрацоўшчыкам. Так што пра транспарт галава балець не будзе. Ёсць пэўныя правілы такога збыту малака. Апошнім часам патрабаванні да прыёму малака ад насельніцтва сталі больш жорсткія. Малако некалькі разоў на месяц лабараторна правяраецца на тлустасць, шчыльнасць і так далей. Каровы павінны быць унесеныя ў рэестр сельскагаспадарчых жывёлаў і рэгулярна абследавацца ветэрынарамі. Здаваць малако трэба без механічных дамешкаў і ахалоджаным. Пры выяўленні парушэнняў гаспадара выключаць са спісу здатчыкаў малака.
Грошы за здадзенае малако пералічаюць на картку штодэкадна. Колькі можна зарабіць? На вёсках трымаюць не надта высокапрадукцыйных кароваў, нешта будзе пакідацца з надояў сабе, але можна ўявіць, што вы зможаце здаваць хай па 15 літраў ад адной каровы на дзень. Калі за літр малака базіснай тлустасці 3,6 % плацяць каля 50 капеек, то гэта 7,5 рубля прыбытку штодня. У месяц атрымліваецца каля 100 долараў. Трымайце пяць кароваў — і забяспечце самі сабе «па 500»!
Яшчэ цікавая ідэя малочнага бізнесу — малакаматы — вендынгавыя аўтаматы па продажу малака. Вашымі пастаўшчыкамі маглі б стаць тыя самыя фермеры, у якіх малаказаводы не бяруць прадукцыю праз малыя аб’ёмы. Цана можа быць ніжэй за крамную, бо без тратаў на фасоўку і апрацоўку пастэрызацыяй. А пры гэтым з малакаматаў спажыўцы атрымлівалі б самы што ні на ёсць натурпрадукт. Па інфармацыі «Новага Часу», некаторыя фермеры спрабавалі запусціць такі бізнес, але не ўдалося праз цэлы стос бюракратычных і санітарна-тэхнічных складанасцяў. Ужо не кажучы пра тое, што сырое малако доўга не жыве, а попыт спрагназаваць складана. А каштуюць малакаматы нятанна і ў абслугоўванні не такія простыя, як прымітыўны аўтамат-цукернік ці нават кава-аўтамат. Хаця паглядзець на канкурэнцыю прадукцыі малаказаводаў было б як мінімум цікава.